Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 3. Мастацтва і архітэктура

Беларуская літаратура.У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, станавіліся на шлях стварэння развітой літаратуры. Ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне. У гэты час закладваліся асновы сучаснай беларускай літаратуры.

Асноўным жанрам творчасці Янкі Лучыны (І. Неслухоўскага) з’яўляецца лірычны верш. Аўтар пісаў на беларускай мове. Вершы паэта былі сабраны ў зборніку “Вязанка”, які быў выдадзены пасля яго смерці ў 1903 г.

Літаратурных твораў Адама Гурыновіча захавалася вельмі мала. У сваіх вершах ён асноўную ўвагу надае паказу жыцця беларускага сялянства. Творы А. Гурыновіча былі выдадзены толькі пасмяротна.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча. Да сваіх зборнікаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, праз якія імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. У іх ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма твораў Ф. Багушэвіча – жыццё сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.

На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусвегны гісторыка-літаратурны працэс.

Станаўленне нацыянальнага прафесійнага тэатра. У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы.

Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. Там звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г.узнікла“Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага. Землямер па прафесіі, сапраўдны патрыёт Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі на ўласныя сродкі стварыў тэатральную трупу ў асабістым фальварку Палевачы Дзісенскага павета. У 1907 г. замацаваўся пастаянны склад удзельнікаў гэтага калектыву, а ў 1910 г. пасля ўдзелу ў “Першай беларускай вечарынцы” у Вільні тэатр І. Буйніцкага пераўтварыўся ў прафесійны. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства. У 1911 і 1912 гг. трупа І. Буйніцкага выступіла ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў наведаў Варшаву. Такім чынам І. Буйніцкі знаёміў гледачоў з мастацкай культурай беларускага народа, звяртаў увагу на яе своеасаблівасці і непаўторны нацыянальны каларыт. Энтузіязм І. Буйніцкага, удалы падбор акцёраў і рэпертуара склалі трывалы падмурак поспеху гэтага калектыва. Аднак матэрыяльныя цяжкасці прымусілі І. Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.

Пераемнікам “Першай беларускай трупы” ў працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”, якое ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.

Выяўленчае мастацтва. У выяўленчым мастацтве з другой паловы ХІХ ст. паступова ўсталёўваецца стыль рэалізм, які прыходзіць на змену класіцызму з яго біблейскай і міфалагічнай тэматыкай.

Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам (“Вечар у Мінскай губерні”, “Пінскія балоты” і інш.). Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Траццякоўскай галерэі.

Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Мастак нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага павета Мінскай губерні ў сям’і дзяржаўных сялян. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ён стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак выканаў карціну “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Н. Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Н. Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.

Адным з вядомых прадстаўнікоў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе другой паловы ХІХ ст. быў Казімір Альхімовіч. Мастак прымаў удзел у паўстанні 1863 – 1864 гг., за што быў сасланы ў Сібір. Пасля ссылкі ён жыў за межамі Беларусі, аднак сюжэтамі сваіх палотнаў нязменна выбіраў гістарычны лёс роднага народа. Сусветную вядомасць набыла яго карціна “Пахаванне Гедыміна”. К. Альхімовіч стварыў цэлы шэраг гістарычных палотнаў, якія з поспехам выстаўляліся ў Мюнхене і Парыжы.

З канца ХІХ ст. ў выяўленчым мастацтве Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. Вельмі заметна быў прадстаўлены пейзажны жывапіс.

У творчасці таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі развіваюцца традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Ён набыў адукацыю ў Кіеўскай рысавальнай школе і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1904 г. ён з’яўляўся членам Таварыства перасоўных выставак. У сваёй творчасці развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “З ваколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з І. Рэпіным.

Віды беларускай прыроды натхнялі ўраджэнца Ашмянскага павета Фердынанда Рушчыца. У яго лепшых работах “Зямля”, “Стары млын”, “Эмігранты” спалучаюцца пейзажны і бытавы жанры. У работах Сяргея Жукоўскага пейзажны жывапіс цесна звязаны з інтэр’ерам і нацюрмортам. Вядомасць набылі пейзажныя палотны Генрыха Вейсенгофа “Снег”, “Могілкі ў Русаковічах”, на якіх мастак адлюстраваў віды мястэчка Русаковічы Мінскай губерні, дзе ён жыў працяглы час.

Партрэтны і бытавы жанры былі прадстаўлены ў творчасці Юдаля Пэна. Яго палотны “Аўтапартрэт у саламяным капелюшы”, “Гадзіншчык”, “Стары кравец” выкананы ў рэалістычнай манеры і адлюстроўваюць яўрэйскі побыт і традыцыі. Творчая спадчына мастака вельмі вялікая і разнастайная. Пэн набыў вядомасць і ў якасці педагога. Яго намаганнямі ў Віцебску была адкрыта прыватная мастацкая школа. Самым вядомым вучнем Пэна стаў Марк Шагал. Вялікае месца ў яго творчасці займаў родны Віцебск з яго яўрэйскім местачковым побытам, які мастак адлюстроўваў у сімвалічна-містычным духу.

Тэмы і матывы беларускай гісторыі выкарыстоўваў таленавіты мастак Я. Драздовіч, стварыўшы серыю графічных работ і скульптурных партрэтаў дзеячаў гісторыі Беларусі.

Музычнае мастацтва. Даволі разнастайным і багатым было музычнае жыццё. З вялікім поспехам гастралявалі рускія і ўкраінскія музычна-драматычныя і харавыя калектывы, якія знаёмілі беларускую публіку з лепшымі творамі айчынных і замежных кампазітараў. У гэты перыяд узрасла цікавасць музыкантаў да беларускай народнай песеннай творчасці. Рускія кампазітары М. Рымскі-Корсакаў, А. Грачанінаў, С. Танееў апрацоўвалі беларускія песні і выкарыстоўвалі беларускую тэматыку ў сваіх творах. Выступленні хору В. Тэраўскага садзейнічалі папулярызацыі беларускіх народных песень.

Патрэба ў нацыянальнай музычнай літаратуры часткова была задаволена выданнем “Беларускіх песень з нотамі” Антона Грыневіча, “Беларускага песенніка з нотамі для народных і школьных хораў” Людаміра Рагоўскага, публікацыяй апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна Мікалая Чуркіна.

Архітэктура. Пасля адмены прыгоннага права і ўступлення Беларусі на капіталістычны шлях развіцця змяніўся характар горадабудаўніцтва. Рашаючым фактарам тут становіцца прамысловасць, размяшчэнне і развіццё якой фарміруюць жыллёвае і архітэктурнае асяроддзе. Новымі стымуламі развіцця архітэктуры становяцца мода і рэклама. Фірмы і асобныя прадпрымальнікі былі зацікаўлены ў прэзентабельным выглядзе сваіх будынкаў, якія маглі дэманстраваць іх фінансавыя магчымасці, ступень канкурэнтаздольнасці і эканамічнай перспектывы. У цэлым горадабудаўніцтва развівалася вельмі хутка.

З сярэдзіны ХІХ ст. узмацняецца працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры і адбываецца стылёвая пераарыентацыя дойлідства Беларусі. На змену класіцызму прыходзіць эклектыка (змяшэнне стыляў), якая атрымала яшчэ адну назву“архітэктура гістарызму”. Яна вызначалася выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.).

Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў рэтраспектыўна-рускі стыль у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц ХІV і ХVІІ стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Цэрквы, пабудаваныя ў рэтраспектыўна-рускім стылі, можна сустрэць у многіх гарадах і мястэчках Беларусі.

У другой палове ХІХ ст. развіваюцца таксама рэтраспектыўна-гатычны стыль, неакласіцызм, неабарока, неарэнесанс і іншыя напрамкі разнастайнай архітэктуры эклектыкі.

У пачатку ХХ ст. у архітэктуры Беларусі працягваў існаваць стыль гістарызм. Архітэктары па-ранейшаму займаліся стылізатарствам, выкарыстоўваючы прыёмы і формы, уласцівыя дойлідству папярэдніх перыядаў.

У каталіцкай культавай архітэктуры наглядаецца росквіт неагатычнага стылю. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся. Найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліраваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс. Праваслаўная культавая архітэктура, як і ў папярэдні перыяд, знаходзілася пад уплывам візантыйскага і старажытнарускага дойлідства. Мемарыяльная капліца ў в. Лясная. Мемарыяльная капліца ў в. Лясная (цяпер Слаўгарадскі раён) была ўзведзена архітэктарам А. Гогенам у гонар 200‑годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі ў бітве, якая адбылася ў 1708 г. Лаканічнасць і манументальнасць помніка надаюць яму асаблівую велічнасць.

У архітэктуры Беларусі склаўся неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены). Пабудова вытрымана ў раманскім стылі з дабаўленнем некаторых элементаў готыкі і мадэрна. Кампазіцыя касцёла складаецца з некалькіх злучаных паміж сабой аб’ёмаў і трох вежаў (дзвюх маленькіх і адной вялікай). Касцёл быў пабудаваны з чырвонай цэглы, якая шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры неаготыкі і мадэрна. Фундатарамі пабудовы Мінскага касцёла выступілі памешчык Эдвард Вайніловіч і яго жонка, якія вырашылі ўзвесці касцёл у памяць аб сваіх памершых дзецях.

Побач з “архітэктурай гістарызму” з канца ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага стылю мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). У стылі мадэрн у Беларусі ўзводзіліся вакзалы, банкі, навучальныя ўстановы, даходныя дамы, сядзібы, некаторыя культавыя пабудовы. Прыкладамі архітэктуры мадэрна з’яўляюцца гасцініца “Еўропа” у Мінску, будынак Лужаснянскага сельскагаспадарчага вучылішча і інш. Гасцініца “Еўропа” была пабудавана ў 1906 – 1907 гг. Яе шасціпавярховы будынак з’яўляўся адным з найбольш значных дасягненняў архітэктуры мадэрна ў Мінску. На жаль, будынак быў знішчаны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да Першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў.

РАЗДЗЕЛ VІ.  АД ЛЮТАГА ДА КАСТРЫЧНІКА 1917 г. КАСТРЫЧНІЦКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ НА БЕЛАРУСІ. НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЗЯРЖАЎНАЕ БУДАЎНІЦТВА. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА І ІНШАЗЕМНАЯ ІНТЭРВЕНЦЫЯ (1917–1920)

ГЛАВА 1.  БЕЛАРУСЬ ПАСЛЯ ЛЮТАЎСКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ. УСТАНАЎЛЕННЕ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ НА БЕЛАРУСІ

§ 1. Ад лютага да кастрычніка 1917 г. Альтэрнатывы грамадска-палітычнага развіцця. Уздым беларускага нацыянальнага руху

Пасля Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі адбыліся значныя змены ў палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Расія стала адной з самых дэмакратычных краін свету. Яна стаяла перад выбарам шляху далейшага развіцця. Абвастрылася пытанне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Расіі. Розныя класы, палітычныя плыні і партыі па-рознаму ўяўлялі далейшае развіццё краіны.

Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі знаходзілася на ваенным становішчы, была тэатрам ваенных дзеянняў, прыфрантавой зонай. У расстаноўцы палітычных сіл адыгрывала сваю ролю і сацыяльна-класавая структура насельніцтва. Ажывілася дзейнасць кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, актывізавалі сваю дзейнасць бальшавікі, узнікалі новыя палітычныя партыі.

Значна ўзмацніўся беларускі нацыянальны рух. Вясной 1917 г. узнавіла сваю дзейнасць Беларуская сацыялістычная Грамада (БСГ). У канцы сакавіка ў Мінску адбыўся першы з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім прысутнічала каля 150 дэлегатаў. Мэта з’езда – выпрацоўка ў новых умовах праграмы беларускага нацыянальнага руху. Быў выбраны Беларускі нацыянальны камітэт.

8–12 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся другі з’езд беларускіх партый і арганізацый. На з’ездзе замест скасаванага Беларускага нацыянальнага камітэта была створана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (з кастрычніка 1917 г. яна стала называцца Вялікай беларускай радай). Рада была абвешчана адзіным кіруючым органам усяго беларускага нацыянальнага руху. Асноўнымі праграмнымі патрабаваннямі Рады з’яўляліся прызнанне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, развіццё нацыянальнай культуры і мовы, арганізацыя беларускага войска.

На сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый (15 кастрычніка 1917 г.) прадстаўнікі левага крыла БСГ у знак пратэсту супраць палітыкі правых адмовіліся ад удзелу ў сесіі. БСГ раскалолася на дзве часткі.

Такім чынам, напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыўся раскол у беларускім нацыянальным руху на правую і левую плыні. Калі правыя былі задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі, прасілі ў Часовага ўрада аўтаноміі для Беларусі, то левыя патрабавалі ажыццяўлення ў краіне радыкальных пераўтварэнняў.

На чале барацьбы за развіццё рэвалюцыі стаяў рабочы клас. Ён прымаў удзел у арганізацыі Саветаў, народнай міліцыі, узброеных дружын. Рабочыя працягвалі ствараць свае прафесійныя саюзы. Паспяхова працавалі прафсаюзы чыгуначнікаў, друкароў, пекараў, краўцоў. У маі 1917 г. у Мінску было арганізавана 20 прафсаюзаў, якія аб’ядналі каля 10 тыс. рабочых. Прафесійныя саюзы былі створаны ў Гомелі, Віцебску, Оршы, Полацку, Рагачове і іншых гарадах Беларусі.

Складаным было палітычнае становішча на Заходнім фронце, дзе салдаты выказвалі незадавальненне вайной. Сярод салдат расла рэвалюцыйная актыўнасць і свядомасць. Яны сталі ствараць свае салдацкія камітэты. Да верасня 1917 г. у арміях Заходняга фронту дзейнічалі 7284 такія камітэты ўсіх ступеняў – ротных, батальённых, палкавых, армейскіх, якія аб’ядноўвалі больш за 55 тыс. салдат. Першапачаткова камітэты складваліся ў асноўным з меншавікоў і эсэраў. Гэта абумоўлена тым, што рэвалюцыя выклікала да актыўнай палітычнай дзейнасці вялікую колькасць салдат, пераважна з сялян.

Падзеі 3–4 ліпеня 1917 г. (правал наступлення на фронце, расстрэл мірнай дэманстрацыі ў Петраградзе) змянілі сітуацыю ў краіне.

Двоеўладдзе скончылася поўнай перамогай буржуазіі. Перыяд мірнага развіцця рэвалюцыі (27 лютага – 4 ліпеня 1917 г.) быў завершаны.

Важную ролю ў згуртаванні і арганізацыі рэвалюцыйных сіл, выпрацоўцы новай тактыкі адыграў VI з’езд РСДРП(б), які праходзіў паў-легальна з 26 ліпеня па 3 жніўня ў Петраградзе. Ён вылучыў лозунг поўнай ліквідацыі дыктатуры контррэвалюцыйнай буржуазіі і прыняў курс партыі на падрыхтоўку ўзброенага паўстання.

Кіруючыся рашэннямі VI з’езда партыі, бальшавікі Беларусі актывізавалі сваю палітычную і арганізацыйную работу ў масах. Асабліва актыўна дзейнічалі яны ў Мінску, які стаў усебеларускім палітычным цэнтрам. Бальшавікі мелі свае фракцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гарадской думе, галіновых праўленнях, цэнтральным гарадскім бюро прафсаюзаў. Вераснёўскія перавыбары Саветаў таксама сведчылі аб узрастанні ролі бальшавікоў. У мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абрана 184 бальшавікі, што склала 54,6 %. Гэта дало ім магчымасць атрымаць 23 месцы (63,9 %) у выканкоме.

У выніку перавыбараў бальшавікі пачалі праводзіць праз Мінскі Савет свае рэзалюцыі і рашэнні. Такі ж працэс праходзіў і ў іншых Саветах Беларусі.

Спробай астанавіць рэвалюцыю з’явіўся карнілаўскі мяцеж, накіраваны на ўсталяванне ваеннай дыктатуры (канец жніўня 1917 г.). Разгром карнілаўскага мяцяжу з’явіўся моцным штуршком у далейшым развіцці рэвалюцыі. У краіне вызначыліся новыя суадносіны класавых і палітычных сіл. З кожным днём узрастаў уплыў бальшавікоў на насельніцтва. Нежаданне меншавікоў і эсэраў выйсці з блока з кадэтамі паставіла перад бальшавікамі пытанне аб неабходнасці замацаваць пагадненне з левымі плынямі дробнабуржуазнай дэмакратыі. Гэта тактыка паспяхова ажыццяўлялася бальшавікамі Беларусі. Яны рашуча падтрымлівалі левых эсэраў.

У кастрычніку 1917 г. у Паўночна-Заходняй абласной арганізацыі эсэраў склалася даволі буйная фракцыя левых эсэраў, ці, як яны сябе называлі, эсэраў-інтэрнацыяналістаў. Да іх перайшла значная і даволі актыўная частка эсэраўскай арганізацыі.

Ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму ў Мінску 5–7 кастрычніка адбылася ІІ Надзвычайная Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя РСДРП(б). Прыбыўшыя дэлегаты прадстаўлялі 28 591 члена партыі. За кароткі тэрмін пасля І Паўночна-Заходняй абласной партыйнай канферэнцыі (прайшло толькі 20 дзён) колькасць бальшавікоў павялічылася больш чым у тры разы. Гэта з’явілася яскравым сведчаннем няўхільнага росту ўплыву бальшавікоў, іх аўтарытэту сярод працоўных мас і салдат Заходняга фронту. Уся работа канферэнцыі праходзіла пад лозунгам непасрэднай падрыхтоўкі да сацыялістычнай рэвалюцыі.

Ва ўмовах далейшага паглыблення агульнанацыянальнага крызісу барацьба народных мас супраць буржуазіі дасягнула небывалага размаху. У цэнтры яе стаяў пралетарыят – авангард рэвалюцыі. Пераважна палітычны характар яго выступленняў суправаджаўся прымяненнем магутных і эфектыўных сродкаў пралетарскай барацьбы – устанаўленнем рабочага кантролю над вытворчасцю, правядзеннем забастовак. Рабочыя арыштоўвалі і адхілялі ад кіравання заводскую адміністрацыю.

Агульнанацыянальнае палітычнае значэнне восенню 1917 г. набыла барацьба сялянства за зямлю, якая прымала ўсё больш масавы і востры характар. Сяляне захоплівалі памешчыцкія землі, палілі маёнткі. Калі ў жніўні было разгромлена 38 памешчыцкіх двароў, то ў верасні ўжо 67. У кастрычніку сялянскі рух ахапіў 40 паветаў Беларусі.

Да агульнай плыні рэвалюцыйнага руху Беларусі далучаліся выступленні салдат Заходняга фронту. Салдацкія масы рашуча выступалі супраць працягвання вайны, павялічылася колькасць дэзерціраў з фронту, узмацнілася братанне сярод рускіх і нямецкіх салдат.

Такім чынам, пасля Лютаўскай рэвалюцыі на Беларусі, як і па ўсёй краіне, значна ўзмацнілася палярызацыя сіл.