Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
th_history_rb / Тэорыя.doc
Скачиваний:
63
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 4. Палітычныя рэрпрэсіі: прычыны, памеры, вынікі

Пачатак палітычных рэпрэсій у Беларусі, на наш погляд, звязаны з поспехамі і дасягненнямі палітыкі беларусізацыі. Ужо ў другой палове 20‑х гадоў узнікаюць спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных падыходаў да нацыянальнай палітыкі. Найбольш актыўных прыхільнікаў палітыкі беларусізацыі сталі абвінавачваць у т. зв. нацыянал-дэмакратызме, тэндэнцыі “ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя”.

З 1930 г. крытыка робіцца больш жорсткай. Нацыянал-дэмакратызм вызначаецца як варожая савецкай ўладзе ідэалогія і практыка контррэвалюцыйнай плыні, якая ставаліла сваёй мэтай “аднаўленне капіталізму на Беларусі”. Рэзалюцыя XІІІ з’езда КП(б)Б ацэньвала гэтую з’яву як галоўную небяспеку для нацыянальнай палітыкі рэспублікі. Пры гэтым рэзка змяняліся ўсе ацэнкі мінулага: увесь беларускі нацыянальна-вызваленчы рух аднолькава пачаў абвяшчацца рэакцыйным.

У маі – чэрвені 1929 г. камісія ЦК ВКП(б) абследавала практыку нацыянальнай работы ў БССР. Яна адзначыла, што “Асноўныя памылкі партыйнага кіраўніцтва КПБ маюць месца ў вобласці тактыкі і вынікаюць з няправільнай ацэнкі суадносін класавых сіл”. Менавіта на класавую барацьбу рабілі ўпор члены камісіі, яе праявы шукалі і знаходзілі ўсюды – у дзейнасці навукоўцаў, у галіне мовазнаўства, у выдавецтвах, у палітыцы Наркамасветы па беларусізацыі, Наркамзема – па хутарызацыі і г.д.

З восені 1929 г. негатыўны вобраз нацдэмаўшчыны замацоўваецца ў партыйнай палітыцы, у сродках масавай інфармацыі, грамадскай свядомасці. У 1930 г. барацьба з нацдэмамі стала практычнай дзейнасцю органаў АДПУ БССР. Імі была “выкрыта” (на самой справе сфабрыкавана) “нацдэмаўская, контррэвалюцыйная і антысавецкая арганізацыя”, якая атрымала назву “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ). Было арыштавана 108 чалавек. Сярод іх акадэмікі БАН В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, кіраўнік наркамата земляробства Дз. Прышчэпаў, асветы А.Баліцкі і інш. У 1931 г. яны былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення, а ў 1937–1940 гг. многія з іх расстраляны.

Актыўная кампанія выкрыцця “ворагаў народа” мела, акрамя фізічнага знішчэння, яшчэ адзін, не менш жудасны вынік. Атмасфера падазронасці, ідэалагічнага ўціску, маральнага прымусу ламала людзей як асоб, прымушала адракацца ад сваіх поглядаў і прынцыпаў, гаварыць няпраўду, хлусіць, каб захаваць жыццё сваё і сваіх родных.

“Справа СВБ” была пачаткам сістэматычных рэпрэсій у Беларусі. Адначасова з СВБ у 1930 г. былі “раскрыты” і іншыя “контррэвалюцыйныя, шкодніцкія і дыверсійна-шпіёнскія арганізацыі”, у прыватнасці беларускі філіял “Працоўнай сялянскай партыі”, па гэтай “справе” было асуджана 59 чалавек); беларускі філіял “Прампартыі” – асуджана 30 чалавек; беларускі філіял “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)” – асуджана 30 чалавек.

Гэтыя вынікі дзейнасці АДПУ адразу адчуліся – неставала работнікаў навучальных устаноў, органаў кіравання, устаноў культуры і г.д. Аднак пошук “ворагаў народа” працягваўся. У снежні 1933 г. былі арыштаваны 84 працаўнікі сістэмы Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра. Ім ставілася ў віну імкненне сарваць развіццё цяжкай прамысловасці, падарваць эканамічную магутнасць Савецкай дзяржавы, аслабіць яе ў барацьбе з капіталістычным асяроддзем, а потым звергнуць савецкую ўладу, захапіць кіраўніцтва ў свае рукі.

Акрамя гэтага, “контррэвалюцыйныя арганізацыі” шкоднікаў і нацдэмаў у гэты час былі “выкрыты” ў Белдзяржснабе, Дзяржплане, у Беларускім нацыянальным цэнтры і г.д. У першым квартале 1933 г. у БССР да вышэйшай меры пакарання і да 10 гадоў пазбаўлення волі было асуджана больш за 5,5 тыс. чалавек. Толькі “тройкай” НКУС БССР у 1935 г. было асуджана 8074 чалавекі, а ў 1936 – 12 371 чалавек. Агентаў “варожых разведак” знаходзілі і выкрывалі сярод самых розных сацыяльных груп насельніцтва – ад высокапастаўленых дзяржаўных, партыйных і ваенных дзеячаў да простых рабочых і сялян.

У чэрвені 1937 г. адбыўся XVI з’езд КП(б) Беларусі, якому належыць асобнае месца ў нагнятанні атмасферы страху і беззаконня. Тэма выкрыцця ворагаў народа была галоўнай у справаздачным дакладзе першага сакратара В. Шаранговіча і ў прамовах фактычна ўсіх выступаўшых.

29 ліпеня 1937 г. адбыўся ІІІ Пленум ЦК КП(б)Б, рашэнні якога адыгралі ролю своеасаблівага дэтанатара, выклікалі абвальны працэс агульнага выкрыцця, масавага псіхозу ў пошуках “ворагаў народа”. Выступаючыя на пленуме прадстаўнікі партыйных органаў прызналі наяўнасць у іх арганізацыях і раёнах “актыўна дзеючых контррэвалюцыянераў, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў”.

Выкананне рашэнняў ІІІ Пленума ЦК КП(б)Б прывяло да таго, што з сярэдзіны 1937 г. да ліпеня 1938 г. было арыштавана 2570 удзельнікаў т. зв. “аб’яднанага антысавецкага падполля”. Месцамі іх канцэнтрацыі, як адзначаецца ў даведцы УДБ НКУС, былі ЦВК, СНК БССР, ЦК КП(б)Б, Дзяржплан, наркаматы і іншыя ўстановы. Было арыштавана: 40 наркомаў і іх намеснікаў, 179 кіруючых работнікаў савецкага і гаспадарчага апарату, 1 акадэмік, 25 навукоўцаў, 41 выкладчык ВНУ, 23 супрацоўнікі ЦК КП(б)Б, 16 супрацоўнікаў Саўнаркома.

Следчымі органамі арыштаваныя былі падзелены на наступныя групы: нацыянал-фашысцкае падполле (яго кіраўнікамі вызначаны Чарвякоў, Шаранговіч, Жылуновіч і інш.); антысавецкае эсэраўскае падполле (Чарнушэвіч, Бадунова, Панкевіч); антысавецкае бундаўска-сіянісцкае падполле (Волт, Гурэвіч); царкоўна-сектанцкае падполле (кіраўнік, “японска-польскі шпіён”, мітрапаліт Бліноў). Кіраўнікамі “трацкісцкай арганізацыі” на Беларусі былі названы М. Гікала, М. Галадзед, Д. Валковіч і іншыя кіраўнікі рэспублікі. Сярод абвінавачванняў, якія прад’яўляліся арыштаваным, былі і наступныя: “Антысавецкая арганізацыя на Беларусі па заданні цэнтра правых у Маскве сумесна з трацкістамі рыхтавала здзяйсненне тэрарыстычных актаў над тт. Сталіным, Варашылавым і Калініным. Па заданні Галадзеда Хацкевічам у Маскве была створана група, якая рыхтавала тэрарыстычны акт супраць т. Сталіна”.

Новы ўздым хвалі рэпрэсій назіраўся з восені 1939 г., пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі рэпрэсіраваны (у асноўным высланы ва ўсходнія раёны СССР) цэлыя групы насельніцтва – служачыя былога дзяржапарату, судовых органаў, пракуратуры, паліцыі, арміі, гандляры, леснікі, рамеснікі з сем’ямі, усяго каля 125 тыс. чалавек.

Пытанне аб тым, колькі жыхароў Беларусі пацярпела ад палітычных рэпрэсій, не высветлена і да сённяшняга дня. Як вынікае з падлікаў, судовымі і несудовымі органамі ў рэспубліцы па палітычных матывах было прыцягнута да адказнасці больш за 250 тыс. грамадзян. Акрамя таго, у адміністрацыйным парадку (раскулачванне, высяленне, барацьба з сабатажам, выкананне закона “Аб ахове сацыялістычнай маёмасці” і г.д.) прыцягнуты да адказнасці яшчэ амаль 350 тыс. чалавек, жыццё і лёс якіх былі парушаны сталінскім рэжымам. Агульная лічба ахвяр сталінізму, на думку некаторых даследчыкаў, складае на Беларусі 600–700 тыс. чалавек. З пачатку 50-х гадоў да 1994 г. у Рэспубліцы Беларусь рэабілітавана больш за 160 тыс. грамадзян.