Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
65
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 2. Дзяржаўны пераварот у Маскве ў жніўні 1991 г. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ліквідацыя ссср: розныя погляды і меркаванні

Падзеі 1990 – 1991 гг. у СССР і БССР. 1990 г. з’яўляецца пераломным, лёсавызначальным годам у гісторыі Савецкай дзяржавы. Далейшы ход падзей быў лагічным працягам і завяршэннем таго, што адбылося менавіта ў гэтым годзе. Што ж адбылося ў 1990 г.?

Вясной 1990 г. на альтэрнатыўнай аснове прайшлі выбары ў рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады, у ходзе якіх патрабаванне адмены 6‑га артыкула Канстытуцыі СССР стала ядром палітычных дыскусій, атрымала падтрымку на мітынгах. На выбарах вялікіх поспехаў дабіліся так званыя “дэмакраты” і нацыянал-сепаратысты.

На пленуме ЦК КПСС, які адбыўся ў пачатку 1990 г., М.С. Гарбачоў прапанаваў выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб выключэнні з Канстытуцыі СССР яе 6-га артыкула аб кіруючай ролі КПСС, замацаваць у новай платформе партыі палітычны плюралізм, змешаную эканоміку і шматпартыйнасць, увесці пасаду прэзідэнта краіны. Паслухмяныя ўдзельнікі пленума без супраціўлення капітулявалі і пагадзіліся з прапановай свайго генсека аб добраахвотнай перадачы ўлады ў краіне антысацыялістычным сілам. Нечарговы Трэці З’езд народных дэпутатаў СССР у сакавіку 1990 г. адмяніў 6‑ы артыкул савецкай Канстытуцыі і ўвёў пасаду Прэзідэнта СССР. З’езд на безальтэрнатыўнай аснове выбраў М.С. Гарбачова Прэзідэнтам СССР.

Падзеі сакавіка 1990 г. сталі сігналам для нацыянал-сепаратыстаў Эстоніі, Азербайджана, Арменіі, Латвіі, Літвы, Грузіі і іншых рэспублік. Яны аб’явілі аб суверэнітэце рэспублік. Па сутнасці былі здзейснены антыдзяржаўныя парламенцкія перавароты. Цэнтральная ўлада бяздзейнічала, злачынна патворнічала сепаратызму нацыяналістаў. Больш таго, быў прыняты Закон СССР “Аб парадку рашэння пытанняў, звязаных з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР”. Саюзныя рэспублікі фактычна запрашаліся пакінуць СССР, хоць гэты працэс абстаўляўся ўмовамі і тэрмінамі. Механізм арганізацыйнага распаду краіны быў запушчаны.

Аднак рашаючы ўдар па СССР быў нанесены ў маі – чэрвені 1990 г. на першым З’ездзе народных дэпутатаў Расіі ў Маскве. У выніку напружанай палітычнай барацьбы Б.М. Ельцын з нязначнай перавагай галасоў быў выбраны Старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР. 12 чэрвеня 1990 г. была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР.

Падзеі ў Маскве ў маі – чэрвені 1990 г. узмацнілі “парад суверэнітэтаў” і цэнтрабежныя тэндэнцыі ў краіне, ініцыіравалі прыняцце падобных дэкларацый у іншых рэспубліках. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі ў складзе савецкай федэрацыі. Прынятае рашэнне не выражала волі большасці беларускага народа.

Кіраўніцтва СССР замест узмацнення цэнтралісцкіх пачаткаў з апорай на большасць насельніцтва стала на шлях заахвочвання дэцэнтралізацыі, перадачы рэспублікам часткі паўнамоцтваў цэнтра, перахода народнагаспадарчых комплексаў рэспублік на гаспадарчы разлік і ўстанаўленне прамых эканамічных сувязей паміж рэспублікамі, прыдання мовам тытульных нацый статуса дзяржаўных. Чым больш цэнтр саступаў саюзным рэспублікам, тым мацней гучалі патрабаванні ў яго адрас з боку нацыянальных эліт.

Летам 1990 г. адбыўся апошні ХХVІІІ з’езд КПСС. На з’ездзе М.С. Гарбачоў выступіў з новай ідэяй перабудовы, на гэты раз перабудовы КПСС на манер заходняй сацыял-дэмакратыі. Паслухмяныя дэлегаты з’езда адобрылі прапанову свайго генсека ў рэзалюцыі “Да гуманнага дэмакратычнага сацыялізму” і тым самым падпісалі сваёй партыі смяротны прыгавор. На з’ездзе з КПСС дэманстратыўна выйшаў Б.М. Ельцын. З восені 1990 г. пачынаецца працэс выхаду з партыі радавых камуністаў і самароспуску партарганізацый на прадпрыемствах і ўстановах.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі ўрад СССР на чале з М.І. Рыжковым у сярэдзіне 1990 г. прадставіў праграму выхаду эканомікі з крызісу і пераходу да рыначных адносін. Аналагічная праграма была распрацавана і адобрана ў Беларусі. Глыбокі эканамічны крызіс, “хваробу” савецкай эканомікі кіраўніцтва СССР вырашыла лячыць “лекавымі сродкамі” капіталізму. Гэта была незаўважаная народам афіцыйная змена палітычнага курсу КПСС і Савецкай дзяржавы, бо рынак з усімі яго атрыбутамі – з’ява капіталістычнага, а не сацыялістычнага грамадства. Але тады рабіў сваю справу ідэалагічны камуфляж: рынак – гэта ўніверсальны сродак выхаду з крызісу і квітнення любой эканомікі.

Айчынная “дэмакратыя” з дапамогай Захаду ўзмацняла намаганні па развалу Саюза ССР, знішчэнні існуючага ладу. Каб пазбегнуць абвінавачвання ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы СССР, былі створаны шматлікія “фонды”, “цэнтры”, “саветы”, “асацыяцыі”, якія афіцыйна лічыліся прыватнымі, недзяржаўнымі арганізацыямі, а фактычна знаходзіліся пад кантролем спецслужб. Апазіцыйныя “дэмакратычныя” арганізацыі СССР атрымлівалі з‑за мяжы матэрыяльную і фінансавую дапамогу: факсы, ксераксы, камп’ютэры, друкарскія станкі, тэлексы, відэакамеры і іншую тэхніку, грошы на фінансаванне навуковых тэм, падрыхтоўку вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, энцыклапедый і г. д.

Палітычнае і прававое супрацьстаянне паміж Масквой і саюзнымі рэспублікамі стала набываць бесперапынны характар. ІV З’езд народных дэпутатаў СССР у снежні 1990 г. абмеркаваў ідэю Саюзнага дагавора і прыняў рашэнне аб правядзенні рэферэндума па пытанні захавання Саюза ССР. Рэферэндум адбыўся 17 сакавіка 1991 г. Ён не праводзіўся ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Арменіі, Малдавіі і Грузіі. Гэты “бунт” нацыянальных эліт не знайшоў адпаведнага рэагавання з боку цэнтральных улад. У рэферэндуме прыняло ўдзел 148,6 млн. чалавек, ці каля 80 % грамадзян СССР, якія мелі права голасу. 113,5 млн. чалавек, ці 76,4 % выказаліся за захаванне СССР. У Беларусі за захаванне СССР прагаласавала 82,7 % агульнай колькасці выбаршчыкаў.

14 жніўня 1991 г. быў надрукаваны тэкст новага Саюзнага дагавора, які насіў супярэчлівы характар. Падпісанне дагавора павінна было адбыцца 20 жніўня 1991 г. Украіна пры гэтым заявіла, што яна не падпіша дагавор да таго часу, пакуль не будзе прынята свая канстытуцыя. Усе рэспублікі Сярэдняй Азіі, не ставячы ў вядомасць Маскву, заключылі паміж сабой сістэму двухбаковых пагадненняў.

Дзяржаўны пераварот у Маскве ў 1991 г. 4 жніўня 1991 г. М.С. Гарбачоў пакінуў Маскву і паехаў адпачываць на крымскую дачу ў Форасе. Перад ад’ездам ён даў свайму бліжэйшаму акружэнню даручэнне рыхтаваць увядзенне надзвычайнага становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР. 18 жніўня 1991 г. прадстаўнікі цэнтра прыехалі ў Форас, азнаёмілі М.С. Гарбачова са складам будучага Дзяржаўнага камітэта па Надзвычайнаму становішчу (ГКЧП) і прапанавалі падпісаць адпаведны ўказ. М.С. Гарбачоў адмовіўся гэта зрабіць, чым адразу ператварыў сваіх “гасцей” у загаворшчыкаў. Гэта вельмі нагадвала палітычную правакацыю.

Тады раніцай 19 жніўня 1991 г. усе сродкі масавай інфармацыі перадалі заяву ГКЧП аб тым, што М.С. Гарбачоў не можа выконваць свае абавязкі “па стану здароўя”, а яго паўнамоцтвы пераходзяць да віцэ-прэзідэнта Г.М.Янаева. Для недапушчэння хаосу і анархіі ў асобных мясцовасцях уводзілася надзвычайнае становішча. Прыпынялася дзейнасць палітычных партый і арганізацый, уводзілася цэнзура, забараняліся мітынгі і дэманстрацыі.

У Маскве аб’яўлялася каменданцкая гадзіна. У сталіцу былі ўведзены войскі, якія ніякіх дзеянняў не прадпрымалі. Вакол “Белага дома”, дзе знаходзіліся органы ўлады і кіравання Расіяй, збіраліся масквічы, у асноўным інтэлігенцыя і студэнты, будаваліся барыкады. Кіраўнікі Расіі ў звароце да грамадзян назвалі ГКЧП “рэакцыйным антыканстытуцыйным пераваротам” і запатрабавалі склікання Надзвычайнага з’езда народных дэпутатаў СССР. Выступленне Б.М. Ельцына, які залез на танк, дабаўляла яму папулярнасці. Сваім указам Прэзідэнт Расіі перападпарадкаваў сабе ўсе органы выканаўчай улады СССР, якія знаходзіліся на тэрыторыі Расіі, у тым ліку КДБ, МУС і міністэрства абароны. 21 жніўня 1991 г. прадстаўнікі ГКЧП вылецелі ў Форас для сустрэчы з М.С. Гарбачовым, але ён іх не прыняў. Лідэры ГКЧП былі арыштаваны і аддадзены пад суд. Вечарам 21 жніўня 1991 г. М.С. Гарбачоў вярнуўся ў Маскву, цалкам адмежаваўся ад сваіх саратнікаў.

Вучоныя і палітыкі неадназначна ацэньваюць падзеі 19 – 21 жніўня 1991 г. Адны з іх лічаць, што гэтыя падзеі нельга кваліфікаваць як “дзяржаўны пераварот”, “путч”, “загавор”, бо члены ГКЧП СССР не планавалі карэнных змен у дзяржаўным ладзе краіны. Яны, наадварот, стараліся захаваць існаваўшы канстытуцыйны парадак, адзіную дзяржаву, дзяржаўны і грамадскі лад перад пагрозай яго знішчэння. Яны не згаворваліся тайна супраць прэзідэнта СССР.Другія (былы прэм’ер-міністр В.С. Паўлаў і інш.) сцвярджаюць, што падзеі 19 – 21 жніўня 1991 г. – гэта “сапраўдны дзяржаўны пераварот, добра падрыхтаваны і прафесійна праведзены Гарбачовым – Ельцыным па спецзаказу”. Галоўным у “спецзаказе” было разбурэнне СССР і перавод краіны на капіталістычны шлях развіцця.Трэцяя група даследчыкаў лічыць, што выступленне ГКЧП СССР у абарону краіны і яе Канстытуцыі было няўдалым, непрафесійным. Гэкачэпісты аказаліся пешкамі ў грандыёзнай правакацыі, якая была падрыхтавана і праведзена “сусветнай закулісай”9. Іх абманным шляхам уцягнулі ў заведама правальнае мерапрыемства, якому прысвоілі катэгорыю “путчу” з тым, каб прыбегнуць да немагчымых у звычайнай сітуацыі надзвычайных мер па змене існуючага ладу. Гэкачэпісты, на іх думку, – ахвяры вялікага зману.

Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Падзеі 19 – 21 жніўня 1991 г. паскорылі працэс распаду СССР. 25 – 26 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца “Рэспубліка Беларусь”, а ў скарочаных назвах “Беларусь”. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.

23 жніўня 1991 г. некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савета РСФСР у рэзкай форме запатрабавалі ад М.С. Гарбачова распусціць КПСС. М.С. Гарбачоў добраахвотна капітуляваў, пакінуў пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС і распусціў Цэнтральны Камітэт партыі. Указамі Б.М. Ельцына ў жніўні 1991 г. дзейнасць КПСС і КП РСФСР прыпынялася, а ў лістападзе гэтага года – наогул забаранялася, іх маёмасць падвяргалася канфіскацыі. У жніўні 1991 г. Вярхоўны Савет Беларусі часова прыпыніў дзейнасць КПБ на тэрыторыі рэспублікі. Яе маёмасць была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. Была знішчана палітычная сіла, якая супрацьдзейнічала новым уладам у ажыццяўленні палітыкі капіталістычнай рэстаўрацыі і на адзінстве якой трымалася адзінства і непадзельнасць СССР.

Ліквідацыя СССР. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы (у Віскулях Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны (Б. Ельцын, С. Шушкевіч, Л. Краўчук), ігнаруючы волю сваіх народаў, якая была выказана на агульнасаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г., дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР і тым самым канчаткова знішчылі вялікую і магутную дзяржаву. І гэты дзяржаўны пераварот быў здзейснены са згоды прэзідэнта СССР М. Гарбачова. Савецкі Саюз прыпыніў сваё існаванне. На руінах СССР была створана аморфная, нежыццяздольная Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Дакументы сустрэчы ў Віскулях былі адобраны Вярхоўнымі Саветамі Расіі, Беларусі і Украіны, большасць дэпутатаў якіх складалі былыя камуністы.

21 снежня 1991 г. на сустрэчы ў Алма-Аце кіраўнікі 11 рэспублік былога СССР падпісалі Дэкларацыю ў падтрымку Белавежскага пагаднення. Членамі СНД сталі ўсе былыя саюзныя рэспублікі, акрамя Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Сцвярджэнні некаторых вучоных і палітыкаў аб тым, быццам Савецкі Саюз развальваўся сам, дажываў апошнія дні, а тыя, хто сабраўся ў Белавежскай пушчы, толькі зрабілі надпіс на магільнай пліце СССР, як і сцвярджэнне аб тым, быццам СССР быў імперыяй, з’яўляюцца міфамі, якія запушчаны ў народ для дыскрэдытацыі шматнацыянальнай краіны і апраўдання дзеянняў тагачасных кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны. На рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. народ выказаўся за захаванне СССР, а воля народа – гэта самы важны аргумент на карысць існавання краіны, у якой былі, безумоўна, праблемы і цяжкасці. Больш таго, у 1922 г. абвяшчалі СССР не толькі БССР, РСФСР і УССР, але і Закаўказская Федэрацыя. Прадстаўнікоў Арменіі, Азербайджана і Грузіі, як і іншых саюзных рэспублік, у Белавежскую пушчу не запрасілі.

Большасць вучоных і палітыкаў ацэньваюць Белавежскія пагадненні аб канчатковым знішчэнні СССР і стварэнні СНД як дзяржаўны пераварот і параўноўваюць яго са жнівеньскім путчам 1991 г. На беларускай зямлі было здзейснена злачынства, акт здрады ў адносінах да СССР і яго народаў. Гэту калектыўную здраду ажыццявілі перш-наперш вышэйшыя кіраўнікі краін, работнікі партыйнага апарату, ідэалагічныя правадыры і прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты. А каб апраўдаць здраду, быў прыдуманы “ідэалагічны камуфляж”, які прымусіў значную частку насельніцтва ўспрымаць яе як памылкі савецкага кіраўніцтва і асабіста М.С. Гарбачова.

Для захавання СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік патрабавалася ў першую чаргу палітычная воля расійскага кіраўніцтва на чале з Б.М. Ельцыным. Аднак сваімі дзеяннямі кіраўніцтва Расіі наносіла моцныя ўдары па СССР, стымулюючы ўзмацненне цэнтрабежных сіл, распад і хаос. Таму, лічаць даследчыкі, адказнасць за развал СССР нясуць у аднолькавай ступені М.С. Гарбачоў і Б.М. Ельцын, а таксама іх паплечнікі. Кожны з іх з улікам абставін і часу рабіў адну і тую ж справу. Палітыка перабудовы аслабіла СССР да такой ступені, што далейшае яго існаванне станавілася праблематычным. Нова-агароўскія “пасядзелкі” як тактычны манёўр адцягвалі ўвагу і ўспакойвалі народ, прытуплялі ў ім адчуванне бяды, насустрач якой ішла краіна. У той жа час сепаратысцкія настроі нацыянальных эліт узмацняліся. Пасля жнівеньскага (1991 г.) путчу ініцыятыва ў развале СССР перайшла да Б.М. Ельцына, які завяршыў тое, што пачаў М.С. Гарбачоў.

У сувязі з прыпыненнем існавання СССР 25 снежня 1991 г. прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў склаў свае паўнамоцтвы. Над Крамлём чырвоны сцяг СССР быў заменены трохкаляровым расійскім. Перабудова, якую М.С. Гарбачоў і яго “каманда” пачыналі “за здравие социализма”, закончылася “за упокой его души”.

Прычыны краху савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу. Крах савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу быў абумоўлены, па‑першае, сур’ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС, якія былі дапушчаны ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала канкрэтная, навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення савецкага грамадства, не былі дакладна вызначаны мэты і задачы, канчатковыя вынікі. Гэта дазволіла на практыцы лозунг “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму” незаўважна для народа падмяніць лозунгам “Больш капіталізму, больш разбуральнай дэмагогіі”. У грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі – узбагачэнне любымі сродкамі. Бачачы гэтыя негатыўныя працэсы, значная частка народа стала абвінавачваць КПСС, партыйную эліту і ўсіх тых, па чыёй ініцыятыве пачалася перабудова. Сацыялістычныя ідэалы ў вачах мільёнаў абясцэньваліся, аўтарытэт КПСС катастрафічна падаў.

Па‑другое, негатыўныя працэсы і з’явы ў грамадскім жыцці суправаджаліся моцнай прапагандысцкай кампаніяй па дыскрэдытацыі КПСС, Савецкай дзяржавы, савецкага ладу жыцця, дасягненняў краіны. Гэта кампанія ажыццяўлялася пры патуранні і дапамозе, а іншы раз і пры асабістым удзеле вышэйшых партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў краіны – М. Гарбачова, Б. Ельцына, А. Якаўлева, Э. Шэварднадзе, І. Сілаева, В. Бакаціна і інш.

Па‑трэцяе, шмат папрацавала на карысць распальвання антысавецкай і антыкамуністычнай істэрыі частка навуковай, творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі. Ідэолагам “амерыканізацыі” краіны ўдалося метадам сацыяльнай дэмагогіі раз’яднаць працоўных, выклікаць схільнасць да хістанняў і крайніх дзеянняў. Людзей прымусілі паверыць, што тыя, хто не здрадзіў сваім поглядам, – гэта рэакцыянеры, кансерватары, якія заслугоўваюць пагарды, а тыя, хто за адзін дзень змяніў погляды, перафарбаваўся, – гэта сапраўдныя героі, новыя барацьбіты за “светлую будучыню народа”. Прапагандысцкія намаганні апазіцыі і рэнегатаў-камуністаў давалі ім значныя палітычныя дывідэнды.

Па‑чацвёртае, не садзейнічалі павышэнню аўтарытэту і ўзмацненню палітычнага ўплыву КПСС адарванасць яе вярхоў ад народа і шматмільённай арміі радавых камуністаў, пратэкцыянізм, хабарніцтва, карупцыя, замкнутасць партыйнай іерархіі, шырокае распаўсюджанне бюракратызму ў рабоце, недэмакратычнасць кадравай палітыкі, грубае падаўленне іншадумства. Памылкі ў кіраўніцтве выдаваліся за ўсеагульную некампетэнтнасць і бяздарнасць партакратаў, а недахопы ў развіцці сацыяльна-эканамічнай і духоўна-маральнай сфер – за трагедыю і катастрофу краіны. Часткай насельніцтва гэта ўспрымалася за праўду.

І нарэшце, патрэбна адзначыць, што ў час суровых выпрабаванняў генсек, Палітбюро і Сакратарыят ЦК КПСС здрадзілі сваёй партыі. Яны не звярнуліся да КПСС і народа, не зрабілі нават спробы склікаць з’езд партыі ці пленум ЦК КПСС, ніяк не супрацьдзейнічалі антыканстытуцыйным акцыям прэзідэнтаў СССР і Расіі і іх акружэння. Верхам ідэйнай і палітычнай здрады (наўмыснай ці ненаўмыснай), не маючай аналагаў у гісторыі, з’явіліся адказ у той трагічнай для КПСС сітуацыі М. Гарбачовым ад паўнамоцтваў Генеральнага сакратара ЦК КПСС і падпісанне супрацьпраўнага ўказа аб прыпыненні дзейнасці КПСС. Нічога не рабілі мясцовыя партыйныя камітэты і паслухмяныя члены партыі: капітуляцыя была масавай.

Тут вы можете оставить комментарий к выбранному абзацу или сообщить об ошибке.

Оставленные комментарии видны всем.