- •Асновы сучаснага прыродазнаўства
- •Прадмова
- •1.Уводзіны
- •1.1.Навука як від пазнання і як феномен культуры
- •1.2.Структура навуковага пазнання
- •1.2.1.Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.2.Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.3.Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі
- •1.3. Гістарычная эвалюцыя разумення прыроды ў філасофскай і навуковай культуры
- •1.4.Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін
- •1.4.1. Фізіка
- •1.4.2. Касмалогія
- •1.4.3. Хімія
- •1.4.4. Біялогія
- •1.5. Прыродазнаўства і фармальныя навукі (логіка, матэматыка)
- •1.6. Прыродазнаўства і тэхніка
- •1.7. Прыродазнаўства і гуманітарыстыка
- •2.Гістарычнае станаўленне прыродазнаўства сучаснага тыпу
- •2.1. Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы
- •2.2. Асноўныя этапы станаўлення прыродазнаўства сучаснага тыпу
- •2.3. Гістарычнае станаўленне фізікі і касмалогіі сучаснага тыпу
- •2.4. Гістарычнае станаўленне хіміі сучаснага тыпу
- •2.5. Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу
- •3. Класічнае прыродазнаўства
- •3.1. Агульная характарыястыка класічнага прыродазнаўства
- •3.2. Класічная механіка і яе гістарычнае значэнне
- •3.3. Асноўныя характарыстыкі класічнай касмалогіі
- •3.4. Класічная тэрмадынаміка
- •3.5. Гістарычная эвалюцыя класічных прыродазнаўчых уяўленняў пра святло
- •3.6. Класічная электрадынаміка
- •3.7. Развіццё хіміі ў хіх стагоддзі
- •Рэвалюцыйныя біялагічныя адкрыцці ў хіх стагоддзі
- •Эвалюцыйная тэорыя ч.Дарвіна
- •3.8.2. Клетачная тэорыя
- •3.8.3. Тэорыя спадчыннасці г.Мендэля
- •3.9. Крызіс класічнага прыродазнаўства
- •4. Сучаснае прыродазнаўства
- •4.1. Агульная характарыстыка сучаснага прыродазнаўства
- •4.2. Навуковая рэвалюцыя пачатку хх стагоддзя: генезіс рэлятывісцкай фізікі
- •4.3. Усеагульная тэорыя адноснасці і станаўленне сучаснай касмалогіі
- •4.4. Навуковая рэвалюцыя пачатку хх стагоддзя: распрацоўка асноў квантавай фізікі
- •4.5. Квантавая фізіка і рэвалюцыя ў сучаснай хіміі
- •4.6. Праблема ўзаемадачыненняў квантавай і рэлятывісцкай фізікі
- •4.7. Тэорыя Вялікага Выбуху як Стандартная мадэль сучаснай касмалогіі
- •4.8. Стандартная мадэль у фізіцы элементарных часціц
- •4.9. Прынцыпы сіметрыі і захавання ў сучаснай фізіцы
- •4.10. Праблема грунтоўных сусветных канстант
- •Праблема існасці жыцця ў сучаснай філасофіі і навуцы
- •Праблема ўзнікнення жыцця на Зямлі і яе аналіз у сучаснай навуцы
- •Узнікненне і развіццё генетыкі
- •Сінтэтычная тэорыя эвалюцыі. Эвалюцыйная біялогія ў другой палове хх – напачатку ххі стст.
- •Прыродазнаўчыя навукі ў кантэксце вывучэння чалавека
- •Праблема антрапасацыягенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты
- •Праблема суадносінаў біялагічнага і духоўнага ў чалавеку
- •Біяэтыка як міждысцыплінарны пазнавальны кірунак
- •Вучэнне пра самаарганізацыю
- •Замест заключэння
- •Лiтаратура
- •Cлоўнік асноўных паняццяў
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў
А.І.Бабко
Асновы сучаснага прыродазнаўства
Вучэбны дапаможнік
Мінск 2012
Прадмова
Выдатная роля тэарэтычнага прыродазнаўства ў сучасным грамадстве, поспехі, дасягнутыя ім у пазнанні прыродных працэсаў, ствараюць спрыяльныя ўмовы для пашырэння адмысловага тыпу светапогляду – натуралістычнага. Натуралістычнае светабачанне прасякнута перакананнем у духоўным вяршэнстве прыродазнаўчых навук (і ў плане распрацаванай імі карціны свету, і з пункту гледжання характэрных для іх пазнавальных працэдур). У адпаведнасці з гэтым праз іх прызму разглядаюцца і філасофскія праблемы, пазнавальны патэнцыял прыродазнаўства лічыцца дастатковым для найбольш глыбокага іх вырашэння.
Надзвычай яскрава дадзеная пазіцыя выявілася ў супольнай кніжцы C.Хокінга і Л.Млодзінава “Вялікі праект: Новае тлумачэнне ўніверсуму”. Аўтары абвясцілі ў ёй, што філасофія памерла і што адвечныя пытанні светапогляднага зместу і характару перайшлі ў кампетэнцыю навукі [43, c.11]. З іх разважанняў вынікае, што гіпатэтычныя навуковыя канструкцыі здольныя спасцігнуць і чалавека, і Сусвет, прычым яны могуць зрабіць гэта найлепшым, найглыбейшым з усіх існых духоўных формаў чынам. Аўтары падкрэсліваюць, што навуковы, рацыянальны шлях пазнання рэчаіснасці грунтуецца на прынцыпе дэтэрмінізму: кожную (без выняткаў) падзею ва ўніверсуме неабходна разглядаць як абумоўленую законамі прыроды [43, c.33]. Ідэя свабоды волі выглядае ў такой сітуацыі тэарэтычнай рэакцыяй на нашу няздольнасць ахапіць і разлічыць паводзіны ўсіх тых часцінак, з якіх складаецца чалавечы арганізм. На самай справе нашы учынкі (як і праявы быцця ўсякага іншага матэрыяльнага ўтварэння ў Сусвеце) намалагічна1 абумоўлены, і толькі надзвычайная складанасць нашай структуры не дазваляе перадаць іх сапраўдную існасць у функцыянальных матэматычных залежнасцях. У такіх умовах не застаецца нічога іншага, як звярнуцца да гіпотэзы, якая мае ніштаваты тлумачальны патэнцыял і дае магчымасць у пэўнай ступені справіцца з адпаведнымі тэарэтычнымі і практычнымі праблемамі, – гіпотэзы свабоднай волі чалавека [43, c.33-35]. (Свабода вытупае тут, такім чынам, як мера нашага няведання.)
Неабходна адзначыць, што дэтэрміністычная карціна свету, якую адстойваюць С.Хокінг і Л.Млодзінаў, уласцівая найперш класічнаму прыродазнаўству, прыродазнаўству ХVII-ХІХ стагоддзяў. Натурфіласофскія (у шырокім сэнсе слова) пошукі і знаходкі прадстаўнікоў сучаснай навукі дазваляюць дапоўніць і ўзбагаціць яе. За адназначнай заканамернасцю рэальных працэсаў, апісаных адпаведным чынам класічнай фізікай, навука ХХ ст. адкрыла панаванне выпадку. Э.Шродзінгер, напрыклад, падкрэслівае ў дадзенай сувязі, што “ўсеагульны корань строгай заканамернасці, якую мы назіраем, – гэта выпадак”2 [81, c.10]. Ва ўнісон з выдатным фізікам знаны біёлаг Ж.Манод піша, што створанае эвалюцыяй багацце жывых формаў на Зямлі з’яўляецца “вынікам гіганцкай латэрэі, дзе чыста выпадкова выцягваюцца нумары, з якіх сляпы адбор вызначае рэдкіх пераможцаў” [64, с.155]. Універсум зусім не напоўнены жыццём, не выношвае яго ў сваім чэраве, як і біясфера не выношвала ў сваім чэраве чалавека: у падабенстве з іншымі жывымі істотамі мы чыста выпадкова атрымалі шчаслівы латэрэйны білет [64, c.161].
Такім чынам, атрымалася карціна, дзе чалавек падаецца як выпадковы прадукт эвалюцыйнага працэсу, а яго жыццё – як падпарадкаванае сляпой прыроднай неабходнасці. Уся яго ўнікальнасць зводзіцца да неймавернай складанасці ягонай структуры і найперш мозга – крыніцы яго каласальных магчымасцяў і здзяйсненняў. Для тых, хто падзяляе каштоўнасці, угрунтаваныя ў гуманітарнай культурнай традыцыі, для каго чалавек – гэта найперш духоўная істота, натуралістычны падыход быў і застаецца непрымальным. Гэта выразна выявілася ў звязанай з гуманітарнай культурай філасофскай традыцыі. Яе прадстаўнікі нястомна падкрэслівалі абмежаваны характар прыродазнаўчай карціны свету. Г.-Г.Гадамер, напрыклад, указваў, што фізіка нават у самым лепшым для яе выпадку – калі б яна ўзнялася да так званай тэорыі ўсяго – не магла б прэтэндаваць на ўніверсальны статус, бо ў ёй з неабходнасцю захаваецца адрозненне паміж тым, хто робіць разлікі, і тым, што разлічваецца: “Фізіка, якая разлічвала б самую сябе і была б сваім уласным разлічваннем, заставалася б супярэчнасцю ў сабе” [38, c.456]. Філосаф дадае, што сітуацыя ў біялогіі мае аналагічны характар [38, c.456].
Натуралістычная пазіцыя падаецца таксама досыць абмежаванай і, магчыма, нават рызыкоўнай у этычным плане. Наколькі эфектыўна на яе аснове можна супрацьстаяць спакусам, на якія багатая сучасная навука? І ці не спрыяе ўяўленне пра тое, што чалавек – гэта ўсяго толькі надзвычай складаная біямашына, калі не ўсім магчымым спробам яго тэхнічнага ўдасканалення, дык, прынамсі, памяркоўным і добра ўзважаным? Пільнасць і асцярожнасць тут тым больш неабходныя, што ў рэчаіснасці мелі і маюць месца практыкі, у якіх чалавек зводзіцца да ўзроўню аб’екта маніпулявання і эксперыментавання (тое, што адбывалася ў нацысцкіх канцлагерах, уяўляе сабой, безумоўна, найбольш адыёзны прыклад такіх практык).
Аднак падкрэсліць адпачатковую абмежаванасць і рызыкоўнасць натуралістычнага светабачання, шукаць і знайсці ў ім іншыя заганы і спыніцца на гэтым – досыць аднабаковы і бясплённы спосаб абыходжання з дадзеным феноменам. Значна больш дзейсны і выніковы шлях – разглядаць яго як выклік, як сур’ёзную філасофскую праблему, што задае важны кірунак тэарэтычнага аналізу. Таму сутыкненне з ім павінна ператварыцца ў дыялог. Прыхільнікі адпаведнага кола ідэй надзвычай высока ацэньваюць светапоглядны патэнцыял прыродазнаўства і, як правіла, бліскуча валодаюць ім. Таму дыялог з імі можа быць паспяховым толькі ў тым выпадку, калі прыродазнаўчая праблематыка не знікне з яго прадметнага, змястоўнага поля. Гэта цягне за сабой, аднак, неабходнасць сур’ёзнага яе даследавання, грунтоўнага аналізу светапоглядных патэнцый, светапоглядных асноў і светапоглядных набыткаў тэарэтычнага прыродазнаўства.
Разам з тым праблемнае поле згаданага дыялогу не павінна абмяжоўвацца прыродазнаўчымі аспектамі. Набыткі гуманітарыстыкі не менш значныя і адпаведныя аргументы не менш важкія, чым прыродазнаўчыя. І трэба адзначыць, што ў пэўных выпадках яны ўспрымаюцца прыродазнаўцамі з усёй магчымай сур’ёзнасцю. Тут варта ўзгадаць вядомага нямецкага фізіка К.Ф.фон Вайцзэкера, які здолеў узняцца да грунтоўнай, прафесійнай філасофскай рэфлексіі. Ён з прызнаннем згадвае гуманітарыстыку (“навуку пра дух” – Geisteswissenschaft) з яе інтэрпрэтацыйнымі падыходамі, бо яна шмат што дала яму ў плане разумення гісторыі філасофіі, без якога плённыя філасофскія даследаванні проста немагчымыя [88, c.72].
Натуралістычны светапогляд належыць да духоўных феноменаў, да якіх нельга ставіцца абыякава. Ён правакуе і змушае да пошукаў. У ім выяўляецца каласальная складанасць праблемы чалавека і яго месца ў Сусвеце. Дыялагічная альтэрнатыва натуралізму звязаная з сур’ёзным стаўленнем да яго і да ягоных аргументаў, якія павінны быць уключаныя ў больш шырокі духоўны кантэкст, правераныя і пераасэнсаваныя ў ім. Такая пазіцыя мае сваёй перадумовай, аднак, грунтоўнае вывучэнне прыродазнаўчых навук.
Паспрыяць такому вывучэнню і мае на мэце дадзены дапаможнік. У структурным плане ён складаецца з уводзінаў і трох вялікіх раздзелаў. Ва ўводзінах разглядаюцца істотныя рысы навукі ў цэлым, даецца агульная характарыстыка яе прыродазнаўчага сегмента і яго стасункаў з іншымі відамі пазнання. Кожны з наступных раздзелаў прысвечаны пэўнай гістарычнай эпосе ў развіцці прыродазнаўчых навук. Усе раздзелы разбітыя на параграфы (раздзеленыя ў некаторых выпадках на пункты), якія завяршаюцца пададзеным паўтлустым курсіўным шрыфтам абагульненнем выкладзенага ў іх матэрыялу. Да кожнага параграфа дадаюцца пытанні і заданні, як правіла, творчага характару: яны запатрабуюць ад чытача сур’ёзных высілкаў, у шмат якіх выпадках – звароту да дадатковай літаратуры.
У дапаможніку прыняты звычайны парадак цытавання і згадкі ўжытых крыніц: у квадратных дужках падаецца нумар цытаванай працы ў спісе літаратуры і нумар старонкі (у выпадку шматтомавых выданняў указваецца таксама нумар тома). Калі гаворка ідзе пра інтэрнэт-крыніцу, дык прыводзіцца, натуральна, толькі яе парадкавы нумар у згаданым спісе, змешчаным у канцы тэкста. Ім дапаможнік, аднак, не завяршаецца, яго апошнім структурным элементам з’яўляецца слоўнік асноўных паняццяў. У ім даецца азначэнне найважнейшых прыродазнаўчых тэрмінаў (у першую чаргу і ў найбольшай частцы тых, што ўжываюцца, але не вызначаюцца непасрэдна ў тэксце дапаможніка).
Выказваю шчырую падзяку ўсім, хто падтрымаў дадзены праект, – калектыву кафедры філасофіі БДУКМ, супрацоўнікам рэдакцыйнага аддзела ўніверсітэта, рэцэнзентам. Спадзяюся, што дапаможнік знойдзе свайго – удумлівага, зацікаўленага – чытача, і з удзячнасцю прыму кожную аб’ектыўную заўвагу і кожны абгрунтаваны крытычны водгук.