Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать
      1. Праблема суадносінаў біялагічнага і духоўнага ў чалавеку

Пытанне пра суадносіны духоўнага і біялагічнага пачаткаў у чалавеку знаходзіць сваё канцэнтраванае выяўленне ў праблеме ўзаемадачыненняў душы і цела (свядомасці і мозга). Магутныя імпульсы для яе абмеркавання далі поспехі ў вывучэнні структуры і дзейнасці мозга, дасягнутыя сучаснай навукай. Пры гэтым важна падкрэсліць міждысцыплінарны характар адпаведных даследаванняў: нейрафізіялогія, нейраанатомія, нейрахімія, клінічная нейралогія, нейрапсіхалогія шчыльна звязаныя паміж сабой і актыўна ўзаемадзейнічаюць у вывучэнні вышэйшай нервовай дзейнасці. Пачынаючы з 70-х гг. ХХ ст., згаданыя навукі выяўляюць усё больш інтэнсіўныя ўзаемасувязі з такімі дысцыплінамі і даследчымі кірункамі, як кагнітыўная псіхалогія, лінгвістыка, даследаванні штучнага інтэлекту, так што ў выніку паўстала новае міждысцыплінарнае ўтварэнне – кагнітыўныя навукі [67, c.615].

Акрамя таго, праблема суадносінаў свядомасці і мозга месціцца на мяжы праблемных палёў навукі і філасофіі, і таму найлепшай опцыяй для плённага яе вывучэння было б шчыльнае супрацоўніцтва філосафа і (нейра)біёлага, яскравым прыкладам якога з’яўляюцца супольныя даследаванні К.Попера і Д.Эклса. У выніку згаданых даследаванняў паўстала дуалістычна-інтэракцыянісцкая канцэпцыя, якая адрозніваецца ад традыцыйных формаў дуалізму і паралелізму ў дадзеным пытанні прызнаннем таго, што “матэрыяльны свет мозга павінен быць адкрытым для духоўных уплываў” [40, c.105]. Згодна з яе строгім дуалістычным аспектам, аднак, “дух, які ўсведамляе сам сябе, разглядаецца як незалежнае ўтварэнне, як існаванне ў другім свеце, што мае пэўны рэчаісны стан, раўназначны таму, якім валодае мозг са сваім існаваннем у першым свеце” [40, c.105]. Пры гэтым самасвядомы дух “счытвае” наяўную ў актыўных цэнтрах мозга інфармацыю і стварае на яе аснове цэласную карціну рэчаіснасці, мэтанакіравана ўплываючы разам з тым на іх дзейнасць [40, c.105].

Дуалістычнаму падыходу да вырашэння дадзенай праблемы супрацьстаіць, відавочна, маністычны – і найперш матэрыялістычны, які зводзіць духоўныя феномены да функцыянавання вышэйшай нервовай сістэмы. У крайняй яго форме (у т. зв. “элімінатыўным108 матэрыялізме”) мае месца памкненне надаць згаданаму звядзенню абсалютны характар і замяніць тыя моўныя выразы, у якіх фіксуюцца ментальныя працэсы, нейрафізіялагічнымі тэрмінамі [46, т.8, c.379]. Аднак, калі мы нават прызнаем праявы свядомасці тоеснымі працэсам, што адбываюцца ў мозгу, паўстае пытанне, як растлумачыць уласцівасць гэтых працэсаў фігураваць у якасці свядомага досведу? [54, c.121] Адказ на яго (хоць досыць папулярны, але далёка не бясспрэчны) дае функцыяналізм, у якім ментальныя станы атаясамліваюцца з іх фунцыямі у межах усёй псіхафізіялагічнай сістэмы. Кожны з гэтых станаў звязаны функцыянальнымі сувязямі з узбуджэннем ворганаў пачуццяў, з пэўнай формай паводзінаў, з іншымі ментальнымі з’явамі і з’яўляецца тым, чым ён ёсць, менавіта дзякуючы сваёй улучанасці у дадзеную функцыянальна арганізаваную цэласнасць [54, c.122].

Хоць у абсягу функцыяналізму не мае асаблівага значэння, на якім субстраце задзейнічаныя ментальныя працэсы – духоўным ці матэрыяльным і па сваёй глыбокай сутнасці ён выступае як нейтральнае паміж дуалізмам і фізікалізмам (матэрыялістычным манізмам) вучэнне, тым не менш яго прадстаўнікі з’яўляюцца, як правіла, фізікалістамі, г. зн. бачаць згаданы субстрат у мозгу, у вышэйшай нервовай сістэме [54, c.124].

Рэдукцыянісцкі падыход выяўляецца і на іншых кірунках вывучэння чалавека – напрыклад, пры даследаванні яго сацыяльных характарыстык і паводзінаў. Трэба адзначыць, што адпаведныя тэорыі выклікаюць палкія дыскусіі, у якіх на іх адрас часта гучыць вострая крытыка. У якасці яскравага прыкладу такой тэорыі (якая разгарнулася разам з тым у спецыяльную навуковую дысцыпліну) можа разглядацца сацыябіялогія, мэтай якой якраз і з’яўляецца тлумачэнне сацыяльных паводзінаў праз іх біялагічны фундамент. Яе прадстаўнікі лічаць за неабходнае сінтэзаваць дзеля гэтага ў рамках адной навукі цэлы шэраг навуковых дысцыплін – генетыку, эвалюцыйнае вучэнне, эталогію, экалогію, антрапалогію і сацыялогію [67, c.731]. У стратэгічным плане сацыябіялагічныя даследаванні скіраваныя на звядзенне сацыяльных паводзінаў (у найшырэйшым значэнні гэтага выразу) да генетычных структур тых арганізмаў, для якіх яны характэрныя (“генетычны рэдукцыянізм”) [46, т.9, c.1264-1265]. Пры гэтым грунтоўнае значэнне надаецца дзеянню (у абсягу пэўных папуляцый) селектыўных механізмаў (як і ў сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі). Становішча чалавека ў гэтым плане ніяк не вылучаецца, у яго сацыяльнасці не бачыцца нічога адметнага ў дачыненні да формаў калектыўнай арганізацыі іншых жывых істотаў [46, т.9, c.1264]. Уласцівы сацыябіялогіі генетычны рэдукцыянізм і дэтэрмінізм, ігнараванне адметнага статусу чалавека ў сістэме жывога ў першую чаргу крытыкуюцца яе апанентамі. Пры гэтым яна часам падаецца як мадэрнізаваная версія сацыял-дарвінізму, рэліктавай “сцыентысцкай ідэалогіі” [67, c.731].

Тым не менш, як бы крытычна мы не ставіліся да “біялагізатарскіх”, рэдукцыянісцкіх падстаў такіх тэарэтычных кірункаў, як сацыябіялогія, найбольш адэкватнай стратэгіяй абыходжання з імі з’яўляецца ўважлівае вывучэнне і крытычнае асэнсаванне дасягнутых у іх рамках вынікаў.

Такім чынам, чалавечае быццё ў свеце не можа быць адэкватна апісана без чыннага ўдзелу прыродазнаўчых навук, бо ўсе яго вымярэнні (касмічнае, біялагічнае, духоўнае) шчыльна звязаныя паміж сабой і істотным чынам уплываюць адно на адно.

Праблема ўзнікнення чалавека і грамадства набыла прыродазнаўчае гучанне дзякуючы распрацоўцы эвалюцыйнага вучэння. Класічная біялогія ў сваёй аргументацыі на карысць натуральнага, эвалюцыйнага паходжання чалавека магла абаперціся на набыткі параўнальнай фізіялогіі і анатоміі, але не мела ў сваім распараджэнні выкапнёвых знаходак. Сучасная навука мае магчымасць грунтаваць адпаведныя высновы на такіх знаходках. Істотнае значэнне ў арсенале яе метадычных сродкаў і аргументаў набылі ў дадзенай сувязі таксама пазнавальныя працэдуры і тэарэтычныя дасягненні генетыкі і малекулярнай біялогіі. У працэсе антрапасацыягенезу можна вылучыць тры асноўныя перыяды: перыяд дачалавечых формаў, пераходны перыяд і перыяд станаўлення сучаснага чалавека і грамадства, якое адбывалася на грунце хоць і прымітыўных, але чалавечых істотаў і структур.

Пытанне пра суадносіны духоўнага і біялагічнага пачаткаў у чалавеку знаходзіць сваё канцэнтраванае выяўленне ў праблеме ўзаемадачыненняў свядомасці і мозга. Яе вырашэнне адбывалася на двух стратэгічных кірунках – дуалістычным і маністычным. Сучасная версія дуалістычнага падыходу прызнае незалежнае існаванне духоўных і нейрафізіялагічных феноменаў і разам з тым падкрэслівае актыўны ўплыў духа на дзейнасць мозга. У рамках маністычна-матэрыялістычнага падыходу духоўныя працэсы зводзяцца да функцыянавання вышэйшай нервовай сістэмы. У элімінатывізме згаданае звядзенне набывае татальны характар. У функцыяналізме ментальныя станы атаясамліваюцца з іх фунцыямі у межах усёй псіхафізіялагічнай сістэмы. Рэдукцыянісцкі падыход прадстаўлены і на іншых кірунках вывучэння чалавека. Яскравым увасабленнем такога падыходу з’яўляецца сацыябіялогія, тэорыя, якая разгарнулася ў спецыяльную дысцыпліну і якая імкнецца растлумачыць сацыяльныя паводзіны жывых істотаў на аснове іх біялагічных падстаў.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1. Якія навуковыя дысцыпліны, на Ваш погляд, павінны займацца праблемай антрапасацыягенезу? Як найлепшым чынам арганізаваць іх узаемадзеянне? Ці правамерна надаваць нейкай з іх галоўную ролю?

  2. Як Вы ставіцеся да характарыстыкі сучаснага чалавека як homo sapiens sapiens?

  3. Вывучэнне антрапасацыягенезу можа быць пагрунтаванае (і грунтуецца) на розных светапоглядных, філасофскіх пазіцыях, у якіх у канчатковым выніку выяўляюцца пэўныя апазіцыі. Так, натуралістычнаму падыходу, у рамках якога чалавек разглядаецца як прадукт біялагічнай эвалюцыі (якой маглі паспрыяць фактары геафізічнага і касмічнага парадку), супрацьстаіць крэацыянісцкая канцэпцыя, паводле якой яго ўзнікненне мае звышнатуральны характар. Прапанаваная Ф.Энгельсам працоўная канцэпцыя сутыкаецца з гульнявой, якую імкнуўся абгрунтаваць галандскі гісторык культуры Ё.Хёйзінга. Якія аргументы на карысць кожнай з іх маглі б прывясці Вы? Якой з іх (ці, магчыма, нейкай іншай) Вы аддаеце перавагу?

  4. Якая з версій вырашэння псіхафізіялагічнай праблемы Вам найбольш блізкая? Чаму?

  5. Паспрабуйце сістэматызаваць аргументы на карысць і супраць тых тэарэтычных кірункаў, у межах якіх біялагічнаму ў чалавеку надаецца грунтоўнае, асноватворнае значэнне.