Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
63
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 2. Нацыянальная палітыка. Беларусізацыя

Значнай з’явай у нацыянальных адносінах у 20–30-я гады была палітыка беларусізацыі. Многія здабыткі гэтай палітыкі, яе станоўчы вопыт і трагічны лёс маюць і сёння вялікае значэнне для нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі. Патрэбна адзначыць, што амаль да сярэдзіны 80-х гадоў афіцыйная гістарычная літаратура амаль нічога не гаварыла аб гэтай з’яве ў нацыянальным развіцці беларускага народа альбо трактавала адмоўна тэндэнцыі нацыянальнага адраджэння на Беларусі ў 20-я гады.

Разглядаючы перадумовы палітыкі беларусізацыі, неабходна мець на ўвазе асаблівасці нацыянальных адносін на Беларусі на пачатку 20-х гадоў і праблемы, якія існавалі ў гэтым пытанні.

Па-першае, ішоў працэс тэрытарыяльнага самавызначэння беларускага народа, беларускай нацыі. У 1920–1923 гг. тэрыторыя БССР уключала толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1924 г. – Чэрвеньскі), Мазырскі, Мінскі, Слуцкі (усяго 52 402 км2, каля 1,5 млн чалавек насельніцтва). Ужо ў верасні – лістападзе 1921 г. кіруючыя органы Беларусі ўзнімалі пытанне аб вяртанні БССР паветаў, у якіх большасць насельніцтва складалі беларусы.

3 сакавіка 1924 г. было заключана пагадненне паміж ЦВК РСФСР і ЦВК БССР аб перадачы (а лепш гаварыць – аб вяртанні) БССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала 152 854 км2, а колькасць насельніцтва – 5 млн чалавек.

Па-другое, важна ўявіць асаблівасці нацыянальнага складу тагачаснага насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1926 г., беларусы складалі 80,6 %, яўрэі – 8,2, рускія – 7,7, палякі – 2, украінцы – 0,7, латышы – 0,3, літоўцы, немцы і татары – па 0,1 %. Такім чынам, можна гаварыць аб нацыянальна-беларускім характары асноўнай масы насельніцтва Беларусі з улікам наяўнасці шматнацыянальнай меншасці, якая складала амаль пятую частку насельніцтва.

Трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што беларусы ў асноўнай масе жылі ў вёсцы. Гарады былі населены значнай часткай рускіх, яўрэяў, якія складалі ў некаторых гарадах і мястэчках да 40–60 % жыхароў. Іншыя нацыянальныя меншасці жылі як у гарадах, так і ў вёсках даволі кампактнымі этнічнымі групамі. Такое рассяленне стварала пэўнае размежаванне паміж рускамоўным горадам і беларускамоўнай вёскай, што ўносіла спецыфіку ў моўную сітуацыю і патрабавала ўлічваць гэта ў нацыянальнай палітыцы.

Па-трэцяе, палітыка беларускага адраджэння ва ўмовах савецкай улады пачала ажыццяўляцца раней афіцыйна абвешчанай беларусізацыі перш за ўсё намаганнямі дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. У снежні 1920 г. загадчык беларускага аддзела Наркамата асветы П. Ільючонак звярнуўся да кіраўніцтва Кампартыі Беларусі з запіскай, у якой абгрунтаваў неабходнасць пераводу навучання ў школах на беларускую мову, а таксама арганізацыі школ для нацыянальных меншасцей. Гэта ініцыятыва была падтрымана.

У пачатку 1921 г. у Камісарыяце земляробства, які ўзначальваў У. Ігнатоўскі, для супрацоўнікаў былі арганізаваны курсы па вывучэнні беларускай мовы і ўсё справаводства пераведзена на беларускую мову. Па ініцыятыве А. Бурбіса ажыццяўлялася беларусізацыя ў Наркамаце замежных спраў.

Такім чынам, намаганнямі вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння закладваліся асновы нацыянальнай палітыкі, якая пазней была аформлена як дзяржаўная палітыка беларусізацыі.

Варта зазначыць, што на пачатку 20-х гадоў савецкія органы і Кампартыя рэспублікі як кіруючая сіла палітычнай сістэмы даволі рэалістычна вызначалі праблемы нацыянальнага адраджэння беларускай нацыі. У распрацоўцы палітычнай лініі па гэтым пытанні прыкметнае месца належыць VII з’езду КП(б) Беларусі (красавік 1923 г.), на якім з дакладам “Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве” выступіў старшыня ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў. У чэрвені 1923 г. прынята пастанова Пленума ЦБ КП(б) Беларусі, у якой даволі дакладна быў намечаны комплекс практычных мерапрыемстваў па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі: гаспадарчае адраджэнне краю, тэрытарыяльнае самавызначэнне беларускага народа, развіццё беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжывання, развіццё нацыянальнай культуры і павышэнне культурнага ўзроўню насельніцтва, вылучэнне і выхаванне кадраў партыйнага, дзяржаўнага і іншага апарату з карэннага насельніцтва, прыцягненне да актыўнага ўдзелу ў нацыянальным адраджэнні дэмакратычных элементаў.

Аб’ектыўны падыход да гісторыі патрабуе прызнаць, што КП(б) Беларусі на працягу 1923–1925 гг. надавала значную ўвагу нацыянальнай палітыцы. На Пленуме ЦБ КП(б)Б у чэрвені 1924 г. разглядалася пытанне аб праграме правядзення нацыянальнай палітыкі ў Беларусі; у 1925 г. пытанні нацыянальнай палітыкі разглядаліся на пленумах ЦК КП(б)Б у студзені, маі, кастрычніку; у рэзалюцыі апошняга быў вызначаны раздзел “Беларусізацыя”. У кастрычніку 1926 г. абмеркавана пытанне “Аб ходзе ажыццяўлення ў рэспубліцы нацыянальнай палітыкі”. Аднак сярод кіраўніцтва рэспублікі былі і праціўнікі беларусізацыі, што стварала цяжкасці.

Пачатак палітыкі беларусізацыі варта аднесці да чэрвеня 1924 г., калі сесія ЦВК БССР прыняла пастанову аб утварэнні спецыяльнай камісіі на чале з А. Хацкевічам па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі. Такія ж камісіі ўтвараліся і пры акруговых выканаўчых камітэтах.

З сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная падрыхтоўка. Была разгорнута тлумачальная работа сярод насельніцтва аб неабходнасці і сэнсе беларусізацыі, распрацаваны погляды на змест гэтай палітыкі, прымаліся дырэктыўныя дакументы, пастановы. Лета 1924 г. і прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных напрамкаў дзейнасці ў палітыцы беларусізацыі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг. пасля таго, як адбылося вяртанне БССР значнай часткі этнічна беларускіх зямель. У складзе БССР губерні, паветы, воласці былі ліквідаваны і замест іх утвораны акругі, раёны і сельсаветы, прычым значна змяняліся межы адміністрацыйных адзінак. У аснову новаўтварэнняў пакладзены нацыянальны прынцып. З улікам інтарэсаў і патрабаванняў нацыянальных меншасцей (карыстанне роднай мовай, захаванне здабыткаў нацыянальнай культуры, звычаяў і г.д.) у месцах іх кампактнага пражывання ўтвараліся нацыянальныя Саветы. У 1928 г. налічвалася 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. У 1932 г. быў утвораны нацыянальны (польскі) раён з цэнтрам у Дзяржынску. Палітыка беларусізацыі не азначала прыніжэння ці ўшчамлення правоў і інтарэсаў нацыянальных меншасцей.

Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства. Усім дзяржаўным і грамадскім установам, а таксама прадпрыемствам і кааператыўным аб’яднанням былі ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны пераводу іх працы на беларускую мову. У 1927 г. беларускай мовай валодалі ў цэнтральных дзяржаўных установах 80 % служачых, у акруговых і раённых установах – каля 70 %. Асноўныя рэспубліканскія дакументы выдаваліся на беларускай мове, а таксама на адной з трох іншых моў: рускай, польскай і яўрэйскай.

У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва. У выніку за 1926–1927 гг. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага ўзроўню ўдзельная вага беларусаў павялічылася з 30,3 да 46 %, гарсаветаў – з 43,8 да 45 %. У складзе сельскіх Саветаў колькасць беларусаў была 90 %.

Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа. Камплектаванне войск Чырвонай Арміі пачало базіравацца на тэрытарыяльным прынцыпе ў спалучэнні з кадравым. Ваенная рэформа прадугледжвала аднаўленне нацыянальных тэрытарыяльных часцей і злучэнняў.

Для падрыхтоўкі сярэдняга каманднага саставу была ўтворана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР.

Палітыка беларусізацыі закранула і ўнутранае жыццё войска. Усе асноўныя навучальныя дапаможнікі (статуты, падручнікі) былі выданы на беларускай мове.

Тэрытарыяльныя фарміраванні БВА існавалі да 1935–1938 гг., пасля былі скасаваны.

Важным напрамкам беларусізацыі з’яўлялася нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Калі ў 1921 г. беларускія школы складалі 1,5 % ад агульнага ліку школ на Беларусі, то ў 1931 г. – 83,5 %. У 1930 г. 76,6 % студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80 % вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове.

У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45 %.

Шмат што было зроблена ў напрамку беларусізацыі ў выдавецкай справе. У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Апрача таго, працавалі выдавецтвы тэхнічнай літаратуры, вайсковай літаратуры і інш. У 1931 г. было выдадзена на беларускай мове 1069 назваў кніг. У перыядычным друку выходзіла 13 рэспубліканскіх газет, з іх 6 – на мовах нацыянальных меншасцей, 64 – раённыя і гарадскія газеты, 30 часопісаў.

Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.

Разглядаючы палітыку беларусізацыі ў 20-я гады, важна адзначыць, што яе ход меў пэўныя супярэчнасці і цяжкасці. З аднаго боку, гэта недаацэнка нацыянальных асаблівасцей Беларусі ў першую чаргу рускімі чыноўнікамі, якіх нямала было ў гаспадарчым і дзяржаўным апараце. Яны разглядалі беларусізацыю як гвалтоўнае насаджэнне беларушчыны, усялякім чынам перашкаджалі яе ажыццяўленню. Такую ж пазіцыю займалі і некаторыя прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцей, асабліва яўрэйства, у асяроддзі якога назіраліся праявы сіянізму.

З другога боку, мелі месца спробы фарсіраваць тэмпы беларусізацыі без уліку аб’ектыўных умоў. Нярэдка ва ўстановах складаліся спісы супрацоўнікаў, якія былі абавязаны ў кароткі тэрмін вывучыць беларускую мову, да таго ж заахвочваліся “сустрэчныя планы”, калі гэтыя тэрміны яшчэ больш скарачаліся. Не заўсёды існавалі ўмовы для вывучэння беларускай мовы – не хапала выкладчыкаў, падручнікаў. Здараліся выпадкі звальнення з пасады за невалоданне беларускай мовай. Усё гэта выклікала незадаволенасць пэўнай часткі насельніцтва, садзейнічала ажыўленню антыбеларускіх настрояў, кампраметавала сутнасць палітыкі беларусізацыі.

Але, нягледзячы на супярэчнасці, цяжкасці і недахопы, палітыка беларусізацыі з’явілася практычнай спробай ва ўмовах савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне. Да яе істотных станоўчых вынікаў у 20-я гады можна аднесці пэўную дэмакратызацыю грамадскага жыцця, калі нацыянальны момант, нацыянальныя пытанні прывялі да аб’яднання даволі разнастайных палітычных сіл. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі рабіла пэўныя крокі да супрацоўніцтва з больш шырокімі нацыянальнымі коламі. Аб прычынах згортвання палітыкі беларусізацыі ў канцы 20 – пачатку 30-х гадоў будзе сказана ў параграфе, прысвечаным палітычным рэпрэсіям.