Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
РАЗДЗЕЛ 5.doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
01.05.2019
Размер:
331.26 Кб
Скачать

Асаблівасці ўжывання прыметнікаў

Прыметнік як часціна мовы, якая абазначае прымету прадмета, шырока прадстаўлены ў афіцыйна-справавым стылі. З трох разрадаў (якасныя, адносныя і прыналежныя) часцей ужываюцца якасныя і адносныя.

Існуюць стылістычныя асаблівасці некаторых склонавых формаў прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку. Канчаткі роднага склону -ае, -ое, -яе і творнага -аю, -ою, -яю з'яўляюцца прыналежнасцю мастацкага стылю, таму ў мове дакументаў не выкарыстоўваюцца: захаванне старадаўняе (праўка: старадаўняй) традыцыі; здавалася новаю (праўка: новай) тэмай.

Прыналежныя прыметнікі (дырэктараў подпіс Васілёвы рэчы, гаспадыніна клапатлівасць) у афіцыйных тэкстах практычна не прадстаўлены, а замяняюцца іменнымі словазлучэннямі (подпіс дырэктара, рэчы Васіля, клапатлівасць гаспадыні).

Аднак у вусным маўленні неабходна захоўваць асноўныя правілы ўтварэння і ўжывання прыналежных прыметнікаў. Яны маюць суфіксы -аў (-ав-), -оў (-ов-), -еў, (-ев-), -ёў (-ёв-), калі ўтвораны ад назоўнікаў мужчынскага роду, і суфіксы -ін, -ын (пры гэтым змяняецца зычная асновы к —> ч), калі ўтвораны ад назоўнікаў жаночага роду: бацькаў пінжак, бацькава шапка, Міхасёвы жарты, Марыніна сястра, цётчыны прылады. Лічыцца памылкай змешванне суфіксаў прыналежных прыметнікаў: Жэніны падручнікі (пра хлопца), трэба: Жэневы; Васін сябар, трэба: Васеў.

Такім чынам, адрозніваюцца прыналежнасцю да мужчыны і жанчыны прыметнікі Шураў і Шурын, Сашаў і Сашын, Жэнеў і Жэнін. Параўнайце таксама няправільныя выразы: Скарыніны выданні, Скарынінскія чытанні (праўка: Скарынавы выданні, Скарынаўскія чытанні).

Ужыванне кароткіх прыметнікаў

Прыметнік у функцыі азначэння заўсёды выкарыстоўваецца ў поўнай форме: Пры здачы сельгаспрадукцыі грамадзянінам, які пастаянна пражывае ў сельскай мясцовасці Рэспублікі Беларусь, прадстаўленне даведак мясцовых Саветаў не патрабуецца, а ў функцыі выказніка часам можа сустракацца і кароткая форма: Мы гатовы Вам дапамагчы.

Варта зазначыць, што кароткія формы прыметнікаў у функцыі выказніка ўжываюцца пераважна ў паэтычных творах, у фразеалагізмах, у прыказках і прымаўках, г. зн. у мастацкім і размоўным стылях: Спахмурнелі чорны бровы... (Я.Купала), Як жыў-здароў?, Кожны кулік на сваім балоце вялік. У афіцыйна-справавым стылі кароткія формы лічацца памылковымі: Надзея на Вашу кампанію ілюзорна (праўка: ілюзорная).

Прыметнікі згодны, рады, гатовы, павінны ў мужчынскім родзе могуць мець паралельныя формы: Завод згодзен (гатоў, рад, павінен) прыняць прапановы і Завод згодны (гатовы, рады, павінны) прыняць пра-пановы; у жаночым, ніякім родзе і множным ліку поўныя формы ўспрымаюцца стылістычна абмежаванымі: Фірма згодная (гатовая, радая, павінная) узгадніць план, трэба: Фірма згодна (гатова, рада, павінна) узгадніць план.

Асаблівасці ступеняў параўнання прыметнікаў

Якасныя прыметнікі могуць мець вышэйшую і найвышэйшую ступені параўнання, якія паказваюць на праяўленне прыметы ў большай ці ў меншай ступені. Ступені параўнання могуць быць простымі і састаўнымі.

Вышэйшая ступень параўнання (простая форма) мае суфіксы -ейш-, -эйш- і канчаткі прыметнікаў: святлейшы, прыгажэйшы. Чатыры прыметнікі ўтвараюць гэту форму ад іншай асновы: вялікі — большы, малы — меншы, добры — лепшы, дрэнны — горшы. Састаўная форма ўтвараецца далучэннем слоў больш (менш) да прыметніка: больш светлы, менш якасны. Пры наяўнасці аб'екта параўнання выкарыстоўваецца прыназоўнік за (з В. скл.), часам злучнікі як, чым: Магазін большы за ЦУМ; Тавары больш якасныя, чым у фірме «Страла».

Памылкі пры ўжыванні вышэйшай ступені параўнання выкліканы адсутнасцю правільнага суфікса, канчаткаў і прыназоўніка (злучніка): Сярэдняя заработная плата на дзяржаўных прадпрыемствах нават крыху вышэй, чым у нас; праўка: вышэйшая; Вышыня перакладзіны варот аказалася на 12 см ніжэй нормы; праўка: ніжэйшая за норму. Акрамя таго, могуць змешвацца простая і састаўная формы: Гэта дазволіла на аснове месцанараджэння наладзіць выпуск больш чысцейшай пітной вады; праўка: больш чыстай.

Найвышэйшая ступень параўнання (простая форма) мае прыстаўку най-, якая далучаецца да простай формы вышэйшай ступені: найгусцейшы, наймацнейшы. Састаўная форма ўтвараецца далучэннем слоў самы, найбольш (найменш) да прыметніка: самы дзейсны метад, найбольш складаная праблема.

Памылкі пры ўжыванні найвышэйшай ступені заключаюцца ў адсутнасці прыстаўкі най-: Студэнцкія (будаўнічыя атрады інстытута працавалі на важнейшых аб'ектах Магілёўскай вобласці; праўка: найважнейшых. Вялікае значэнне пры рэдагаванні мае кантэкст: Мы выпускаем цяпер якаснейшую прадукцыю; трэба даведацца, выпраўляць больш якасную, чым раней або самую якасную.

Простыя формы найвышэйшай ступені параўнання звычайна экспрэсіўныя, таму яны павінны замяняцца састаўнымі формамі, да якіх могуць далучацца выразы адзін з (адна з...): Не надта добра рэалізуе прадукцыю найважнейшы падаткаплацельшчык раёна; праўка: самы важны; Гэта — найскладанейшая задача; праўка: адна з самых складаных.

Некаторыя варыянты простых формаў ступеняў параўнання адрозніваюцца па значэнні: найвялікшы — выдатны; геніяльны, таленавіты, найбольшы выка-рыстоўваецца ў іншых значэннях; малодшы, старшы з'яўляюцца часткамі ў назвах пасад і званняў (ма-лодшы сяржант, старшы эканаміст) і ў яшчэ некаторых выпадках (малодшыя класы, малодшая сястра, але: старэйшы брат); пры ўказанні на ўзрост выкарыстоўваюцца формы маладзейшы, старэйшы.

Варыянты слоў болей, меней, найболей, найменей (замест больш, менш, найбольш, найменш), якія далучаюцца да састаўных формаў ступеняў параўнання, не выкарыстоўваюцца ў афіцыйна-справавым стылі. Асобна словы больш, менш, лепш, горш, ніжэй, вышэй і да іх пад. з'яўляюцца формамі вышэйшай ступені параўнання прыслоўяў, пры выкарыстанні якіх захоўваюцца за, чым, як: больш за 25%; менш за выачаную норму; вышэй за нуль; працавалі горш, чым летась. Няправільна: больш тысячы рублёў; праўка: больш за тысячу рублёў.