Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
85
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

9. 1. Нацыянальнае дойлiдства

За часы свайго iснавання беларускi народ стварыў выдатную i самабытную спадчыну. Архiтэктура з'яўляецца яе састаўной часткай i займае сярод помнiкаў матэрыяльнай i духоўнай культуры асобнае месца. Менавiта ў архiтэктуры, больш чым у якой iншай сферы чалавечай дзейнасцi, адлюстравана ўся гiсторыя чалавецтва: не толькi яго iдэалогiя, сацыяльна-палiтычнае жыццё, але i эканамiчнае развiццё грамадства. Тут можна прыгадаць словы Вiктора Гюго: “З самага пачатку стварэння свету i да канца ХVІ ст. хрысцiянскай эры дойлiдства было вялiзнай кнiгай чалавецтва, асноўнай формулай, што вызначала чалавека на ўсiх узроўнях яго развiцця”. Нягледзячы на вялiкiя страты падчас шматлiкiх разбуральных войнаў, на Беларусi захавалася мноства непаўторных помнікаў архітэктуры.

Гiсторыя развiцця архiтэктуры на тэрыторыi Беларусi

на працягу ІХ – ХVІІІ ст.

Першабытныя людзi працавалi i жылi ў прыроднай прасторы пад адкрытым небам, у прымiтыўных будынках альбо ў пячорах. З часам яны навучылiся ўзводзiць будынкi, ствараць так званую архiтэктурную прастору, якая не проста абмежавана сценамi i дахам, але i эстэтычным развiццём асобы. Гэтую прастору людзi дзеля зручнасцi абсталёўваюць рознымi рэчамi. Розныя тыпы будынкаў з'яўляюцца асновай архiтэктурнага асяроддзя Беларусi: iснавалi гаспадарчыя i жылыя пабудовы; абарончыя; культавыя (храмы, касцёлы). Да X ст. архiтэктура Кiеўскай Русi была цалкам драўлянай. Пасля таго як кiеўскi князь Уладзiмір у 988 г. прыняў новую дзяржаўную рэлiгiю – хрысцiянства, у Кiеў прыбылi i першыя вiзантыйскiя дойлiды. Грэчаскiя дойлiды былi знакамiтымi ва ўсiм хрысцiянскiм свеце. Яны прынеслi на Русь сiстэму крыжова­купальнага храма. У часы праўлення славутага князя Усяслава, празванага Чарадзеем (прыкладна памiж 1044 i 1066 гг. ), была пабудавана Полацкая Сафiя. У Полацкай Сафii ўвасоблена моц i ўплывовасць Полацкага княства. Як i Кiеўская, Полацкая Сафiя была галоўным грамадскiм будынкам у горадзе. Тут прымалi замежных паслоў, аб'яўлялi вайну i заключалi мiр, тут жа знаходзiлася княжацкая скарбнiца i бiблiятэка. Назначэнне гэтага будынка паказвае пячатка горада з надпiсам: “Печаць Полачья i святой Сафii”. Няўмольны час не захаваў велiчнага храма.

Сафiя шмат разоў перабудоўвалася i дайшла да нас у выглядзе, набытым у XVІІІ ст. Ад першапачатковага будынка засталiся рэшткi слупоў, часткi сцен, якiя ўвайшлi ў аб'ёмы храмаў XVІІІ ст. Полацкая Сафiя зроблена з тонкай, добра абпаленай, квадратнай, ярка-чырвонай цэглы таўшчынёй 3 – 4 см. Такая цэгла ў будаўнiчай лiтаратуры называецца плiнфай. У Беларусi плiнфа ўжывалася да канца XVІІ ст. Клалi яе ў муроўку на спецыяльнай рошчыне з вапны i дробна патоўчанай цэглы-цамянкi. Цамянка надавала трываласць i ружовы колер.

Зараз Сафiйскi сабор адноўлены i прыстасаваны пад канцэртную залу. У падземных сутарэннях, дзе добра вiдаць муроўкi ХІ ст., арганiзаваны археалагiчны музей. У першай палове ХІІ ст. у Полацку склалася самастойная архiтэктурная школа. Полацкiя дойлiды выпрацавалi сваю будаўнiчую тэхнiку i форму будынка. Яна захавала старадаўнюю муроўку са “схаваным радам”, хаця ўсе суседнiя княствы ад яе на той час ужо адмовiлiся. Асноўныя рысы, выпрацаваныя полацкiмi дойлiдамi, увасабляе помнiк у Полацку – Спаса-Праабражэнскі сабор Ефрасiннеўскага манастыра, якi быў пабудаваны памiж 1128 i 1156 гг. дойлiдам İаанам. İснуе павер'е, што сама Ефрасiння Полацкая, якая шмат зрабiла для развiцця пiсьменнасцi ў Полацку, i была iнiцыятарам будаўнiцтва гэтага сабора. Храм знаходзiцца на высокiм беразе ракi Палата. Пачатковы выгляд яго значна змянiўся пасля рамонту ў ХІХ ст. Сабор уяўляе сабой шасціслуповы аднагаловы храм памерам 9,8 м x 14,4 м Яго кампазіцыйнае вырашэнне, архітэктурныя дэталі (закамары, какошнікі) надаюць дынамічнасць, вежападобнасць знешняму аб’ёму.

Акрамя Полацкай вылучаецца Гродзенская архiтэктурная школа. Яе асаблівасці добра бачны па царкве Барыса і Глеба на Каложы (сярэдзіна XII ст. ), якая захавалася часткова. Гэта шасціслуповы, трохапсідны храм, кладка сцен бессістэмная. Дойліды царквы Барыса і Глеба вельмі шырока выкарыстоўвалі апрацаваныя валуны і керамічныя пліткі, якія, з’яўляючыся своеасаблівымі ўстаўкамі, утваралі вызначаны малюнак. Царква мела яшчэ некалькі асаблівасцей: круглыя слупы і наяўнасць вялікай колькасці галаснікоў – керамічных сасудаў, якія ўмуроўваліся ў сцены будынка з мэтай паляпшэння яго акустычных якасцей.

З канца XII – пачатку XIII ст. развіццё манументальнага культавага дойлідства Беларусі паступова замаруджваецца. Атрымлівае распаўсюджанне будаўніцтва вежаў-данжонаў, што было абумоўлена павелічэннем пагрозы з боку крыжакоў і татар. У якасці прыкладу можна прывесці вежу ў Камянцы (XII ст. ). Яна круглая ў плане, дыяметрам 13,6 м пры таўшчыні сцен 2,5 м. Агульная вышыня 29,4 м. Падмуркі і сцены выкладзены з брусковай цэглы. Вежа мае пяць ярусаў (паверхаў), злучаных лесвіцамі, на якіх можна было размясціць значную колькасць воінаў. Маючы выключна абарончае прызначэнне, Камянецкая вежа пазбаўлена якіх-небудзь архітэктурных упрыгажэнняў.

Вежы аналагічнага характару і прызначэння былі пабудаваны ў XII ст. ў Полацку, Тураве, Новагародку, на тэрыторыі старога замка ў Гродне, на замчышчы старажытнага Бярэсця.

Характар, шляхі развіцця беларускага дойлідства XIV – XVI ст. былі прадыктаваны знешнімі і ўнутранымі абставінамі жыцця Вялікага княства Літоўскага. Менавіта яны абумовілі інтэнсіўнае замкавае будаўніцтва, аказалі ўздзеянне на іншыя віды архітэктуры.

Мэты абароны не толькі асобнага горада, але і межаў усёй дзяржавы вызначылі будаўніцтва замкаў на штучных пляцоўках, у найбольш важных, з пункту гледжання ваенных патрэб, месцах. Такі варыянт замка пад назвай “кастэль” атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Заходняй Еўропе ў перыяд сяреднявечча. Адным з найбольш ранніх умацаванняў адзначанага тыпу з’яўляецца Лідскі замак (1320-ыя гг. ). Ён быў узведзены на штучным насыпе ў сутоцы рэк Лідзея і Каменка. Мастацкія асаблівасці замка вызначаюць суадносіны даволі высокіх сцен і двух дыяганальна размешчаных вежаў, якія ўтваралі крыху скошаны чатырохкутнік двара. Лідскі замак быў добра прыстасаваны да абароны. Першапачатковы стан замка цяпер цяжка ўявіць па прычыне неаднаразовых разбурэнняў. Асабліва моцна яго пашкодзілі ў час руска-польскай (1659) і Паўночнай (1702) войнаў.

Значным помнікам беларускай абарончай архітэктуры XIV – XVI ст. з’яўляецца Гродзенскі замак. Да нашых дзён ён дайшоў у значна пераробленым стане. У першапачатковым выглядзе замак праіснаваў да 1580-ых гг., калі па загаду Стэфана Баторыя быў перабудаваны італьянскім архітэктарам Скота ў рэнесансным стылі. Кампазіцыйна стары комплекс складаўся з пяці вежаў і палаца, якія размяшчаліся па перыметры трохвугольнай пляцоўкі Замкавай гары. Яе вышыня дасягала трыццаці метраў і з’яўлялася натуральным умацаваннем. Чатыры вежы замка былі квадратнымі ў сячэнні, пятая – круглая. Своеасаблівы выгляд меў палац. Ён зліваўся са сцяной, а яго вузкія вокны пры неабходнасці можна было выкарыстоўваць у якасці байніц. Замак вытрымаў мноства аблог, асабліва ў часы ваенных дзеянняў з крыжакамі (гісторыкі налічваюць пятнаццаць спроб узяць цытадэль). У канцы XVI ст. пасля значных перабудоў замак ператвараецца ў каралеўскую рэзідэнцыю. З гэтай мэтай адпаведнае вырашэнне набывае палац. Ён па-ранейшаму застаецца двухпавярховым. Унізе размяшчаліся вартоўня, канцылярыя, кладовыя, скарбоўня, архіў. Над імі – каралеўскія пакоі.

Важныя змены ў замкавым дойлідстве назіраюцца ў XVI ст. З ростам гарадоў, ускладненнем ваеннай тэхнікі ўзводзіць надзейныя ўмацаванні вакол гарадоў становіцца немэтазгодным. Таму іх пачынаюць выносіць за межы пасяленняў. Замкі ператвараюцца ў рэзідэнцыі вялікага князя, яго намеснікаў, буйных магнатаў. У склад комплексаў, акрамя сценаў і вежаў, уключаецца палац. Найбольш поўнае ўвасабленне адзначаныя змены атрымалі ў Мірскім замку (пач. XVI – пач. XVII ст., Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. ). Яго будаўніцтва прайшло два этапы. Напачатку былі ўзведзены сцены, пяць вежаў (чатыры кутныя, пятая ў сярэдзіне заходняй сцяны) і невялікі аднапавярховы будынак унутры двара. У другой палове XVI – пачатку XVII ст. ўздоўж паўночнай і ўсходняй сцен узводзіцца трохпавярховы палац. Такім чынам, у замку знайшлі спалучэнне абарончыя і прадстаўнічыя рысы. Вядучую ролю ў мастацкім абліччы ўсяго комплексу адыгрываюць вежы. Яны фланкіруюць кутныя часткі і выступаюць ад сцен на адлегласць да васьмі метраў. İх дэкор сціплы, але вельмі выразны. Чырвоны колер цэглы добра спалучаецца з разнастайнымі дэкаратыўнымі нішамі, пафарбаванымі белай вапнай, з арнаментальнымі паясамі. У кампазіцыйным суаднясенні асобных частак вежаў таксама прасочваюцца заканамернасці: ніжнія ярусы чатырохгранныя, верхнія – васьмігранныя, з адначасовым памяншэннем аб’ёму.

Прыклады планіроўкі, характар абарончай аснашчанасці, уласцівыя Мірскаму замку, у больш сціплых памерах паўтараюць яшчэ шэраг магнацкіх рэзідэнцый. Да ліку найбольш значных адносяцца замак Гаштольдаў у Геранёнах (кан. XV – пач. XVI ст., İўеўскі р-н, Гродзенская вобл. ), замак Сапегаў на востраве возера İказнь (пач. XVI ст., Браслаўскі раён, Віцебская вобл. ), замкі каралевы Боны на востраве возера Мястра (кан. XVI – пач. XVII ст., Мядзельскі р-н, Мінская вобл. ) і ў Рагачове (XVI ст., Гомельская вобл. ). На жаль, гэтыя цікавыя збудаванні вядомы больш па літаратурных крыніцах, даных археолагаў ці па старажытных картах, гравюрах.

У канцы XVI ст. адбываюцца важныя змены ў фартыфікацыйным аснашчэнні і тэхніцы замкавых комплексаў. У шырокае карыстанне ўваходзяць бастыённыя ўмацаванні і курціны (валы), на якія і пераносіцца галоўны абарончы эфект. Асабіста замак губляе суровасць і набывае больш прадстаўнічы выгляд. Такі варыянт умацаванняў уласцівы Нясвіжскаму замку. Яго будаўніцтва адносіцца да 1583 г., калі італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні ўзводзіць на месцы старога драўлянага замка Радзівілаў новы, каменны. Першапачаткова ў комплекс уваходзіла некалькі карпусоў, абкружаных валам з бастыёнамі. У тоўшчы вала размяшчалася вежа з аркай, праз якую можна было трапіць ва ўнутраны двор. Замак абараняўся таксама глыбокімі равамі і ставамі з вадой. Мастацкае аблічча асобных частак Нясвіжскага замка, асабліва палаца, гаспадарчых памяшканняў, неаднаразова мянялася. На працягу XVII і XVIII стст. тут праводзіліся значныя работы, у выніку якіх збудаванне набыло адпаведныя барочныя рысы.

Цікавай з’явай у архітэктуры Беларусі XIV – XVI стст. з’яўляецца культавае дойлідства. Культавыя будынкі нясуць на сабе адбітак традыцый дойлідства XI – XIII стст., а таксама новыя ўплывы, акрэсленыя стылямі заходнееўрапейскай архітэктуры – готыкі і рэнесансу. Акрамя крыжова-купальных храмаў, у азначаны перыяд узводзяцца базілікальныя будынкі, альбо назіраецца спалучэнне гэтых двух тыпаў.

Найбольшай своеасаблівасцю вызначаюцца абарончыя храмы, пашырэнне якіх прыпадае на канец XV – XVI ст. Гэта былі бязвежавыя і чатырохвежавыя збудаванні. Да ліку найбольш ранніх адносіцца касцёл Тройцы ў İшкладзі (1472 г., Баранавіцкі р-н, Брэсцкая вобл. ). Яго масіўны аб’ём складаецца з дзвюх частак: асноўнай прасторы, падзеленай гранёнымі слупамі на тры нефы, і вялікай, на ўсю шырыню корпуса, пяціграннай апсіды. Аздабленне інтэр’ера храма вельмі сціплае. Толькі перакрыцці крыжовых скляпенняў, што ўтвараюць мудрагелісты малюнак, надаюць унутранай прасторы рух уверх, памяншаюць уражанне цяжару, масіўнасці. Знешняе аблічча касцёла таксама вызначаецца лаканізмам і стрыманасцю. Яго мастацкае аблічча складаюць злітыя ў адзінае цэлае высокі шчыт галоўнага фасада, масіўныя контрфорсы, выцягнутыя, накшталт байніц, вокны, стромкі, двухсхільны дах.

У нязменным выглядзе захавалася царква Міхала ў Сынкавічах (кан. XV – пач. XVI ст., Зэльвенскі р-н, Гродзенская вобл. ). Гэта невялікі (17,5 м × 13 м), з трыма аднолькавымі апсідамі храм, унутраная прастора якога падзелена шасцю слупамі на тры нефы (два слупы прымыкаюць да сцен апсід). Крутыя часткі царквы фланкіруюць вежы. Яны некалькі адрозніваюцца адна ад другой. Дзве заходнія – гранёныя, з невялікімі контрфорсамі, усходнія – круглыя. Двухсхільны дах будынка ўпрыгожаны высокімі франтонамі-шчытамі з разнастайнымі дэкаратыўнымі нішамі. Давяршаюць аздабленне храма байніцы. Яны канцэнтруюцца ў верхніх ярусах вежаў, на франтонах. Уздоўж паўднёвай, паўночнай і заходняй сцен суцэльнай стужкай ідуць навясныя байніцы – машыкулі. Толькі ўсходні фасад і далучаныя да апсідаў круглыя вежы на вышыні трох метраў маюць дэкаратыўны паясок у выглядзе плоскай аркатуры з паўцыркульных арачак. Царква ў Сынкавічах – помнік надзвычай важны ў гісторыі беларускай архітэктуры. У ёй перасякліся традыцыі старажытнарускага будаўніцтва, рысы познягатычнага стылю і ўплывы рэнесансу. Па сваіх мастацкіх вартасцях храм не саступае лепшым узорам сусветнага дойлідства.

Больш рашучы крок на шляху засваення рэнесанснага стылю зроблены ў царкве ў в. Мураванка (1516 – 1542, Шчучынскі р-н, Гродзенская вобл. ). Храм уяўляе сабой чатырохслуповае, трохнефнае і аднаапсіднае збудаванне памерам 15 м ×13,5 м. У кутных частках яго знаходзяцца чатыры вежы – ля ўваходу крыху вышэйшыя, чым з боку апсіды. Пры параўнанні Сынкавіцкай царквы і храма ў Мураванцы відавочна іх падабенства. Яно прасочваецца ў скляпеннях перакрыццяў са складанапрафіляванымі нервюрамі, наяўнасці абарончага прызначэння вежаў, байніц, высокага франтона на захадзе. Але выкарыстанне гэтых, прыкметных да храмаў абарончага тыпу элементаў становіцца больш дэкаратыўным, вытанчаным, што сведчыць аб бясспрэчных уздзеяннях рэнесанснага стылю.

У XIV – XVI стст., нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця, пастаянныя ваенныя дзеянні, ідзе актыўнае будаўніцтва жылля, грамадскіх і гаспадарчых памяшканняў. Аб іх знешнім выглядзе, канструкцыйных асаблівасцях, аздабленні можна меркаваць талькі па ўскосных даных – на падставе інвентароў, старадаўніх гравюр і карт. Гэтыя ж крыніцы з’яўляюцца асноўнымі і пры даследаванні драўлянага храмавага дойлідства, сядзібнага жылля.

Развіццё беларускага дойлідства ў XVII ст. адбываецца пад уздзеяннем барока. Распаўсюджанне гэтага стылю было абумоўлена як унутранымі абставінамі, станам палітычнага і эканамічнага жыцця Рэчы Паспалітай, так і пашырэннем рознахарактарных зносін з краінамі Заходняй Еўропы. Да найбольш значных збудаванняў разглядаемага перыяду адносяцца замкі ў Гальшанах і Смалянах.

Гальшанскі замак быў узведзены ў першай палове XVII ст. Моцна пашкоджаны (асабліва ў канцы XIX ст., калі адзін з яго гаспадароў узрываў сцены і вежы, а цэглу прадаваў на будаўніцтва карчмы), ён дайшоў да нашага часу ў амаль разбураным стане. Старадаўнія малюнкі, матэрыялы архіваў даюць магчымасць уявіць комплекс у першапачатковым выглядзе. Па сваёй кампазіцыі ён у нечым нагадваў Мірскі замак. Прамавугольны ў плане двор (88,6 м × 95,6 м) быў абкружаны жылымі карпусамі і шасцю вежамі. Тут акрамя жылля размяшчаліся гаспадарчыя памяшканні. Характар вырашэння замка, яго аздабленне вызначаліся сціпласцю, але было далёка ад суровасці аналагічных пабудоў XIV – XVI стст. Роспісы на сценах, калонах, столі, на вокнах стваралі ўрачыстае ўражанне, адпаведнае пышнай магнацкай рэзідэнцыі.

Лёс Смалянскага замка больш трагічны. Ён быў значна пашкоджанны ў 1708 г. падчас Паўночнай вайны і амаль разбураны ў сярэдзіне XIX ст. Ад калісьці велічнага збудавання засталіся частка вежы і фрагмент сцяны. Таму аб знешнім стане замка, характары яго архітэктуры можна меркаваць па асобных выявах, што захаваліся, архіўных матэрыялах. Выгляд Смалянскага замка адлюстраваў ў канцы XVIII ст. İ. Пешка. Комплекс быў ўзведзены ў нізкім, забалочаным месцы на высокім земляным насыпе і абкружаўся ровам. Яго ўнутраны чатырохкутны двор утваралі трох- і чатырохпавярховыя карпусы, шмат’ярусныя гранёныя вежы. Па сваім знешнім выглядзе, сціплым архітэктурным дэкоры Смалянскі замак уяўляў сабой палацавае збудаванне, вельмі падобнае да комплексу ў Гальшанах.

Напрамак развіцця замкавага дойлідства на Беларусі ў XII ст. можна ўявіць па замку ў Любчы (першая палова XVII ст., Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. ). Ён размясціўся на ўскраіне мястэчка на ўзгорку каля р. Нёман і займаў квадратную ў плане пляцоўку, абведзеную з трох бакоў штучным каналам і абкружаную мураванымі сценамі. Замак меў чатыры вежы: тры чатырохгранныя, завершаныя шатрамі, і праязную вежу-браму. Паміж дзвюма вежамі з боку Нёмана размяшчаўся палац. Замак быў разбураны ў 1655 г. і сёння ад яго засталіся толькі дзве вежы. На падставе малюнка і інвентароў можна заключыць, што замак у Любчы ўжо не меў манументальнага і непрыступнага выгляду, а ў формах кампазіцыі вежаў нельга не заўважыць уплыў драўлянага абарончага дойлідства.

Багатай і разнастайнай у XVII ст. была культавая архітэктура. Нягледзячы на сваю спецыфіку, яна непасрэдна звязана з грамадзянскім дойлідствам, што асабліва наглядна праявілася ў будаўніцтве манастыроў, кляштараў і калегіумаў. Для іх у пачатку XVII ст. характэрны абарончыя рысы. Карпусы ўтваралі замкнёны ўнутраны двор. Вакол яго групаваліся памяшканні рознага прызначэння: жылыя памяшканні, бібліятэка, класы, лабараторыі, трапезная, кухня, аптэка. Часта з аднаго боку да калегіума прымыкаў касцёл. Менавіта так быў вырашаны езуіцкі калегіум у Нясвіжы, узведзены ў канцы XVI – пачатку XVII ст., калегіумы ў Пінску (1631 – 1639), Бабруйску (1640). Прынцыпы планіроўкі калегіумаў паўтараюць кляштарныя комплексы (кляштары бернардзінцаў, брыгідак, францысканцаў у Гродне).

Для культавых пабудоў італьянскага барока ўласцівы бязвежавы галоўны фасад, дзе канцэнтраваліся асноўныя сродкі выразнасці. Такі фасад меў касцёл езуітаў у Нясвіжы. Ён быў узведзены італьянскім архітэктарам Янам Марыяй Бернардоні ў 1584 – 1593 гг. на ўзор рымскага храма İль Джэзу (1568 – 1584, Д. Віньела і Д. Порта). Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з адной паўцыркульнай выцягнутай апсідай. Кампазіцыйная схема будынка дакладная і дастаткова простая: сярэдні падоўжаны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з люнетамі, бакавыя нефы падзелены на квадраты крыжовымі скляпеннямі, шэсць масіўных унутраных слупоў з аркамі прымаюць нагрузку сцен сярэдняга нефа з верхнімі вокнамі. Галоўны фасад касцёла мае двух’ярусную кампазіцыю, дзе добра бачны гарызантальныя і вертыкальныя чляненні. Яны вырашаны развітымі паясамі антаблементаў і карнізаў, пілястрамі. Звяртаюць на сябе ўвагу характэрныя для барока крывалінейныя формы верхняга яруса, насычанасць фасада нішамі.

Унікальным архітэктурным помнікам, дзе знайшлі адлюстраванне важныя этапы развіцця мастацкіх прынцыпаў беларускага барока, з’яўляецца касцёл кармелітаў у Глыбокім (завяршэнне будаўніцтва – 1654 г.). Ён адносіцца да тыпу трохнефавай базілікі з трансептам, аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя – чатырохвежавая. Першапачаткова касцёл меў чатыры аднолькавыя вежы, а над сяродкрыжжам узвышаўся купал, які аб’ядноўваў сіметрычную кампазіцыю будынка. У другой чвэрці XVIII ст. вежы на галоўным фасадзе былі разабраны да ўзроўню карнізабакавых нефаў і ўведзены новыя шмат’ярусныя. Выцягнутыя па прапорцыях ярусы паступова змяншаліся ўгору, што надавала вежам асаблівую стройнасць. Пластыка новага галоўнага фасада Глыбоцкага касцёла ўзбагацілася хвалістымі антаблементамі, разарванымі франтонамі, пілястрамі і паўкалонамі.

Пад уздзеяннем архітэктуры барока ў кампазіцыі драўляных храмаў адбываюцца значныя змены, што яскрава выявілася ў пабудовах Віцебскай школы дойлідства (Увядзенская і Праабражэнская цэрквы, першая полова XVII ст. ). У гэтых раннебарочных помніках кампазіцыя набывае дынамічнасць, заснаваную на рытміка-кантрастных суадносінах зрубаў і іх завяршэнняў, спалучаюцца прыёмы сіметрыі і асіметрыі. З цягам часу ў драўляным дойлідстве вызначыліся дзве важнейшыя зоны з адметнымі асаблівасцямі архітэктуры: палеская і паўднёва-ўсходняя. На Палессі склаліся ў асноўным дзве групы храмаў: падоўжана-восевай кампазіцыі, асіметрычныя, з вежай на галоўным фасадзе, і храмы яруснай кампазіцыі з адным, двума або трыма шатровымі вярхамі, з вылучэннем цэнтральнай часткі. Для культавага дойлідства паўночнага ўсходу Беларусі характэрны высокія зрубы з падклеццямі, завершаныя шатрамі ці двухсхільнымі дахамі. У XVII ст. тут з’яўляюцца збудаванні крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі з пяццю паверхамі.

У гісторыю беларускай архітэктуры XVIII ст. ўвайшло як час панавання і развіцця трох стыляў – барока, ракако і класіцызму.

Уплыў барока выказаўся ў развіцці прасторавай кампазіцыі сядзіб. Увядзенне ў яе бакавых флігеляў або алькежаў утварала паўзамкнёны парадны двор-курданёр перад галоўным уваходам у будынак (сядзібныя дамы ў вёсках Хойнава і Янкоўшчына на Гродзеншчыне, Дудзічы ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобласці).

З XVII ст. замкі паступова страчваюць сваю абарончую ролю і набываюць выгляд палацавых ансамбляў. Тыповым прыкладам палацавага дойлідства XVIII ст., у якім знайшлі ўвасабленне барочныя рысы, з’яўляецца палац Храптовічаў у Шчорсах. Яго асноўны аб’ём складаюць шэраг памяшканняў, размешчаных па прынцыпу анфілады. Палац аднапавярховы, з высокім дахам мансарднага тыпу. Толькі ў цэнтральнай частцы корпуса ўзвышаецца трохпавярховы аб’ём, перакрыты купалам. З боку параднага фасада ён вылучаны чатырма пілястрамі, якія ўтвараюць своеасаблівы портык. Галоўны корпус палаца дапаўняўся крыламі-флігелямі, брамай, што разам утварала замкнёны двор-курданёр.

Неад’емнай часткай палацавых ансамбляў з’яўляўся парк. Як і для Заходняй Еўропы XII – XVIII стст., гэта быў рэгулярна спланаваны комплекс, куды ўваходзілі штучныя сажалкі, альтанкі, невялікія павільёны, сістэмы алей, сцяжынак, партрэтаў і інш.

Беларускае драўлянае дойлідства XVIII ст. зазнала таксама моцны ўплыў барочнай мураванай архітэктуры, што ўвасабляецца ва ўвядзенні ў кампазіцыю царквы дзвюх вежаў на галоўным фасадзе. Дзякуючы ім будынак набываў новае пластычнае вырашэнне, як гэта адбылося ў царкве Юр’яў у вёсцы Валовель Драгічынскага р-на (1776). Акрамя цэркваў падобны выгляд мелі і драўляныя касцёлы (ў г. п. İванава 1764 г. і ў в. Палачаны Маладзечанскага р-на, другая палова XVIII ст. ).

Такiм чынам, мы бачым, што гiсторыя развiцця будаўнiцтва на тэрыторыi Беларусi з IX па XVIII ст. вельмi насычаная i цiкавая. Шкада, што толькi адзiнкi з магутных пабудоў дайшлi да сённяшнiх дзён.