Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
85
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

4. 3. Віленскі край і яго лёс

Насельніцтва Віленскага краю называюць беларусамі памежжа, што азначае месцазнаходжанне паміж дзвюма дзяржавамі – Літвой і Беларуссю. Спецыфікай гэтага рэгіёна з'яўляюцца, па-першае, геаграфічнае становішча паміж дзвюма дзяржавамі, па-другое, гістарычнае спарадненне двух суседніх народаў.

Супольнай сталіцай усіх народаў ВКЛ была Вільня. На гэтай тэррыторыі спрадвеку не было ніякай мяжы, таму сучаснае ўвядзенне візавага рэжыму балюча адбівалася на становішчы беларускага насельніцтва ў Літве і літоўскага ў Беларусі.

Гістарычны лёс беларускага і літоўскага народаў у многім падобны: між сабой ніколі ні варагавалі, супольна бараніліся ад агрэсіі суседніх дзяржаў (крыжакоў, Польшчы, Расіі, польскай акупацыі міжваеннага часу, прыгнёту Расійскай імперыі ў савецкім варыянце).

З пачатку ХХ ст. адносіны літоўцаў і беларусаў былі добрасуседскія, але другая сусветная вайна і пасляваенны перыяд прынеслі змены:

1. Верасень-кастрычнік 1939 г. – генацыд беларускай інтэлігенцыі Віленшчыны.

2. Пасля другой сусветнай вайны – другая хваля генацыду беларускай інтэлігенцыі, у выніку чаго апошняй амаль не засталося. Гэта была добра запланаваная этнічная чыстка. Усе беларускія школы ў Вільні былі зачынены, беларускі музей, усе грамадскія арганізаціі і суполкі ліквідаваны. Некаторую частку беларускіх настаўнікаў рэпрэсіравалі, астатнія мелі выбар выкладаць ці ў польскіх школах, ці ў расейскіх. Такія ж умовы мелі на Віленшчыне і беларускія дзеці, якія дома ўсё ж такі карысталіся беларускай мовай.

Такім чынам, была паспяхова праведзена грунтоўная манкуртызацыя беларусаў Віленшчыны. Гэтаму паспрыяла канфесійная размежаванасць беларусаў: руская праваслаўная царква праводзіла русіфікацыю, каталіцкі касцёл – паланізацыю.

Да сённяшняга часу беларусы Віленшчыны адмоўна ставяцца як да незалежнасці Літвы, так і Беларусі. Але інакш і не атрымалася б. Вільня здаўна была цэнтрам беларушчыны, а з пачатку 30-ых гг. ХХ ст. на Беларусі праводзілася бессаромная дэбеларусізацыя, якая паставіла беларускі народ на мяжу знікнення як нацыі. Акрамя таго, нельга забываць, што Савецкая Беларусь і Савецкая Літва былі марыянеткамі ў рускай імперыі. Адпаведна з гэтымі гістарычнымі фактамі Вільні не павінна было быць.

Але на Віленшчыне беларускі этнас жыццяздольны. І сёння ў Вільні абуджаецца мясцовы інтэлектуальны патэнцыял.

4. 4. Беларусы за мяжою

Міграцыя насельніцтва – гэта тэрытарыяльнае перамяшчэнне людзей (мігрантаў), звязанае са зменай месца жыхарства. Міграцыя насельніцтва – складаны грамадскі працэс, які закранае ўсе бакі сацыяльна-эканамічнага жыцця. Паводле тэрмінаў перамяшчэння міграцыя бывае пастаяннай, ці незваротнай (з канчатковай пераменай пастаяннага месца жыхарства), часовай, ці зваротнай (перасяленне на дастаткова працяглы, але абмежаваны тэрмін), якая ўключае сезонную (пераезды на работу ў пэўныя перыяды года) і маятнікавую. Паводле тэрытарыяльных і геаграфічных прыкмет выдзяляюць знешнюю і ўнутраную. Знешняя міграцыя насельніцтва, звязаная з перасячэннем дзяржаўнай мяжы, атрымала назву міжнародная міграцыя насельніцтва. Яна падзяляецца на эміграцыю і іміграцыю.

Эміграцыя азначае прымусовы ці добраахвотны выезд грамадзян са сваёй айчыны ў іншую краіну на пастаяннае або доўгае жыхарства па эканамічных, палітычных, рэлігійных ці іншых прычынах.

Іміграцыя насельніцтва – гэта ўезд іншаземцаў у краіну на пастаяннае або часовае жыхарства па розных прычынах. Іміграцыя дапускаецца толькі з санкцыі адпаведных арганізацый.

Дыяспара – рассяленне, прабыванне значнай часткі народа (этнічнай еднасці) па-за межамі краіны паходжання. Дыяспары ўтвараліся ў выніку прымусовага высялення, пагрозы генацыду, уздзеянняў эканамічных і геаграфічных фактараў. Першапачаткова тэрмін “дыяспара” адносіўся да пражывання яўрэяў па-за Палестынай. У далейшым тэрмін “дыяспара” выкарыстоўваўся і ў дачыненні да некаторых іншых этнічнасцей.

Беларусы ў параўнанні з суседнімі народамі пазней уключыліся ў міграцыйны рух як у межах Расіі, так і за яе межамі. Ва ўсе часы адметнай рысай беларуса была любоў і пашана да зямлі. Беларускі вучоны М. Доўнар-Запольскі, параўноўваючы адносіны да перасяленцаў у рускіх, украінцаў і беларусаў, меркаваў, што першыя два народы ў сваім гістарычным мінулым былі звыклымі перасяленцамі, а беларусы тысячагоддзямі сядзелі на зямлі. Такому вобразу жыцця садзейнічала прырода краю з перавагай балотаў, рэк, азёр, што прыводзіла да ізаляцыі. Усе гэтыя асаблівасці характару беларусаў аказвалі свой уплыў і на міграцыю пражываючага насельніцтва. Таму беларусаў называюць дамаседскай нацыяй, якая вызначалася аселасцю, “прыкіпласцю” да зямлі, памяркоўнасцю. Акрамя гэтага, шматлікія абставіны не спрыялі нармальнаму міграцыйнаму працэсу: адсутнасць заканадаўства па рэгуляванню эміграцыі; адмоўныя адносіны дзяржавы; недастатковасць звестак аб іміграцыйных законах у краінах пасялення, стане працоўнага рынку, умовах найму, кошту праезду; няведанне мовы. Усё гэта моцна абцяжарвала становішча эмігрантаў. Акрамя гэтага, беларускія землі не мелі выхадаў да партоў, таму беларусы не мелі звестак аб жыцці людзей за мяжой.

Першы паток міграцыі назіраўся ў XVІ – XVІІ стст. З Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай беларусы перасяляліся ў Паволжжа і Сібір. Але больш моцны паток перасялення беларусаў быў пасля паўстання беларусаў 1794 г. Калі раней ехалі ў асноўным сяляне за зямлёй, то ў гэты час шляхціцы, якія прымалі ўдзел ў паўстанні. Пасля далучэння Беларусі да Расіі гэты працэс значна паскорыўся. Але гэта міграцыя была не натуральная, а ўяўляла сабой бегства з роднай зямлі.

Масавую міграцыю можна назіраць у 80-ых і 90-ых гг. ХІХ ст. Беларусы ехалі ў Сібір спачатку невялікімі групамі, але ўжо ў сярэдзіне 90-ых гг. беларускі перасяленец заняў амаль самае значнае месца сярод перасяленцаў у Сібір: толькі 4 губерні (Магілёўская, Віцебская, Мінская і Смаленская) за 20-годдзе 1896 – 1915 гг. далі сёмую частку перасяленчага руху ўсёй Расіі. У гэты перыяд ехалі ў асноўным па эканамічных прычынах: беззямелле, малазямелле, аграрнае перанасяленне, збядненне вытворцаў, вялікая колькасць лішніх рабочых рук.

Рост перасяленчага руху Беларусі стане зразумелым, калі падкрэслім, што беларускія гарады раслі вельмі марудна. Акрамя эканамічных прычын былі нацыянальныя і рэлігійныя.

Афіцыйная палітыка царскага ўрада была скіравана на непрызнанне беларусаў як асобнага народа. Царскі ўрад лічыў беларусаў часткай рускай народнасці. У складзе Расіі да беларусаў не ставіліся як да самастойнага народа. Гэта значыць, беларусам адмаўлялі ў праве быць народам. Частка беларусаў лічыла сябе пакрыўджанай і падалася на Захад, іншыя высяляліся ў Сібір за жаданнем “людзьмі звацца”.

Беларусь знаходзілася на разломе розных канфесій: заходняй каталіцкай і ўсходняй беларускай праваслаўнай. Афіцыйная рэлігія – праваслаўная, іншыя падвяргаліся ўціску. Іміграцыйныя службы краін рэгістравалі беларусаў як былых грамадзян Расіі па веравызнанні: праваслаўных адносілі да рускіх, католікаў – да палякаў.

Беларуская дыяспара складаецца з дзвюх частак: усходняя і заходняя, гэта значыць, адна ў межах Расіі, а другая за яе межамі. Калі, напрыклад, французскія сяляне ехалі з поўначы на поўдзень, то яны ўсё роўна аказваліся сярод французаў. А беларусы, якія ехалі ў Сібір, Казахстан, аказваліся сярод рускіх, казахаў – не ў сябе дома. У гэтым выпадку ў мігрантаў мяняюцца не толькі сацыяльна-эканамічныя, але моўныя і культурныя сувязі з насельніцтвам.

Да першай сусветнай вайны ў Сібіры было 814 тыс. беларусаў. Трэба адзначыць, што ў Беларусі жылі не толькі беларусы, а перасяляліся толькі беларусы, таму што ехалі сяляне ў пошуках свабодных зямель, а сяляне – гэта беларусы. У гарадах жылі ў асноўным рускія і яўрэі.

Заходняя (замежная) дыяспара: беларусы ехалі ў ЗША, Канаду, Аргенціну, Бразілію. Да канца XVІІІ ст. эмігранты былі рэдкія і адзінкавыя асобы. ВКЛ належыла да праўных дзяржаў і яго грамадзянам была адкрыта дарога за мяжу. Права гэтае, упершыню зарэгістраванае прывілеем Вялікага князя Казіміра ў 1457 г., упісана ў Статут 1529 г.

У XVІІ – XVІІІ стст. пачынаецца эміграцыя ў Паўночную Амерыку з тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Найбольш славутым і выдатным эмігрантам у XVІІІ ст. быў беларус па паходжанні Тадэвуш Касцюшка. Наш зямляк змагаўся ў 1776 – 1783 гг. у ліку дабравольцаў у вайне за незалежнасць ЗША, стаў брыгадным генералам, адным з кіраўнікоў амерыканскай арміі. Помнікі ў Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе сведчаць аб тым, што амерыканцы адзначылі Касцюшку, які ўнёс вялікі ўклад у справу незалежнасці ЗША і тым самым зрабіў вялікую справу для беларускай спадчыны ў гэтай краіне.

Найбольш значная па колькасці хваля беларускай эміграцыі прыпадае на перыяд з 90-ых гадоў ХІХ ст. да пачатку першай сусветнай вайны, калі ў ЗША пасяліліся ад 550 да 650 тысяч беларусаў. Новая хваля беларускай эміграцыі падпадае падчас другой сусветнай вайны – гэта вайскоўцы савецкай арміі, якія трапілі ў нямецкі палон.

Пасля другой сусветнай вайны ў ЗША эмігрыравала 50 – 55 тысяч беларусаў. На сённяшні дзень тут пражывае 600 – 650 тысяч нашых землякоў.

Такім чынам, пачынаючы з XVІ і асабліва з канца ХІХ ст., міграцыйны рух набыў сталы характар, у выніку чаго па розных прычынах тысячы беларусаў пражываюць па-за сваімі этнічнымі межамі.

Калі мы вядзём размову аб сучасным этапе беларускай эміграцыі, то неабходна звярнуць увагу на тое, што Беларусь, будучы ў складзе СССР, ніколі не фарміравала сваёй міграцыйнай палітыкі. Перамяшчэнне насельніцтва і працоўных рэсурсаў планавалася цэнтралізавана. У міграцыйнай палітыцы прымаліся меры адміністрацыйнага рэгулявання і былі накіраваны на забеспячэнне працоўнай сілай прамысловых новабудоўляў, якія багаты прыроднымі рэсурсамі.

Гэтая палітыка арыентавалася на інтарэсы развіцця вытворчасці. Шырока прымяняўся арганізаваны набор рабочай сілы: камсамольскія заклікі, сельскагаспадарчыя перасяленні, дзяржаўнае размеркаванне спецыялістаў, якія скончылі вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. У агульным ліку тых, хто адбыў з рэспублікі, аргнабор склаў у 1988 г. 6,45 тысячы чалавек, у 1989 – 4,9 тысячы.

На асаблівасці міграцыі ў рэспубліцы ў апошні час значны адбітак аказалі дэмакратычныя, палітычныя, эканамічныя і экалагічныя працэсы, якія развіліся на Беларусі. У канцы 80 – пачатку 90-ых гг. у выніку Чарнобыльскай катастрофы, распаду СССР, адмаўлення ад адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання народнай гаспадаркай і пераходам да рыначных адносін, нарастання эканамічнага крызісу, павелічэння сацыяльнай напружанасці, абвастрэння міжнацыянанальных і этнічных канфліктаў і іншых фактараў узмацніліся міграцыйныя плыні насельніцтва.

Чарнобыльская аварыя выклікала новы ўсплеск мігрантаў з рэспублікі. Пачаўся ад’езд насельніцтва з забруджаных радыёнуклідамі раёнаў Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. Беларуская дыяспара раскідана па ўсім свеце. Практычна на ўсіх кантынентах ёсць беларускія калоніі: у ЗША, Англіі, Францыі, Канадзе, Аргенціне, Італіі, Аўстраліі. Усяго за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае прыкладна 3 – 3,5 млн беларусаў.

Працэсы дэмакратызацыі, нацыянальна-культурнага адраджэння, палітычныя і эканамічныя рэформы, распачатыя пасля 1985 г., стваралі ўмовы для пераасэнсавання праблем дыяспары, фарміравання новай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да яе.

Першы з’езд беларусаў свету, які адбыўся 8 – 10 ліпеня 1993 г. у Мінску, быў вельмі патрэбным для кансалідацыі, збірання нацыі, для адраджэння Беларусі ў той час, калі ў многім вырашаецца яе лёс, а да лёсу сваёй Бацькаўшчыны неабыякавыя ўсе беларусы, і не ў меншай ступені тыя, што жывуць за яе межамі. Як зазначыў Мікола Ганько, старшыня згуртавання беларусаў Канады: “Галоўнае цяпер – працавать так на Беларусь, каб нашы спадзяванні споўніліся”.