Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
87
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 4. Рэвалюцыя 1905–1907 гг. Палітычнае становішча ў паслярэвалюцыйныя гады. “Нашаніўскі перыяд” беларускага нацыянальнага руху

Расійская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. і рэвалюцыйны рух у Беларусі. У пачатку ХХ ст. у Расіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Да гэтага часу былi канчаткова вычэрпаны магчымасцi адносна мiрнага развiцця капiталiзму ва ўмовах захавання перажыткаў феадалізму. Эканамiчны крызiс 1900–1903 гг. i руска-японская вайна 1904–1905 гг. садзейнiчалi абвастрэнню ўсiх супярэчнасцей. Рэвалюцыйны выбух у Расii стаў непазбежным. Рэвалюцыйная сітуацыя – абставіны ў грамадстве, якія служаць паказчыкам спеласці сацыяльна-палітычных умоў для сацыяльнай рэвалюцыі. У.І. Ленін называў тры галоўныя прыкметы рэвалюцыйнай сітуацыі: «1) …Для надыходу рэвалюцыі звычайна бывае недастаткова, каб “нізы не хацелі”, а патрабуецца яшчэ, каб “вярхі не маглі” жыць па‑старому. 2) Абвастрэнне, болей за звычайнае, галечы і няшчасцяў прыгнечаных класаў. 3) Значнае павышэнне, у сілу згаданых прычын, актыўнасці мас…».

Расійская імперыя ішла даволі хуткімі тэмпамі па буржуазнаму шляху развіцця. Разам з тым адной з асаблівасцей гэтага развіцця з’яўлялася наяўнасць феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў у палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах. Сярод іх – самадзяржаўе, памешчыцкае землеўладанне, сялянская абшчына і абшчыннае землеўладанне, напаўпрыгонніцкія формы эксплуатацыі сялян (адпрацоўкі, натуральная аплата працы часткай ураджаю і г. д.), саслоўнае дзяленне грамадства і саслоўная няроўнасць, адсутнасць у грамадзян дэмакратычных правоў і свабод: свабоды слова, друку, сходаў, саюзаў, права выбіраць і быць выбраным, права на правядзенне мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацый.

Феадальна-прыгонніцкія перажыткі ў палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах стрымлівалі развіццё Расіі па буржуазным шляху. Таму галоўнымі мэтамі і задачамі расійскай рэвалюцыі з’яўляліся знішчэнне гэтых перажыткаў і стварэнне ўмоў для больш хуткага, свабоднага і бесперашкоднага развіцця капіталізму ў Расіі. Мэты і задачы, якія стаялі перад рэвалюцыяй, вызначылі яе буржуазны характар.

Аднак у параўнанні з англійскай (сярэдзіна ХVІІ ст.) ці французскай (канец ХVІІІ ст.) буржуазнымі рэвалюцыямі расійская рэвалюцыя адбывалася ў новых умовах, калі рабочы клас і буржуазія ўжо сфарміраваліся як асноўныя класы капіталістычнага грамадства. Сацыяльная база расійскай рэвалюцыі была больш шырокай: у ёй прынялі ўдзел не толькі сацыяльныя пласты феадальнага грамадства (сяляне, рамеснікі, гандляры), як гэта было ў Англіі і Францыі, але і рабочы клас, і буржуазія, дэмакратычныя пласты ўсяго расійскага грамадства. Асноўны ўдар рэвалюцыя скіроўвала супраць дваранства, памешчыкаў, вышэйшых прадстаўнікоў чыноўніцтва і арміі, буйной манархічна настроенай буржуазіі. Звяржэнне самадзяржаўя і правядзенне новых буржуазных рэформ мусіла забяспечыць больш хуткае і бесперашкоднае развіццё капіталізму ў Расіі.

Па сацыяльнай базе (дэмакратычныя пласты расійскага грамадства) і па формах барацьбы (палітычная стачка, узброенае паўстанне) расійская рэвалюцыя была дэмакратычнай. Таму рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. у гістарыяграфіі называецца буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй.

Напярэдадні і ў ходзе рэвалюцыі сфарміраваліся тры грамадска-палітычныя лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны. Кожны з іх меў сваю сацыяльную базу, мэты і задачы. Урадавы лагер абапіраўся на дваранства, вышэйшыя пласты чыноўніцтва і арміі, яго падтрымлівала буйная манархічна настроеная буржуазія. Усе яны імкнуліся захаваць самадзяржаўе і не дапусціць карэнных змен у дзяржаўна-палітычным ладзе Расіі. У ліберальна-буржуазны лагер уваходзілі буйная і сярэдняя буржуазія, некаторыя прагрэсіўныя памешчыкі, буржуазная інтэлігенцыя. Лібералы марылі аб палітычных свабодах, жадалі ліквідаваць перажыткі феадалізму, але баяліся рэвалюцыі і абмяжоўваліся толькі мірнымі сродкамі ўздзеяння на самадзяржаўе. Дэмакратычны лагер складалі пралетарыят, сялянства, радыкальна настроеная інтэлігенцыя, шырокія непралетарскія дэмакратычныя пласты горада і вёскі. Іх агульнай найбліжэйшай мэтай было знішчэнне ўсіх рэшткаў феадалізму, у тым ліку і памешчыцкага землеўладання, звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі.

9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу было расстраляна мірнае шэсце рабочых, якія накіроўваліся да цара з просьбай палепшыць становішча народа. Гэтая падзея (“Крывавая нядзеля”) выклікала магутную хвалю пратэсту. Стачкі, дэманстрацыі і мітынгі рабочых пракаціліся па ўсей краіне. Іх размах сведчыў аб тым, што ў Расіі пачалася буржуазна-дэмакратычнвая рэвалюцыя.

У студзеньскія дні 1905 г. ў 30 гарадах і мястэчках Беларусі адбыліся забастоўкі салідарнасці, у якіх удзельнічала 34 тыс. чалавек. Ініцыятарамі і кіраўнікамі рэвалюцыйных выступленняў рабочых былі найперш Бунд і РСДРП, у некаторых месцах – эсэры і БСГ. У студзені забастоўкі рабочых мелі выразна палітычны характар.

У лютым – сакавіку агульная колькасць палітычных выступленняў рэзка зменшылася, але адбылося значнае павелічэнне эканамічных забастовак. Новая хваля палітычных выступленняў узнялася ў сувязі са святкаваннем 1 Мая. У чэрвені ў Беларусі адбыліся мітынгі салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, з рэвалюцыйнымі матросамі Чарнаморскага флоту, якія ішлі ў авангардзе рэвалюцыйнага руху. Увогуле ў красавіку – чэрвені 1905 г. палітычныя выступленні ахапілі 56 гарадоў і мястэчак Беларусі, у іх удзельнічала каля 100 тыс. чалавек. У гэты ж час узмацнілася і эканамічная барацьба рабочых.

Вясною 1905 г., як вынік ўздзеяння рабочага руху, у Беларусі разгарнуўся масавы рэвалюцыйны рух сялянства. Колькасць сялянскіх выступленняў у красавіку – чэрвені ўзрасла да 237 супраць 53 у студзені – сакавіку. Галоўным патрабаваннем сялян было знішчэнне памешчыцкага землеўладання. Найбольшым уплывам сярод сялян карысталіся эсэры і Беларуская сацыялістычная грамада.

6 жнiўня 1905 г. Мiкалай II падпiсаў Манiфест аб склiканнi “законадарадчай” Дзяржаўнай думы. Паводле праекта, распрацаванага мiнiстрам унутраных спраў А. Булыгiным, ад выбараў у Думу адхiлялiся працоўныя масы горада i вёскi. Практычна ўсе рэвалюцыйна-дэмакратычныя партыi выступiлi супраць булыгiнскай Думы i выставiлi лозунг яе байкоту. У жнiўнi–вераснi 1905 г. рух пратэсту супраць булыгiнскай Думы ахапiў многiя гарады i мястэчкi Беларусi. Выбары ў булыгiнскую Думу былi сарваны.

Восенню 1905 г. рэвалюцыйны рух працягваў нарастаць і ахапіў усю краіну. Шматлікія агульнагарадскія стачкі зліліся ва Усерасійскую палітычную стачку. Ва ўсёй Расіі баставала звыш 2 млн. чалавек. У Беларусі Кастрычніцкая палітычная стачка ахапіла 32 населеныя пункты, а колькасць стачачнікаў толькі ў прамысловасці дасягнула 66 тыс. чалавек. У ходзе Усерасійскай палітычнай стачкі ў многіх гарадах Расіі ўзнікалі агульнагарадскія выбарныя стачачныя камітэты і камісіі, якія атрымалі назвуСаветаў рабочых дэпутатаў. У Беларусі стачачныя камітэты і кааліцыйныя саветы дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Гродне, Брэсце, іншых прамысловых цэнтрах і буйных чыгуначных вузлах.

17 кастрычнiка 1905 г.Мiкалай II падпiсаўМанiфестаб палiтычных свабодах i надзяленнi Дзяржаўнай думы заканадаўчымi паўнамоцтвамi. 18 кастрычнiка ў дзень абвяшчэння Манiфеста ў Мiнску на плошчы каля Вiленскага чыгуначнага вакзалу адбыўся мiтынг, у якiм удзельнiчалi каля 20 тыс. чалавек. Каб разагнаць мiтынгуючых, губернатар Курлаў загадаў прымянiць зброю. У вынiку чаго было забiта каля 100 чалавек i да 300 чалавек паранена. У гэты ж дзень крывавыя сутычкi адбылiся ў Смаргонi i Полацку. Увогуле кастрычнiцкая палiтычная стачка ахапiла 32 населеныя пункты Беларусi, а колькасць стачачнiкаў толькi ў прамысловасцi дасягнула 66 тыс. чалавек.

У снежні 1905 г. палітычная барацьба пралетарыяту Расіі працягвалася. У Маскве яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У снежаньскія дні палітычныя забастоўкі адбыліся ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Пінску і іншых гарадах. Забастоўкі ахапілі большасць чыгуначных вузлоў Беларусі. У апошнія месяцы 1905 г. зноў адбыўся ўздым сялянскага руху. У Беларусі ў кастрычніку было 54 выступленні сялян, у лістападзе – 154, а ў снежні – 286. Усерасійская палітычная стачка выклікала больш моцныя, чым раней, выступленні ў арміі. У лістападзе хваляванні салдат адбыліся ў Гродне, у Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях. Іх удзельнікі выказвалі салідарнасць з паўстаннямі матросаў Кранштата і Севастопаля.

Аднак самадзяржаўе здолела збіць рэвалюцыйную хвалю. Гэтаму спрыяў царскі Маніфест 17 кастрычніка 1905 г.. У партыях дэмакратычнага лагера, якiя дагэтуль дзейнiчалi нелегальна, а зараз атрымалi магчымасць свабодна весцi прапаганду сваiх iдэй, пачалi праяўляцца розныя погляды наконт далейшых дзеянняў i сродкаў барацьбы. Увядзенне палiтычных свабод з задавальненнем сустрэла буржуазiя. Яна лiчыла, што рэвалюцыя дасягнула сваiх мэт i павiнна скончыцца. Хутка пачынаюць узнiкаць буржуазныя палiтычныя партыi i арганiзацыi.

Першымi з iх сталi Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты) i Саюз 17 кастрычнiка (акцябрысты). Кадэты заявiлi аб сваёй апазiцыi самадзяржаўю. Яны выступалi за канстытуцыйную манархiю, за знiшчэнне саслоўных прывiлеяў i iншых перажыткаў феадалiзму, за палiтычныя свабоды i поўнае раўнапраўе. Але яны не лiчылi неабходным канчаткова лiквiдаваць памешчыцкае землеўладанне. Для нацый яны прызнавалi толькi права на культурнае самавызначэнне. Акцябрысты занялi больш “правую” пазiцыю. Яны былi поўнасцю задаволены Манiфестам 17 кастрычнiка, выступалi за падтрымку манархiчнай улады i захаванне адзiнай i непадзельнай Расii.

У Беларусi больш спрыяльнымi аказалiся ўмовы для дзейнасцi партыi акцябрыстаў. Тут яе падтрымлiвалi рускiя чыноўнiкi-манархiсты, памешчыкi, праваслаўнае духавенства. Кадэты з-за адсутнасцi на Беларусi земстваў i вышэйшых навучальных устаноў не мелi тут неабходнай сацыяльнай глебы для сваёй дзейнасцi. Яны знайшлi падтрымку толькi з боку яўрэйскай буржуазii. Па агульнапалiтычных i нацыянальных пытаннях кадэтаў на Беларусi падтрымалi польскiя памешчыкi i каталiцкi касцёл. Кадэцкую праграму, дапоўнiўшы яе прынцыпамi каталiцкай веры, падтрымала створаная ў канцы 1905 – пачатку 1906 гг. Канстытуцыйна-каталiцкая партыя Лiтвы, якая стала саюзнiцай кадэтаў на Беларусi.

Да буржуазных партый, якiя дзейнiчалi на тэрыторыi Беларусi трэба аднесцi сiянiстаў. Пасля стварэння ў 1897 г. Сусветнай арганiзацыi сiянiстаў на Беларусi хутка пачалi ўзнiкаць сiянiсцкiя гурткi. Аднак сiянiсты адмаўлялi ўдзел яўрэяў у рэвалюцыйным руху краiн дыяспары i мелi на мэце стварэнне самастойнай яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне, якая аб’яднала б ўсiх яўрэяў свету. У час рэвалюцыi 1905–1907 гг. сiянiсты падтрымлiвалi кадэтаў.

Правы ўрадавы палiтычны лагер, каб абараняць iнтарэсы самадзяржаўя ва ўмовах адкрытай палiтычнай барацьбы, таксама пачаў фармiраваць свае палiтычныя партыi. Самай уплывовай з iх быў “Саюз рускага народа”. Яго членаў рэвалюцыянеры называлi чарнасоценцамi. У канцы 1905 – пачатку 1906 г. арганiзацыi “Саюза рускага народу” былi створаны ў Мiнску, Гомелi, Вiцебску i iншых гарадах Беларусi. Да партый правага кансерватыўнага накiрунку адносiлiся таксама “Партыя рускага сходу”, “Партыя народнага цэнтра” і шэраг іншых. Усе яны займалi крайне манархiчныя пазiцыі, абаранялi iнтарэсы памешчыкаў i праваслаўнай царквы, выступалi за непарушнасць самадзяржаўнай улады, захаванне памешчыцкага землеўладання, за тэрытарыальнае адзiнства Расii.

Пасля снежаньскіх падзей 1905 г. рэвалюцыйны рух паступова ідзе на спад. Усплёскі палітычных выступленняў у 1906 г. назіраліся ў студзені – у сувязі з гадавінай “Крывавай нядзелі” і ў красавіку, калі адзначалася свята 1 Мая. Адначасова ўзмацнялася эканамічная барацьба. Рабочых актыўна падтрымлівалі сяляне і вайскоўцы. У ліпені – снежні 1906 г. даволі актыўна працягвалася толькі эканамічная барацьба. Вясной 1907 г. рэвалюцыйны ўздым быў найслабейшым за ўвесь перыяд рэвалюцыі.

3 чэрвеня 1907 г. Мікалай ІІ выдаў загад аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы і аб змяненні выбарчага закону. Паколькі па Маніфесту 17 кастрычніка 1905 г. новы закон не мог дзейнічаць без ухвалення яго Дзяржаўнай думай, гэты крок урада з’яўляўся, па сутнасці, дзяржаўным пераваротам. Падзеі 3 чэрвеня 1907 г. сведчылі аб заканчэнні першай расійскай рэвалюцыі.

Паражэнне рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. не азначала вяртання да мінулага. У Расіі, хоць і ва ўрэзаным выглядзе, існавалі палітычныя свабоды, былі створаны і атрымалі магчымасць легальнай дзейнасці розныя палітычныя партыі, засталася Дзяржаўная дума, працоўныя дабіліся значнага паляпшэння эканамічных умоў свайго жыцця. Рэвалюцыя аказала моцны ўплыў на рабочы і нацыянальна-вызваленчы рух не толькі ў Расіі, але і ў свеце. Аднак галоўная мэта рэвалюцыі – звяржэнне самадзяржаўя і знішчэнне памешчыцкага землеўладання – не была дасягнута.

Грамадска-палітычная барацьба пасля рэвалюцыі. Беларускі нацыянальна-культурны рух. Наступленне рэакцыі пасля трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту выявілася ў дзейнасці атрадаў жандармерыі, арышце кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў рэвалюцыйных выступленняў, закрыцці рэвалюцыйных газет, забароне прафесійных саюзаў. Ад гэтага найбольш пацярпелі левыя партыі і арганізацыі, якія мусілі значна скараціць ці ўвогуле прыпыніць сваю дзейнасць. Былі вельмі аслаблены і партыі ліберальна-буржуазнага цэнтра. Распаліся некаторыя правінцыяльныя арганізацыі кадэтаў, у тым ліку і ў Беларусі, скарацілася колькасць іх друкаваных органаў.

У той жа час актывізавалася дзейнасць правых манархічных арганізацый. Яны разгарнулі шырокую агітацыю супраць яўрэяў, палякаў, каталіцкага касцёла, а таксама супраць беларускага нацыянальнага руху. У гэты час адбылося арганізацыйнае афармленне “западнороссов”. Як ідэалогія “западнорусизм” узнік яшчэ пасля паўстання 1863 – 1864 гг. “Западнороссы” прызнавалі беларусаў народнасцю, але разглядалі іх як складовую частку рускага народа, у які ўключалі яшчэ вялікарусаў і ўкраінцаў.

Галоўнай сваёй мэтай “западнорусизм” лічыў барацьбу супраць польскага і каталіцкага ўплыву на беларусаў. Актыўным дзеячам і ідэолагам “западнорусизма” быў Л. Саланевіч. Ён з’яўляўся адным з арганізатараў “Белорусского общества”, выдаваў газеты “Белорусская жизнь” (1909 – 1911 гг.) і “Северо-западная жизнь” (1911 – 1915 гг.). Л. Саланевіча актыўна падтрымліваў П.А. Сталыпін.

Беларускі нацыянальны рух пасля рэвалюцыі апынуўся ў цяжкім становішчы. Беларуская сацыялістычная грамада як палітычная партыя перастала існаваць. Яе кіраўнікі сканцэнтравалі сваю ўвагу на легальнай дзейнасці. У гэты час даводзілася весці барацьбу на два фронты – супраць рускіх і польскіх нацыяналістаў, якія не жадалі прызнаваць самастойнасць беларускага народа.

У паслярэвалюцыйны перыяд цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага руху стала газета “Наша ніва”. Яна выдавалася з лістапада 1906 г. па жнівень 1915 г. у Вільні. У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, А. Уласаў. Газета друкавалася кірыліцай (для праваслаўных беларусаў) і лацінкай (для беларусаў-католікаў). “Наша ніва” займала ліберальныя асветніцкія пазіцыі. Галоўным у сваёй дзейнасці “нашаніўцы” лічылі барацьбу за захаванне адзінства беларускага народа, пераадоленне яго рэлігійнага расколу.

Значную ўвагу рэдакцыя “Нашай нівы” надавала прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, развіццю беларускай мовы. Пры газеце ствараўся беларускі нацыянальны музей. З 1910 г. “Наша ніва” выдавала адрасаваны сялянам “Беларускі каляндар”, з 1912 г. сельскагаспадарчы аддзел газеты быў пераўтвораны ў самастойны часопіс “Саха”, а для моладзі пачаў выдавацца літаратурны месячнік “Лучынка”.

“Наша ніва” разам з другім буйным беларускім выдавецтвам “Загляне сонца і ў наша ваконца” забяспечвала выхад мастацкай і навукова-папулярнай кніжнай прадукцыі. “Наша ніва” выхавала шэраг беларускіх пісьменнікаў, грамадска-палітычных дзеячаў, навукоўцаў, сярод якіх былі Я. Колас і Я. Купала, А. Пашкевіч (Цётка) і М. Багдановіч, А. Гарун і М. Гарэцкі, З. Бядуля і Ц. Гартны.