Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
63
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 5. Крызіс прыгоннага ладу. Эканамічныя рэформы 30 – 50-х гадоў XIX ст.

Сельская гаспадарка. Сацыяльныя супярэчнасці. Адной з асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі было панаванне буйнога дваранскага землеўладання. У сярэдзіне 30-х гг. ХІХ ст. 3,6 % буйных памешчыкаў валодалі 50 % прыгонных сялян. Дробныя і сярэднія памешчыкі (да 100 душ прыгонных), якія складалі 80 % агульнай колькасці, валодалі ўсяго 15,8 % сялян.

У сваіх маёнтках памешчыкі будавалі прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя. Вельмі важнай галіной прыбытку быў продаж лесу.

Асновай сельскай гаспадаркі з’яўлялася земляробства, ад якога памешчыкі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. Яны імкнуліся павялічваць плошчу ворных зямель. З канца XVIII да сярэдзіны ХІХ ст. плошча ворных зямель павялічылася ў 3–4 разы. Вырошчвалася жыта, авёс, ячмень. Папулярнай культурай стала бульба. У сувязі з пераўтварэннем бульбы з агароднай культуры ў палявую яе пасевы з пачатку ХІХ ст. да канца 30-х гг. узраслі ў 20–25 разоў. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыралася вытворчасць ільну. Раслі пасевы канапель, цукровых буракоў.

Важнейшым напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, становіцца танкарунная авечкагадоўля. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў той час спецыялізаваліся толькі асобныя памешчыкі, якія мелі ў сябе вінакурныя заводы.

Некаторыя памешчыкі ў мэтах павелічэння таварнасці гаспадаркі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольны севазварот, паляпшалі пароды жывёлы. У памешчыцкіх гаспадарках стала шырэй выкарыстоўвацца наёмная праца, галоўным чынам на прамысловых прадпрыемствах, на будаўнічых работах. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 г. у Віцебску. Развіццю капіталістычных адносін спрыяла і тое, што мясцовае дваранства атрымала доступ да пазык у цэнтральных банках з правам закладу маёнткаў разам з сялянамі. Перад адменай прыгоннага права ў банках было закладзена каля 68 % беларускіх сялян. Так феадальная памешчыцкая ўласнасць пераўтваралася ў капіталістычную ўласнасць банкаў і крэдытных устаноў.

Асноўнай вытворчай базай маёнтка памешчыка з’яўлялася сялянская гаспадарка. Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай, за выключэннем інфлянцкіх (латышскіх) паветаў, і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Размеркаванне зямельных надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. Так, у канцы 50-х гг. сярэдні надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны (дзесяціна – 1,09 га), у Магілёўскай – 7,3 дзесяціны. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (каля 21 га сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі). Гэтых надзелаў ледзьве хапала для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялянскай сям’і. Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай ад 3 да 5. Гаспадарка сялян, як дзяржаўных, так і памешчыцкіх, была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася рэдка, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду невялікая частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.

Аднак, нягледзячы на панаванне паншчыннай сістэмы, сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам. З пачатку ХІХ ст. развівалася і прамысловая дзейнасць сялян. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну, хатнія драўляныя вырабы.

Пашыралася маёмасная дыферэнцыяцыя сярод сялян. З’явіліся заможныя сяляне. Многія з іх арандавалі млыны, займаліся дробным гандлем, карысталіся ў сваіх гаспадарках рознымі механічнымі прыстасаваннямі. У той жа час у беларускай вёсцы расла колькасць беззямельных сялян (бабылёў, кутнікаў і інш.). Сяляне ў масе сваёй усё больш разараліся і не маглі, як раней, несці павіннасці. Паншчына ў большасці маёнткаў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі складала 6 чалавека-дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі.

Адным з яскравых паказчыкаў крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы было нарастанне сялянскага руху. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці, – больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.

Своеасаблівай формай пратэсту сялян было тое, што некаторыя з іх пакідалі родныя мясціны ў пошуках “вольных зямель”. Так, напрыклад, у пачатку 40-х гг. 1200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі свае вёскі і групамі накіраваліся на пасяленне ў Херсонскую, Екацярынаслаўскую губерні і Бесарабію. Для таго каб затрымаць і вярнуць іх на радзіму, была паслана ваенная каманда.

У канцы 40-х гг. сярод сялян Беларусі пашырыліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. У 1847 г. каля 10 тыс. сялян Віцебскай губерні групамі па 200 чалавек накіраваліся на будаўніцтва Мікалаеўскай чыгункі, спадзеючыся, што, адпрацаваўшы там 3 гады, яны будуць вызвалены ад прыгоннай залежнасці.

Але найбольш распаўсюджанымі формамі сялянскага руху з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей і падача “іскаў аб вольнасці” на імя цара.

З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў.

Барацьба дзяржаўных і памешчыцкіх сялян за паляпшэнне свайго становішча прымусіла расійскі ўрад змяніць сялянскую палітыку ў Беларусі. У гэтых умовах урад праводзіць рэформы, мэтай якіх было захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўнаваць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў графП.Д. Кісялёў– кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.

Рэформа дзяржаўнай вёскі. Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі інстытут “дзяржаўнага феадалізму” выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства. Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян тут абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.

Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. У Расіі з паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Яны былі абвешчаны вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, мяняць накірунак дзейнасці, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававое становішча дзяржаўных сялян нічым не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх. Часовы ўладар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Але галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі былі на падушным аброку, у Беларусі – на паншчыне.

Першай часткай рэформы дзяржаўнай вёскі стала перабудовы яе апарату кіравання. Агульнае кіраванне было сканцэнтравана ў Дэпартаменце дзяржаўных маёмасцей Міністэрства фінансаў. З 1 студзеня 1836 г. яны перадаваліся новаму Міністэрству дзяржаўных маёмасцей, першым міністрам якога быў прызначаны П.Д. Кісялёў. Замест чатырох’яруснай сістэмы мясцовага кіравання, уведзенай у расійскіх губернях, у Беларусі ўстанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерняакругасельская ўправа. У выніку рэформы абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору. Было ўпарадкавана кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, уведзены жорсткі адміністрацыйны кантроль за часовымі ўладальнікамі, павышаны статус сельскай абшчыны.

Другой часткай рэформы П.Д. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам на выпадак неўраджаяў, эпідэмій, падзяжу жывёлы і іншых бедстваў. Акрамя гэтага, ставілася пытанне аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказання медыцынскай дапамогі, правядзення розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцця сістэмы страхавання, барацьбы з п’янствам. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі побыт цалкам за кошт сялян перашкаджалі ажыццяўленню планаў рэфарматараў.

Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Д. Кісялёва – люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта было мерапрыемства, якое ставіла тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян. У працэсе люстрацый у Беларусі знішчаюцца фальваркова-паншчынная сістэма і сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя сяляне паскоранымі тэмпамі пераводзяцца на пазямельны аброк. З фальварковых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў. Да канца 1857 г. на аброк пераведзены ўсе дзяржаўныя маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Адмова ад фальваркова-паншчыннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе буржуазна-прагрэсіўны характар. Агульная плошча сялянскага надзельнага фонду ў выніку рэформы П.Д. Кісялёва павялічылася на 10,73 %. І хоць гэта мала што змяніла ў забяспечанасці сялян зямлёй (за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5 %), але затое было некалькі ўраўнавана становішча сялян, знізіўся цяжар павіннасцей. Асабліва значныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян. Прынцыповае значэнне мелі правы ўступлення ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промысламі.

Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы.З 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў займацца падрыхтоўкай інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. Памешчыкі рашуча сталі на абарону сваёй уласнасці. З-за супраціўлення памешчыкаў інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы была значна менш радыкальнай. Яна ўніфікавала памер павіннасцей сялян шляхам увядзення ў памешчыцкіх маёнтках абавязковых інвентароў па адзіных правілах. Па сутнасці, ў становішчы сялян мала што змянілася, значнага скарачэння павіннасцей не адбылося. У адрозненне ад дзяржаўнай вёскі, пераведзенай на аброк, у памешчыцкай засталіся многія ранейшыя павіннасці: паншчына (штодзённая), згоны, шарваркі, жаночая праца, старажоўства, даніна. Агульны памер павіннасцей складаў 1/3 частку валавога даходу з надзелу.

Інвентарная рэформа не вырашыла найважнейшага пытання – аб сялянскім землекарыстанні. Сцвярджалася толькі, што сялянскія надзелы не павінны змяншацца, але гэта з самага пачатку не было замацавана заканадаўствам. Толькі 14 мая 1855 г. Аляксандр ІІ зацвердзіў перагледжаныя ў інвентарных камітэтах правілы для маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у якіх вызначаўся мінімальны сялянскі надзел у 4,75 дзесяціны на рэвізскую душу, а паншчына – 3 дні ў тыдзень.

У цэлым рэформы 1830 – 1850-х гг. мелі дваранскую скіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі занадта радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала. Феадальная ўласнасць засталася некранутай.

Прамысловасць.Да сярэдзіны ХІХ ст. прамысловая вытворчасць у Беларусі знаходзілася пераважна надробнатаварнайімануфактурнайступенях развіцця. Асноўнымі прадпрыемствамі гэтага часу былі прыгонныя мануфактуры, гаспадарамі якіх з’яўляліся памешчыкі. Яны прымушалі працаваць на мануфактурах сваіх сялян. Пераважнае выкарыстанне працы прыгонных на прамысловых прадпрыемствах Беларусі ўяўляла сабой важную асаблівасць яе эканамічнага развіцця.

Акрамя таго, у гарадах і мястэчках мелася шмат розных дробных прадпрыемстваў і майстэрань з 1–3 рабочымі, гаспадарамі якіх былі купцы і мяшчане. Сярод прадпрыемстваў, якімі яны валодалі, былі скураныя, медныя, цагельныя, капялюшныя. Вырабы гэтых прадпрыемстваў збываліся ў асноўным на мясцовых рынках.

Былі ў Беларусі і прадпрыемствы, заснаваныя на вольнай працы. Большасць “вольнанаёмных” складалі прыгонныя, якіх паны на кароткі тэрмін адпускалі на заробкі. Па сканчэнні гэтага тэрміну яны пакідалі прадпрыемства. Часовыя рабочыя-прыгонныя не маглі задаволіць прамысловасць, якой былі патрэбны кваліфікаваныя майстры і працоўныя. Прыгоннае права ставіла сур’ёзныя перашкоды для развіцця капіталістычнай прамысловасці.

Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах машын і паравых рухавікоў. Аднак колькасць прадпрыемстваў, якія мелі машынную тэхніку, была нязначнай. Уладальнікамі большасці такіх прадпрыемстваў спачатку былі памешчыкі, хаця ўжо з 30-х гг. больш за палову іх належала купцам і мяшчанам.

Па колькасці занятых у прамысловасці рабочых сярод беларускіх губерняў першае месца займала Гродзенская губерня. У канцы 50-х гг. на яе прадпрыемствах працавала 5 112 рабочых з 9 714. Другое месца са значным адставанем належала Магілёўскай губерні, дзе ў гэты час на прадпрыемствах было занята 1 882 рабочыя. На апошнім месцы знаходзілася Мінская губерня, на прадпрыемствах якой працавала ўсяго 815 рабочых.

У Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя. Вядучай галіной прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. Каб заахвоціць да стварэння новых суконных мануфактур, прадпрымальнікам даваліся дзяржаўныя пазыкі. Ужо ў 1861 – 1863 гг. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 64 суконныя прадпрыемствы, на якіх працавала звыш 51 тыс. рабочых. Суконная прамысловасць была ў асноўным сканцэнтравана ў Гродзенскай губерні (55 прадпрыемстваў).

Другое месца займала вытворчасць шарсцяных вырабаў. У 1857 г. налічвалася сем прадпрыемстваў гэтай галіны, на якіх працавала 1 444 рабочых. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні. Сярод прадпрыемстваў Беларусі значная доля належала папяровым, шкляным, чыгунным, медзеплавільным, жалезаапрацоўчым, цагельным і інш. Жалезаробчыя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне. Жалеза здабывалі з балотнай руды. Шкляная прамысловасць была найбольш развітой у Магілёўскай губерні, дзе знаходзілася 8 з 14 заводаў.

Фабрыкі ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 20-х гг. ХІХ ст. Першымі былі пабудаваны суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомску Кобрынскага і Косаве Слонімскага паветаў. На металаапрацоўчым прадпрыемстве Бенкендорфа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага ўезда працавала каля 900 рабочых. Ствараліся ў Беларусі цукровыя прадпрыемствы. У 1857 г. было 13 цукровых заводаў, якія мелі паравыя рухавікі і штогод выраблялі 12,5 тыс. пудоў цукру. На іх працавала 1 164 вольнанаёмныя рабочыя. Цукар, які вырабляўся на прадпрыемствах Беларусі, прадаваўся не толькі на мясцовых рынках, але вывозіўся і ў Маскву. Аднак “цукровая гарачка” працягвалася нядоўга. Цукровыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы з больш буйнымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Польшчы і ў сярэдзіне 60-х гг. спынілі сваё існаванне.

Нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі першай паловы ХІХ ст., яе памеры ў параўнанні з агульнарасійскай былі нязначнымі, а тэмпы развіцця – надзвычай маруднымі. Пры гэтым дробнатаварная і мануфактурная вытворчасць у Беларусі з пачатку 30-х гг. перажывала крызіс, які быў звязаны з паглыбленнем крызісу ўсёй прыгонніцкай сістэмы. Прамысловасць адчувала востры недахоп у працоўнай сіле і асабліва ў людзях, якія валодалі тэхнічнымі ведамі.

Гарады.У першай палове ХІХ ст. у Беларусі назіраўся рост гарадскога насельніцтва. Колькасць насельніцтва беларускіх гарадоў расла як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з сельскай мясцовасці, якія неўзабаве склалі пераважную колькасць гарадскога насельніцтва і якія засяродзілі ў сваіх руках рамяство і гандаль. 70 – 90 % гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры), 6 – 7 % – дваранства і духавенства, 2 – 2,5 % – купецтва. У сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Аднак у першай палове ХІХ ст. гарады яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці, у іх працягвалі развівацца гандаль і рамяство.

Гандаль. Шляхі зносін.Развіццё прамысловасці, рост гарадскога насельніцтва стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. Гандаль Беларусі развіваўся пераважна ў формекірмашоў, часта з вялікім гандлёвым абаротам.Усяго ў Беларусі штогод праходзіла каля 200 кірмашоў. На самым буйным з іх – Зэльвенскім(Гродзенская губерня) – гадавы абарот перавышаў 1 млн. руб. Сярод буйных кірмашоў былі Любавіцкі ў Магілёўскай губерні і Мінскі. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але і з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай губерняў, Украіны, Польшчы, Прусіі і іншых месцаў.

Важнае значэнне ў Беларусі набыў вывазны гандаль. Прадметамі экспарту былі збожжа, лён, пянька, каноплі, лес, спірт, смала, паташ і г. д. У Беларусь завозілі шэрсць, металічныя вырабы, галантарэю, прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г. д. Назіралася паступовае змяненне асартыменту прывезеных тавараў. Напрыклад, на Стаўпянскую прыстань у 1827 г. прывозілі пераважна прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі, дарагое віно, а ў 1850-я гг. выгружалі пераважна чыгунныя вырабы, свінец, волава, паперу.

У развіцці гандлю важную ролю адыгралі суднаходныя рэкі – Бярэзіна, Прыпяць, Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія праз каналы звязвалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. У 1804 – 1805 гг. скончылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў. Яны звязалі Днепр з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. На беларускіх рэках і каналах знаходзілася каля 85 прыстаней. Праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг адпраўлялі буйныя баржы з таварамі з Беларусі за мяжу.

Развіццю гандлю спрыяла таксама паляпшэнне сродкаў сувязі і будаўніцтва сухапутных дарог. На працягу першай паловы ХІХ ст. былі пашыраны ўжо існуючыя і пабудаваны новыя грунтовыя шасэйныя дарогі, якія злучалі Маскву і Пецярбург з заходнімі і паўднёвымі рэгіёнамі імперыі. Некаторыя з іх пралягалі праз Беларусь. Гэта Пецярбургска-Кіеўская, Маскоўска-Рыжская. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз 3 беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую. Агульная працягласць шасэйных дарог у 1860 г. у Беларусі дасягнула 1 100 км.

Развіццё гандлю было цесна звязана са станам прамысловасці, сельскай гаспадаркі, плацежаздольнасцю насельніцтва. Феадальна-прыгонніцкая сістэма стрымлівала развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, абмяжоўвала пашырэнне ўнутранага рынку. Знішчэнне прыгонніцкіх адносін з’яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця Беларусі.