Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 3. Культурныя, навуковыя, спартыўныя і турысцкія сувязі бсср

Важнае месца ў супрацоўніцтве з замежнымі краінамі займалі навуковыя, культурныя, спартыўныя і турысцкія сувязі. Іх няспыннае пашырэнне з’яўлялася неад’емнай часткай жыцця рэспублікі, неабходным сродкам умацавання і паглыблення дружалюбных адносін паміж беларускім і іншымі народамі свету. Яны садзейнічалі ўмацаванню даверу, паглыбленню навукова-тэхнічнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ў канчатковым выніку захаванню міру і бяспекі паміж народамі.

З 1958 г. пачало дзейнічаць Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі (БелТД). Галоўнай мэтай яго з’яўлялася пашырэнне міжнародных сувязей, распаўсюджванне за мяжой праўдзівай інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці беларускага народа.

У 70-х гадах на Беларусі дзейнічала каля 100 таварыстваў дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Яны мелі адносіны з 400 арганізацыямі амаль 70 краін свету.

Станоўчую ролю ў развіцці адносін Беларусі з іншымі дзяржавамі адыгрываў створаны ў 1958 г. Камітэт маладзёжных арганізацый рэспублікі (КМА БССР). Ён каардынаваў сувязі беларускай моладзі са сваімі паплечнікамі за мяжой.

У 1971–1980 гг. Беларусь наведала каля 100 прафсаюзных дэлегацый амаль з 20 краін Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Прадстаўнікі працоўных калектываў замежных краін знаёміліся з умовамі жыцця і працы розных катэгорый насельніцтва рэспублікі, формамі і метадамі дзейнасці прафсаюзных арганізацый, наведвалі музеі, тэатры, мясціны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі беларускага народа.

Дзейснай формай развіцця міжнародных культурных адносін з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне літаратуры. Лепшыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, А. Куляшова, І. Шамякіна, В. Быкава, Н. Гілевіча, П. Панчанкі, А. Макаёнка і іншых перакладаліся на польскую, чэшскую, венгерскую, румынскую і іншыя мовы народаў свету. У 1978 г. у Індыі выйшаў зборнік апавяданняў беларускіх пісьменнікаў пад назвай “Лясная песня”. У яго ўвайшлі творы К. Чорнага, І. Навуменкі, В. Быкава і іншых пісьменнікаў.

Адным з важных накірункаў пашырэння культурных сувязей рэспублікі з замежнымі краінамі з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Яно ажыццяўлялася ў самых розных формах: узаемадзеяння паміж кіруючымі органамі адукацыі, абмену дэлегацыямі, падрыхтоўкі студэнтаў, вывучэння вопыту працы, перадачы падручнікаў, навуковай, грамадска-палітычнай, мастацкай літаратуры, абсталявання і г.д.

Пашырэнню культурных сувязей Беларусі з замежнымі краінамі садзейнічаў узаемны абмен перыядычнымі выданнямі. Асабліва добра было наладжана гэта супрацоўніцтва з сацыялістычнымі краінамі. Праз сістэму “Саюздруку” штодзённа паступалі насельніцтву Беларусі перыядычныя выданні і часопісы сацыялістычных краін. У сваю чаргу, беларускія газеты і часопісы высылаліся за мяжу. У Мінску выходзіла газета “Голас Радзімы”, якая інфармавала сваіх суайчыннікаў за мяжой аб жыцці беларускага народа.

На Беларусі існавала добрая традыцыя адзначаць знамянальныя святы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці выдатных прадстаўнікоў сусветнай культуры. Такія святкаванні былі арганізаваны ў гонар заснавальнікаў славянскай пісьменнасці Кірыла і Мяфодзія, французскага пісьменніка і асветніка Жан-Жака Русо, іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега, вынаходніка Галілео Галілея і інш. У гэтыя дні праводзіліся ўрачыстыя пасяджэнні, тэматычныя вечары, навуковыя канферэнцыі, юбілейныя чытанні, выстаўкі і г.д.

Пашыралася такая форма культурнага супрацоўніцтва як правядзенне дзён нацыянальнай культуры. У 70–80-х гадах Дні культуры БССР адбыліся ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы, Сірыі і іншых краінах. У сваю чаргу на Беларусі праходзілі Дні культуры Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін. У гэтыя дні праводзіліся тэматычныя кінафестывалі, выстаўкі кніг, фотаздымкаў, творчыя вечары, сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, мастакамі і іншымі дзеячамі навукі і культуры. Прыязджалі шматлікія дэлегацыі з прадстаўнікоў парламенцкіх і ўрадавых колаў, палітычных і грамадскіх арганізацый, навуковых і культурна-асветных устаноў. Праводзіліся экскурсіі ў музеі, па гістарычных мясцінах, на прадпрыемствы, у навучальныя ўстановы.

Цікавай формай культурных сувязей БССР з замежнымі краінамі з’яўляўся абмен выступленнямі калектываў тэатраў, філармоній, мастацкай самадзейнасці, канцэртных брыгад, асобных выканаўцаў. Перад насельніцтвам рэспублікі ў розныя гады выступалі артысты Сафійскай оперы, дзяржаўнай філармоніі Венгрыі, Дрэздэнскага джазавага аркестра, Славацкага народнага аркестра, зорак польскай эстрады, а таксама ансамблі венгерскай народнай музыкі і танца “Дунай” і “Чардаш”, ансамблі “Рытмы Кубы”, народнай песні і танца Манголіі, танца Гвінейскай Рэспублікі, калектывы з Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Канады, Японіі і іншых краін.

Важным сродкам сувязей паміж народамі з’яўляўся турызм. Колькасць турыстаў штогод павялічвалася. Калі ў 1960 г. ад прафсаюзных арганізацый выязджала за мяжу 535 чалавек, то ў 70-я гады ў сярэднім за год больш за 7 тыс. чалавек.

Значнае месца адводзіла рэспубліка супрацоўніцтву з замежнымі краінамі ў галіне спорту. З 1948 г. сістэмны характар набывае ўдзел беларускіх спартсменаў у разнастайных міжнародных спаборніцтвах. З 1952 па 1980 г. на XV–XXII Алімпійскіх гульнях у складзе зборных каманд СССР удзельнічалі 150 беларускіх спартсменаў, якія выступалі ў 16 відах спорту. Беларускія алімпійцы заваявалі каля 100 медалёў, у тым ліку 50 залатых. Усяму свету добра вядомы імёны пераможцаў Алімпійскіх гульняў А. Раманькова, А. Мядзведзя, В. Корбут і многіх іншых. Па прапанове мэра горада Чыкага дзень 26 сакавіка 1974 г. быў абвешчаны ў ЗША днём Вольгі Корбут. У гэтай краіне было створана больш за 500 спартыўных клубаў В. Корбут па гімнастыцы. ЮНЭСКА прысвоіла ёй ганаровае званне “Пасол міру”.

На тэрыторыі Беларусі праводзіліся шматлікія міжнародныя спартыўныя гульні (турніры фехтавальшчыкаў (1966), па сучаснаму пяцібор’ю (1972), скачках у ваду “Вясеннія ластаўкі” (1972–1980), па біятлону, стральбе з лука і інш.).

У пасляваенны перыяд атрымала распаўсюджванне такая форма міжнародных адносін, як супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў.

Такім чынам, беларускі народ ажыццяўляў разнастайныя сувязі з народамі краін свету.

РАЗДЗЕЛ X.  БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПРАВЯДЗЕННЯ РЭФОРМ: САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. ЗАМЕЖНЫЯ СУВЯЗІ. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА (1985 – 2006 гг.)

§ 1. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення: розныя погляды і меркаванні

Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. 10 сакавіка 1985 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Гарбачоў. З яго палітычнай і дзяржаўнай дзейнасцю як першага кіраўніка краіны звязана правядзенне шматлікіх рэформ, якія ўрэшце-рэшт прывялі да змены сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадскага ладу, да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР.

У сярэдзіне 80-х гг. Савецкі Саюз апынуўся ў складаным становішчы. Запавольваліся тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця, не заўсёды дасягненні навукі і тэхнікі ўкараняліся ў вытворчасць, нізкай была якасць многіх відаў прадукцыі, не хапала высокаякасных тавараў на рынку, па некаторых паказчыках прыпыніўся рост жыццёвага ўзроўню народа. Патрабавалася рэфармаванне палітыка-эканамічнай сістэмы, якая ў аснове сваёй сфарміравалася ў СССР у 1920 – 1930-я гг.

Пленум ЦК КПСС у красавіку 1985 г. прыняў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР. Гэты палітычны курс меркавалася ажыццявіць за кошт трох асноўных фактараў: 1) навукова-тэхнічны прагрэс, прыярытэтнае развіццё машынабудаўнічага комплексу – базы гэтага прагрэсу; 2) структурная перабудова эканомікі – прыпыненне затратнага капітальнага будаўніцтва і выкарыстанне сродкаў, якія вызваляюцца пры гэтым, на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю прадпрыемстваў; 3) актывізацыя чалавечага фактару – павышэнне творчай, стваральнай актыўнасці людзей, ўмацаванне працоўнай дысцыпліны, павышэнне зацікаўленасці людзей у выніках працы, актывізацыя руху рацыяналізатараў і вынаходнікаў.

Аднак тагачасная эканоміка СССР была недастаткова ўспрымальнай да новых ідэй, дасягненняў навукі і тэхнікі. У сувязі з ростам і вялікімі маштабамі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнікла напружанне ў забеспячэнні яе сыравінай і энергетычнымі рэсурсамі. Зніжэнне цэн на сусветным рынку на сырую нафту прывяло да таго, што ў 1985 – 1986 гг. даходы ад яе экспарту паменшыліся на 1/3 частку. Гэта вельмі ўскладніла закупку абсталявання за мяжой. Ва ўмовах старой сістэмы арганізацыі працы і яе аплаты сур’ёзнай матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў не атрымалася. На справе адбывалася не паскарэнне, а запавольванне сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У мэтах паляпшэння якасці выпускаемых вырабаў на прадпрыемствах краіны была ўведзена дзяржаўная прыёмка прадукцыі. Спроба вырашыць праблему якасці заменай ведамаснага кантролю на новую бюракратычную структуру прывяло да разбухання адміністрацыйнага персаналу, парушэння рытмічнасці ў рабоце прадпрыемстваў. Якасць прадукцыі заставалася ранейшай, бо на рынку з‑за дэфіцыту тавараў і паслуг быў даволі высокім спажывецкі попыт на любыя вырабы, у тым ліку і няякасныя.

Незадаволенасць і азлабленне ў большасці насельніцтва краіны выклікала антыалкагольная кампанія, якая праводзілася па ініцыятыве ЦК КПСС у 1985 – 1988 гг. Благародная па сваіх мэтах (барацьба з “народнай бядой” – п’янствам і алкагалізмам) яна праводзілася выключна адміністрацыйна-забарончымі метадамі. У спешным парадку закрываліся магазіны, якія гандлявалі спіртным, а таксама гарэлачныя заводы, у Крыму, Малдавіі і на Доне пачалі высякаць вінаграднікі. Па ініцыятыве мясцовых партыйных і савецкіх органаў былі створаны “зоны цвярозасці”, у якіх гандль спіртнымі напоямі быў цалкам забаронены. Камсамол дапамагаў у арганізацыі “безалкагольных вяселляў”, а на памінкі, юбілеі і з нагоды іншых выпадкаў алкагольныя напоі адпускаліся па спецыяльных спраўках. Масавы характар набыло самагонаварэнне. Антыалкагольная кампанія моцна пахіснула грашова-фінансавую сістэму краіны. Значная частка грошай ад продажу гарэлкі пайшла на ўзбагачэнне “ценявікоў” і карумпіраваных чыноўнікаў.

26 красавіка 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС, што на мяжы Беларусі і Украіны, узарваўся чацвёрты энергаблок. Загінулі і атрымалі вялікія дозы выпраменьвання дзесяткі тысяч людзей, значныя тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі падвергліся радыёактыўнаму забруджванню. Тое, што кіраўніцтва СССР не паведаміла адразу аб сапраўдных маштабах трагедыі, з’явілася падставай для крытыкі савецкай сістэмы. Расходы дзяржавы на пераадоленне вынікаў аварыі складалі дзесяткі мільярдаў рублёў.

У 1986 г. курс на “паскарэнне” цалкам праваліўся. Чацвёртая частка прадпрыемстваў не выканала вытворчыя планы, 13 % з іх былі затратнымі. У студзені 1987 г. пачаўся спад вытворчасці, які не ўдалося прыпыніць і які стаў пачаткам глыбокага эканамічнага крызісу. Аднак большасць насельніцтва краіны негатыўныя эканамічныя наступствы закраналі не мацней, чым у ранейшыя гады, а да розных кампаній людзі прывыклі і па вопыту ведалі, што трэба пачакаць і ўсё вярнецца ў ранейшае русла. Таму большасць народа верыла М.С. Гарбачову і працягвала падтрымліваць яго курс.

Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення. ХХVІІ з’езд КПСС (25 лютага – 6 сакавіка 1986 г.) і ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (28 чэрвеня – 1 ліпеня 1988 г.) удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.

Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму”. Яе мэтамі былі пераадоленне дэфармацый сацыялізму, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, дэмакратызацыя ўсіх бакоў жыцця савецкага грамадства, рэфармаванне палітычных інстытутаў дзяржавы. Прадугледжвалася правядзенне выбараў у Саветы ўсіх узроўняў з удзелам некалькіх кандыдатаў.

Для таго каб народ сапраўды паверыў ў безальтэрнатыўнасць перабудовы, яе ініцыятары стваралі міфы і праз сродкі масавай інфармацыі ўносілі ў грамадскую свядомасць. Сярод міфаў, створаных ініцыятарамі перабудовы, – міфы аб крызісных, застойных з’явах у савецкай эканоміцы, аб “цывілізаваным Захадзе” і “нецывілізаваным СССР”, “райскім жыцці” на Захадзе і “пякельным жыцці” у нас (хаця ўзровень жыцця вышэйшы чым у СССР быў толькі ў 15 % насельніцтва Зямлі, а ў 80 % насельніцтва ён быў ніжэйшы, чым у СССР), “сапраўднай дэмакратыі” ў іх і “тыраніі, таталітарызме” у нас і інш. Некаторыя паверылі ў гэтыя міфы і разам з апазіцыяй удзельнічалі ў разбурэнні савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У ходзе ажыццяўлення палітыкі перабудовы значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб’яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Працоўныя калектывы атрымалі права выбіраць кіраўнікоў, рэгуляваць заработную плату і адлічэнні на сацыяльныя патрэбы. Укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы – арэндныя калектывы, гаспадарчыя разліковыя брыгады.

Больш дэмакратычнай станавілася выбарчая сістэма, развіваліся галоснасць і плюралізм думкі, фарміравалася шматпартыйная сістэма. Больш магчымасцей стала для ажыццяўлення дэмакратычных правоў і свабод грамадзян, для творчай дзейнасці.

Разам з тым ў грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі, прапагандавалася ўзбагачэнне любымі сродкамі. Многія дырэктары прадпрыемстваў здавалі ў арэнду з правам выкупу частку дзяржаўнай маёмасці, а затым за сімвалічную плату пераводзілі яе ў прыватную ўласнасць. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1988 г. быў апублікаваны Закон СССР аб кааперацыі.

Пад назвай кааператываў былі ўзаконены тыповыя капіталістычныя прадпрыемствы з правам найму работнікаў, якія не з’яўляліся іх членамі, з правам купляць сыравіну і паўфабрыкаты па стабільных дзяржаўных цэнах, а прадаваць прадукцыю па свабодных рыначных цэнах. Кааператывы пачалі стварацца ўсюды, у тым ліку і на базе дзяржаўных прадпрыемстваў. Рэсурсы і грошы з дзяржаўнай казны пачалі пераводзіцца ў прыватныя кішэні. Вытворчая дзейнасць кааператараў амаль не цікавіла. Яны працавалі пераважна ў гандлёва-пасрэдніцкай сферы, куплялі тавары па танных, а прадавалі па вельмі высокіх цэнах. Кааператыўная дзейнасць станавілася эфектыўным сродкам для “адмывання брудных грошай” і стварэння вялікіх капіталаў. Сацыяльнае напружанне ў грамадстве ўзмацнялася, маёмасная дыферэнцыяцыя павялічвалася.

З адменай дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль і з дазволам прадпрыемствам і прыватным асобам прадаваць за рубеж тавары сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ў 1987 – 1990 гг. значна пагоршылася. Пусцелі прылаўкі магазінаў, падскочылі рознічныя цэны, прадукты харчавання адпускаліся па “картачках спажыўцоў”, якія выдаваліся па месцы жыхарства. Пачалася маштабная міжнародная спекуляцыя, якая прывяла да вывазу буйных капіталаў за граніцу і стварэння магутных крымінальных структур. Эканоміка СССР і яе грашова-фінансавая сістэма ляжалі ў руінах.

Палітыка “галоснасці”, абвешчаная М.С. Гарбачовым, пасеяла сумненні наконт сацыялізму як дасканалай сістэмы. Пачаўся працэс паступовай падмены сацыялізму іншымі ідэаламі і каштоўнасцямі. Ідэя сацыяльнай справядлівасці абвяшчалася шкоднай і недасягальнай, пепсі, снікерс і жвачка – сімваламі далучэння да заходняга ладу жыцця, эканоміка гандлёва-базарнага тыпу – вяршыняй эканамічнай практыкі. Пачалі прапагандавацца культ нажывы, асабістай выгады па прынцыпу “хочаш жыць – умей круціцца”, а таксама тое (насілле, парнаграфія, прастытуцыя, аднаполыя шлюбы, бамжаванне і г. д.), што ў савецкі час лічылася зневажаючым чалавека і грамадства. Людзей заклікалі не працаваць, а піць, гуляць, весяліцца. Рэальныя праблемы, якія стаялі перад краінай, патанулі ў балбатні, кабінетным пражакцёрстве. Усё часцей і часцей у сродках масавай інфармацыі, на мітынгах і ў чыноўных кабінетах стала гучаць фраза вядомага літаратурнага героя Астапа Бэндара “Захад нам дапаможа”. Быў зроблены антынавуковы і шкодны вывад аб тым, што савецкая сістэма не рэфарміруема, а таму павінна быць разбурана, знішчана.

Як бачна, антысаветызм стаў ідэалагічнай зброяй курсу М.С. Гарбачова, а галоснасць фактычна ператварылася ў ідэалагічную вайну, накіраваную на змену дзяржаўнага і грамадскага ладу СССР.

Фарміраванне палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі ў Беларусі пачынаўся з амаль непрыкметнай з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986 – 1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн. чалавек. Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклад, мінская “Талака” ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.

Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на У.І. Леніна, яны рабілі спробы крытыкаваць кіраўніцтва Беларусі. Гэта быў ужо, безумоўна, не культурна-асветны, а палітычны рух. Ішла самая звычайная палітычная барацьба пад прыкрыццём лозунга адраджэння нацыянальнай культуры. Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.

У 1989 г. у БССР ствараецца штаб палітычнай апазіцыі – Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. Яго праграма, статут і іншыя дакументы мелі адкрыта антысавецкую і антыкамуністычную накіраванасць. На заклікі апазіцыі да знішчэння савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу адэкватнае прававое рэагаванне адсутнічала. Больш таго, узмацнілася яе канфрантацыя з праваахоўнымі органамі, партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі. Не было і адпаведнага палітыка-арганізацыйнага рэагавання на дзеянні некаторых камуністаў і кіраўнікоў розных узроўняў, якія сталі на шлях неабгрунтаванай крытыкі савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У 1988 – 1989 гг. у СССР была сфарміравана новая структура вышэйшых органаў улады – З’езд народных дэпутатаў СССР і Вярхоўны Савет СССР, які ствараўся на з’ездзе з ліку дэпутатаў і працаваў пастаянна. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у маі – чэрвені 1989 г. старшынёй Вярхоўнага Савета СССР быў выбраны М.С. Гарбачоў.

У 1986 – 1990 гг. адбыліся крывавыя канфлікты на нацыянальнай глебе ў Якуцку, Алма‑Аце, Нагорным Карабаху, Тбілісі, Фергане, Ошскай вобласці Кіргізіі, Сумгаіце, Баку, Душанбэ і іншых гарадах. Няўменне і нежаданне цэнтра знаходзіць рашэнне нацыянальных канфліктаў канчаткова дыскрэдытавалі ў вачах мясцовага насельніцтва КПСС і звязаныя з ёю ўладныя структуры. Палітычны прэстыж апазіцыі ў нацыянальных рэспубліках СССР, яе аўтарытэт і ўплыў узрасталі. Канчатковая палітычная развязка набліжалася.