Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сокол С.Ф., Мельникова Т.Н. и др. Белорусоведен...doc
Скачиваний:
103
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
1.86 Mб
Скачать

Пытанні для самападрыхтоўкі

  1. У чым сутнасць суверэнітэту?

  2. У чым розніца паміж дзяржаўным органам і дзяржаўнай установай?

  3. Назавіце органы дзяржаўнай улады і кіравання ў ВКЛ.

  4. Структура дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь у ХХІ ст.

  5. Структура Урада Рэспублікі Беларусь.

  6. У чым розніца паміж мясцовым кіраваннем і самакіраваннем у Рэспубліцы Беларусь?

  7. Структура судовай улады ў Рэспубліцы Беларусь.

  8. Раскрыць паняцце “канстытуцыя”.

  9. З гісторыі беларускай Канстытуцыі.

  10. Чым займаюцца навукі геральдыка і вексілалогія?

  11. Паняцце герба, сцяга, гімна.

  12. Назавіце прынцыпы дзяржаўнай сімволікі.

  13. Апішыце старажытны герб Мінска.

  14. З гісторыі герба “Пагоня”.

  15. З гісторыі нацыянальнага сцяга.

  16. У чым сутнасць сімволікі сучаснага дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?

  17. У чым сутнасць колераў сучаснага нацыянальнага сцяга Рэспублікі Беларусь?

  18. Што азначае нацыянальны арнамент на сучасным сцягу Рэспублікі Беларусь?

  19. Назавіце найбольш значныя ўзнагароды Беларусі.

  20. Чым знакаміты Полацкі Мушкецёрскі полк?

  21. Пералічыце тэмы паштовых марак Рэспублікі Беларусь.

Тэмы рэфератаў

  1. Сучасная дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь.

  2. Дзяржаўныя атрыбуты БССР.

  3. Дзяржаўныя атрыбуты БНР.

  4. Гісторыя стварэння гімна нашай дзяржавы: мінулае і сучаснасць.

  5. Гарадская геральдыка Беларусі.

  6. Гісторыя беларускай паштовай маркі.

  7. Беларускія грошы.

  8. З гісторыі стварэння беларускага войска.

  9. Гісторыя паходжання герба мястэчка, горада (у якім знаходзіцца навучальная ўстанова або адкуль родам студэнт).

Літаратура

  1. Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн., 1994.

  2. Бекцінееў Ш. Беларускія грошы // Чырв. Змена. 1994. 22 лют.

  3. Вячорка В., Драчоў П. Пра герб і сцяг. Мн., 1993

  4. Гнідаш В. С. Герб, флаг, гімн СССР. Л., 1995.

  5. Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. 1992. № 5; 1993. № 1.

  6. Побаль Л. Паходжанне сучаснага герба і сцяга Беларусі вядзе ў далёкую мінуўшчыну// Бел. думка. 1996. № 6. С. 107 – 117.

  7. Рябцевич В. Н. Нумизматика Белоруссии. Мн., 1995.

  8. Сказание о гербе и флаге: О нынешней гос. символике / А. Савицкий, Е. Хромченко, Э. Самусенко, В. Космычев // Бел. думка. 1996. № 8. С. 80 – 88.

  9. Цітоў А. К. Гарадская геральдыка Беларусі. Мн., 1989.

  10. Цітоў А. Сімволіка і аўтары марак БНР// Спадчына. 1990. № 4.

Тэст да тэмы

  1. Калі быў афіцыйна замацаваны дзяржаўны суверэнітэт РБ: а)1569 г.; б)1990 г. в)1991 г. ?

  2. У якім дакуменце быў замацаваны дзяржаўны суверэнітэт РБ: а) Статут ВКЛ; б) Канстытуцыя РБ; в) Дэкларацыя?

  3. Назавіце тып дзяржаўнага ладу ВКЛ па форме кіравання, што існаваў у канцы ХІІ – першай палове XV ст. а) феадальная манархія; б) дэмакратычная рэспубліка; в) таталітарная сістэма.

  4. Сістэма дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь складаецца з наступных частак: а) кіруючай; б) кантралюючай; в) заканадаўчай; г) выканаўчай; д) судовай.

  5. Да якога тыпу рэспублікі адносіцца РБ: а) парламенцкая; б) прэзідэнцкая?

  6. Што з'яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам РБ: а) Парламент РБ – Нацыянальны сход; б) урад; в) Савет Рэспублікі.

  7. Структура Нацыянальнага сходу: а) Палата прадстаўнікоў; б) Савет Рэспублікі; в) урад?

  8. Назавіце час прыняцця сучаснай адноўленай Канстытуцыі: а) 1996 г.; б) 1994 г.; в) 1978 г.

  9. Да дзяржаўнай сімволікі адносяцца: а) герб; б) сцяг; в) гімн; г) грошы; д) канстытуцыя.

  10. Да дзяржаўных атрыбутаў Рэспублікі Беларусь адносяцца: а) герб; б) сцяг; в) гімн; г) грошы; д) канстытуцыя; е) нацыянальнае войска; ж) паштовая марка; з) узнагароды; і) дзяржаўная тэрыторыя; к) канфесія.

  11. Назавіце сімвалы сучаснага дзяржаўнага герба РБ: а) промні ўзыходзячага Сонца; б) кветкі канюшыны; в) кветкі льну; г) вянок з каласоў; д) зямны шар; е) чырвоная зорка; ж) серп; з) молат.

  12. Якімі колерамі насычаны сучасны сцяг РБ: а) белы; б) чырвоны; в) зялёны; г) блакітны?

  13. Калі быў зацверджаны Дзяржаўны гімн РБ: а) 2002 г.; б) 1991 г.; в) 1955 г. ?

  14. Калі быў створаны Палявы гусарскі беларускі полк: а) 1772 г.; б) 1775 г.; в) 1588 г. ?

  15. Назавіце знакамітыя войскі Беларусі: а) Палявы гусарскі полк (XVІІІ ст. ); б) Полацкі Мушкецёрскі полк (XVІІІ ст. ); в) 24-ая пяхотная дывізія (1812); г) Першы Рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета (1917); д) Беларуская ваенная акруга (1918).

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Адной з асноўных умоў развіцця і росквіту беларускай нацыянальнай культуры была арыентацыя на гістарычнае мінулае беларускага народа і глыбінныя народныя карані яго ўласнай нацыянальнай культуры. “Судьба белорусского народа, – адзначае Я. Я. Шыраеў у сваёй кнізе “Беларусь: Русь Белая, Русь Черная, Литва в картах” (Мн., 1991г., С. 5), удивительна, потому что, как не многий другой, он может гордиться своим прошлым, культурой, просвещением, искусством, демократическими институтами”. Гэта сапраўды так. Тут не месца разважаць пра скарбы культурнай гісторыі беларусаў. Спынімся на адным толькі, але вельмі красамоўным прыкладзе – на Статуце Вялікага княства Літоўскага 1586 г., дакладней, на ўступных артыкулах яго, напісаных Львом Сапегам. Некаторыя палажэнні Статута варта было б памятаць і сёння, гэтак актуальна яны гучаць.

“У кожным грамадстве чалавеку пачціваму нічога няма даражэйшага за вольнасць. Няволяю ж кожны павінен гідзіцца і адганяць яе ад сябе не толькі скарбам, але і смерцю. А каб засцерагчыся ад няволі, ад усялякага гвалту і самадавольства, ад здзекаў над слабейшым і бяднейшым з боку моцнага і багатага, – дзеля гэтага і існуе права. Права гэта – тыя аброць і цуглі, што трымаюць гвалтоўніка і нахабніка. Як казаў Цыцэрон, мы з'яўляемся нявольнікамі права, каб магчы карыстацца воляю. І не толькі сусед наш і сужыхар у айчыне, але і сам гаспадар – пан наш ніякім вяршэнствам над намі карыстацца не можа звыш таго, што дазваляе яму закон. Тыя ж гаспадары і каралі, што адступалі ад права і абарочвалі справу на сваю карысць, мала клапоцячыся пра агульны дабрабыт, выклікалі ў людзях агіду да іх улады і вяршэнства і зваліся не гаспадарамі, а тыранамі! Бо сам вялікі філосаф грэчаскі Арыстоцель сказаў, што там дзікі звер пануе, дзе чалавек з самавольства свайго ўладу сваю здзяйсняе, а дзе права і статус верх мае, там сам Бог усім валодае. Таму ў праве такі скарб у руках нашых маем, што ніякім коштам пераплачаны быць не можа” (Статут Вялікага княства Літоўскага 1586 г. Мн., 1989. С. 350).

Такія вось асноўныя прынцыпы Літоўскага Статута, выкладзеныя Сапегам, параўнальна з прававой сутнасцю тагачаснай Маскоўскай дзяржавы кідаюцца ў вочы. Гэта зусім іншая прававая сістэма – дзеля абароны найперш асобы і яе інтарэсаў. І абароны не толькі “ад моцнага і багатага”, але і ад самой дзяржавы і яе “гаспадара”, якому даецца карыстацца вяршэнствам у межах закону. Маскоўскі цар валодаў суверэнітэтам, але то быў суверэнітэт тырана, які разам з Людовікам XIV мог бы сказаць, што дзяржава – гэта Я. У статуце ж Літоўскім мы бачым нешта прынцыпова іншае – суверэнітэт Рэчы Паспалітай, што ў дакладным сэнсе азначае “рэспубліка”, хоць сама дзяржава была не столькі рэспублікай, колькі саслоўнай манархіяй з выбраным каралём.

Але згодна са Статутам у грамадстве з такой павагай да чалавека абавязкова павінна была фарміравацца асоба з павышаным пачуццём чалавечай годнасці і самапавагі. І так яно, мабыць, і было. Нашы продкі паважалі сябе і гэтак жа глыбока ганарыліся сваім народам, сваёй дзяржавай і сваёй мовай. У грамадстве з гэткай прававой культурай павінна была існаваць і высокая культура ўвогуле. Права па сваёй сутнасці – толькі частка культуры, куды ўваходзяць і мова, і мараль, і філасофія, і мастацтва, і тое, што называюць матэрыяльнай культурай. Права, у сваю чаргу, з'яўляецца вынікам культуры духоўнай, маралі і філасофіі. Гэтыя надбудовачныя праявы духоўнай культуры, якія вызначаюць сутнасць нацыянальнай свядомасці, якраз і забяспечваюць праву тую сілу, што прыдае яму дзейнасць рэальнага фактару гістарычнага развіцця народа. Без гэтай духоўнасці права ператвараецца ў бяздушны механічны рычаг улады. У нашых продкаў было ўсё: і мова, і мастацтва, і філасофія, і мараль, бо іначай не мог узнікнуць помнік такой надзвычай высокай прававой культуры ў сацыяльным вакууме.

Прычынай таго, што антычная культура разоў у пяць старэйшая, вядома нам лепш, чым айчынная, было метадычнае знішчэнне нашай культуры спачатку польскай экспансіяй, а пасля імперскай палітыкай царскай Расіі.

Цяпер мы ўпарта шукаем гістарычныя культурныя фрагменты, збіраем і старанна вывучаем іх. Імкненне да развіцця беларускай культуры праз аснову нацыянальнага самаўсведамлення і самапавагі народа ні ў якім разе не нацыяналізм. Гэта натуральнае жаданне народа заняць сваё законнае месца сярод суверэнных народаў свету, што складаюць адзінае чалавецтва. А адзінае складаецца з многага, як сцвярджалі яшчэ старажытнагрэчаскія філосафы. Устанаўленне дасканалага брацтва паміж людзьмі будзе не знікненнем чалавечых індывідуальнасцей, а іх поўным сцвярджэннем. Устанаўленне ўсечалавечага брацтва народаў будзе не знікненнем, а сцвярджэннем нацыянальных індывідуальнасцей. Нацыянальны чалавек больш, а не менш, як проста чалавек, у ім ёсць радавыя рысы чалавека ўвогуле; яшчэ ёсць рысы і індывідуальна-нацыянальныя.

Другая ўмова далейшага развіцця беларускай нацыянальнай культуры – поўнае здзяйсненне дзяржаўнага суверэнітэту, абвешчанага Рэспублікай Беларусь. Думка пра ўсялякі ізаляцыянізм тут не мае месца, таму што суверэнныя рэспублікі існуюць не ў вакууме, а побач з іншымі і не могуць не ўступаць з імі ў эканамічныя, палітычныя і культурныя ўзаемаадносіны. Але ўзаемаадносіны мусяць складвацца на аснове ўзаемавыгадных дагавораў, што прынята ў міжнародным праве. Сістэма такіх узаемавыгадных дагавораў, пабудаваная і адладжаная знізу, самімі рэспублікамі, – гэта Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Наша задача цяпер – асэнсаваць беларускую культуру на ўзроўні з іншымі нацыянальнымі культурамі, што ўваходзяць у склад СНД, і ў першую чаргу культурай рускай, ці паставіць іх у раўнапраўнае становішча, як гэта спрабаваў калісьці зрабіць наш выдатны паэт М. Багдановіч.

Тое самае справядліва і да суверэнітэту кожнай рэспублікі ў аспекце яе ўнутранага жыцця. Дэмакратычна зразумелы суверэнітэт не столькі дзяржавы, колькі народа прадугледжвае культурную аўтаномію нацыянальных меншасцей, што жывуць у рэспубліцы. Акрамя беларусаў тут жывуць і рускія, і украінцы, і палякі, і яўрэі, і літоўцы, і татары, і іншыя, якія ў 20-ыя і нават 30-ыя гг. шырока карысталіся сваімі аўтаноміямі, што зараз адраджаюцца ў выглядзе культурных тавырастваў і аб'яднанняў.

Калісьці ўсе мы жылі дружнай сям'ёй, напрыклад, на пачатку 20-ых гг. афіцыйнымі мовамі былі чатыры: беларуская, польская, руская і яўрэйская. Так было, па меншай меры, у Мінску і іншых найбуйнейшых гарадах рэспублікі. Таму, развіваючы беларускую культуру, мы павінны адрадзіць культуры нашых нацыянальных меншасцей, аб'яднаўшы гэты працэс пад эгідай беларускага рэспубліканскага суверэнітэту ў дэмакратычным яго разуменні, гэта значыць, развіваючы сваю беларускую культуру, даваць магчымасць развівацца і культуры нашых братоў і суседзяў, што жывуць побач з намі.

Вялікае значэнне мае і праблема беларускага грамадзянства, цесна звязаная з праблемамі суверэнітэту і нацыянальнай культуры. Грамадзянства – гэта не толькі вузка юрыдычнае паняцце. Яно выяўляе і глыбокі сацыяльна-культурны аспект. Юрыдычнае па форме, сваім зместам яно высвечвае тую ж нацыянальную самасвядомасць, пачуццё ўласнай годнасці і самапавагі, што выступаюць як індывідуальная асабістая культура чалавека. А ў індывідуальнай культуры крыецца ўся нацыянальная культура, культура ўсяго народа ў цэлым. Менавіта яна, гэтая культура, распрамляе і выпроствае індывідуальнасць, асабістасць кожнага канкрэтнага чалавека і дае яму сілу процістаяць самым розным негатыўным уздзеянням, горда ўсведамляючы свабоду і незалежнасць. Гэта разумеў нават Сталін, калі ў гады Айчыннай вайны пераарыентаваў усю дзейнасць прапагандысцкага апарату з ідэалаў сацыялізму на ідэалы нацыянальнай Айчыны. Менавіта гэта раскрылася і ў барацьбе беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, калі на ўсёй беларускай зямлі шугала полымя партызанскай вайны. Ніхто яшчэ не даследаваў з гэтага пункту погляду беларускі партызанскі рух. Тут па-ранейшаму пануе гісторыка-партыйны стэрэатып, згодна з якім партызаны на Беларусі з'явіліся і дзейнічалі толькі па камандзе з Масквы і непасрэдна пад кіраўніцтвам беларускага ведамства. Да гэтага несправядлівага стэрэатыпу далучыўся, на жаль, Д. Л. Рагач, беларускі замежны гісторык, аўтар вядомага “Кароткага агляду гісторыі Беларусі”. Але ўсё было не зусім так, і партызанскі рух у нас быў глыбока народным рухам і рухам пераважна знізу. У кожнага народа нацыянальныя культурныя традыцыі, нават канчаткова, здавалася б, вытраўленыя і забытыя, усё ж застаюцца ў генетычнай памяці і ў крызісныя хвіліны яго гісторыі прачынаюцца з нястрымнай сілай. Так было і з намі ў гады Айчыннай вайны.

Нацыянальная годнасць і самапавага, напаўняючы сабой, такім чынам, паняцце беларускага грамадзянства, абавязкова павінна дапаўняцца пачуццём глыбокай павагі і да людзей іншай культурнай прыналежнасці. Таксама і яны абавязаны паважаць культурныя запатрабаванні прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці. Усё гэта і аб'ядноўваецца пад паняццем грамадзянства.

Беларускае грамадзянства, такім чынам, – гэта асабістае індывідуальнае ўвасабленне таго ж беларускага рэспубліканскага суверэнітэту. Грамадзянства і суверэнітэт утвараюць як бы два бакі аднаго медаля ў іх непарыўным адзінстве. У сваю чаргу, гэтае адзінства, неадрыўнае ад культуры, і ўтварае юрыдычную форму. Культура і яе (формы) змест, яе душа, яе ўнутранае, духоўнае забеспячэнне і абгрунтаванне. Без такога забеспячэння і абгрунтавання юрыдычная форма, якой бы прагрэсіўнай ні падавалася, становіцца проста сродкам прававога прымусу. Прыклад таму – амаль уся юрыдычная практыка сталінска-берыяўскага тыпу. Фармальна справядлівыя прававыя нормы, скіраваныя супраць ворагаў народа, рэальна дзейнічалі супраць самога народа. Рэспублікі мелі фармальнае права выхаду з Саюза і маглі нават мець свае ўзброеныя сілы, а на справе здзяйсняўся таталітарызм, і самы малы намёк на нацыянальную самастойнасць разглядаўся як злачынства супраць дзяржавы.

Пад Дэкларацыю аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь павінен быць падведзены магутны падмурак беларускай культуры ва ўсім аб'ёме яе мінулага і сучаснага, сцэментаваны яснай і ўпэўненай у сабе нацыянальнай самасвядомасцю. Толькі тады суверэнітэт наш набудзе сапраўдную сілу і значнасць. Без гэтай умовы ён так і застанецца фармальнай дэкларацыяй на паперы. Таму развіццё беларускай культуры – гэта не другарадная задача, для вырашэння якой хапіла б сумна вядомага рэшткавага прынцыпу, а праблема лёсавызначальная. Толькі прасякнутыя ёю, мы зможам па-сапраўднаму рэалізаваць наш суверэнітэт і выйсці з драматычнага крызісу.

Трэцяя ўмова развіцця нацыянальнай культуры – гэта развіццё ўсіх трох састаўных частак агульнай культуры: культуры духоўнай, мастацкай і матэрыяльнай.

Развіццё беларускай духоўнай культуры патрабуе ўзнаўлення нацыянальнай свядомасці і самапавагі ў беларускім народзе, выпрацоўкі шырокага філасофскага погляду з нацыянальна-беларускім.

Развіццё беларускай мастацкай культуры – гэта арыентацыя яе на высокія эстэтычныя і ў той жа час рэальна жыццёвыя ідэалы і на рэалізм у мастацтве, гарманічнае спалучэнне яе індывідуальнай творчай свабоды з інтарэсамі беларускага народа і Рэспублікі Беларусь.

Развіццё беларускай матэрыяльнай культуры азначае рашучы паварот горада “тварам да вёскі”, гарманізацыю прамысловай вытворчасці і сельскай гаспадаркі шляхам здаровых рыначных адносін пад пільным грамадскім кантролем, уключэння беларускай матэрыяльнай культуры ў сусветную эканоміку, дэмакратызацыю не толькі палітычную, але і сацыяльную аж да канкрэтнай эканомікі.

Неабходнай умовай развіцця і росквіту беларускай нацыянальнай культуры з'яўляецца таксама распрацоўка і правядзенне ў жыццё разумнай, збалансаванай і рэалістычнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне культурнага будаўніцтва.

Такім чынам, падыходзячы да заканчэння, мы прыйшлі да наступных высноў.

Па-першае, беларускі этнас, які нарадзіўся ў глыбіні вякоў, прайшоў гістарычным шляхам ад сваіх усходнеславянскіх і балцкіх продкаў да сучаснай нацыі. Сёння беларусы з’яўляюцца асноўным насельніцтвам самастойнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

Па-другое, за сваю шматгадовую дзяржаўную гісторыю беларусы і іх продкі зведалі як радасць стваральнага жыцця, так і цяжкія войны з людскімі стратамі. Пераадольваючы жорсткія выпрабаванні часу, беларусы захавалі сябе як самастойны этнас і збераглі такія нацыянальныя каштоўнасці, як мова, культура, побыт, звычаі, традыцыі, носьбітамі якіх было перш-наперш сялянства. У гарадах і мястэчках удзельная вага беларусаў працяглы час была нязначнай, таму ў гарадскіх населеных пунктах узмацняліся рускі, польскі і яўрэйскі ўплывы. Таму значная частка характэрных рыс беларусаў страчвалася і знікала ў гарадскім асяроддзі. Але ў 80 – 90-ыя гг. ХХ ст. гарадская інтэлігенцыя пачала новы этап нацыянальнага адраджэння, які спрыяў станаўленню самастойнай беларускай дзяржавы.

Па-трэцяе, веданне нашай мінуўшчыны, нацыянальных рыс і асаблівасцей, гісторыі беларускага этнасу, набытага вопыту можа актыўна дапамагчы ў вырашэнні сучасных праблем грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, у нацыянальна-культурным будаўніцтве і пераадоленні нацыянальнага нігілізму.

Па-чацвёртае, сучасная Рэспубліка Беларусь з’яўляецца суверэннай нацыянальнай дзяржавай, у якой умацоўваюцца дэмакратычныя інстытуты кіравання на падставе Канстытуцыі, ажыццяўляюцца змены палітычнага і сацыяльна-эканамічнага характару, актывізуюцца міжнародныя кантакты.

Па-пятае, галоўным вынікам вывучэння курса “Беларусазнаўства” павінна быць садзейнічанне фарміраванню і выхаванню нацыянальна свядомых грамадзян Беларусі, калі кожны студэнт усвядоміць сябе ў якасці грамадзяніна суверэннай дзяржавы беларускага народа, які мае свае адметнасці і асаблівасці, актыўна выступае ў якасці суб’екта і аб’екта агульнаеўрапейскага і сусветнага гістарычнага працэсу.

ДАДАТАК