Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

3.8.3. Тэорыя спадчыннасці г.Мендэля

У 1865 г. Г.Мендэль сфармуляваў асновы сучаснай тэорыі спадчыннасці ў жывой прыродзе. Як было падкрэслена вышэй, ідэі Мендэля не сустрэлі значнага водгуку ў сучаснікаў і знайшлі прызнанне толькі напачатку ХХ ст. Згодна з тэарэтычнымі ўяўленнямі, што дамінавалі на той час у біялагічным вывучэнні спадчыннасці, кожная жывая істота мусіла ўспадкоўваць задаткі, здольнасці і схільнасці, якія выступаюць як прадукт змешвання да нейкага сярэдняга ўзроўню характэрных рыс бацькоўскага і мацярынскага арганізмаў [34, т.2, с.268]. У адрозненне ад гэтага пагрунтаванага на прынцыпе бесперапыннасці падыходу мендэлеўская тэорыя абапіралася на прынцып дыскрэтнасці. У адпаведнасці з ёю аплодненая яйцаклетка змяшчае ў сабе два (і няйначай, як два) фактары77, адказныя за пэўную прыкмету будучага арганізма: адзін паходзіць з бацькоўскага, другі з мацярынскага арганізма. У фенатыпе выяўляецца пэўны з іх, ён дамінуе. Другі фактар нібы знікае, ён ніяк не выяўляецца вонкі. Тым не менш ён можа быць перададзены наступнаму пакаленню і выявіцца ў ім.

Неабходна адзначыць, што на даследаванні Мендэля самым істотным чынам паўплывала класічная механіка. Ён імкнуўся распрацаваць падобную да яе па сваёй лагічнасці і дакладнасці тэорыю спадчыннасці [51, c.30]. Свае даследаванні навуковец арганізаваў паводле н’ютанаўскага ўзору, старанна праводзячы шматлікія і разнастайныя гібрыдалагічныя эксперыменты (эксперыменты па скрыжаванні раслін) і апрацоўваючы іх вынікі пры дапамозе матэматычных (статыстычных) метадаў. Ягоная засяроджанасць на сваёй мары – адкрыць грунтоўныя законы спадчыннасці, як Н’ютан адкрыў фундаментальныя законы механічнага руху, была шчодра адплочана лёсам: ён здолеў сфармуляваць тры законы, на якіх грунтуецца простая78 перадача спадчыннай інфармацыі (перадача прыкмет, што вызначаюцца адным фактарам (генам)).

Згодна з першым мендэлеўскім законам у першым пакаленні монагібрыднага скрыжавання79 назіраецца аднастайнае дамінаванне пэўнай прыкметы (уласцівай пэўнаму з бацькоўскіх арганізмаў). Другі закон вызначае вынікі скрыжавання асобін першага пакалення паміж сабой. Статыстычная іх апрацоўка дазволіла выявіць колькасныя суадносіны паміж альтэрнатыўнымі фактарамі – тым, што аднастайна дамінаваў у першым пакаленні (дамінантным), і прыхаваным (рэцэсіўным). Дамінантная прыкмета і на гэтай ступені захоўвае сваю перавагу: адпаведная залежнасць выглядае як 3:1 на яе карысць. Такая залежнасць цалкам стасуецца з дапушчэннем пра тое, што кожная асобіна з’яўляецца носьбітам дыскрэтных адзінак спадчыннай інфармацыі, якія паходзяць з абодвух бацькоўскіх арганізмаў. Паводле правілаў камбінаторыкі ў дадзеным выпадку могуць мець месца чатыры варыянты размеркавання згаданых адзінак. У трох з іх прысутнічае дамінантны фактар (у адным ён спалучаецца з ідэнтычнай яму дамінантнай адзінкай і ў двух з рэцэсіўнай). Ва ўсіх гэтых выпадках у фенатыпе адпаведных асобін выяўляецца дамінантная прыкмета. А вось чацвёрты варыянт рэцэсіўны ў сваім фенатыпічным выніку, бо ў ім рэцэсіўны фактар спалучаецца з рэцэсіўным адпаведнікам. Што да трэцяга мендэлеўскага закона, дык у ім даводзіцца пра незалежнасць перадачы наступным пакаленням розных фактараў (фактараў, што вызначаюць розныя фенатыпічныя прыкметы) адзін ад аднаго; яны спалучаюцца пры гэтым усімі магчымымі спосабамі.

Такім чынам, паводле дарвінаўскага вучэння ў жывой прыродзе пануе дух зменлівасці і развіцця. Біялагічныя віды не з’яўляюцца фіксаванымі, яны ўзнікаюць у выніку натуральных прычын. Сапраўдным “рухавіком” эвалюцыі жывога з’яўляецца натуральны адбор. Грунтоўнае значэнне ў дарвінаўскай тэорыі эвалюцыі мае таксама ўяўленне пра адзінства паходжання наяўных формаў жыцця. Яны ўзыходзяць праз мноства папярэдніх пакаленняў да невялікай колькасці першаформаў.

Згодна з клетачнай тэорыяй клетка з’яўляецца грунтоўнай структурнай адзінкай усяго жывога. Яна разглядаецца ў згаданай тэорыі як сапраўдны цэнтр жыццядзейнасці арганізма, які не можа ўзнікнуць інакш, як з іншай клеткі. Клетачная тэорыя выступіла як падмурак для далейшых даследаванняў, якія прынеслі істотныя навуковыя вынікі.

Распрацаваная Г.Мендэлем тэорыя спадчыннасці грунтавалася на прынцыпе дыскрэтнасці. Паводле Мендэля, аплодненая яйцаклетка змяшчае ў сабе два фактары, адказныя за пэўную прыкмету будучага арганізма: адзін паходзіць з бацькоўскага, другі з мацярынскага арганізма. У фенатыпе выяўляецца пэўны з іх, другі фактар ніяк не выяўляецца вонкі, хоць можа быць перададзены наступнаму пакаленню і выявіцца ў ім. Навуковец здолеў сфармуляваць тры законы, на якіх грунтуецца простая перадача спадчыннай інфармацыі – перадача прыкмет, што вызначаюцца адным фактарам.

ПЫТАННІ ІЗАДАННІ

  1. Чаму, на Ваш погляд, у сучасных навуковых дыскусіях спасылкі на працы Ч.Дарвіна (зрэшты, як яго прыхільнікаў, так і непрыяцеляў) уяўляюць сабой нармальную, звычайную з’яву? Чаму згаданыя працы не страцілі сваёй актуальнасці?

  2. Сучасныя біёлагі-эвалюцыяністы даводзяць, што “ўсе формы жыцця змагаюцца за месца пад сонцам не адна з адной, а з хаосам нежывой прыроды” [13, с.38]. Ці можа дадзеная тэза фігураваць як аргумент супраць сацыял-дарвінізму?

  3. Як Вы лічыце, чаму тэорыя Г.Мендэля заставалася незаўважанай навуковай супольнасцю ад яе з’яўлення і да канца ХІХ ст.?

  4. Паспрабуйце выявіць узаемасувязі вялікіх біялагічных адкрыццяў ХІХ ст. Як бы Вы вызначылі агульны характар гэтых узаемасувязяў? Неабходна весці гаворку пра іх узаемадапаўняльны характар ці яны маюць больш глыбокую падаснову?

  5. Паспрабуйце выявіць светапоглядныя імплікацыі вялікіх біялагічных тэорый ХІХ ст.