Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
РАЗДЗЕЛ 5.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
01.05.2019
Размер:
331.26 Кб
Скачать

Асаблівасці дробавых лічэбнікаў

Дробавыя лічэбнікі абазначаюць дробавую частку адзінкі і змешаную колькасць. Лічнік дробу з'яўляецца колькасным лічэбнікам, а назоўнік дробу — парадкавым: адна шостая, нуль цэлых пяць дзесятых, дзевяць і дзве сотыя.

Калі ў лічніку дробу знаходзяцца лічэбнікі два, тры, чатыры, то ў Н. і В. склонах назоўнік дробу мае канчатак -ія (-ыя); калі ў лічніку дробу знаходзяцца большыя лічбы (якія не заканчваюцца на два, тры, чатыры), то ў Н. і В. склонах назоўнік дробу мае канчатак -іх (-ых): дзве трэція, чатыры семнаццатыя, дваццаць дзве сямідзесятыя; але: сем дзесятых, трыццаць восем тысячных. Гэту асаблівасць мае і слова цэлая ў змешанай лічбе: пяць цэлых і тры дзесятыя, трыццаць чатыры цэлыя і дзевяць сотых.

Лічэбнік паўтара ўжываецца з назоўнікамі мужчынскага роду, а паўтары — жаночага: паўтара яблыка, паўтары шклянкі. Пасля гэтых нязменных лічэбнікаў назоўнікі маюць наступныя формы: Н. паўтара кілаграма, паўтары тоны; Р. паўтара кілаграма, паўтары тоны; Д. паўтара кілаграмам, паўтары тонам; В. паўтара кілаграма, паўтары тоны; Т. паўтара кілаграмамі, паўтары тонамі; М. (аб) паўтара кілаграмах, паўтары тонах.

Адзінкі вымярэння пасля дробавых лічэбнікаў ставяцца ў Р. склоне адзіночнага ліку: 0,7 метра, 16,1 гектара; нельга 85,3 тон (праўка: тоны). Іншыя канкрэтныя назоўнікі могуць мець адзіночны або множны лік у залежнасці ад значэння выразу: вынеслі з бібліятэкі 2/3 кніг, адрэдагаваць 2/3 кнігі.

Спалучэнне колькасных і зборных лічэбнікаў з назоўнікамі

  1. Колькасныя лічэбнікі два, тры, чатыры (і састаўныя, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры) у Н. і В. склонах патрабуюць ужывання назоўнікаў з канчаткамі -і, і залежных прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў і займеннікаў з канчаткамі -ія, -ыя (-ы, -е): чатыры метры, дваццаць тры хворыя, трыццаць два вучні, сорак чатыры ачкі; тры першыя класы, дзве паўгадавыя справаздачы, пяцьдзесят тры дарожна-транспартныя здарэнні, две вашы праблемы, тры свае канспекты. У беларускай мове на гэта патрабаванне не ўплывае род залежных назоўнікаў: тры новыя сталы і тры новыя парты.

  2. Пасля колькасных лічэбнікаў ад пяці і больш (акрамя састаўных, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры) залежныя словы ставяцца ў родным склоне множнага ліку: восем пройдзеных этапаў, пятнаццаць ампер, восемдзесят пяць рабочых.

  3. Лічэбнік абодва спалучаецца з назоўнікамі мужчынскага або ніякага роду, абедзве — з назоўнікамі жаночага роду: абодва практыкаванні, абедзве лініі прастойваюць. Для абазначэння асоб і мужчынскага, і жаночага полу ўжываецца лічэбнік абое: За выкананне плана адказваеце абое (г. зн. ён і яна).

4. Не спалучаюцца са зборнымі лічэбнікамі назоўнікі жаночага роду і неасабовыя назоўнікі мужчынскага роду: трое настаўніц запрошаны... (праўка: тры настаўніцы), заказалі двое сталоў (праўка: два сталы).

5. Могуць спалучацца як з колькаснымі, так і са зборнымі лічэбнікамі наступныя назоўнікі:

а) асабовыя мужчынскага роду: два студэнты і двое студэнтаў;

б) назвы маладых істот: пяць цялят і пяцёра цялят;

в) якія маюць форму прыметнікаў (субстантываваныя): тры ваенныя, трое ваенных.

Перавага аддаецца колькаснаму лічэбніку пры спалучэнні з асобамі высокага службовага становішча: тры міністры, а не трое міністраў.

6. Множналікавыя назоўнікі маюць наступныя спалучальныя асаблівасці:

а) дапускаецца спалучэнне са зборнымі лічэбнікамі двое, трое, чацвёра; не дапускаецца — з колькаснымі два, тры, чатыры: двое шчыпцоў, трое варот (два ці дзве шчыпцы, тры вароты — памылковыя выразы);

б) дапускаецца спалучэнне паралельна са зборнымі лічэбнікамі пяцёра — дзесяцера і колькаснымі пяць — дзесяць: пяць нажніц і пяцёра нажніц:

в) дапускаецца спалучэнне толькі з колькаснымі лічэбнікамі ад адзінаццаці і больш (акрамя састаўных, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры): семнаццаць абцугоў, дзевяноста дзевяць сутак;

г) у выпадку неабходнасці спалучэння з састаўнымі лічэбнікамі, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры (нельга: трыццаць тры сані), выкарыстоўваюцца апісальныя выразы са словамі 'ў колькасці', 'на працягу': Выпісаць са склада для рамонтных работ 43 абцугі; праўка: Выпісаць са склада для рамонтных работ абцугі ў колькасці сарака трох; Дождж цягнуўся 22 суткі; праўка: Дождж цягнуўся 22 дні і ночы або Дождж ішоў на працягу дваццаці двух сутак. Не лепшыя варыянты праўкі атрымліваюцца пры выкарыстанні слова штука: Прададзена дваццаць чатыры штукі акуляраў; больш прымальны варыянт: Прададзены акуляры ў колькасці дваццаці чатырох.

  1. Зборныя лічэбнікі могуць выкарыстоўвацца пры лічэнні прадметаў парамі, а колькасныя — пры ўказанні на адзінкавыя прадметы: двое туфляў (дзве пары), два туфлі (дзве адзінкі).

  2. Толькі зборныя лічэбнікі ўжываюцца з асабовымі займеннікамі: Іх было трое (нельга: тры); Адказалі нам пяцярым (нельга: пяці).