- •Асновы сучаснага прыродазнаўства
- •Прадмова
- •1.Уводзіны
- •1.1.Навука як від пазнання і як феномен культуры
- •1.2.Структура навуковага пазнання
- •1.2.1.Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.2.Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.3.Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі
- •1.3. Гістарычная эвалюцыя разумення прыроды ў філасофскай і навуковай культуры
- •1.4.Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін
- •1.4.1. Фізіка
- •1.4.2. Касмалогія
- •1.4.3. Хімія
- •1.4.4. Біялогія
- •1.5. Прыродазнаўства і фармальныя навукі (логіка, матэматыка)
- •1.6. Прыродазнаўства і тэхніка
- •1.7. Прыродазнаўства і гуманітарыстыка
- •2.Гістарычнае станаўленне прыродазнаўства сучаснага тыпу
- •2.1. Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы
- •2.2. Асноўныя этапы станаўлення прыродазнаўства сучаснага тыпу
- •2.3. Гістарычнае станаўленне фізікі і касмалогіі сучаснага тыпу
- •2.4. Гістарычнае станаўленне хіміі сучаснага тыпу
- •2.5. Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу
- •3. Класічнае прыродазнаўства
- •3.1. Агульная характарыястыка класічнага прыродазнаўства
- •3.2. Класічная механіка і яе гістарычнае значэнне
- •3.3. Асноўныя характарыстыкі класічнай касмалогіі
- •3.4. Класічная тэрмадынаміка
- •3.5. Гістарычная эвалюцыя класічных прыродазнаўчых уяўленняў пра святло
- •3.6. Класічная электрадынаміка
- •3.7. Развіццё хіміі ў хіх стагоддзі
- •Рэвалюцыйныя біялагічныя адкрыцці ў хіх стагоддзі
- •Эвалюцыйная тэорыя ч.Дарвіна
- •3.8.2. Клетачная тэорыя
- •3.8.3. Тэорыя спадчыннасці г.Мендэля
- •3.9. Крызіс класічнага прыродазнаўства
- •4. Сучаснае прыродазнаўства
- •4.1. Агульная характарыстыка сучаснага прыродазнаўства
- •4.2. Навуковая рэвалюцыя пачатку хх стагоддзя: генезіс рэлятывісцкай фізікі
- •4.3. Усеагульная тэорыя адноснасці і станаўленне сучаснай касмалогіі
- •4.4. Навуковая рэвалюцыя пачатку хх стагоддзя: распрацоўка асноў квантавай фізікі
- •4.5. Квантавая фізіка і рэвалюцыя ў сучаснай хіміі
- •4.6. Праблема ўзаемадачыненняў квантавай і рэлятывісцкай фізікі
- •4.7. Тэорыя Вялікага Выбуху як Стандартная мадэль сучаснай касмалогіі
- •4.8. Стандартная мадэль у фізіцы элементарных часціц
- •4.9. Прынцыпы сіметрыі і захавання ў сучаснай фізіцы
- •4.10. Праблема грунтоўных сусветных канстант
- •Праблема існасці жыцця ў сучаснай філасофіі і навуцы
- •Праблема ўзнікнення жыцця на Зямлі і яе аналіз у сучаснай навуцы
- •Узнікненне і развіццё генетыкі
- •Сінтэтычная тэорыя эвалюцыі. Эвалюцыйная біялогія ў другой палове хх – напачатку ххі стст.
- •Прыродазнаўчыя навукі ў кантэксце вывучэння чалавека
- •Праблема антрапасацыягенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты
- •Праблема суадносінаў біялагічнага і духоўнага ў чалавеку
- •Біяэтыка як міждысцыплінарны пазнавальны кірунак
- •Вучэнне пра самаарганізацыю
- •Замест заключэння
- •Лiтаратура
- •Cлоўнік асноўных паняццяў
1.4.Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін
Прыродазнаўчыя навукі ўтвараюць складаную сістэму, у чым выяўляецца надзвычайная складанасць самой прыроды. Пададзеная ў сваім найпрасцейшым выглядзе, аднак, згаданая сістэма мае двухчленную будову, у якой адлюстроўваецца фундаментальная дыхатамія натуральнага свету, яго падзел на дзве падсістэмы – свет нежывога і свет жыцця. У адпаведнасці з гэтым у сістэме навуковага пазнання можна вылучыць навукі, прысвечаныя найперш нежывой прыродзе, і навукі, у цэнтры ўвагі якіх – жыццё. Падкрэслім, што мяжа паміж імі (як і паміж іх прадметнымі сферамі) ні ў якім разе не з’яўляецца абсалютнай: яны ўзаемазвязаныя, знаходзяцца ў стане інтэнсіўнага ўзаемадзеяння і ўзаемаплыву.
У больш канкрэтным плане ў сістэме прыродазнаўчых навук неабходна адзначыць у першую чаргу фізіку і біялогію, якія самым яскравым чынам прадстаўляюць вылучаныя вышэй іх класы, а таксама хімію як своеасаблівага пасярэдніка паміж імі. Акрамя таго, у кантэксце распрацоўкі цэласнага погляду на прыродныя працэсы асаблівае значэнне мае фізічная касмалогія – навука, якая ўзнікла ў памежжы, утвораным некалькімі галінамі ведаў.
1.4.1. Фізіка
Тэрмін “фізіка” (ад старажытнагр. φύϭις – прырода) узнік у абсягу антычнай філасофскай культуры (у Арыстоцеля ён абазначаў галіну ведаў, што належала да тэарэтычных навук і разглядалася як навука, прысвечаная руху, яго істотным прычынам; пры гэтым рух інтэрпрэтаваўся надзвычай шырока – як працэс усялякага змянення прыродных аб’ектаў, асабліва арганічных). У сучасным кантэксце ён ужываецца для абазначэння навуковай дысцыпліны, што вывучае грунтоўныя, базісныя прыродныя з’явы, аб’екты і працэсы (матэрыю ў яе грунтоўных характарыстыках і найперш яе рух). У сувязі з гэтым фізіку можна вызначыць як фундаментальную навуку пра прыроду. Таму ўжо з часу свайго ўзнікнення яна прэтэндавала на статус навукі-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання (праўда, у сучасных умовах у яе з’явілася канкурэнтка: з аналагічнымі прэтэнзіямі выступіла і біялогія).
Фундаментальнае значэнне фізікі ў сістэме навуковых ведаў надзвычай энергічна падкрэслівалі філосафы-неапазітывісты. Яны разглядалі мову дадзенай дысцыпліны як аснову адзінай навуковай мовы [46, т.7, c.947], даводзілі ў сувязі з гэтым пра грунтоўнае адзінства навукі, што паслужыла падставай для распрацоўкі рэдукцыянісцкага метатэарэтычнага праекта [46, т.8, c.379]. Рэдукцыянізм – гэта звядзенне пэўных навуковых тэорый да іншых – грунтоўных у дачыненні да іх. Разам з тым як рэдукцыянісцкая характарызуецца такая інтэлектуальная пазіцыя, у рамках якой складаныя феномены вытлумачваюцца праз іх звядзенне да больш простых і на ўзроўні гэтых больш простых з’яў. Неабходна адзначыць, што дадзеная метадалагічная стратэгія, якая атрымала найперш форму фізікалізму (за ім якраз і стаіць разгляд мовы фізікі як асновы адзінай навуковай мовы), сутыкаецца са справядлівай і абгрунтаванай крытыкай прадстаўнікоў іншых эпістэмалагічных кірункаў. Аднак тэза, згодна з якой фізіка мае фундаментальны характар, зусім не абавязкова вядзе да рэдукцыянісцкай эпістэмалагічнай праграмы. Наяўнасць падмурку зусім не азначае, што ўся пабудова можа ці павінна быць зведзеная да яго. Фізіка была і застаецца падмуркам прыродазнаўства, адкуль не вынікае ні магчымасць, ні неабходнасць звядзення да яе хіміі і біялогіі.
Да праяў грунтоўнасці дадзенай навуковай дысцыпліны належыць, сярод іншага, і той момант, што шмат якія з важных і значных для яе феноменаў заўжды выклікалі вялікую цікавасць у філосафаў. Матэрыя, рух, прастора, час – паняцці, якія фіксуюць ключавыя аспекты ў праблемным полі фізікі, – прадстаўлены і на ўзроўні філасофскай тэрміналогіі, адкуль вынікае, што адпаведныя праблемы маюць філасофскае вымярэнне і значэнне. У філасофскіх развагах яны набываюць, безумоўна, іншае змястоўнае напаўненне, бо філосаф разглядае звязаную з імі праблематыку ў іншым ракурсе, з іншага – рэфлексіўнага – пункту гледжання (г. зн. філосафа хвалюе найперш пытанне, як мысліць матэрыю, рух, прастору і час, а фізік цікавіцца тым, што яны ўяўляюць сабой з аб’ектыўнага боку). Неабходна, аднак, ізноў-такі ўказаць на істотныя ўзаемасувязі паміж адпаведнымі падыходамі і на важнасць дыялогу філасофіі і фізікі ў гэтым плане. Яны могуць шмат што даць адна адной у рамках сваіх дыялагічных стасункаў. Для гэтага неабходна, аднак, каб філасофія не ставіла сябе па-над фізікай (як фанабэрыстая натурфіласофія), а фізіка не заціскала сябе ў цесныя і змрочныя лёхі аднабаковага эмпірызму.
Сфера фізічных даследаванняў звязаная, безумоўна, не толькі з філасофскімі пошукамі. Важнае значэнне для яе мае таксама ўзаемадзеянне з іншымі навуковымі дысцыплінамі. У дадзенай сувязі неабходна у першую чаргу адзначыць асабліва шчыльныя яе стасункі з матэматыкай, якія вылучаюць яе сярод іншых навук (пра што гаворка пойдзе ў наступным параграфе). Інтэнсіўна і плённа ўзаемадзейнічае фізіка і з іншымі прыродазнаўчымі дысцыплінамі, а таксама тэхнічнымі навукамі, нярэдка надаючы ім магутныя імпульсы для новых пошукаў і атрымліваючы ад іх, у сваю чаргу, істотныя імпульсы для свайго ўласнага самаразвіцця.