Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

1.3. Гістарычная эвалюцыя разумення прыроды ў філасофскай і навуковай культуры

Паняцце прыроды ў рэлевантным для вызначэння сутнасці прыродазнаўства сэнсе фіксуе сферу рэчаіснасці, элементы якой узнікаюць і функцыянуюць незалежна ад чалавека. У гэтым плане прырода супрацьпастаўляецца культуры і грамадству. Філасофскае разуменне прыроды, яе вобраз у культуры, канцэптуальныя асновы яе навуковага (прыродазнаўчага) спасціжэння эвалюцыянавалі, змяняліся з кожнай новай гістарычнай эпохай.

У антычнай Грэцыі з дадзеным паняццем звязвалася найперш здольнасць да спараджэння, здольнасць выклікаць працэсы станаўлення. (У гэтым плане назва “фізіка” больш пасавала б сучаснай хіміі, чым фізіцы [20, c.20].) Разам з тым у раннім антычным мысленні распрацоўваецца і разуменне прыроды як існасці рэчаў, як іх асновы, як іх якаснага ўладкавання [34, т.3, с.58]. Асаблівае значэнне для антычнага разумення існасці прыродных з’яў і працэсаў мела творчасць Арыстоцеля. Менавіта ён ясна і выразна выявіў адрозненне паміж прыродным (якое мае прынцып свайго руху ў самім сабе) і тым, што належыць да сферы чалавечага ўмельства (тэхнэ і поіэзіс) і выступае як перайманне натуральнага. З пункту гледжання ўплыву на далейшае развіццё філасофскіх і навуковых уяўленняў пра прыроду ў антычнай традыцыі неабходна адзначыць таксама пантэістычную канцэпцыю стоікаў (“для біёлага і натурфілосафа Эрнста Гекеля яна была яшчэ і напачатку нашага7 стагоддзя дзейснай натурфіласофскай крыніцай” [34, т.3, с.509]). У ёй прырода спасцігаецца як боская і творчая сіла.

Сярэднявечча разглядала прыроду ў рэлігійна-тэалагічным кантэксце. Тым не менш у сярэднявечным мысленні – хоць вельмі паступова, але няўхільна – здзяйсняецца тэндэнцыя да прызнання аўтаномнага характару заканамерных сувязяў прыроды і памкненне да яе пазнання ў гэтай аўтаномнасці. (Праўда, яно павінна было ў канчатковым выніку зноў-такі прывесці да Бога, да больш глыбокага ўсведамлення яго мудрасці і ўсемагутнасці.)

Згаданая тэндэнцыя ў сярэднявечнай культуры падрыхтавала інтэлектуальныя навацыі ў разуменні прыроды, характэрныя для эпохі Адраджэння. Грунтоўная роля ў гэтым разуменні належыць пантэістычнаму прынцыпу, і прырода зноў (як і ў стоікаў) паўстае як бясконцая і творчая сіла, як увасабленне боскага духу. Задача чалавека – у тым, каб адчуць і ахапіць розумам гармонію адухатворанага космасу і спрыяць яе ўсё больш поўнаму здзяйсненню. Адсюль вынікае неабходнасць усебаковага вывучэння прыроды і пагрунтаванай на набытых ведах актыўнай дзейнасці ў ёй. Пры гэтым назіраецца памкненне задзейнічаць самыя разнастайныя пазнавальныя стратэгіі і працэдуры – ад магічных практык да карпатлівага індуктыўнага даследавання пэўных сегментаў рэчаіснасці.

На гэтай аснове, з аднаго боку, паўстала механістычнае бачанне прыроды, уласцівае навуцы сучаснага тыпу, што народжвалася ў той час, – бачанне яе як дасканалага механізму. Яго пераняла і асветніцкая філасофія, што арыентавалася на навуку, у рэчышчы якой разгортваліся і творчыя пошукі Канта. Вынікам згаданых пошукаў з’явілася прыведзенае вышэй (гл. 1.2.4) разуменне прыроды як вызначанага законамі быцця. Адэкватная карціна прыродных працэсаў павінна грунтавацца, значыцца, на выяўленні іх фундаментальных законаў, як гэта адбываецца ў класічным прыродазнаўстве.

З іншага боку, не згубілася і іншая традыцыя – традыцыя яе разгляду як жывой і творчай сілы. Гэты разгляд грунтаваўся на дыялектычных прынцыпах, прынцыпах развіцця, універсальнай сувязі, тоеснасці супрацьлеглых пачаткаў. У рэчышчы згаданай традыцыі паўсталі дыялектычна-спекулятыўныя натурфіласофскія канцэпцыі, прапанаваныя ў рамках нямецкага класічнага ідэалізму. Разуменне прыроды як дыялектычна арганізаванай цэласнасці, якая знаходзіцца ў працэсе няспыннага руху і развіцця, характарызуе таксама марксісцкую філасофію, скарэляваную з вялікімі дасягненнямі прыродазнаўства ХІХ стагоддзя, і найперш з эвалюцыйнай тэорыяй.

Ж.Манод разглядае супрацьстаянне згаданых дзвюх традыцый у кантэксце дынамікі і версіфікацыі дачынення чалавека да прыроды. Адпачаткова дадзенае дачыненне мела анімістычны характар. Усе матэрыяльныя аб’екты спасцігаліся ў ёй як адухатвораныя. У сувязі з гэтым нежывыя, на першы погляд, рэчы рабіліся больш таямнічымі, чым людзі і жывёлы. Сапраўды, іх глыбока схаваныя душы мусілі сілкаваць гэтаксама глыбока схаваны, патаемны праект. Такім чынам, па сваіх найістотнейшых характарыстыках Чалавек і Прырода ўтваралі адзінае цэлае, Прырода не магла быць далёкай і чужой Чалавеку, абыякавай да яго. Пагрунтаваная на прынцыпе аб’ектыўнасці навуковая версія згаданага дачынення разбурала дадзенае адзінства. Але, як лічыць Ж.Манод, па-за межамі ўсталяванага міфалагічным анімізмам глыбокага альянсу Чалавека і Прыроды чалавецтву, магчыма, не застаецца нічога іншага, акрамя пачуцця самоты. У гэтым плане пошукі альтэрнатыў характэрнаму для класічнай навукі бачанню прыроды навуковец звязвае з памкненнем абараніць згаданы альянс і разглядае іх як новы варыянт “касмічнага анімізму” [64, c. 43-44].

Рэвалюцыя ў прыродазнаўстве, што адбылася напачатку ХХ стагоддзя, і далейшае развіццё сучаснай навукі праблематызавалі суадносіны неабходнасці і выпадковасці ў самой аснове прыродных з’яў і працэсаў. Згодна з квантава-механічным (праўда, набясспрэчным) іх апісаннем згаданую аснову ўтвараюць статыстычныя законы. Гэта азначае, што яна ўяўляе сабой непадзельнае дыялектычнае адзінства неабходнага і выпадковага, а таму змяшчае ў сабе момант адкрытасці (няпэўнасці) у дачыненні да будучага развіцця. Сістэмнае бачанне прыроды, ідэя, згодна з якой у ёй дамінуюць менавіта адкрытыя сістэмы (адкрытыя і для ўзаемадзеяння са сваім асяроддзем, і ў дачыненні да сваёй прышласці), займаюць цэнтральнае месца ў тэорыях самаарганізацыі. Навука імкнецца, такім чынам, выпрацаваць новы вобраз прыроды, блізкі да духоўнага свету чалавека і чалавецтва, здольны да гарманічнага паяднання з гэтым апошнім [75, c.XXVIII]. З дадзенай тэндэнцыяй арганічна стасуецца той момант, што ў сучасным навуковым пазнанні даследчык улучаецца ў прыродны кантэкст, які ім даследуецца, як дзейная цялесная істота [46, т.6, с.478]. Усё гэта сведчыць пра выспяванне перадумоў для прынцыпова новай сістэмы дачыненняў чалавека і прыроды, пэўныя адзнакі якой ужо выяўляюцца ў той ці іншай ступені, найперш дзякуючы інтэнсіўным (бія)этычным пошукам (гл. 4.16).

Такім чынам, прырода ў кантэксце прыродазнаўчага яе спасціжэння выступае як сфера рэчаіснасці, элементы якой узнікаюць і функцыянуюць незалежна ад чалавека. Яе вобраз эвалюцыянаваў і эвалюцыянуе ў культуры ўвогуле і ў яе навуковым сегменце. Уяўленне пра спецыфіку прыроднага ў дачыненні да створанай чалавекам “культурнай” рэчаіснасці з’яўляецца набыткам антычнай традыцыі (Арыстоцель). У эпоху Антычнасці было выпрацавана і разуменне прыроды як боскай і творчай сілы (стоікі). У Сярэднявеччы прырода разглядалася ў рэлігійна-тэалагічным кантэксце. Разам з тым у рамках дадзенага кантэксту выяўляецца тэндэнцыя да яе спасціжэння ў ейнай адноснай аўтаномнасці, што рыхтавала глебу для рэнесансавай яе інтэрпрэтацыі. Выбітныя інтэлектуалы эпохі Адраджэння бачылі задачу чалавека ў тым, каб адчуць і ахапіць розумам гармонію адухатворанага космасу і спрыяць яе ўсё больш поўнаму здзяйсненню. Адсюль вынікала неабходнасць усебаковага вывучэння прыроды і актыўнай дзейнасці ў ёй. На аснове рэнесансавых інтэлектуальных навацый паўсталі найважнейшыя традыцыі ў яе разуменні, характэрныя для Новага часу – механічная, на грунце якой і ўзнікла навука сучаснага тыпу, і дыялектычна-спекулятыўная, якая ўвасобілася найперш у натурфіласофскіх пабудовах прадстаўнікоў нямецкага класічнага ідэалізму. Сучасная навука няўхільна прасоўваецца да новага вобразу прыроды, найхарактэрнейшай рысай якога з’яўляецца адкрытасць, найперш адкрытасць для разнастайных шляхоў у будучыню. У сувязі з гэтым і чалавек павінен па-новаму паглядзець на сваё месца ў прыродным цэлым і выпрацаваць новыя патрабаванні да сябе і да сваіх дачыненняў з ім.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1. Якая з тэндэнцый у спасціжэнні існасці прыроды, што выявіліся ў духоўных пошуках чалавецтва, найбольш блізкая Вам? Чаму?

  2. У якім плане ўсеагульнае разуменне прыроды з’яўляецца важным для навукі?

  3. Параўнайце характэрныя для Антычнасці версіі разумення прыроды і сучасныя падыходы. Якія агульныя рысы і якія адрозненні існуюць у яе бачанні старажытным элінам і сучасным чалавекам?

  4. Ці пагодзіцеся Вы з Ж.Манодам у тым, што навука з уласцівым ёй прынцыпам аб’ектыўнасці адчужае чалавека ад прыроды? Наколькі абгрунтаваным і слушным падаецца Вам прапанаваны І.Прыгожыным адказ Ж.Маноду: навука зусім не абавязкова павінна спасцігаць прыроду як механічнае, маркотна-манатоннае, закрытае ўтварэнне?