Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гуд П.А. Технология создания праздника.doc
Скачиваний:
34
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
1.01 Mб
Скачать

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры

П.А.Гуд

Тэхналогiя стварэння свята

Вучэбны дапаможнiк

Мінск 2004

УДК 79(476) (075)

ББК 85.34 (4Беи)я7

Г 935

Рэцэнзенты

У.А.Мішчанчук, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, заслужаны артыст РБ, прафесар

Ю.М. Чарняк, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры

Рэкамендаваны да друку прэзідыумам вучэбна-метадычнай рады Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры

Гуд П.А.

Г935 Тэхналогія стварэння свята: Вучэб. дапам. — Мн.: Бел. дзярж. ун-т культуры, 2004. — 224 с.

ISBN 985-6579-77-5

Вучэбны дапаможнік адпавядае праграме курса “Арганізацыйны план свята”. У ім разглядаюцца арганіза-цыйныя, вытворчыя, матэрыяльна-тэхнічныя, фінансавыя і іншыя аспекты ўвасаблення святочных дзеянняў.

Для студэнтаў і педагогаў ВНУ культуры і мастацтваў, усіх, хто займаецца пытаннямі падрыхтоўкі і правядзення свят.

ББК 85.34 (4Беи)я7

ISBN 985-6579-77-5 © П.А.Гуд, 2004 г.

Прадмова

У нашай краіне заўсёды надавалася ўвага развіццю новай святочнай культуры і святочных абрадаў, якія адлюстроўваюць этнiчную спецыфiку i мастацкiя традыцыі беларускага народа. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што гэта праблема ў многiм вырашана. Па-першае, у краiне склалiся ўстойлiвыя традыцыi правядзення народных свят каляндарнага цыкла, такіх як Каляды, Масленiца, Вялiкдзень, Купалле, Дажынкi. Штогод ва ўсiх раёнах праводзяцца святочныя кiрмашы як абрадава-гульнёвая форма завяршэння сельгасработ. Па-другое, шырокае распаўсюджанне атрымалi святы мастацтваў рэгiянальнага i рэспублiканскага ўзроўняў, а такiя, як “Славянскi базар” (Вiцебск), “Сожскi карагод” (Гомель), “Музычная восень” (Мiнск), “Залаты шлягер” (Магілёў ), “Звiняць цымбалы i гармонiк” (Паставы) i iншыя, набылi мiжнародны статус, шырокавядомы ў нас i за мяжой. Па-трэцяе, у вынiку самаадданай творчай работы дзеячаў культуры i мастацтва з’явiлiся новыя унiкальныя святочныя формаўтварэннi: Свята беларускага пiсьменства (Полацк, Тураў, Навагрудак, Орша, Заслаўе, Мір), Дзень незалежнасцi, Дажынкi, Свята нацыянальных культур Беларусi (Гродна), Усебеларускае свята народнага гумару ў Аўцюках, святы народных рамёстваў, фестывалі ў гонар юбілеяў выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, культуры і мастацтва i iнш. Пачалося станаўленне хрысцiянскiх мiстэрый i духоўных свят, новай студэнцкай абраднасцi (дзень ведаў, iнаўгурацыя ВНУ, святы выпускнiкоў). Вялiкай папулярнасцю карыстаюцца святы гарадоў i вёсак, феерверкi, пабудаваныя на пiратэхнiчных традыцыях ХVII—ХVIII стст.

Усё гэта сведчыць, што святочная культура Беларусi жыве i развiваецца. Плённая работа Мiнiстэрства культуры РБ, Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры, Саюза фалькларыстаў Беларусі, Беларускага інстытута праблем культуры, абласных навукова-метадычных i раённых цэнтраў культуры садзейнiчае вырашэнню многiх задач творчага характару.

Але ў працэсе станаўлення новай святочнай культуры ра- зам са шматлiкiмi творчымi знаходкамi выявiўся i шэраг тэхналагiчных праблем, звязаных з матэрыяльна-тэхнiчным, адмiнiстрацыйным i фiнансавым забеспячэннем свята. Новыя эканамiчныя ўмовы патрабуюць i новых падыходаў да ўвасаблення свята. У адрозненне ад практыкi мiнулых гадоў зараз любая творчая задума можа быць рэалiзавана толькi тады, калi мае значную эканамiчную базу. Рэжысёр сёння выступае не толькi ў якасцi творцы, як гэта было раней, але i ў значнай ступенi ў ролi арганiзатара, эканамiста, адміністратара, якi павiнен умець суадносiць маштаб творчай задумы з рэалiямi матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых сродкаў, выдзеленых на пастаноўку.

Аналiз паказвае, што пераважная большасць рэжысёраў свят краіны не валодаюць або слаба знаёмы з ведамi ў галiне арганiзацыi свята. На гэтую тэму творчыя семiнары, на жаль, не праводзяцца нiводнай дзяржаўнай структурай. Курс “Арганiзацыйны план падрыхтоўкi свята”, якi чытаецца на кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры, забяспечвае толькi невялiкую колькасць будучых рэжысёраў i не можа пакуль што вырашыць пастаўленую задачу ў масштабе ўсёй дзяржавы.

Мiж тым якасць свят у многiм змяншаецца з-за няведання рэжысёрамi функцыянальных абавязкаў членаў структурных падраздзяленняў аргкамiтэта, спосабаў стварэння перадсвяточнай атмасферы, адсутнасцi навыкаў арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя i стварэння на гэтай аснове рабочага плана падрыхтоўкi свята, яго творчага i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння. У многiх раёнах святы лiтаральна “правальваюцца” з прычыны недакладнага вырашэння вытворчых аспектаў арганiзацыi абслугоўвання запрошаных гасцей i творчых калектываў, рэкламы свята, работы дапаможных службаў, дрэннага гукавога i мастацка-дэкаратыўнага афармлення.

Таму ў блiжэйшыя гады вышэйшым i сярэднiм навучальным установам культуры i мастацтва, метадычным падраз- дзяленням сiстэмы Мiнiстэрства культуры Беларусі трэба звярнуць увагу на распрацоўку методыкi арганiзацыi свята i шляхам пастаянна дзеючых семiнараў узбагацiць гэтымi ведамi работнікаў культуры i мастацтва краіны.

Аўтар дапаможнiка “Тэхналогiя стварэння свята” прапануе шляхi вырашэння арганiзацыйных, матэрыяльна-тэхнiчных, фiнансавых і асобных творчых аспектаў увасаблення святочнага дзеяння. Кнiга пабудавана на матэрыялах разнастайных лiтаратурных крынiц, нарматыўных актаў i дакументаў, уласным 40-гадовым творчым вопыце аўтара па пастаноўцы больш за 400 свят, тэатралiзаваных прадстаўленняў, вiдовiшчаў, абрадаў і канцэртаў. Паколькi на сучасным этапе многія святы набылі мiжнародны i рэспублiканскi статус, матэрыялы дапаможнiка раскрываюць найбольш складаныя пытаннi рознабаковага характару, а пры неабходнасцi набытыя веды можна спраектаваць i на меншыя па маштабе святочныя дзеi.

“Тэхналогiя стварэння свята” — першы ў нашай краіне дапаможнік па названай тэме. Важна, каб работнікі культуры i мастацтва, студэнты i навучэнцы, усе, хто цiкавiцца арганiзацыяй свята, прааналiзаваўшы матэрыялы кнiгi, змаглi не толькi выкарыстаць iх у сваёй працы, але i творча пераасэнсаваць, выявiць новыя перспектыўныя кiрункi ў вырашэннi праблем далейшага развiцця святочнай культуры з улікам уласнага вопыту.