Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

1.4.3. Хімія

Хімія займае “цэнтральнае” месца ў сістэме прыродазнаўчых навук. Дадзенае становішча з’яўляецца, з аднаго боку, надзвычай спрыяльным для яе развіцця, даючы ёй магчымасці для інтэнсіўнага ўзаемадзеяння і з фізікай, і з біялогіяй. З іншага боку, аднак, знаходжанне паміж фізікай і біялогіяй прынесла хіміі не толькі выгоды, бо яе магутныя суседкі папросту засланілі яе і яна пазбавілася (прынамсі, з боку філосафаў) значнай долі заслужанай увагі. Больш за тое, у такіх умовах паўстала пытанне адносна адметнасці гэтай навуковай дысцыпліны, яе саматоеснасці, спецыфікі яе праблемнага поля і яе метадаў. Фактычна, хімікі заўжды былі вымушаны змагацца за прызнанне, за прызнанне аўтаноміі сваёй сферы ведаў, яе спецыфічнай рацыянальнасці і г. д. [20, c.9].

Калі хімію разглядаць як навуку, што вывучае заканамернасці, на якіх грунтуюцца паводзіны, структура і пераўтварэнні рэчываў (а яна, як правіла, менавіта так і разглядаецца), дык атрымліваецца, што яна мае справу з надзвычай шырокім колам феноменаў і працэсаў. Па сутнасці “гэта навука, што пераходзіць межы паміж косным і жывым, паміж мікраскапічным і макраскапічным” [20, c.9], і дадзеная неабсяжнасць яе праблемнага поля таксама істотным чынам абвастрае праблему яе ідэнтычнасці. Акрамя таго, хімія выглядае у гэтай сувязі як экстэнсіўная па сваім характары навуковая дысцыпліна. Адзначым, што “экстэнсіўнай навукай” (у адрозненне ад фізікі) яе назваў С.Арэніюс (1859-1927), які абгрунтоўваў сваё меркаванне наступным чынам: “Хімія працуе з гіганцкай колькасцю рэчываў, але цікавіцца пры гэтым толькі некаторымі іх уласцівасцямі.” А вось фізіка, на яго думку, мае справу з невялікай колькасцю рэчываў, але пры гэтым імкнецца глыбока аналізаваць вынікі эксперыментаў, што праводзяцца ў яе абсягу. Таму яна з’яўляецца інтэнсіўнай навукай [26, c.168-169].

Тым не менш, нягледзячы на надзвычайную разнастайнасць з’яў, што вывучаюцца хіміяй, можна вылучыць пэўныя агульныя характарыстыкі яе праблемнага поля, істотныя і важныя для яго разумення і вызначэння. У першую чаргу неабходна падкрэсліць, што ў сферы хімічных даследаванняў (як і на іншых кірунках навуковага пошуку) надзвычай важна адрозніваць простыя і складаныя феномены. Выразнае правядзенне такога адрознення (а таксама адрознення паміж простымі і складанымі хімічнымі аб’ектамі, з аднаго боку, і рашчынамі, з іншага) належыць да кола найважнейшых навацый, з якіх распачынаецца развіццё хіміі сучаснага тыпу.

У дадзенай сувязі неабходна адзначыць, што хімікі маюць магчымасць больш смела і ўпэўнена абыходзіцца з паняццем элементарнага, чым фізікі. Справа ў тым, што элементарныя ў хімічных адносінах аб’екты вызначаныя, з імі праводзяцца доследы, распрацаваная іх навуковая класіфікацыя і г. д. У якасці такіх аб’ектаў цалкам справядліва разглядаюцца атамы: іх нельга падзяліць на больш простыя часткі, якія выяўлялі б спецыфічныя хімічныя ўласцівасці.(электраадмоўнасць, энергія іанізацыі і інш.). Такім чынам, у сферы хімічных даследаванняў атам у пэўных адносінах захаваў той статус, што адпачаткова належаў яму ў рамках спекулятыўна-філасофскай і навуковай атамістычных традыцый. (У абсягу фізікі сітуацыя мае кардынальна іншы характар, і даследчыкі мусяць быць вельмі асцярожнымі ў гэтым плане.) Сукупнасць атамаў аднаго тыпу (які вызначаецца зарадам атамнага ядра) выступае як хімічны элемент.

Складаныя рэчывы (хімічныя злучэнні) ўтвараюцца, відавочна, з простых у выніку ўзаемадзеянняў паміж імі, якія называюцца хімічнымі рэакцыямі. Згаданае ўтварэнне адбываецца праз усталяванне пэўнага тыпу хімічных сувязяў, якія не надта лёгка, хаця і магчыма, разбурыць. (Працэс іх разбурэння таксама з’яўляецца хімічнай рэакцыяй пэўнага тыпу.) Уласцівасці складаных рэчываў не зводзяцца да ўласцівасцяў іх кампанентаў, не з’яўляюцца іх механічнай сумай. У дадзенай сувязі паўстае праблема, якая мае філасофскае гучанне і абмяркоўваецца ў рамках філасофіі хіміі, – “праблема рэальнасці існавання элементаў у злучэннях, якія яны ўтвараюць” [4, c.77]. Першасная (найпрасцейшая) цэласная адзінка ўсялякага складанага рэчыва – гэта малекула. Але не кожная малекула прадстаўляе хімічнае злучэнне (не прадстаўляе ў тым выпадку, калі яна складаецца з атамаў аднаго хімічнага элемента). Хімічныя злучэнні таксама ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, спараджаючы новыя рэчывы, і адпаведныя рэакцыі таксама вывучаюцца хіміяй.

Неабходна адзначыць, што для хімічнай навукі традыцыйна харктэрныя значна больш інтэнсіўныя, чым для іншых прыродазнаўчых дысцыплін, стасункі з практыкай, з вытворчасцю. Гэта знаходзіць пэўны адбітак і ў самой яе назве. Этымалогія слова “хімія”, зрэшты, не такая празрыстая, як у выпадку касмалогіі, фізікі ці біялогіі і вакол яе вядуцца навуковыя дыскусіі (магчыма, з больш глыбокім, чым чыста гістарычны ці лінгвістычны, падтэкстам). Можна дапусціць, што яно мае ў канчатковым выніку старажытнаегіпецкія карані і ўзыходзіць да выразу “краіна чорнай зямлі” (непасрэднай яго этымалагічнай крыніцай з’яўляецца хутчэй за ўсё слова “алхімія”). Пры гэтым маецца на ўвазе дэльта Ніла і прылеглы да яе рэгіён Старажытнага Егіпта, дзе квітнелі рамёствы, у прыватнасці вытворчасць металаў і шкла [79, c.7-9].

Шчыльная сувязь хіміі з практыкай і вытворчасцю (нават на ўзроўні фундаментальных даследаванняў) робіць яе ў значна большай ступені, чым іншыя навукі, уразлівай і прыступнай для грамадскай крытыкі, якая можа мець розны грунт і характар. Так, на ўзроўні масавай свядомасці яна мае не лепшы імідж, бо праз яе глыбокія ўзаемасувязі з хімічнай вытворчасцю ёй прыпісваецца саўдзел у “экалагічных злачынствах” тэхнагеннай цывілізацыі, у разбурэнні прыроды. Для інтэлектуалаў, крытычна настроеных у дачыненні да сучаснага заходняга грамадства, “хімія – гэта невядомае, гэта незразумеласць грамадскай улады, што зрабілася ўлоўнай”, яна і сёння застаецца “сімвалам і ўвасабленнем злавеснага”, “грамадскай магіяй”, “ал-хіміяй” [34, т.1, c.459]. А вось самі хімікі лічаць такое стаўленне да іх навукі несправядлівым і неабгрунтаваным, бо ў ім ігнаруецца ўсё карыснае, што яна прыносіць людзям.