Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
РАЗДЗЕЛ 5.doc
Скачиваний:
31
Добавлен:
01.05.2019
Размер:
331.26 Кб
Скачать

Асаблівасці спрагальных формаў

Правільнасць канчаткаў дзеясловаў залежыць перш за ўсё ад ведання асаблівасцей спражэння. Найбольш частыя памылкі сустракаюцца ў формах 1-ай і 2-ой асобы множнага ліку.

Дзеясловы I спражэння маюць канчаткі 1 -ай асобы множнага ліку -ом, -ём (пад націскам) і -ам, -ем (не пад націскам): бяром, жывём, скажам, будзем; выкарыстанне канчаткаў -эм, -ем пад націскам з'яўляецца змешваннем ладоў дзеяслова: аром (нельга: арэм), ідзём (нельга: ідзем). Дзеясловы II спражэння маюць канчаткі 1-ай асобы множнага ліку -ым, -ім: вырашым, сядзім, высветлім.

У 2-ой асобе множнага ліку дзеясловаў I спражэння ўжываюцца канчаткі -аце, -еце, -яце, а дзеясловаў II спражэння ыце, -іце. Вельмі важнае значэнне ў гэтых формах мае націск, які прыпадае на склад -це канчатка тады, калі ў 1-ай асобе множнага ліку націск на канчатку (націск на аснове ў дзвюх асобах не змяняецца). Такім чынам, правільныя формы ідзяцё (ідзём), гледзіцё (глядзім), берацё (бяром), возьмеце (возьмем), коціцеся (коцімся), ірвяцёся (ірвёмся), седзіцё (сядзім), стрыжацёся (стрыжомся), сочыце (сочым) і пад.

Некаторыя асаблівасці маюць рознаспрагальныя дзеясловы даць і есці, якія маюць наступныя формы: ем, дам; ясі, дасі; есць, дасць; ядзім, дадзім; ясце, дасце; ядуць, дадуць. Далучаныя прыстаўкі не змяняюць формы дзеяслова: аддасі, прадасі; аддасце, прадасце і інш.

Такім чынам, пры неабходнасці пастаноўкі дзеясловаў у патрэбнай форме трэба кіравацца тыпам спражэння і націскам. Напрыклад, магчымы сказ са службовага пісьма з працягам: Будзем рады, калі Вы: вышлеце нам каталог; аплаціце тавар своечасова; дашляце нам справаздачу; прадаяце такія прадукты; прадасце нашу прадукцыю за адзін месяц; едзеце на канферэнцыю; станеце нашым пакупніком...

Некаторыя рэдкаўжывальныя дзеясловы могуць памылкова спрагацца паводле іншага тыпу спражэння. Сярод іх выдзяляюцца палоць, калоць, пароць, якія павінны мець канчаткі I спражэння: полеш, колеш, пораш; поле, коле, пора; полем, колем, порам; полеце, колеце, пораце; полюць, колюць, поруць (нельга: коліш, або порым, або поляць).

Некаторыя асаблівасці формаў ладу дзеяслова

У тэкстах афіцыйна-справавога стылю нарматыўным з'яўляецца выкарыстанне замест формы загаднага ладу іншых формаў. Напрыклад, у законах, правілах, статутах, палажэннях выкарыстоўваецца форма 3-яй асобы адзіночнага або множнага ліку залежнага стану: Забараняецца заходзіць за засцерагальную лінію; За парушэнне правілаў праезду накладаецца штраф; Асобы, якія парушаюць правілы, прыцягваюцца да матэрыяльнай адказнасці. У загадах і пастановах у якасці загаднага ладу выкарыстоўваецца інфінітыў: Прызначыць адказным за падрыхтоўку да свята нам. дырэктара М. К. Церашчэню; Правесці растлумачальную работу сярод супрацоўнікаў.

У разнастайных інструкцыях (і аб'явах) выкарыстоўваюцца сапраўдныя формы загаднага ладу дзеяслова 2-ой асобы множнага ліку. Яны ўтвараюцца далучэннем часткі -це да формаў адзіночнага ліку, якія маюць пад націскам канчаткі -і, (з некаторымі выключэннямі), а з націскам на аснове ўжываюцца без канчаткаў, напрыклад: уключы — уключыце, зрабі— зрабіце, помні — помніце, выканай — выканайце, эканом — эканомце, будзь — будзьце. Неабходна запомніць, што дзеясловы біць, піць, ліць, віць маюць наступныя формы загаднага ладу: бі — біце, пі — піце, лі — ліце, ві — віце (нельга бійце, лійце або бейце, лейце).

Прыклады: Станьце роўна і прыхіліцеся грудзьмі да экрана ўстаноўкі; Будзьце ўважлівымі і асцярожнымі; Пераліце кіслату ў большую ёмістасць; Адразу выпіце толькі палову таблеткі; Паслабце павязку і размачыце ў цёплай вадзе; Выберыце найбольш трывалыя расліны.

Некаторыя формы загаднага ладу лічацца размоўнымі: чысцьце (замест чысціце), вынесьце (замест вынесіце), выпішыце (замест выпішыце), падойце (замест падаіце).

Большасць іншых формаў загаднага ладу з'яўляюцца экспрэсіўнымі або размоўнымі і выходзяць за межы нормаў афіцыйна-справавога стылю.