Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гуд П.А. Технология создания праздника.doc
Скачиваний:
35
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
1.01 Mб
Скачать

Арганізацыйна-вытворчы аналіз сцэнарыя свята

Адным з галоўнейшых этапаў i самым вырашальным на пачатковай стадыi стварэння знешняй формы свята з’яўляецца аналiз сцэнарыяў святочных дзей з пункту гле- джання iх творчага, матэрыяльна-тэхнiчнага, арганiзацыйнага i фiнансавага забеспячэння.

Iдэальным лiчыцца той варыянт, калi арганiзатары пры ўвасабленнi свята iмкнуцца выканаць усё, што закладзена ў сцэнарыi. Пры такiм падыходзе не ўзнiкае нiякiх праблем, бо ўсё, што задумана творцамi-сцэнарыстамi i пастаноўшчыкамi, падвяргаецца неадкладнаму вырашэнню i выкананню па ўсiх аспектах забеспячэння. Але гэта здараецца даволi рэдка.

На сучасным этапе з прычыны цяжкiх эканамiчных абставiн краiны сродкi на вызначаны пералiк свят плануюцца як Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь, так i яго падначаленымi структурнымi падраздзяленнямi на год наперад, прычым кошт кожнага канкрэтнага свята акрэслiваецца вельмi прыблiзна. Як правiла, гэтых сродкаў не хапае, каб забяспечыць творчыя задумы пастаноўшчыкаў i работнікаў мастацтва i культуры. Таму прыходзiцца па некалькi разоў перарабляць сцэнарна-рэжысёрскiя распрацоўкi.

Аднак нягледзячы на складаную сiтуацыю (у любым варыянце ўвасаблення свята) этапы арганiзацыйна-вытворчага аналiзу застаюцца нязменнымi. Гэта:

1) творчае забеспячэнне;

2) матэрыяльна-тэхнiчнае i арганiзацыйнае забеспячэнне;

3) фiнансаванне свята.

На ўсiх трох этапах сцэнарый разглядаецца з розных пазiцый i ва ўзаемасувязi, што дазваляе скласцi дакладную карцiну мер, якiя неабходна прыняць для таго, каб адбылося свята.

Творчае забеспячэнне свята

Першапачатковым, галоўным i вырашальным этапам арганiзацыйна-вытворчага аналiзу сцэнарыя з’яўляецца высвятленне пытанняў творчага забеспячэння свята, ад дэталёвай распрацоўкi якога залежыць лёс увасабляемых святочных дзей.

Такі аналiз праводзяць галоўны рэжысёр, галоўны мастак, рэжысёры-пастаноўшчыкi i гукарэжысёр. Ён ажыццяўляецца па наступных кiрунках:

1. Вызначэнне калектываў (мастацкiх, спартыўных, гульнёвых, ваенна-паказальных i iнш.), а таксама асобных выканаўцаў, якiя будуць выступаць з гатовымi праграмамi.

Даволi часта ў сцэнарыi ўжо закладзены пералiк калектываў-удзельнiкаў, i iх назвы трэба толькi выпiсаць для далейшых удакладненняў. Але калi такi пералiк адсутнiчае, пастаноўшчыкi павiнны ўнесцi свае прапановы.

Напрыклад, у сцэнарыi не закладзены пералiк, а толькi занатавана, што фестываль мастацтваў на свяце працягваецца з 15.00 да 19.00 гадзін.

Рэжысёр, у сваю чаргу, зыходзячы з творчых меркаванняў, выступленне аднаго калектыву абмяжоўвае 30 мінутамi.

Падзялiўшы 4 гадзiны (агульны час правядзення фестывалю) на 30 мінут (час выступлення аднаго калектыву), пастаноўшчык атрымлiвае лiчбу 8, якая i вызначае колькасць калектываў-удзельнiкаў.

Затым рэжысёр на аснове дакладнага ведання мясцовых творчых сiл прапануе, якiя канкрэтна калектывы, як мясцовыя, так i запрошаныя, павiнны, на яго думку, прыняць удзел у фестывалі.

2. Выпiска новых пластычных нумароў, апiсаных у сцэнарыi, якiя трэба падрыхтаваць пры ўвасабленнi абрадава-рытуальных, мастацкiх, гульнёвых i спартыўных дзей.

Высвятляючы гэту пазiцыю, пажадана, каб рэжысёры не толькi зрабiлi пералiк новых творчых распрацовак, але i iх iнтэрпрэтатараў i выканаўцаў. Гэтым яны значна палегчаць далейшую работу дырэктара, адмiнiстратара i бухгалтара свята.

3. Высвятленне нумароў музычна-гукавой партытуры свята.

Галоўны рэжысёр разам з музычным кiраўнiком i гукарэжысёрам разглядаюць, якiя, згодна са сцэнарыем, новыя песнi, музычныя фрагменты неабходна стварыць для суправаджэння святочных дзей i якога кампазiтара запрасiць для гэтых мэт. Падобная работа праводзiцца i ў адносiнах да фанаграмы свята (якiя музычныя i моўныя нумары павiнны гучаць у эфiры з указаннем iх аўтараў, назваў i ў выкананнi якiх калектываў i асобных выканаўцаў).

4. Выяўленне прапанаванага ў сцэнарыi вобразнага вырашэння свята ў архiтэктурна-дэкаратыўным афармленнi.

Галоўны мастак, прааналiзаваўшы вобразную сiстэму свята, пасля кансультацый з галоўным рэжысёрам распрацоўвае прасторавае вырашэнне, план размяшчэння зон дзеяння, галоўны i дадатковыя мiзансцэнiчныя пункты i робiць папярэднiя эскiзы ўсiх аб’ектаў архiтэктурна-дэкаратыўнага афармлення (часовых пабудоў, касцюмаў, рэквiзiту i інш.).

5. Дэталёвая распрацоўка поўнага складу пастановачнай групы.

На аснове творчых патрэб, выяўленых у працэсе аналiзу сцэнарыя, галоўны рэжысёр абгрунтоўвае склад пастановачнай групы, прытрымлiваючыся наступных крытэрыяў:

— кожнае святочнае мерапрыемства, якое патрабуе творчай распрацоўкi i ўвасаблення, павiнна мець свайго рэжысёра-пастаноўшчыка, паколькi галоўны рэжысёр займаецца агульным кiраваннем творчага працэсу i пастаноўкай цэнтральных вузлавых фрагментаў: адкрыццё, закрыццё i кульмiнацыйная дзея свята;

— кожны новы нумар, якi будзе ўведзены ў структуру святочных дзей, згодна з зацверджаным сцэнарыем, павiнен увасабляць асобны пастаноўшчык адпаведнага жанру (балетмайстар, кампазiтар, хормайстар, рэжысёр па спорту, гульнёвых, пiратэхнiчных дзей i інш.);

— у кожнай зоне свята пры рэжысёры-пастаноўшчыку павiнна быць дапаможная творчая група (1—2 асiстэнты рэжысёра, 1—2 вядучых або дыктараў);

— на кожным з гукавых пунктаў свята павiнен працаваць асобны гукааператар.

Удакладнiўшы i занатаваўшы на паперу ўсе вызначаныя пазiцыi, а таксама дадаўшы да iх спiс галоўных творчых асоб, зацверджаных палажэннем аб правядзеннi свята, галоўны рэжысёр складае структуру пастановачна-творчай групы з пералiкам адказных творчых асоб, iх пасад i званняў.

Прыкладны склад пастановачна-творчай групы

тэатралiзаванага свята творчасцi “Зоркi Нёманскага краю”

Прозвiшча, iмя,

iмя па бацьку, званне

1. Аўтар сцэнарыя

______________________________________

2. Галоўны рэжысёр

______________________________________

3. Галоўны мастак

______________________________________

4. Галоўны балетмайстар

______________________________________

5. Кампазiтар

______________________________________

6. Рэжысёр-пастаноўшчык

спартыўных нумароў

______________________________________

7. Рэжысёр-пастаноўшчык

маладзёжнага балю

______________________________________

8. Рэжысёр-пастаноўшчык

пiратэхнiчнага прадстаўлення на вадзе

______________________________________

9. Рэжысёр святочнага кiрмашу

______________________________________

10. Рэжысёр цыркавой праграмы

______________________________________

11. Балетмайстар-пастаноўшчык

______________________________________

12. Гукарэжысёр

______________________________________

13. Гукааператары (пералiк асоб)

______________________________________

14. Асiстэнты рэжысёраў (пералiк асоб)

______________________________________

15. Вядучыя

______________________________________

16. Генеральны дырэктар свята

______________________________________

17. Выканаўчы дырэктар свята

______________________________________

Кожнаму члену пастановачнай групы вызначаецца мяркуемы памер грашовага ганарару за выкананне ўстаноўленага аб’ёму работ, згодна iснуючых расцэнак цi па папярэдняй дамоўленасцi.