Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
85
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

2. Закон аб культуры

Кіруючыся Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (прынята 27. 07. 90г. ) і ўсведамляючы жыццёвую неабходнасць узнаўлення беларускай культуры, захавання яе самабытнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе далейшага развіцця, як і для развіцця культуры грамадзян Беларусі ўсіх нацыянальнасцей, 4 чэрвеня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон аб культуры.

Дадзены Закон накіраваны на рэалізацыю суверэнных правоў Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, ажыццяўленне прынцыпаў ідэалагічнай і палітычнай незалежнасці культуры ад грамадска-палітычнах структур, стварэнне прававых умоў для свабоднага самаразвіцця культурных працэсаў, забеспячэнне матэрыяльных і фінансавых гарантый развіцця культуры і сацыяльную абарону культуры ва ўмовах рыначных адносін.

Заканадаўства аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюе грамадскія адносіны па ўстанаўленні прававых і эканамічных гарантый для стварэння, захавання і спажывання твораў матэрыяльнай, мастацкай і духоўнай культуры і мае на ўвазе рашэнне перш за ўсё наступных задач:

1) узнаўленне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры і культур нацыянальных супольнасцей Беларусі як састаўной часткі агульначалавечай культуры;

2) фарміраванне культурнага асяроддзя, маральных асноў, эстэтычных поглядаў і густаў народа і далучэнне яго да мастацкай творчасці, да гуманістычных каштоўнасцей культуры.

Асноўнымі прынцыпамі культурнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца:

1) свабода творчай дзейнасці і самаразвіццё культурных працэсаў, плюралізм напрамкаў і стыляў у творчасці, адмаўленне ад манапалізму ў культуры;

2) абарона інтэлектуальнай уласнасці;

3) агульнадаступнасць культурных каштоўнасцей (як нацыянальнай, так і сусветнай культуры);

4) права на бесперашкодную культурна-творчую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для ўсіх нацыянальных супольнасцей;

5) прыярытэт умоў для развіцця беларускай нацыянальнай культуры;

6) гуманістычная накіраванасць, узмацненне асабовага пачатку ў культурнай дзейнасці, арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасці, высокамаральны характар культуры;

7) забеспячэнне сувязяў беларускай нацыянальнай культуры з культурамі іншых народаў;

8) спалучэнне дзяржаўных і грамадскіх асноў у арганізацыі культурнай дзейнасці;

9) поўная самастойнасць культурнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь.

У галіне развіцця культуры Рэспубліка Беларусь вызначае наступныя матэрыяльна-фінансавыя прыярытэты:

1) зберажэнне, развіццё і распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры;

2) стварэнне і папулярызацыя твораў мастацтва і літаратуры для дзяцей, іх эстэтычная адукацыя і выхаванне;

3) папулярызацыя класічных твораў айчыннага і сусветнага мастацтва і лепшых узораў сучаснай культуры;

4) забеспячэнне развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.

Асобам любой нацыянальнасці і этнічнай групы, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на развіццё сваёй культуры, на стварэнне нацыянальнай школы, прадпрыемстваў і ўстаноў культуры (тэатраў, музеяў, выдавецтваў і г. д. ). Яны маюць права на стварэнне сваіх культурных аб'яднанняў, асацыяцый, культурна-асветніцкіх таварыстваў і суполак, нацыянальных культурных цэнтраў.

Састаўной часткай культуры любога этнасу з'яўляецца яго гісторыка-культурная спадчына. Да гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь належаць матэрыяльныя, мастацкія і духоўныя каштоўнасці, якія маюць нязменнае гістарычнае значэнне для народа Беларусі незалежна ад аўтарскіх маёмасных правоў на іх, часу іх стварэння і месцазнаходжання, у тым ліку і за межамі Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць па зберажэнні і выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны рэгулюецца законамі Рэспублікі Беларусь “Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры ў Рэспубліцы Беларусь”.

У нашай рэспубліцы праводзіцца дзяржаўная мэтанакіраваная палітыка па вяртанні на Радзіму культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных з яе тэрыторыі. Усе гэтыя каштоўнасці з'яўляюцца нацыянальным культурным набыткам народа Рэспублікі Беларусь і падлягаюць абавязковаму вяртанню на Радзіму незалежна ад часу, абставін вывазу і цяперашняга месцазнаходжання.

Усебакова разглядаецца ў Законе аб культуры пытанне аб творчай дзейнасці, яе свабодзе (як у галіне традыцыйнай, народнай культуры, так і ў сферы культуры прафесійнай).

Рэспубліка Беларусь стварае ўмовы і заахвочвае грамадзян да адраджэння і развіцця гістарычных традыцый народнай творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, святаў, традыцыйных промыслаў і рамёстваў, архітэктурных форм нацыянальнага горадабудавання, узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Развіццё ўсіх відаў прафесійнага мастацтва і культуры забяспечваецца сістэмай эканамічных, сацыяльных і прававых гарантый: бясплатнасцю атрымання адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, павышэннем кваліфікацыі, правам свабодна аб'ядноўвацца ў творчыя саюзы, прыняццем мер па сацыяльнай абароне прафесійных творчых работнікаў.

У Рэспубліцы Беларусь усім грамадзянам, установам культуры, у тым ліку маладзёжным культурным цэнтрам, творчым аб'яднанням гарантуецца свабода мастацкай, культурнай дзейнасці, развіцця разнастайных школ і напрамкаў.

Кожны з суб'ектаў творчасці мае права самастойна вызначаць змест, форму, жанр, мову, стыль твора мастацтва і культуры, свае творчыя планы і рэпертуар і несці адказнасць за культурна-творчую дзейнасць у адпаведнасці са статусамі і палажэннямі аб творчай арганізацыі.

Для вырашэння пэўных культурных задач, стымулявання творчага пошуку органы кіравання культурай маюць права даваць мэтавыя сацыяльна-творчыя заказы (у тым ліку на конкурснай аснове) творчым калектывам, дзеячам культуры і мастацтва (з іх згоды), на стварэнне новых твораў мастацтва, канцэртных праграм і аказанне культурных паслуг.

Забараняецца толькі распаўсюджванне твораў, якія заклікаюць да гвалтоўнага звяржэння ці змянення канстытуцыйнага дзяржаўнага ладу, прапагандуюць вайну, насілле і жорсткасць, расавую, нацыянальную, рэлігійную варожасць, парнаграфію.

Для фінансавання культуры ствараецца рэспубліканскі фонд фінансавання культуры мясцовых Саветаў народных дэпутатаў.

Крыніцамі фарміравання фондаў фінансавання культуры з'яўляюцца:

1) дабрачынныя паступленні ад прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый усіх відаў уласнасці, прыбыткі ад правядзення спецыяльных латарэй, аўкцыёнаў, выстаў;

2) дабрачынныя паступленні ад грамадскіх арганізацый і ад грамадзян;

3) паступленні ад продажу і набыцця каштоўных папер, якія выпускаюцца фондам.

Дзяржава ўстанаўлівае гарантаваную долю бюджэтных сродкаў на развіццё мастацтва і культуры ў памеры не меней як 3 працэнты ад агульнай сумы Дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Беларусь.

Апошні раздзел Закона аб культуры прысвечаны знешнім сувязям у галіне культуры. Рэспубліцы Беларусь належыць выключнае права ўстанаўліваць і развіваць знешнія культурныя сувязі. Яна мае права заключаць міжнародныя дагаворы і пагадненні ў галіне культуры, ажыццяўляць узаемны абмен яе дасягненнямі.

Установы і арганізацыі культуры, грамадскія аб'яднанні, у тым ліку і творчыя саюзы, маюць права самастойна заключаць кантракты з замежнымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі на любыя формы супрацоўніцтва ў сферы культуры. Абмежаванні на міжнароднае культурнае супрацоўніцтва могуць быць устаноўлены толькі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліка Беларусь мае намер прыняць больш актыўны ўдзел у фарміраванні культурнага базісу і спадчыны Еўропы і свету, перабудоўваць свае адносіны з суседзямі на аснове вечных культурных каштоўнасцей і ідэалаў, агульных традыцый духоўнага жыцця, ствараць умовы для свабоднай міграцыі людзей, абмена ідэямі і культурнымі каштоўнасцямі.