Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 2. Сялянскі і рабочы рух. Народніцкія і сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на Беларусі

Сялянскі рух і народніцкія арганізацыі ў Беларусі. Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. у Беларусі адзначаўся рэзкі спад сялянскіх выступленняў. На працягу наступных 40 гадоў сялянскі рух не дасягаў ўзроўню, які назіраўся ў час падрыхтоўкі і правядзення рэформы 1861 г. Калі ў 1861 г. было зарэгістравана 379 сялянскіх хваляванняў, то ў 1864 – 1880 гг. іх рэгістравалася ў сярэднім толькі 8 – 10 штогод. Выступленні сялян былі паасобныя і неарганізаваныя.

Арганізаваны рэвалюцыйны рух у Беларусі пачаў адраджацца толькі ў сярэдзіне 1870-х гг. У той час самым радыкальным кірункам апазіцыйнай грамадскай думкі ў Расіі было народніцтва. Ідэалагічна яно грунтавалася на тэорыі сялянскага сацыялізму, заснавальнікамі якой былі А. Герцэн і М. Чарнышэўскі. Народнікі лічылі, што Расія мае магчымасць пазбегнуць капіталістычнай стадыі развіцця і, абапіраючыся на сялянскую абшчыну, перайсці адразу да сацыялізму. Сваіх прыхільнікаў народніцтва знайшло перш за ўсё сярод разначыннай інтэлігенцыі.

З самага пачатку ў народніцтве існавалі дзве плыні – рэвалюцыйная і рэфарматарская. Прадстаўнікі першай асноўным сродкам дасягнення сваіх мэт лічылі сялянскую рэвалюцыю і рабілі ўсё магчымае, каб падштурхнуць сялян да рашучай барацьбы супраць самадзяржаўя і перажыткаў прыгонніцтва. Памяркоўныя народнікі хацелі перайсці да сацыялізму шляхам паступовага рэфармавання існуючага ладу Расіі.

Народніцкі рух у Беларусі быў ідэйна і арганізацыйна звязаны з агульнарасійскім. Сярод вядомых расійскіх народнікаў 1870-х гг. былі ўраджэнцы Беларусі М. Судзілоўскі, С. Кавалік, І. Грынявіцкі, Р. Ісаеў, К. Брэшка-Брэшкоўская, А. Бонч-Асмалоўскі. У другой палове 1870‑х – пачатку 1880-х гг. у Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску, Оршы, Слуцку і іншых гарадах Беларусі дзейнічалі народніцкія гурткі. Іх наведвалі ў першую чаргу навучэнцы, якія пад выглядам самаадукацыі вывучалі забароненую літаратуру; меліся спробы весці агітацыю сярод сялян. Магчымасці гэтых гурткоў былі вельмі абмежаваныя. Іх удзельнікі не бачылі асаблівасцей гістарычнага, сацыяльна-эканамічнага і нацыянальнага развіцця краю.

Калі летам 1879 г. пецярбургская арганізацыя “Зямля і воля” раскалолася на “Народную волю” і “Чорны перадзел”, большасць народнікаў у Беларусі падтрымала “Чорны перадзел”, які кіраваўся старой прапагандысцкай тактыкай. У 1879 і 1880 гг. у Беларусь двойчы прыязджаў лідэр “Чорнага перадзелу” Г.В. Пляханаў. У Мінску была арганізавана падпольная друкарня “Чорнага перадзелу”, якая ў пачатку 1881 г. выпусціла тры нумары цэнтральнага органа арганізацыі – газеты “Чёрный передел”, столькі ж нумароў газеты для рабочых “Зерно” і дзве пракламацыі. Між тым “Чорны перадзел” праіснаваў нядоўга. У 1882 г. арганізацыя распалася, яе кіраўнікі, у тым ліку Пляханаў, выехалі за мяжу. Былыя прыхільнікі “Чорнага перадзелу”, якія засталіся ў Расіі, пачалі пераходзіць на пазіцыі “Народнай волі”.

У сваёй дзейнасці народавольцы рабілі стаўку на індывідуальны палітычны тэрор супраць прадстаўнікоў улады. 1 сакавіка 1881 г., пасля некалькіх няўдалых спроб, яны забілі Аляксандра ІІ. Бомбу ў цара кінуў ураджэнец Мінскай губерні І. Грынявіцкі. Кіраўнікі “Народнай волі” спадзяваліся, што забойства цара з’явіцца сігналам да народнага паўстання ў Расіі. Аднак паўстанне не адбылося, а рэпрэсіі супраць рэвалюцыянераў у хуткім часе прывялі да знішчэння цэнтральных і многіх правінцыяльных арганізацый “Народнай волі”.

Народнікі ў Беларусі спрабавалі аб’яднацца ў адзіную арганізацыю. У пачатку 1882 г. у Вільні была створана Паўночна-заходняя арганізацыя “Народнай волі”. Але ў канцы года паліцыі ўдалося раскрыць і арыштаваць членаў яе цэнтральнай групы. У Беларусі працягвалі дзейнічаць толькі асобныя гурткі.

У першай палове 1880-х гг. у Пецярбургу існавалі студэнцкія гурткі народавольніцкага і ліберальна-асветніцкага кірункаў, удзельнікамі якіх былі выхадцы з Беларусі. Падпольна яны выдалі некалькі публіцыстычных твораў, напісаных на рускай мове. У 1884 г. члены групы Гоман (А. Марчанка, Х. Ратнер і інш.) выступілі з ініцыятывай аб’яднання ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі. Яны выдалі два нумары гектаграфічнага часопіса “Гоман” (на рускай мове). Гоманаўцы аб’явілі сябе “Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групай”. Іх ідэалам была вольная ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расія, пабудаваная на аснове федэрацыі самакіруемых абласцей. Яны мелі сувязі з народніцкімі гурткамі Мінска, Віцебска, Магілёва, але аб’яднаць усіх рэвалюцыйных народнікаў Беларусі ў той час не здолелі.

У другой палове 1880-х – 1890-я гг. пануючым накірункам у народніцтве з’яўляўся ліберальны. Ліберальныя народнікі адмовіліся ад рэвалюцыйных метадаў барацьбы і галоўную ўвагу звярнулі на рэфармаванне зямельнага заканадаўства з мэтай павялічыць сялянскае землеўладанне і захаваць абшчыну ў вёсцы. Гэтым яны спадзяваліся вырашыць аграрную праблему. Разам з тым беларускія ліберальныя народнікі цікавіліся гісторыяй і культурай свайго краю, спрыялі развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Рабочы рух і стварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі. Пасля рэформы 1861 г. у Беларусі значна паскорыўся працэс фарміравання класа наёмных рабочых. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх губерняў: адсутнасць буйных і перавага дробных рамесных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю працуючых на іх рабочых, сялянскае малазямелле і мноства яўрэйскай беднаты ў горадзе – стваралі лішак рабочай сілы і пашыралі магчымасці эксплуатацыі пралетарыяту. Заработная плата беларускіх рабочых у параўнанні з агульнарасійскім паказчыкам у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. была амаль на 1/3 ніжэй. У першыя два дзесяцігоддзі пасля адмены прыгонніцтва ўмовы працы рабочых ніяк не рэгламентаваліся, адсутнічала іх сацыяльная абарона. Тым не менш выступленняў рабочых у Беларусі было няшмат. У 1870-я гг. іх зарэгістравана 7, у 1880-я – 10. Толькі ў 1890-я гг. пачаўся ўздым стачачнай барацьбы (адбылося 59 выступленняў, прычым 53 з іх – у другой палове дзесяцігоддзя). Паступова рабочы рух стаў больш арганізаваным і ў канцы ХІХ ст. вылучыўся ў самастойную плынь.

У гэты ж час ідэалогія народніцтва пачала саступаць месца марксізму. Першае знаёмства з марксісцкай літаратурай адбылося яшчэ ў гуртках народнікаў. Узнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі звязана з дзейнасцю польскай партыі “Пралетарыят (утварылася ў 1882 г.) і пляханаўскай групы “Вызваленне працы” (утворана ў 1883 г. у Швейцарыі). У другой палове 1880‑х – пачатку 1890-х гг. у некаторых гарадах Беларусі былі арганізаваны гурткі, у якіх вывучалі працы К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў. У Мінску такімі гурткамі кіравалі Э. Абрамовіч, І. Гурвіч і С. Трусевіч; у Гомелі – А. Поляк і І. Захарын; у Гродне – М. Дзем’яновіч і С. Галюн; у Віцебску – А. Амстэрдам, М. Заслаўскі, П. Дубінская і Х.Усышкін. Першыя марксісцкія гурткі ў Беларусі былі нешматлікія і амаль не звязаныя з масавым рабочым рухам.

Аднак ужо з сярэдзіны 1890-х гг. у сацыял-дэмакратычным руху Расіі адбыліся значныя змены. Пачаўся пераход ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай і палітычнай агітацыі. У Беларусі гэтаму пераходу садзейнічала рукапісная брашура А. Крэмера “Аб агітацыі” (1893). У той час сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Пінску, Смаргоні, Брэст-Літоўску, Гродне, Ашмянах.

Прыблізна з сярэдзіны 1890-х гг. сацыял-дэмакраты пачалі наладжваць прапаганду ідэй сацыялізму ў рабочым асяроддзі. Так, у Мінску ў гэты час аформіліся дзве сацыял-дэмакратычныя групы. Адну ўзначальвалі Я. Гурвіч і П. Берман. Яны разгарнулі агітацыю сярод яўрэйскіх рабочых, занятых на дробнай вытворчасці. Другая група пад кіраўніцтвам С. Трусевіча вяла прапаганду на буйных прадпрыемствах Мінска. У красавіку 1896 г. С. Трусевіч удзельнічаў у рабоце ўстаноўчага з’езда Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі (ЛСДП) у Вільні, але не пагадзіўся з яе сепаратызмам і ў маі 1896 г. стварыў Рабочы саюз Літвы (РСЛ), які аб’яднаў інтэрнацыянальныя рабочыя арганізацыі Вільні, Мінска і Смаргоні.