Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

1.4.2. Касмалогія

Касмалогія – гэта навука, якая даследуе ўзнікненне, развіццё, структуру і ўласцівасці Сусвету ў ягонай цэласнасці і ўпарадкаванасці. Упарадкаванасць выступае як надзвычай важны аспект паняцця “космас”. Ужо ў антычнай культуры было выпрацавана ўяўленне пра Сусвет як гарманічна ўладкаванае ўтварэнне, і слова “κόσμος”, якое азначала адпачаткова “загад” і “усталяваны праз загад парадак” [46, т.4, с.1176], развілося ў грунтоўнае філасофскае паняцце, у якім фіксавалася і замацоўвалася згаданае ўяўленне.

У дадзеным дапаможніку тэрміны “Сусвет,” “космас” (а таксама “ўніверсум”8 і “метагалакыка”) ужываюцца як лагічныя сінонімы. З аднаго боку, прыродазнаўчы кантэкст апраўдвае такі падыход, бо ўсе яны, з пункту гледжання фізіка, абазначаюць ідэнтычны аб’ект. Акрамя таго, Сусвет (гэтаксама як і космас, універсум, метагалактыка) фізіка найперш спалучаецца з эпітэтамі “бачны”, “успрымальны” “даступны назіранням”9, што фіксуе тоеснасць згаданых тэрмінаў у надзвычай важным змястоўным аспекце. З іншага боку, аднак, канцэпцыя множнасці ўніверсумаў (мультыверсуму), хоць і не цэнтральная, але прысутная і адметная як у касмалагічнай традыцыі, так і ў сучаснай навуцы, патрабуе ў дадзеным выпадку ўліку субтыльных і тонкіх катэгарыяльных адрозненняў (як гэта мае месца, напрыклад, у інтэрпрэтацыі нашай метагалактыкі як часткі Вялікага Сусвету).

Тым не менш прыродазнаўцы, як правіла, не надта схільныя да выяўлення тонкіх катэгарыяльных нюансаў. (Пра гэта сведчыць, напрыклад, факт досыць распаўсюджанага ўжывання тэрміна “ўніверсум” у множным ліку. З філасофскага пункту гледжання яно выглядае вельмі і вельмі няпэўным, улічваючы, што згодна са сваёй этымалогіяй згаданы тэрмін мае на мэце выяўленне ўсеабдымнасці, усеагульнасці, а таму і ўнікальнасці аб’екта касмалагічных доследаў і разважанняў [34, т.2, c.868; 46, т.11, c.224].) У цэнтры нашай увагі будзе знаходзіцца далей менавіта Сусвет фізіка, г. зн. уладкаваны на аснове фізічных законаў мегасвет, што выступае як аб’ект навуковага вывучэння. Таму пры далейшым ужыванні згаданых вышэй тэрмінаў будзе акцэнтавацца хутчэй іх узаемная блізкасць (што ўласціва фізікам), чым іх вытанчаныя спецыфічныя нюансы (на якія павінен зважаць філосаф).

Тэрмін “касмалогія” ўжываўся ў ХVIII i XIX для абазначэння той галіны метафізікі, якая вывучае Сусвет як натуральную сістэму фізічных субстанцый. Пры гэтым фіксавалася выразная рознасць паміж навуковай – філасофскай (cosmologia scientifica) – і эмпірычнай, эксперыментальнай касмалогіяй (cosmologia experimentalis). Апошняя з цягам часу ўсё больш выходзіла на пярэдні план, і ў дваццатым стагоддзі яна забяспечыла сабе вяршэнства (у плане духоўнага, культурнага ўплыву) над спробамі распрацоўкі філасофскіх яе версій (як гэта мела месца, напрыклад, у творчасці А.Н.Уайтхеда (1861-1947)) [46, т.4, c.1154]. Істотны ўплыў на такое разгортванне падзей мелі поспехі фізікі, якая заўжды выступала як аснова прыродазнаўчай касмалогіі. Прасоўванне наперад у разгортванні фундаментальных фізічных даследаванняў стварала і стварае тэарэтычныя рамкі для фармулёўкі і вырашэння касмалагічных праблем. Дзякуючы інтэнсіўнаму развіццю оптыкі касмолагі маюць у сваім распараджэнні эфектыўныя сродкі для вядзення назіранняў, якія ў сучасных умовах робяць магчымай эмпірычную праверку тэарэтычных пабудоў, што апісваюць гіганцкія касмічныя структуры.

Узаемныя стасункі фізікі і касмалогіі нельга, аднак, уяўляць сабе такім чынам, нібыта яны маюць аднабаковы характар і касмалогіі належыць у іх рамках толькі роля рэцыпіента. У пэўным сэнсе яна папярэднічае фізіцы і выступае як яе перадумова, выконваючы ў дачыненні да яе, значыцца, і донарскія функцыі. Справа ў тым, што “для ўсіх касмічных падсістэм, гэта значыць для адвольна абраных лакальных абсягаў касмалогія вызначае пачатковыя і дадатковыя ўмовы” даследчай дзейнасці [34, т.2, c.866]. Дадзены момант выяўляецца найперш у тым, што грунтоўна важныя для разгортвання фізічных тэорый глабальныя ўяўленні пра прастору і час маюць, фактычна, касмалагічны характар [34, .2, c.866-867].

Шчыльная і глыбокая ўзаемасувязь касмалогіі і фізікі выяўляецца ў тым, што касмалогія экстрапалюе грунтоўныя фізічныя тэорыі10, асабліва тэорыю гравітацыі, на Сусвет у цэлым [34, т. 2, c.866]. У дадзенай сувязі паўстае пытанне пра апраўданасць і абгрунтаванасць такой экстрапаляцыі, паколькі фізічныя тэорыі абапіраюцца на эксперыменты, што здзяйсняюцца ў зямных умовах. Той момант, што яна кантралюецца назіраннямі, безумоўна, важны і значны, але дадзены кантроль зноў-такі здзяйсняецца зямным назіральнікам. (У дачыненні да гамагеннага размеркавання матэрыі ў Сусвеце, напрыклад, даводзіцца, “што эмпірычна пацверджанай з’яўляецца толькі лакальная ізатрапія, гэта значыць ізатропнае размеркаванне галактык з зямнога пункту гледжання” [40, c.169].)

Аднак калі прызнаць, што нашы зямныя ўмовы з пункту гледжання назіранняў прыродных працэсаў нічога звышасаблівага сабой не ўяўляюць (так званы каперніканскі прынцып), дык можна спадзявацца, што эмпірычны кантроль у выпадку касмалагічных тэорый не менш надзейны, чым у выпадку фізічных тэарэтычных пабудоў11. Разам з тым дадзенае дапушчэнне не вынікае з саміх касмалагічных мадэляў: яно мае характар дадатковай адвольнай перадумовы. Увогуле, касмалагічныя экстрапаляцыі фізічных тэорый наўрад ці магчымыя без такога кшталту дапушчэнняў: цяжка ўявіць сабе, што пераход ад распрацаваных на аснове лакальнага зямнога эксперыментавання тэарэтычных канструкцый да глабальных касмалагічных мадэляў можа мець характар непасрэднага абгрунтавання і высноўвання. Пра гэта сведчыць, зрэшты, і досвед сучаснага навуковага пазнання (гл.4.3).

Існуюць, аднак, і іншыя складанасці і цяжкасці, якія робяць касмалогію досыць праблематычнай галіной навуковага пазнання. У першую чаргу ў гэтым плане неабходна падкрэсліць унікальнасць аб’екта касмалагічных даследаванняў. Таму ягоныя ўсеагульныя вызначэнні, яго законы не могуць быць адкрытыя праз параўнальныя працэдуры і на падставе індуктыўных абагульненняў звычайнага характару [34, т.2, c.868]. У такіх умовах падаецца няпэўнай сама магчымасць ужывання паняццяў “усеагульнае” і “закон”, а таму і наяўнасць крытэрыя, які дазваляў бы адрозніваць намалагічныя (заканамерныя) і акцыдэнтальныя (выпадковыя) уласцівасці Сусвету [40, c.170]. У якасці выйсця ў дадзенай сітуацыі прапаноўваецца вылучэнне яго падсістэм і іх разгляд як розных яго ўвасабленняў [34, т.2, c.868]. Найбольш радыкальнае і поўнае рашэнне праблемы ў гэтым плане ўяўляе сабой, аднак, канцэпцыя рэальнай множнасці гэтых увасабленняў, рэпрэзентаваная як у антычнай, так і ў сучаснай філасофіі і навуцы.

Як было падкрэслена вышэй, касмалагічныя тэарэтычныя пабудовы абапіраюцца на вынікі лакальных зямных эксперыментаў: рэальнае эксперыментаванне касмічных маштабаў (прынамсі, на дадзены момант) знаходзіцца па-за межамі чалавечых магчымасцяў. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне ў абсягу касмалогіі набывае тэарэтычны ўзровень, бо ў такіх умовах толькі тэорыя “можа выявіць сувязі паміж феноменамі, што выступаюць як лакальныя носьбіты інфармацыі, і глабальнай структурай” [40, c.169]. Разам з тым тэарэтычныя мадэлі (у значна большай ступені, чым у іншых галінах навуковага пазнання) адзначаныя тут пячаткай гіпатэтычнасці і няпэўнасці. І на сучасным этапе касмалагічных даследаванняў стан спраў у дадзенай сферы ў гэтым плане кардынальным чынам не змяніўся. Нягледзячы на тое, што большасць навукоўцаў прытрымліваецца канцэпцыі Вялікага Выбуху, якая выконвае зараз ролю стандартнай касмалагічнай мадэлі, будова космасу можа быць пададзеная ў яе рамках рознымі спосабамі [18, c.77-78].

У сувязі з гэтым не толькі тэарэтычныя, але і метатэарэтычныя кампаненты навуковага пазнання набываюць у абсягу касмалогіі асаблівае значэнне: выбар на карысць пэўнай тэорыі ці мадэлі шмат у чым вызначаецца філасофскімі і метадалагічнымі прыярытэтамі таго ці іншага даследчыка. (Неабходна адзначыць, што шчыльнае ўзаемадзеянне з фізічнай касмалогіяй надзвычай важна і для філасофіі: яна не павінна ігнараваць – і не ігнаруе – вынікі касмалагічных даследаванняў, якія змяшчаюць у сабе істотны праблемны патэнцыял філасофскага ўзроўню.12)