Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

1.6. Прыродазнаўства і тэхніка

У сферы паўсядзённага жыцця слова “тэхніка” ўжываецца досыць неадназначна. Мы выкарыстоўваем яго для абазначэння ўсялякага кшталту прыстасаванняў, якія дапамагаюць нам здзяйсняць нашы практычныя намеры. Абазначаем мы гэтым словам і сукупнасць прыёмаў, дзеянняў, працэдур, у якіх выяўляецца адметны бок пэўнага віду дзейнасці (калі гаворым, напрыклад, пра тэхніку малявання). Акрамя таго, яно ўжываецца (набываючы пры гэтым аксіялагічнае адценне) для характарысткі ступені ўмельства, узроўню валодання пэўнай дзейнасцю (гэта мае месца, напрыклад, калі гаворыцца пра тэхнічнага футбаліста, віртуозную тэхніку рашэння задач і да т. п.).

Разам з тым дадзенае слова трывала замацавалася і ў слоўніку асноўных філасофскіх паняццяў (а філасофія тэхнікі заняла належнае месца сярод філасофскіх дысцыплін). Яго ўзыходжанне ў высокую філасофскую сферу было падрыхтавана фактычна ў антычнай культуры, дзе ягоны тэрміналагічны папярэднік – “тэхнэ” – робіцца прадметам грунтоўнага тэарэтычнага аналізу ў прадстаўнікоў розных філасофскіх школ і кірункаў [46, т.10, c.941].

Ідэнтычная сітуацыя назіраецца і ў сучасных умовах. Пры гэтым, натуральна, у розных філасофскіх традыцыях і плынях распрацоўваюцца розныя версіі разумення і інтэрпрэтацыі феномена тэхнікі, яго месца і значэння ў культуры, яго гістарычных перспектыў. Тым не менш – пры ўсёй рознасці падыходаў і ацэнак – ніхто з сучасных тэарэтыкаў не адмаўляе грунтоўнай ролі тэхнікі (як складанай, разгалінаванай сістэмы, у якой увасабляецца інструментальны кампанент чалавечай дзейнасці) у грамадскім жыцці, асабліва адметнай у мадэрнавым грамадстве. Тэхніка займае ў ім надзвычай важнае месца, ператвараецца канчатковым выніку ў асноўны, дамінантны спосаб чалавечага існавання ў свеце, і таму яно цалкам правамерна было названа філосафамі тэхнагенным.

Наўрад ці хто будзе сумнявацца і ў факце тэхнічнага прагрэсу чалавецтва, які зрабіўся імклівым якраз у цывілізацыі сучаснага, тэхнагеннага тыпу. Ніхто не сумняваецца таксама ў тым, што грунтоўнае значэнне для яго інтэнсіфікацыі мае сталае ўзаемадзеянне тэхнікі і навукі, перадумовы для якога былі створаны рэнесансавай духоўнай рэвалюцыяй і сацыяльнымі рэвалюцыямі XVII-XVIII cтст. У папярэднія эпохі згаданае ўзаемадзеянне было досыць слабым. Таму даследчыкі адпаведнай праблематыкі робяць выснову, згодна з якой да Новага часу абедзве духоўныя формы ішлі раздзельнымі гістарычнымі шляхамі: звязаная найперш з рамеснай вытворчасцю тэхніка развівалася ва ўлонні інтуіцыі, выпадковага прасвятлення; адзначаная пячаткай сузіральнасці навука з пагардай ставілася да свайго магчымага тэхнічна-практычнага ўжывання [40, c.360].

Сітуацыя кардынальным чынам змянілася з узнікненнем буржуазнага грамадства, у якім тэхнічна-практычнае засваенне рэчаіснасці набывае новае, грунтоўнае значэнне. Яно ні ў якім разе не магло быць забяспечана ўжо бессістэмнай, пакінутай на волю лёсу вынаходніцкай дзейнасцю. Таму з усталяваннем эканамічнага і палітычнага панавання буржуазіі паўстала патрэба ў “метадычным даследаванні бязмежнага поля тэхнічных магчымасцяў”, а з ёй і патрэба ў шчыльным узаемадзеянні з навукай [48, c.1477]. Матэматызаваная, эксперыментальная навука, у сваю чаргу, змяшчае ў самой сваёй існасці неад’емны, грунтоўны тэхнічны аспект, які выяўляецца ўжо ў тым, што эксперыменты, вымярэнні і ў мностве выпадкаў назіранні немагчымыя без адпаведнай апаратуры.

У такіх умовах цалкам заканамерна з’явілася прысвечаная тэхніцы навука (за якой паступова замацавалася імя, якое вельмі пасуе ёй, – “тэхналогія”16 [46, т.10, c.959-960]), якая разгарнулася затым у цэлую сістэму навуковых дысцыплін. Яны вывучаюць метады, змест, мэты і вынікі пэўных тэхнічных працэсаў. Усё большую цікавасць выклікае і даследаванне тэхнікі ўвогуле, бо праз складаны, комплексны характар яе ўзаемадзеяння з іншымі грамадскімі феноменамі і структурамі паўстае патрэба ва “ўсеагульнай тэхналогіі”, у навуковай распрацоўцы “аптымальных стратэгій тэхнічнай дзейнасці” [40, c.363].

Для таго каб тэрміналагічна зафіксаваць глыбокую ўзаемасувязь сучаснай навукі і тэхнікі ў 70-х гг. мінулага стагоддзя быў прапанаваны неалагізм “тэхнанавука”. Яго ўвёў у навуковы зварот бельгійскі філосаф Ж.Атаа, маючы на мэце падкрэсліць “аперацыянальную і тэхнічную натуру сучаснай навукі, уключаючы фундаментальныя даследаванні” [67, c.770]. Дадзены тэрмін, аднак, набыў уласнае, аўтаномнае, незалежнае ад намераў свайго стваральніка існаванне, а таму і новыя, непрадугледжаныя ім значэнні. Так, у постмадэрнісцкіх тэкстах ён пачаў ужывацца для абазначэння навукі, звязанай з буйным капіталам і ператворанай ім у неад’емны элемент “тэхнакапіталізму”, у сродак дамінавання, улады і кантролю [67, c.770]. Зрэшты, тэрмін “тэхнанавука” зусім не выпадкова атрымлівае ў дадзеным выпадку адмоўныя канатацыі: крытычнае стаўленне да грамадства ў цэлым патрабуе і крытычнага разгляду пэўных яго аспектаў, з’яў, працэсаў і тэндэнцый у ягоным развіцці.

Аднак ці варта разглядаць тэхнізацыю, інструменталізацыю, аперацыяналізацыю навукі (як і іншых бакоў грамадскага жыцця) толькі ў адмоўным святле? Відавочна, што ўзнікненне тэхнанавукі выступае як яскравае выяўленне і як заканамерны вынік практычнай арыентацыі навуковага пазнання сучаснага тыпу, якая паглыбляецца і ўзмацняецца з цягам часу. Дзякуючы згаданай арыентацыі яно самым істотным чынам паспрыяла і працягвае спрыяць грунтоўнаму паляпшэнню ўмоў, у якіх жыве і працуе чалавек, адкрываючы новыя магчымасці для творчага засваення ім сваёй сацыяльнай і прыроднай рэчаіснасці.

Тэхнанавуку нельга разглядаць, аднак, і як выключна станоўчы, беспраблемны феномен. Ідэя практычнага панавання чалавека над прыродай праз тэарэтычнае, навуковае засваенне яе законаў, якой належыць надзвычай важнае месца сярод духоўных вытокаў навукі сучаснага тыпу, выявілася ва ўмовах нарастання і паглыблення глабальных праблем як абмежаваная і не надта прадуктыўная. Чыста тэхнічны, інструментальны падыход да арганізацыі стасункаў чалавецтва з прыродай (ды і стасункаў унутры чалавецтва) не прыносіць і не можа прынесці жаданага выніку праз сваю аднабаковасць; і праз яе ён у рэшце рэшт цягне за сабой вострыя супярэчнасці, калізіі і канфлікты. У дадзенай сувязі відавочнай падаецца выснова, што тэхнізацыя навукі без яе гуманізацыі, гэтаксама як і прасякненне тэхнікі навукай без надання ёй гуманістычнага вымярэння, з’яўляецца небяспечнай і непрымальнай духоўнай стратэгіяй. Як указвалася вышэй (1.1), аднак, аснова для гуманізацыі (тэхна)навукі – гэта пераўтварэнне на гуманістычных прынцыпах усёй сістэмы грамадскіх дачыненняў. На пошукі шляхоў да яго і павінна быць найперш скіраваная духоўная энергія чалавецтва.

Такім чынам, у гісторыі чалавецтва назіраецца няспыннае развіццё тэхнікі як складанай, разгалінаванай сістэмы, у якой увасабляецца інструментальны кампанент чалавечай дзейнасці, і няўхільна павышаецца яе роля. Грунтоўнае значэнне для інтэнсіфікацыі тэхнічнага прагрэсу ў Новы і Найноўшы час мае сталае ўзаемадзеянне тэхнікі і навукі, перадумовы для якога былі створаныя рэнесансавай духоўнай рэвалюцыяй і сацыяльнымі рэвалюцыямі XVII-XVIII cтст. Згаданае ўзаемадзеянне грунтуецца на тым, што навука сучаснага тыпу – матэматызаваная, эксперыментальная – змяшчае ў самой сваёй існасці неад’емны, грунтоўны тэхнічны аспект, а сучасная тэхніка мае патрэбу ў навуцы, бо яе развіццё не можа быць ужо забяспечана бессістэмнай вынаходніцкай дзейнасцю. Аднак ні тэхнізацыя навукі, ні сапраўднае прасякненне ёю тэхнікі не могуць разглядацца выключна ў станоўчым святле. Вострыя супярэчнасці і праблемы, што характарызуюць сучасны стан узаемадачыненняў чалавека і прыроды, яскрава сведчаць пра неабходнасць надання гуманістычнага вымярэння ўзаемадзеянню навуковага і тэхнічнага сегментаў культуры.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1. Сучасны нямецкі філосаф Х.Заксэ вылучае ў працэсе паступальнага гістарычнага развіцця тэхнікі тры асноўныя этапы: этап спажывальнай тэхнікі, характэрнай для дагістарычнай эпохі, этап прадуктыўнай тэхнікі, уласцівай аграрнаму грамадству, і тэхніку, якую выклікала да жыцця індустрыяльная цывілізацыя [40, c.360]. Ахарактарызуйце ў агульным плане і ў плане ўзаемадзеяння навукі і тэхнікі кожны з гэтых этапаў. Як Вы мяркуеце, ці не слушна было б вылучыць у згаданым працэсе таксама этап постіндустрыяльнай тэхнікі? Калі так, дык паспрабуйце выявіць яго адметныя рысы.

  2. Наколькі ўдалым Вам падаецца тэрмін “тэхнанавука”? Магчыма, Вы прапанавалі б іншы, які больш адэкватна перадаваў бы спецыфіку ўзаемадачыненняў навукі і тэхнікі ў сучасных умовах?

  3. Як суадносяцца паміж сабой, на Вашу думку, тэрміны “тэхнанавука” і “тэхнічныя навукі”?

  4. Якімі Вам бачацца шляхі гуманізацыі навукі, тэхнікі і іх узаемадзеяння?