Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 4. Канфесійная палітыка. Адраджэнне царкоўнага жыцця

У 80‑я гады ХХ ст. у СССР і БССР пачынаюць змяняцца адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі канфесіямі. Традыцыйнае супрацьстаянне і канфрантацыя паступова саступаюць месца талерантнасці і ўзаемнай павазе, супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Пачынаецца працэс адраджэння царкоўнага жыцця. З рэлігіяй вернікі звязваюць гарантыю палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў грамадстве, непарушнасць яго духоўнасці і маралі, аднаўленне нацыянальных звычаяў і традыцый народа.

На тэрыторыі Беларусі аднаўляюцца і будуюцца новыя храмы, адкрываюцца новыя прыходы, павялічваецца колькасць вернікаў. У 2004 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 26 рэлігійных накірункаў. Каля 80 % вернікаў атаясамліваюць сябе з праваслаўем, каля 10 % – з каталіцызмам, каля 2 % – з пратэстантызмам, 0,3 % – з іудаізмам.

Спецыфіка рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі вызначаецца перш-наперш яе геапалітычным становішчам на мяжы паміж заходняй і ўсходняй цывілізацыямі, суіснаваннем і пачарговым дамінаваннем праваслаўя і каталіцызму. Дзяржавы, у склад якіх у розныя гістарычныя перыяды ўваходзіла тэрыторыя Беларусі, заўсёды характарызаваліся поліканфесійнасцю. У Заходняй Беларусі захоўваецца традыцыйна больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70 – 80 % насельніцтва вернікі) і адпаведна значна больш рэлігійных абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Затое ў 80 – 90‑я гг. найбольш высокі колькасны рост рэлігійных абшчын адбываўся ў Цэнтральнай і Усходняй Беларусі.

Рэлігійныя арганізацыі Беларусі маюць значныя магчымасці для распаўсюджання сваіх веравучэнняў. У апошнія 10 гадоў на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 100 найменняў перыядычных выданняў, з якіх 17 належаць праваслаўнай царкве, 8 – каталіцкай, 4 – іудзеям, 1 – мусульманам, 73 выданні выпускаюцца новымі рэлігійнымі рухамі. Акрамя таго, на тэрыторыю рэспублікі з‑за мяжы завозілася 256 найменняў рэлігійнай літаратуры.

Праваслаўная царква. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод іншых рэлігійных аб’яднанняў Беларуская праваслаўная царква займае першае месца. У 2004 г. яна аб’ядноўвала 1 245 абшчын, 10 епархій, 19 манастыроў. З канца 80 – пачатку 90‑х гг. колькасць праваслаўных прыходаў у Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы. У 1985 г. у Мінску быў здадзены ў эксплуатацыю будынак, у якім памясціўся архірэйскі дом з дамавой царквой у гонар Сабора беларускіх святых.

У 1989 г. праваслаўнай царкве былі перададзены жаночыя манастыры Спаса‑Ефрасіннеўскі ў Полацку і Раждзяство-Багародзічны ў Гродне. 1 верасня 1989 г. аднавіліся заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі, якая, як і раней, памясцілася ў жыровіцкім Успенскім манастыры. У гэтым жа годзе ў Мінску пачало работу духоўнае вучылішча для падрыхтоўкі псаломшчыкаў і рэгентаў царкоўных хораў.

У кастрычніку 1989 г. у межах БССР быў утвораны Беларускі Экзархат. Мінска-Беларуская епархія, кіраўніком якой з 1978 г. быў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў), прыпыніла сваё існаванне. Мітрапаліт Філарэт стаў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам Усяе Беларусі. Беларуская праваслаўная царква арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 1992 г. у Мінску, Заслаўі і Полацку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 1000‑годдзя ўстанаўлення Полацкай кафедры, а ў 1993 г. святкавалася 200‑годдзе Мінскай епархіі.

У 1993 г. Сінод Беларускага Экзархата прыняў рашэнне аб адкрыцці Мінскай духоўнай акадэміі. Сістэму духоўных навучальных устаноў дапоўнілі створаныя на мяжы ХХ – ХХІ стст. духоўныя вучылішчы ў Віцебску і Слоніме, факультэт тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску (пасля яго закрыцця – Беларускага дзяржаўнага універсітэта), школа катэхізатараў у Мінску, рэгенцкая школа пры Мінскім духоўным вучылішчы і школа царкоўных званароў пры Мінскім епархіяльным упраўленні. У 1996 г. на мінскім прадпрыемстве “Выдатнае ліццё” пачалі адліваць званы, якія паступаюць у прыходы і манастыры Беларускага Экзархату.

Сведчаннем непарыўнай сувязі Беларускага Экзархату з Рускай праваслаўнай царквой з’явіліся візіты ў Беларусь Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Алексія ІІ. У час першага візіту ў 1991 г. ён наведаў раёны, якія пацярпелі ад ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Алексій ІІ наведаў Беларусь і ў сувязі са святкаваннем 50‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў сувязі з 60‑годдзем яе пачатку. У час свайго візіту ў 2002 г. Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі прыняў удзел у святкаванні Жыровіцкай іконы Божай Мацеры ва Успенскім мужчынскім манастыры і ў цырымоніі адкрыцця будынка Дома міласэрнасці ў Мінску.

Адраджэнне царкоўнага жыцця ў іншых канфесіях. Да ліку традыцыйных рэлігій у Беларусі адносіцца другая па колькасці вернікаў каталіцкая царква. Ва ўмовах дэмакратызацыі грамадства ёй дзяржава перадала больш за 25 раней закрытых касцёлаў. Цяпер у 4 каталіцкіх епархіях Беларусі, якія ўзначальвае мітрапаліт кардынал Казімір Свёнтак, аб’яднаны 427 абшчын, дзейнічаюць 359 каталіцкіх храмаў. Падрыхтоўка каталіцкіх святароў ажыццяўляецца ў семінарыях у Гродне і Пінску.

З пачатку 90‑х гг. у Беларусі рабіліся спробы адраджэння уніяцкай царквы. Гэты працэс звязаны з пошукамі часткай беларускамоўнай інтэлігенцыі нацыянальнай царквы, у якой богаслужэнне і культ павінны быць звязаны з нацыянальнай сімволікай, мовай і традыцыямі. У 2004 г. на тэрыторыі Беларусі было зарэгістравана 13 уніяцкіх абшчын, у кожнай з якіх па 5 – 7 чалавек. Для падрыхтоўкі прафесійных святароў уніяцкія абшчыны накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў у духоўныя навучальныя ўстановы Ватыкана і Польшчы. У 1996 г. беларускія уніяты ўрачыста адзначалі 400‑гадовы юбілей Брэсцкай царкоўнай уніі. Сучасныя спробы адраджэння уніяцкай царквы ў Беларусі большасцю насельніцтва ўспрымаюцца як спроба расколу беларускага грамадства, экспарту чужой культурнай традыцыі і арганізацыйнай структуры.

У 90‑я гады ХХ ст. з 3 да 15 павялічылася колькасць пратэстанцкіх цячэнняў у Беларусі, а колькасць абшчын – з 288 да 862. Найбольш дынамічна развіваюцца хрысціяне веры евангельскай, евангельскія хрысціяне-бапцісты і адвенцісты. Усе пратэстанцкія цячэнні аб’ядноўваюць у Беларусі каля 70 тыс. актыўных веруючых. Прэсвітараў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць у двух вышэйшых і двух сярэдніх навучальных установах евангельскіх хрысціян-бапцістаў і хрысціян веры евангельскай. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічаюць 307 малітвенных дамоў і 12 дабрачынных місій. Вядучыя пратэстанцкія арганізацыі карыстаюцца магутнай зарубежнай фінансавай падтрымкай.

З ХІV ст. на беларускіх землях існуе этнаканфесійная група яўрэяў-іудзеяў. У 90‑я гады ХХ ст. пачало аднаўляцца рэлігійнае жыццё іудзеяў у Рэспубліцы Беларусь. Сёння тут зарэгістравана 27 іудзейскіх абшчын, якія ў 1993 г. арганізавалі Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Дзейнічае ў Мінску духоўнае вучылішча (ешыбот), больш за 15 нядзельных школ, яўрэйскія класы ў сярэдніх школах. Пытанні рэлігійнага жыцця асвятляюцца ў 4 яўрэйскіх газетах. З‑за адсутнасці мясцовых равінаў абшчыны запрашаюць прапаведнікаў з ЗША і Ізраіля. Значнай падзеяй ў жыцці беларускіх яўрэяў стала стварэнне ў 1998 г. Цэнтра яўрэйскай культуры, які ўспрымаецца як цэнтр адраджэння нацыянальнай культуры з адпаведнымі атрыбутамі (рэстаран нацыянальнай кухні, магазіны кашэрных прадуктаў і прадметаў рэлігійнага культа, курсы па вывучэнню іўрыта, гісторыі і традыцый яўрэйскага народа).

На тэрыторыі Беларусі этнаканфесійная група татар-мусульман існуе з ХІV ст. У 2004 г. ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 23 мусульманскія абшчыны. Яны ўваходзяць у склад створанага ў 1994 г. Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Рэспублікі Беларусь, кіруючым органам якога з’яўляецца муфціят на чале з муфціем. З 1991 г. дзейнічае культурна-асветнае беларускае аб’яднанне татар “Аль‑Кітаб”. Праводзяцца акцыі па культурна-рэлігійнай інтэграцыі татар Беларусі, Літвы, Польшчы і Крыма, захаванню іх этнічнай самабытнасці, адраджэнню ісламскай рэлігіі і культуры. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі засталася адна мячэць – у Іўі Гродзенскай вобласці. У 90‑я гады ХХ ст. пачалося будаўніцтва і рэстаўрацыя мячэцей у Слоніме, Навагрудку, Відзах. Ствараецца комплекс мусульманскага культурна-рэлігійнага цэнтра ў Мінску. У 1997 г. былі праведзены ўрачыстасці з нагоды 600‑годдзя з дня афіцыйнай даты з’яўлення на тэрыторыі Беларусі першых пасяленняў татар.

Нетрадыцыйныя рэлігійныя накірункі і рухі. Яны звязаны галоўным чынам з буддызмам і індуізмам (хатха-ёга, дзэн‑буддызм, агні‑ёга, вайшнавы, крышнаіты, брахма кумарыс і інш.). Іх членамі з’яўляецца ў асноўным вучнёўская моладзь і інтэлігенцыя.

Дзейнасць экстрэмісцкіх і дэструктыўных рэлігійных сект у Рэспубліцы Беларусь забаронена.

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”. Прававым выражэннем новай палітыкі дзяржавы стала прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, які дзейнічае з 1992 г. На працягу 90‑х гадоў у яго ўносіліся змены і дапаўненні. 27 чэрвеня 2002 г. Палатай прадстаўнікоў была прынята і адобрана Саветам Рэспублікі новая рэдакцыя Закона “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”. Ён рэгулюе адносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый, зыходзячы з:

  • права кожнага на свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносін да рэлігіі;

  • роўнасці рэлігій перад законам;

  • прызнання вядучай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;

  • духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;

  • неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангеліцка-лютэранскай царквы, іудаізму і ісламу;

  • неабходнасці садзеяння дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды веравызнання.

Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з павагай і разуменнем адносіцца да ўсіх рэлігійных канфесій і перш‑наперш да вядучай канфесіі – праваслаўнай. Пры гэтым умовамі добрых адносін да канфесій з’яўляецца любоў да Беларусі і беларускага народа, выкананне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе заканадаўства, падтрымка ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.

Сістэматычна праходзяць сустрэчы Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі з іерархамі праваслаўнай, каталіцкай і іншых канфесій, на якіх абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва ў духоўна-этычнай сферы, у выхаванні ў насельніцтва высокіх маральных якасцей, чалавекалюбства, патрыятызму, любві да Айчыны. Кіраўнікі Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць на богаслужэннях, звяртаюцца да іерархаў царквы і вернікаў з прамовамі, аказваюць матэрыяльну і фінансаву падтрымку ў аднаўленні, будаўніцтве і рамонце храмавых і манастырскіх збудаванняў. Пастаянная і цесная сувязь паміж свецкай дзяржавай і царквой, якая афіцыйна аддзелена ад дзяржавы, садзейнічае ўсталяванню талерантнасці, міру і ўзаемаразумення паміж вернікамі розных канфесій, а таксама палітычнай і этнаканфесійнай стабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь.