Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
63
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 3. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі

Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VІІ – VІІІ стст. (Г. Штыха ў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ – ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV – ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні.

Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.

Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903 – 1922. Т. 1 – 3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.

Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М. Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.

Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В. Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В. Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтарам з’яўляецца пісьменнік І.Ласкоў. На падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), ён лічыць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў.

У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С. Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным. У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ – Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая ўсходнеславянская этнічная супольнасць –старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі – Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі – рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.

Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Без дастатковых навуковых абгрунтаванняў яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – беларускую, рускую і ўкраінскую. Уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі – цюрскага, беларускі – балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) – крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці. Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ – Х стст., а значна пазней.

У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ – Х стст. Затым у канцы Х – пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.

З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці – папрыпяцка-палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцка-палескай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці – палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў – старажытных беларусцаў. Піліпенка лічыць, што менавіта палешукі і беларусцы сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.

З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, узаемапранікнення, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцка-палескай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і змяшэння, кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва – заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, у канцы ХV – сярэдзіне ХVІ ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”, а яе жыхары атрымалі назву “беларусы”.