Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 2. Развіццё адукацыі, навукі, друку

Сістэма адукацыі. Капіталістычнае развіццё Расіі пасля адмены прыгоннага права патрабавала ўдасканалення сістэмы народнай адукацыі. Таму разам з іншымі буржуазнымі рэформамі ў 60–70-я гг. XIX ст. быў праведзены шэраг рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі, якія закранулі і Беларусь.

Да 60-х гг. ХІХ ст. сістэма адукацыі характарызавалася рознатыповасцю навучальных устаноў. У мэтах уніфікацыі іх дзейнасці большасць навучальных устаноў перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства народнай асветы. Былі закрыты дваранскія павятовыя вучылішчы, якія існавалі ў заходніх губернях. Пачатковымі школамі ў вёсках сталі народныя вучылішчы, у гарадах – гарадскія вучылішчы. Асноўнымі тыпамі сярэдніх навучальных устаноў сталі класічныя гімназіі і рэальныя вучылішчы, прызначаныя для мужчын, а таксама жаночыя гімназіі. Школьныя рэформы рэгламентавалі дзейнасць не толькі дзяржаўных навучальных устаноў, але і дазвалялі адкрыццё школ на сродкі грамадскіх арганізацый ці прыватных асоб. Гэта садзейнічала дынамічнаму развіццю прыватнай адукацыі.

Ажыццяўленне школьных рэформ супала з правядзеннем палітычнага курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. Былі ліквідаваны польскія школы, у навучальных установах забаранялася выкладанне польскай мовы. Усім выкладчыкам загадвалася клапаціцца, каб у сценах школ гутарковай мовай была руская.

Змены ў сістэме адукацыі Беларусі прывялі да ўстойлівага росту колькасці навучальных устаноў на працягу другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Калі ў канцы 50-х – пачатку 60-х гг. ХІХ ст. ва ўсіх навучальных установах Беларусі навучалася прыкладна 16,5 тыс. чалавек (0,5 % усяго насельніцтва), то ў 1900 г. у Віленскай навучальнай акрузе было 248 тыс. навучэнцаў, а ў 1914 г. іх лічба дасягнула 490 тыс. чалавек.

Аднак, нягледзячы на станоўчыя дасягненні народнай асветы, як Расійская імперыя ў цэлым, так і Беларусь адставалі ад краін Заходняй Еўропы па асноўных паказчыках развіцця адукацыі. Так, па перапісу 1897 г. агульная колькасць пісьменных у Беларусі складала толькі 25,7 %. Працэнт навучэнцаў сярод дзяцей школьнага ўзросту быў невысокі.

У галіне пачатковай адукацыі ўрадавая палітыка была накіравана на тое, каб значную частку затрат на ўтрыманне народных вучылішч перакласці на сялян. Шырока практыкаваўся збор сельскай грамадой грашовых сродкаў на будаўніцтва і ўтрыманне народных вучылішч. У выніку большая частка школ знаходзілася ў непрыстасаваных для заняткаў сялянскіх хатах, адчуваўся недахоп вучэбных дапаможнікаў, а таксама кваліфікаваных настаўніцкіх кадраў. Акрамя гэтага, рознатыповасць пачатковых школ, розныя навучальныя праграмы і тэрміны навучання зніжалі якасць падрыхтоўкі, ставячы вучняў у нераўнапраўнае становішча. Толькі выпускнікам гарадскіх чатырохкласных вучылішч дазвалялася паступаць у сярэднія навучальныя ўстановы, але пры ўмове дадатковай падрыхтоўкі па замежных мовах. Выхаванцы астатніх пачатковых школ такога права не мелі.

Сярэдняя адукацыя заставалася прывілеяй пануючых класаў. Навучанне ў сярэдніх навучальных установах з’яўлялася платным. Плата за навучанне ў прыватных школах была значна вышэйшай, чым у дзяржаўных навучальных установах. Сацыяльны склад навучэнцаў сярэдніх школ быў абумоўлены абмежаванасцю колькасці асоб з неабходнай адукацыяй, даволі высокай платай за навучанне, некаторымі пастановамі ўрада. Напрыклад, цыркуляр ад 1887 г., празваны ў народзе “цыркулярам пра кухарчыных дзяцей”, прадпісваў не прымаць у гімназіі і прагімназіі дзяцей кучараў, лакеяў, павароў, прачак, дробных крамнікаў.

Класічныя мужчынскія гімназіі давалі грунтоўную гуманітарную падрыхтоўку, асаблівая ўвага надавалася выкладанню так званых класічных моў – грэчаскай і лацінскай. Толькі выпускнікі гімназій мелі выключнае права паступлення ва універсітэты. У рэальных вучылішчах галоўнае месца адводзілася дысцыплінам прыродазнаўча-матэматычнага цыкла. Выпускнікі рэальных вучылішч маглі паступаць у тэхнічныя, гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выхаванкі жаночых гімназій атрымлівалі атэстат на званне настаўніцы пачатковай школы. Выпускніцам восьмага педагагічнага класа жаночых гімназій давалася права працаваць у якасці дамашніх настаўніц.

У пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі ў цэлым, а таксама і на тэрыторыі Беларусі адбываецца імклівы рост колькасці пачатковых (народных вучылішч і царкоўна-прыходскіх школ) і сярэдніх (гімназій і рэальных вучылішч) агульнаадукацыйных школ. Пры гэтым разам з дзяржаўнымі навучальнымі ўстановамі адкрываюцца прыватныя школы і вучылішчы.

У гэты перыяд склалася сістэма прафесійнай адукацыі. Колькасны рост агульнаадукацыйных школ вылучаў на першы план праблему падрыхтоўкі настаўнікаў. Калі да 1900 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 4 настаўніцкія семінарыі, то ў 1916 г. іх было ўжо 12. Для падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў былі адкрыты тры настаўніцкія інстытуты – у Віцебску, Мінску, Магілёве. Акрамя таго, падрыхтоўка спецыялістаў у галіне народнай гаспадаркі і культуры ажыцяўлялася ў рамесных, сельскагаспадарчых, камерцыйных, медыцынскіх, музыкальных і мастацкіх навучальных установах. Вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не было. Расійскія ўлады неаднаразова адхілялі хадайніцтвы грамадскасці Беларусі аб адкрыцці універсітэта ці політэхнічнага інстытута.

Пачатак ХХ ст. звязаны з пашырэннем грамадска-педагагічнага руху за стварэнне беларускай нацыянальнай школы. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі засноўвалі тайныя школы, дзе навучанне вялося на беларускай мове. Там выкарыстоўваліся падручнікі Каруся Каганца “Першая навука чытання”, Цёткі “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, Якуба Коласа “Другое чытанне для дзетак-беларусаў”.

Гістарычныя, этнаграфічныя, мовазнаўчыя і краязнаўчыя даследаванні. З другой паловы XIX ст. пачалося свядомае вывучэнне Беларусі. Расійскі ўрад пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. ахвяруе значныя сродкі для дасягнення гэтай мэты, каб не дапусціць у далейшым праяў польскага руху на Беларусі і абгрунтаваць непарыўную гістарычную сувязь гэтай тэрыторыі з Расіяй. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Былі арганізаваны навуковыя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, падчас якіх збіраліся разнастайныя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклору. Навуковы аналіз гэтых матэрыялаў аб’ектыўна сведчыў аб самабытнасці Беларусі.

У 1855 г. на аснове ўласнай археалагічнай калекцыі Яўстафій Тышкевіч з дапамогай свайго братка Канстанціна Тышкевіча стварыў Віленскі музей старажытнасцей. Браты таксама працавалі ў Віленскай археалагічнай камісіі.

Плённа працаваў на ніве збірання і публікацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў Павел Шэйн. Ён распрацаваў падрабязную праграму па збіранню фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў і стварыў шырокую сетку карэспандэнтаў з ліку настаўнікаў, вучняў і іншых асоб, якія іх дасылалі. З карэспандэнтамі Шэйн падтрымліваў пастаянную сувязь, зрабіў некалькі паездак па Беларусі. Вынікі гэтай працы даследчык апублікаваў у трохтомніку “Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”, дзе змешчаны каштоўныя звесткі па духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў другой паловы XIX ст.

Іван Іванавіч Насовіч – беларускі мовазнавец, этнограф, фалькларыст з’яўляецца складальнікам “Слоўніка беларускай мовы” (1870). У слоўнік ўключана больш за 30 тыс. слоў, запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых крыніц.Былы настаўнік змясціў у гэтым выданні больш за 30 тыс. слоў з грунтоўнымі тлумачэннямі.

Значнай постаццю сярод этнографаў з’яўляецца Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі. Ураджэнец Віцебшчыны, ён працаваў настаўнікам народных вучылішчаў, гімназій, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкіх семінарый. З 60-х гг. вывучаў побыт і культуру Беларусі. М.Я. Нікіфароўскаму належаць шматлікія працы, дзе ўтрымліваюцца апісанні паўсядзённага жыцця, звычаяў, абрадаў, прыкмет і павер’яў беларускіх сялян. Звыш 20 гадоў ён працаваў у якасці актыўнага карэспандэнта Шэйна. Нарэшце ён стварыў і самастойныя працы, выдадзеныя пераважна ў 90-я гг.: “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Нарысы Віцебскай Беларусі” і інш.

Навуковая дзейнасць гісторыка і этнографа Мітрафана Доўнар-Запольскага пачынаецца даволі рана. Шэраг артыкулаў па этнаграфіі ён змяшчае ў мясцовых перыядычных выданнях, а таксама ў часопісах Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі і Рускага геаграфічнага таварыства. Галоўную ўвагу даследчык канцэнтруе на вывучэнні беларускага вяселля і некаторых іншых бакоў сямейнага быту.

Каштоўныя этнаграфічныя даследаванні стварыў Адам Багдановіч. Яшчэ ў перыяд вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ён прымыкае да народніцкага руху і падчас сваіх хаджэнняў па вёсках пачынае запісваць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Яго заслугай з’яўляецца вывучэнне старажытных вераванняў беларускага народа. У сваіх працах этнограф змяшчаў матэрыялы, якія паказвалі сацыяльны і духоўны прыгнёт селяніна, неабходнасць уздыму яго асветы, культуры і дабрабыту.

У пачатку ХХ ст. узрастае актыўнасць навукоўцаў у вывучэнні гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі. Важнае значэнне мелі этнаграфічныя даследаванні, якія высвятлялі нацыянальныя асаблівасці быту і культуры беларускага народа, пытанні яго этнагенэзу і этнічнай тэрыторыі. У галіне этнаграфіі плённа працавалі Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі, Аляксандр Сержпутоўскі і іншыя даследчыкі. Навуковы аналіз назапашаных этнаграфічнай навукай матэрыялаў даў магчымасць стварэння грунтоўных абагульняючых прац. Асабліва заметнае значэнне ў гэтым плане адыгралі працы заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста Яўхіма Фёдаравіча Карскага. Вучоны нарадзіўся ў в. Лаша Гродзенскага павета. Вынікі шматгадовай працы ён апублікаваў у трохтомніку “Беларусы”, які і сёння не страціў сваёй навуковай каштоўнасці. Карскі даследаваў паходжанне беларускага народа, акрэсліў яго этнічныя межы, асвятліў важнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы і яе спецыфічныя асаблівасці. Тым самым ён пераканаўча даказаў, што беларусы з’яўляюцца асобным этнасам са сваёй мовай і культурай.

Былі створаны і грунтоўныя даследаванні, прысвечаныя беларускай гісторыі. Навуковыя працы Мітрафана Доўнар-Запольскага ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі. Дзеяч беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Ластоўскі ў 1910 г. выдаў на беларускай мове “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, дзе імкнуўся паказаць адметнасць гістарычнага лёсу беларускага народа.

Усё больш шырокія колы інтэлігенцыі сталі захапляцца краязнаўствам. Дзякуючы грамадскай актыўнасці, быў утвораны шэраг музеяў і культурна-асветных устаноў.

Перыядычны і кніжны друк. Перыядычны і кніжны друк у Беларусі развіваўся ва ўмовах даволі жорсткай цэнзуры. У мясцовых выдавецтвах выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове.

Перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены афіцыйнымі выданнямі. Сярод іх вылучаліся “Губернские ведомости”, “Епархиальные ведомости”. “Губернские ведомости” складаліся з 2 частак: афіцыйнай і неафіцыйнай. У афіцыйнай частцы публікаваліся розныя ўрадавыя паведамленні. У неафіцыйнай частцы маглі змяшчацца паведамленні аб кірмашах, рыначных цэнах, здарэннях, аб стане сельскай гаспадаркі, фабрык і заводаў, аб некаторых падзеях у міжнародным жыцці. Існавала магчымасць публікаваць асобныя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Але катэгарычна забаранялася змяшчаць тут крытычныя меркаванні аб фактах грамадскага жыцця, крытычныя заўвагі аб дзейнасці мясцовых улад.

У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты “Минский листок”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. Тут друкавалася паэма “Тарас на Парнасе”, змяшчаліся творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца, публікаваліся артыкулы беларускага этнографа М. Янчука, работы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі М. Доўнар-Запольскага. У якасці літаратурна-краязнаўчага дадатка да “Минского листка” публікаваўся “Северо-Западный календарь”, які змяшчаў шмат этнаграфічных матэрыялаў. З 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. Менавіта на яе старонках з’явіўся першы друкаваны верш Янкі Купалы.

У мясцовых выдавецтвах выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. пачынаюць больш шырока друкавацца беларускамоўныя творы. Некалькі асобных выданняў вытрымала паэма “Тарас на Парнасе”, у Пецярбурку выйшаў з друку зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” і некаторыя іншыя творы. У 1906 г. у першым легальным беларускім выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” у Пецярбургу былі выпушчаны “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” Каруся Каганца і “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі. За выданне зборнікаў вершаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Багушэвіча і “Жалейка” Купалы. Пецярбургскі камітэт па справах друку распачаў крымінальнае праследаванне выдавецтва.

У перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. з’явілася шмат новых газет і часопісаў розных палітычных напрамкаў, зарадзіўся легальны перыядычны друк на беларускай мове. Выключную ролю ў развіцці культуры беларускай нацыі адыгралі газеты “Наша доля” і “Наша ніва”.