Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

Глава 2. Грамадска-палітычнае жыццё беларусі §1. Паўстанне 1863 – 1864 гг. У Польшчы, Літве і Беларусі

Прычыны паўстання. Палітычныя плыні ў паўстанні 1863 – 1864 гг. У шматнацыянальных заходніх губернях Расійскай імперыі амаль што самым вострым было “польскае пытанне”. З часоў падзелу Рэчы Паспалітай польскі патрыятычны рух не даваў спакою расійскім уладам, якія намагаліся ўтаймаваць яго сілай або саступкамі. Польскі патрыятычны лагер падзяляўся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў – прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы.

Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву чырвоныя. Фактычна яны ўяўлялі сабой шырокі і разнастайны дэмакратычны блок, у які ўваходзілі дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва. Сярод “чырвоных” не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэтаў. Яны падзяляліся на правых – памяркоўных і левых – прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў. Першыя рабілі стаўку на шляхту і асцерагаліся шырокага сялянскага руху. Яны прызнавалі роўнасць нацыянальных правоў беларусаў, літоўцаў, украінцаў з палякамі, але выступалі за адзіную незалежную Польшчу ў межах 1772 г. Правыя прадугледжвалі надзяленне сялян зямлёй за кошт яе частковай канфіскацыя ў памешчыкаў пры абавязковай грашовай кампенсацыі. Левыя разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Поспех паўстання, на іх думку, быў гарантаваны толькі ў саюзе і адзінстве дзеянняў з расійскімі рэвалюцыянерамі. Яны прызнавалі права на нацыянальнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Аграрнае пытанне планавалася вырашыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

Праціўнікаў паўстання называлі белымі. Гэта былі пераважна памешчыкі, сярэдняя буржуазія, частка інтэлігенцыі. “Белыя” не жадалі ніякіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, катэгарычна адмаўлялі права на нацыянальна-палітычнае самавызначэнне літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Дабіцца аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. яны хацелі, выкарыстоўваючы націск заходнееўрапейскіх краін на расійскія ўлады.

Падобныя палітычныя плыні сфарміраваліся і існавалі не толькі ў Польшчы, але і на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

Восенню 1861 г. у Варшаве з разнастайных рэвалюцыйных груповак быў арганізаваны паўстанцкі Гарадскі камітэт, перайменаваны ў 1862 г. у Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Камітэт здолеў наладзіць шырока разгалінаваную агульнапольскую арганізацыю. Рэвалюцыйныя сілы Варшавы ўзначаліў прадстаўнік левага крыла “чырвоных” Яраслаў Дамброўскі. З мэтай падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ўлетку 1862 г. у Вільні быў створаны Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які падначальваўся ЦНК. У яго ўвайшлі спачатку “чырвоныя”, а потым і “белыя”.

К. Каліноўскі і яго дзейнасць. “Мужыцкая праўда”. Левых у Беларусі ўзначальваў Канстанцін Каліноўскі (1838 – 1864 гг.). Ён паходзіў з сям’і збяднелага шляхціца Гродзенскай губерні, скончыў Пецярбургскі універсітэт, быў удзельнікам тайнага гуртка польскага рэвалюцыянера З. Серакоўскага. Вярнуўшыся ў 1861 г. на радзіму, К. Каліноўскі разам з В. Урублеўскім стварыў у Гродне нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю з разначыннай інтэлігенцыі, якая мела сувязі з арганізацыямі Вільні, Масквы, Пецярбурга. У 1862 – 1863 гг. ён разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім выдаваў падпольную рэвалюцыйную газету на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (друкавалася лацінкай). Газета прапагандавала рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі, выкрывала прыгонніцкі характар рэформы 1861 г., заклікала беларускі народ да ўзброенай барацьбы супраць самадзяржаўя і паноў, ідэалізавала мінулае беларускага народа, паказвала агульнае ў жыцці і марах беларускага і польскага сялянства, клікала беларускіх сялян падтрымаць польскі нацыянальна-вызваленчы рух. “Мужыцкая праўда” брала пад абарону уніяцкую царкву і заклікала да супрацьстаяння праваслаўю.

Пачынаючы выданне “Мужыцкай праўды”, К. Каліноўскі і яго сябры мелі на мэце перш за ўсё прыцягненне да паўстання сялян, якіх яны лічылі галоўнай рэвалюцыйнай сілай. Каб сяляне лепш зразумелі іх, была выкарыстана беларуская мова. Аднак за год выйшла ўсяго 7 нумароў газеты (апошні ўжо ў час паўстання), тыраж якіх быў недастатковы, каб ахапіць значную колькасць беларускага сялянства.

Пачатак паўстання. Падрыхтоўка да паўстання яшчэ не была завершана, калі ў канцы 1862 г. стала вядома аб намеры расійскага ўрада правесці ў Польшчы масавы рэкруцкі набор. Набору падлягалі якраз тыя групы насельніцтва, з якіх вербаваліся члены будучых паўстанцкіх атрадаў. Гэта паведамленне прымусіла ЦНК прызначыць паўстанне на студзень 1863 г.

22 студзеня 1863 г. ЦНК абвясціў сябе Часовым нацыянальным урадам і заклікаў паўстанцкія атрады да нападу на рускія войскі ў правінцыяльных гарнізонах. У маніфесце і двух аграрных дэкрэтах Часовага нацыянальнага ўрада была выкладзена праграма паўстання: Польшча абвяшчалася незалежнай краінай з роўнымі правамі ўсіх яе грамадзян перад законам; дазвалялася уніяцкае веравызнанне; планавалася перадаць сялянам іх зямельныя надзелы ў поўнае ўладанне, а памешчыкам выплаціць кампенсацыю з дзяржаўнай казны; пасля перамогі было паабяцана надзяліць зямлёй беззямельных удзельнікаў паўстання. Спецыяльны зварот да насельніцтва Беларусі і Літвы заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы, але не ўздымаў пытання аб нацыянальна-палітычным самавызначэнні гэтых тэрыторый.

ЛПК не быў папярэджаны аб пачатку паўстання, але вырашыў падтрымаць польскіх патрыётаў. Перайменаваны ў Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К. Каліноўскім, ён 1 лютага 1863 г. звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з маніфестам, у якім заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Каб не парушаць адзінства дзеянняў, ЛПК вымушаны быў ухваліць у сваім маніфесце і праграму паўстання, прынятую ў Варшаве.

Арганізацыя паўстанцкіх атрадаў і іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. У студзені – лютым 1863 г. у Беларусі з’явіліся першыя паўстанцкія атрады, якія прыйшлі з Польшчы. Мясцовыя атрады пачалі дзейнічаць у сакавіку – красавіку і былі падначалены Вільні. Яны складаліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Адзінага плана баявых дзеянняў у паўстанцаў не было. Асобныя спробы ўзаемадзеяння паўстанцкіх атрадаў поспеху не мелі. Многія з атрадаў былі разбіты ў самым пачатку фарміравання. Паўстанцам не ўдалося авалодаць якімі-небудзь, значнымі стратэгічнымі пунктамі. Толькі атрад Л. Звяждоўскага пры падтрымцы студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў красавіку 1863 г. на кароткі тэрмін здолеў захапіць павятовы г. Горкі (Магілёўская губерня). Найбольш актыўна паўстанцы дзейнічалі ў Гродзенскай губерні, дзе ваяводскім камісарам быў К. Каліноўскі.

Паўстанцам спачувалі і дапамагалі рэвалюцыянеры многіх краін. Так, іх абарону выступіў “Колокол” А. Герцэна. М. Бакунін апублікаваў адозву “Да рускага, польскага і да ўсіх славянскіх народаў”, дзе заклікаў падтрымаць польскіх патрыётаў. У Заходняй Еўропе збіралася і накіроўвалася ў Польшчу зброя, вербаваліся добраахвотнікі з эмігрантаў. З дапамогай цэнтра “Маладая Еўропа” і асабіста Д. Гарыбальдзі рыхтаваліся палітычныя і ваенныя кіраўнікі паўстанцаў. Пры непасрэдным удзеле К. Маркса і Ф. Энгельса, якія лічылі польскае пытанне важнай састаўной часткай еўрапейскай рэвалюцыі, арганізоўваліся акцыі салідарнасці заходнееўрапейскіх рабочых з польскім народам.

Паўстанне 1863 – 1864 гг. адбывалася ва ўмовах правядзення аграрнай рэформы ў Расіі. Самыя радыкальныя з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў – В. Урублеўскі, Ф. Ражанскі, М. Чарняк, З. Серакоўскі, А. Мацкявічус, А. Трусаў, Л. Звяждоўскі – спадзяваліся на незадаволенасць сялян умовамі рэформы і імкнуліся прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні як мага больш сялян. Левыя “чырвоныя” ў ЛПК, асабліва К. Каліноўскі, планавалі пашырыць паўстанне на прыбалтыйскія і рускія губерні. Але планы рэвалюцыянераў не ажыццявіліся. Сялян сярод паўстанцаў было няшмат, асабліва ва ўсходніх губернях Беларусі: у Віцебскай – 7 %, Магілёўскай – 13 %, Мінскай – 20 %. Толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях сяляне складалі больш за чвэрць паўстанцаў – адпаведна 27 % і 33 %. Для сялян Беларусі былі непрывабныя лозунгі Варшаўскага ЦНК аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Не магла іх задаволіць і вельмі абмежаваная аграрная праграма паўстанцаў.

Тактыка “белых”. Значнай перашкодай пашырэнню паўстання з’явілася далучэнне да паўстанцаў “белых”. Паступова яны нават узначалілі паўстанне. Спадзеючыся на англа-французскае выступленне супраць Расіі, “белыя” жадалі толькі пратрымацца некаторы час і ўсяляк перашкаджалі перарастанню баявых дзеянняў асобных паўстанцкіх атрадаў у народную сялянскую вайну. У сакавіку 1863 г. паводле загаду Часовага нацыянальнага ўрада ў Варшаве Віленскі часовы ўрад Літвы і Беларусі быў распушчаны і створаны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у які ўвайшлі “белыя”. Аддзел узначаліў ковенскі памешчык Якуб Гейштар. К. Каліноўскі спрабаваў супраціўляцца, але, каб не ўносіць раскол у шэрагі паўстанцаў, мусіў падпарадкавацца.

Спадзяванні “белых” на падтрымку Англіі і Францыі не спраўдзіліся. Гэтыя дзяржавы не жадалі і не мелі неабходных сіл, каб ваяваць з Расіяй з‑за Польшчы, а іх дыпламатычныя захады Пецярбург рашуча адхіліў. Ужо ў маі 1863 г. паўстанне ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях было падаўлена, а летам рускае камандаванне накіравала буйныя вайсковыя сілы ў Польшчу.

Меры ўрадавай адміністрацыі ў сувязі з паўстаннем. М. Мураўёў. Поспеху ў барацьбе з паўстаннем расійскія ўлады дасягнулі не толькі вайсковай сілай. У маі 1863 г. віленскім генерал-губернатарам быў прызначаны М.М. Мураўёў. У Вільню ён прыехаў з планам дзеянняў і з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Губернатар паставіў мэтай знайсці тыя мясцовыя пласты грамадства, на якія рускія ўлады маглі б абаперціся. Перш за ўсё гэта было беларускае сялянства. М.М. Мураўёў дабіўся не толькі выканання ў краі норм “Палажэнняў” 1861 г., але і значнага іх паслаблення: было ліквідавана часоваабавязанае становішча сялян і ўведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, цалкам вярталася зямля, адабраная з 1857 г. (“адрэзкі”), на 20 % зменшаны выкупныя плацяжы, беззямельныя сяляне надзяляліся трыма дзесяцінамі зямлі. Да таго ж сялянам перадавалася зямля ўдзельнікаў паўстання. М.М. Мураўёў абавязаў сельскія таварыствы наглядаць за мясцовай шляхтай, арганізаваў спецыяльныя сялянскія каравулы, якія павінны былі весці барацьбу з паўстанцамі; разгарнуў шырокую антыпаўстанцкую і антыпольскую агітацыю. Усе гэтыя меры звужалі раёны дзеянняў паўстанцаў і адварочвалі ад іх сялян.

М.М. Мураўёў таксама зрабіў захады для замены польскіх чыноўнікаў рускімі (праваслаўнымі), зачыняў каталіцкія кляштары і касцёлы, спрабаваў узмацніць значэнне праваслаўнага духавенства і падняць яго матэрыяльны дабрабыт. У навучальных і грамадскіх установах была ўведзена руская мова як абавязковая, забаронена выкладанне польскай мовы ў сельскіх школах, зачыняліся польскія бібліятэкі.

Спад паўстанцкага руху. Падаўленне паўстання. Прадчуваючы хуткае паражэнне паўстання, “белыя” пачалі пакідаць свае пасады ў кіраўніцтве. Кіраваць паўстаннем зноў сталі “чырвоныя”. У чэрвені 1863 г. ў Вільню вярнуўся К. Каліноўскі, у ліпені ён стаў старшынёй Віленскага аддзела. Да канца лета К. Каліноўскі кантраляваў ўсё кіраўніцтва паўстанцкімі атрадамі на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Аднак выратаваць паўстанне было ўжо немагчыма. Мясцовыя памешчыкі канчаткова адышлі ад паўстанцаў.

28 жніўня 1863 г. Польскі нацыянальны ўрад загадаў спыніць ваенныя дзеянні. У верасні 1863 г. узброеныя паўстанцкія атрады ў заходніх губернях Беларусі і Літве былі разбіты, а летам 1864 г. ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце. У Польшчы некаторыя паўстанцкія атрады дзейнічалі аж да восені 1864 г. К. Каліноўскі быў арыштаваны ў студзені 1864 г. і 22 сакавіка таго ж года павешаны ў Вільні. За ўдзел у паўстанні былі пакараны смерцю 128 чалавек, 853 сасланы на катаргу і каля 12,5 тыс. выселены, у тым ліку 504 – у Сібір.

Характар і вынікі паўстання. Паўстанне 1863 – 1864 гг. можна лічыць польскай шляхецкай нацыянальнай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй, скіраванай супраць самадзяржаўя, саслоўнай і нацыянальнай няроўнасці. Галоўнай задачай, якую ставіла перад сабой шляхта заходніх губерняў і якая ў ходзе паўстання не была рэалізавана, з’яўлялася аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Сялянства, гарадскія нізы, нізавая інтэлігенцыя Беларусі вышэйназваныя паўстанні не падтрымалі і не прасілі польскую шляхту вызваліць яе ад Расіі, бо разумелі, што смяротная пагроза беларускаму этнасу зыходзіла не ад Масквы, а ад рэакцыйнай антыбеларускай палітыкі Варшавы і Кракава. Уваходжанне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі было адзіным выратаваннем беларускай народнасці ад знішчэння яе палякамі, бо ў выніку гвалтоўнай палітыкі паланізацыі і акаталічвання беларускі этнас канчаткова перастаў бы існаваць. Таму ніякага вызваленчага для Беларусі характару гэтыя паўстанні не мелі. У сваю чаргу расійскія ўлады пайшлі на значнае змякчэнне ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. у беларускіх і літоўскіх губернях. Сяляне Беларусі апынуліся ў больш выгадным эканамічным і прававым становішчы, чым сяляне іншых губерняў Расіі.

Разам з тым паўстанне 1863 – 1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі мела і адмоўныя вынікі. Так, у Беларусі не была своечасова праведзена земская рэформа, ажыццяўляліся са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі ад агульнарасійскіх прынцыпаў судовая і гарадская рэформы. Да канца 1860-х гг. у краі захоўвалася ваеннае становішча.