Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
63
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 4. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Перамога рэвалюцыі на Беларусі

Лютаўская рэвалюцыя – з’ява сусветна-гістарычнага значэння. З аднаго боку, яна падвяла рысу пад шматвяковай гісторыяй расійскай манархіі, а з другога – адкрыла шлях да дэмакратычнага развіцця Расіі. Пачатак ёй паклалі масавыя забастоўкі, мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917 г. у сувязі з Міжнародным жаночым днём. 25 лютага забастоўка стала ўсеагульнай. На бок рабочых сталі пераходзіць салдаты. 27 лютага рабочыя і салдаты захапілі Галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычных зняволеных. Рэвалюцыя ў Петраградзе перамагла. 2 сакавіка 1917 г. імператар Мікалай ІІ быў вымушаны адмовіцца ад улады.

Па свайму характару рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычнай. Але ў адрозненне ад рэвалюцыі 1905–1907 гг. яна перамагла. Галоўная яе задача – звяржэнне самадзяржаўя – была выканана. Рухаючай сілай рэвалюцыі з’яўляўся народ. Асаблівасцю рэвалюцыі было тое, што яна непаслядоўна вырашыла пытанне аб уладзе. У выніку ў краіне ўстанавілася двоеўладдзе.

Пасля перамогі паўстання па ўсёй краіне пачалі стварацца Саветы, якія і сталі органамі ўлады. Большасць у Саветах склалі меншавікі і эсэры. У той жа час быў створаны з дэпутатаў IV Дзяржаўнай думы Часовы камітэт на чале з адным з кіраўнікоў акцябрыстаў М. Радзянкам. Мэта – “навесці парадак у краіне”, што азначала ўзяць усю ўладу ў свае рукі. Але зрабіць гэта было цяжка, таму што Петраградскі Савет выдаў 1 сакавіка 1917 г. загад, па якому ўсе вайсковыя злучэнні пераходзілі ў яго падпарадкаванне. 2 сакавіка на аснове згоды паміж Часовым камітэтам Думы і меншавіцка-эсэраўскім кіраўніцтвам Петраградскага Савета быў створаны Часовы ўрад на чале з князем Г. Львовым. Пасаду міністра замежных спраў заняў лідэр кадэтаў П. Мілюкоў, вайсковых спраў – лідэр акцябрыстаў А. Гучкоў. Іншыя члены ўрада таксама былі з ліку вядомых дзеячаў партый кадэтаў і акцябрыстаў. Выключэнне склаў сацыяліст А. Керанскі, які заняў пасаду міністра юстыцыі і адначасова з’яўляўся намеснікам старшыні Петраградскага Савета.

Так у краіне ўстанавілася двоеўладдзе: улада буржуазіі, якую ўвасабляў Часовы ўрад, і рэвалюцыйна-дэмакратычная ўлада пралетарыяту і сялянства – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі ў Беларусь 1–4 сакавіка 1917 г. Рабочыя, сяляне, салдаты віталі пралетарыят Петраграда і выказалі намер падтрымаць рэвалюцыю. Па прыкладу Петраграда ў гарадах і мястэчках Беларусі пачалі стварацца ўзброеныя атрады. Баявыя дружыны мінскіх рабочых 2 сакавіка вызвалілі з турмы 400 палітычных зняволеных. Былі арыштаваны камандуючы мінскай ваеннай акругі, начальнік штаба, камендант горада. Створаная 4 сакавіка міліцыя, якую ўзначаліў М.В. Фрунзе, узяла пад ахову ўрадавыя ўстановы, пошту і тэлеграф.

Асаблівая ўвага была звернута на ўтварэнне Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У Мінску ўжо 4 сакавіка адбылося першае пасяджэнне выбраных дэпутатаў, дзе быў створаны Мінскі Савет рабочых дэпутатаў і яго выканаўчы камітэт. Каб аб’яднаць сілы пралетарыяту і салдат, 8 сакавіка быў створаны адзіны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і адзіны выканаўчы камітэт.

Саветы былі створаны і ў іншых гарадах Беларусі. На працягу сакавіка – красавіка 1917 г. арганізацыйна аформілася 37 Саветаў. Сваю асноўную задачу Саветы бачылі ў арганізацыі рабочых і салдат, у абароне іх эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў. Саветы актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні народнай міліцыі, фабрычна-заводскіх камітэтаў і прафсаюзаў рабочых і служачых, салдацкіх камітэтаў у войску, сялянскіх у вёсцы. Саветы ў Беларусі прызнавалі кіруючую ролю Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Разам з тым яны прызнавалі і Часовы ўрад. Больш таго, яны дапамагалі Часоваму ўраду ствараць яго мясцовыя органы ўлады. Амаль ва ўсіх гарадах Беларусі былі створаны буржуазныя “грамадскія камітэты парадку”. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў не толькі прызналі іх, але нават накіравалі сваіх прадстаўнікоў у гэтыя камітэты, фактычна падпарадкоўваючыся ім. Праваднікамі такой палітыкі ў Саветах былі эсэры, меншавікі і бундаўцы, якія складалі пераважную большасць дэпутатаў. 4 сакавіка 1917 г. ў Мінску быў створаны “Часовы грамадскі камітэт парадку”, у склад якога ўвайшлі і прадстаўнікі Мінскага Савета.

6 сакавіка 1917 г. Часовы ўрад перадаў уладу ў губернях і паветах сваім камісарам, якія выконвалі функцыі губернатараў. Ім падпарадкоўваліся ўсе мясцовыя органы ўлады.

У першыя дні рэвалюцыі пачалі стварацца прафсаюзы, якія павялі барацьбу за паляпшэнне эканамічнага становішча працоўных, скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты і інш.

Рэвалюцыя паклала пачатак дэмакратызацыі войска. Сталі стварацца выбарныя салдацкія камітэты, якія павінны былі забяспечыць магчымасць для салдат удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, садзейнічаць росту іх культурнага ўзроўню і палітычнай свядомасці.

7–17 красавіка 1917 г. у Мінску адбыўся І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту. Адным з галоуных арганізатараў з’езда быў Мінскі Савет рабочых і салдатскіх дэпутатау. З’езд прызнаў неабходным для Расіі працягваць вайну з мэтай абароны рэвалюцыі.

20 красавіка 1917 г. у Мінску адкрыўся з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і неакупіраваных Германіяй паветаў Віленскай губерні. Старшыней з’езда быу абраны М. Фрунзе. Дэлегаты з’езда выступілі за пераход усёй зямлі ў агульнанародную ўласнасць і ўраўняльнае землекарыстанне па працоўнай норме, за адмену прыватнай уласнасці на зямлю, забарону яе куплі-продажу. Канчатковае заканадаўчае вырашэнне аграрнага пытання з’ездам адкладвалася да Устаноўчага сходу. Як бачым, у вырашэнні аграрнага пытання з’езд стаяў на эсэраўскіх пазіцыях. За эсэрамі пайшлі сялянскія з’езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Такім чынам, Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя з’явілася пачаткам дэмакратычнага развіцця Расіі, у тым ліку і Беларусі, адкрыла шлях да эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу краіны.