Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать
  1. Як Вы лічыце, якое месца сярод сутнасных характарыстык жывога займае яго матэрыяльны субстрат?

  2. Якія прыкметы жывога з’яўляюцца найістотнейшымі, на Ваша меркаванне? Чаму?

  3. Што, на Вашу думку, прыцягвае ўвагу філосафаў да праблемы існасці жыцця? Што могуць даць адна адной у кантэксце яе вырашэння сучасная філасофія і біялогія? (Гл. 1.3.4)

  4. Як гаварылася ў тэксце параграфа, Д.Лекур даводзіць пра магчымасць новай тэорыі жывога, у якой пераадольвалася б супрацьлегласць механіцызму і віталізму. Ці не з’яўляецца тэарэтычны сінтэз механіцысцкай і віталісцкай парадыгмаў найлепшым спосабам пераадолення згаданай супрацьлегласці? Паспрабуйце стварыць уласную (няхай сабе самую агульную і абстрактную) схему такога канцэптуальнага сінтэзу.

    1. Праблема ўзнікнення жыцця на Зямлі і яе аналіз у сучаснай навуцы

Да праблемы ўзнікнення жыцця на Зямлі біялагічнае мысленне звярталася на працягу ўсёй гісторыі свайго самаразвіцця. ХІХ стагоддзе надало новы імпульс адпаведным пошукам. Так, тэорыя эвалюцыі даводзіла, што ля вытокаў эвалюцыйнага працэсу знаходзіцца адна жыццёвая форма ці, прынамсі, невялікая іх колькасць. У дадзенай сувязі з неабходнасцю паўставала пытанне пра яе ўзнікненне. Праўда, адпаведная праблема не даследавалася Ч.Дарвінам, які адчуваў немагчымасць яе рацыянальнага вырашэння ў наяўных на той час умовах. Як указвалася вышэй (3.8.2), у працэсе распрацоўкі клетачнай тэорыі былі зробленыя высновы пра тое, што клетка можа ўзнікнуць толькі з іншай клеткі. Адсюль таксама вынікала пытанне пра ўмовы, прычыны, механізм і час узнікнення першай клеткі (ці першых клетак).

Такім чынам, фундаментальныя біялагічныя тэорыі ХІХ стагоддзя падштурхоўвалі навукоўцаў да ідэі пра першапачатковы акт узнікнення жыцця, які адбыўся ў далёкім мінулым і які ўяўляе сабой унікальную падзею. Дадзеная ідэя атрымала ў другой палове ХІХ ст. таксама пераканаўчае эмпірычнае абгрунтаванне (дзякуючы эксперыментам Л.Пастэра). Відавочна, што ўяўленне, паводле якога жывое можа пры пэўных умовах (напрыклад, пры разлажэнні матэрыі) спантанна ўзнікнуць у любы час, не мела у такой сітуацыі ніякіх шанцаў на прызнанне. Тэорыя, што грунтуецца на згаданым уяўленні, атрымала назву тэорыі абіягенезу (узнікнення з нежывога). Упершыню яна была сфармуляваная Арыстоцелем і да пачатку Новага часу нікім не аспрэчвалася. У Новы час яна хоць і знаходзіла яшчэ прыхільнікаў, тым не менш сутыкалася з усё большым скепсісам.

Шмат хто з навукоўцаў (і не толькі біёлагаў) падтрымаў ідэю пра касмічнае паходжанне жыцця (канцэпцыю пансперміі). Дадзены падыход, аднак, можа разглядацца як уцёкі ад грунтоўнага рашэння праблемы, як яе перасоўванне ў іншую сферу рэчаіснасці. Перанос крыніцы жыцця ў космас не адказвае на пытанне пра механізмы трансфармацыі жывога ў нежывое. Знайсці такі адказ навукоўцы спрабуюць на аснове ўяўлення пра біяхімічную эвалюцыю. Згодна з ім жыццё паўстала праз ускладненне хімічных рэакцый і іх прадуктаў, якое дасягнула ў пэўны момант узроўню біясінтэзу. Пры гэтым выявіліся два асноўныя падыходы: частка даследчыкаў лічыць, што напачатку ўзніклі амінакіслоты і белкі; іх апаненты даводзяць, што асновай для генезісу жывога з’яўляецца узнікненне здольных да самапамнажэння малекул, г. зн. нуклеінавых кіслот (перавага ў адпаведных мадэлях аддаецца РНК). Разам з тым маюць месца і спробы сінтэзаваць абодва згаданых вышэй падыходы. У іх рамках у якасці малекулярнай асновы для ўзнікнення жывога разглядаецца адэназінтрыфосфарная кіслата. Справа ў тым, што яе малекулы выконваюць і метабалічныя функцыі, і функцыі, звязаныя з сінтэзам нуклеінавых кіслот. Такім чынам, пагрунтаваны на бялковых злучэннях метабалізм павінен быў змяшчаць у сабе разам з тым і аснову для сінтэзу РНК і ДНК.

Найважнейшымі кірункамі, на якіх вядуцца даследаванні, што маюць на мэце стварыць пэўны эмпірычны падмурак для адпаведных гіпатэтычных канструкцый, з’яўляюцца, па-першае, спробы аднавіць працэсы першапачатковага сінтэзу біямалекул у лабараторных умовах, па-другое, пошукі магчымых выкапнёвых яго сведчанняў і, па-трэцяе, назіранні за касмічнымі аб’ектамі з мэтай выяўлення і вывучэння адпаведных працэсаў у пазазямной прасторы [76, c.37]. Згаданыя даследаванні могуць, натуральна, толькі ў нейкай ступені ўзмацніць пазіцыі той ці іншай гіпотэзы. Сапраўды, няма ніякай гарантыі, што ў адпаведных эксперыментах адэкватна аднаўляюцца тыя ўмовы, у якіх адбывалася ўзнікненне біямалекул і іх эвалюцыя. Гэтаксама і сляды першых зямных жывых сістэм зніклі пад уздзеяннем “бурнай геалагічнай гісторыі” нашай планеты [76, c.40]. І, нарэшце, нават паспяховыя вынікі пошукаў і даследаванняў пазазямнога жыцця не дазволілі б зрабіць катэгарычныя высновы адносна яго генезісу ў зямных умовах, бо зусім не гарантаванае ні падабенства іх істотных прыкмет, ні тоеснасць шляхоў іх узнікнення.

Такім чынам, развіццё біялогіі ў ХІХ ст. дало моцны штуршок даследаванням, засяроджаным на праблеме ўзнікнення жыцця. У іх выніку ў гэты час было пераадолена ўяўленне, паводле якога жывое можа пры пэўных умовах спантанна паўстаць у любы момант, і сцвердзілася ідэя першапачатковага акту яго ўзнікнення. Найбольш папулярнымі сярод прысвечаных дадзенай праблеме гіпотэз, прапанаваных у абсягу сучаснай навукі, ў першую чаргу з’яўляюцца канцэпцыя пансперміі (яна грунтуецца на ідэі пра касмічнае паходжанне жыцця) і канцэпцыя біяхімічнай эвалюцыі (згодна з ёй жыццё паўстала праз ускладненне хімічных рэакцый і іх прадуктаў, якое дасягнула ў пэўны момант узроўню біясінтэзу). Спробы стварыць трывалы эмпірычны падмурак для адпаведных тэарэтычных пабудоў не ў стане прынесці грунтоўных вынікаў і могуць толькі ў пэўнай ступені ўзмацніць пазіцыі той ці іншай з іх.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

    1. Прадстаўленаму ў тэксце параграфа натуралістычнаму падыходу да праблемы ўзнікнення жыцця супрацьстаіць крэацыянісцкае яе бачанне. Якому з гэтых светапоглядных кірункаў Вы аддаеце перавагу і чаму? Чаму ўвогуле абмеркаванне дадзенай праблемы дасягае светапогляднага ўзроўню?

    2. Ці занялі Вы пэўную пазіцыю ў дыскусіях, што вядуцца на грунце ўяўлення пра біяхімічную эвалюцыю як крыніцу ўзнікнення жыцця на Зямлі? Паспрабуйце вызначыцца ў гэтым плане і абгрунтаваць свой выбар.

    3. Якое месца ў праблемным полі біялагічнага пазнання займае пытанне пра ўзнікненне жыцця? Якое значэнне яно мае для іншых навук?

    4. Як лічыць Альбер Жакар, жыццё не “ўзнікла” аднойчы, яно фармавалася паступова, і яго фармаванне пачалося фактычна ад Вялікага Выбуху [51, с.25]. Прааналізуйце дадзенае меркаванне. Ці згодныя Вы з ім? Адказ абгрунтуйце.