Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
канспект лекцый.doc
Скачиваний:
807
Добавлен:
13.02.2016
Размер:
814.59 Кб
Скачать

Асаблівасці ўтварэння тэрмінаў:

  1. Тэрміны ствараюцца як найменні паняццяў, звязаных з вузкай галіной і прызначаных служыць сродкам зносін прафесіяналаў.

  2. Тэрміны ўтвараюцца заўсёды свядома.

  3. Кожны тэрмін, які ствараецца, можна пракантраляваць, адзначыць, паколькі тэрмін фіксуецца ў працах, слоўніках. Пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь працуе Тэрміналагічная камісія, мэтай якой – стварэнне, стабілізацыя тэрміналогіі ўвогуле і пэўных тэрмінасістэм у прыватнасці.

Тэма 3 функцыянальныя стылі маўлення

Стыль – гэта разнавіднасць маўлення, якая адрозніваецца сістэмай моўных сродкаў пры абслугоўванні пэўнай сферы чалавечай дзейнасці.

Гутарковы (размоўны) стыль

Сістэма моўных сродкаў размоўнага стылю прызначана для абслугоўвання сферы побытавых зносін і выступае звычайна ў вуснай форме.

Гутарковы (размоўны) стыль функцыянуе ў вуснай форме, таму многія асаблівасці гэтага стылю тлумачацца менавіта спецыфікай жывога, вуснага маўлення. У размоўным стылі нормы свядома не ўстанаўліваюцца і не рэгламентуюцца, аднак у працэсе маўлення яны аўтаматычна ўзнаўляюцца ў выглядзе ўжо гатовых канструкцый, фразеалагічных адзінак, рознага роду штампаў, інакш кажучы, стандартызаваных моўных сродкаў, якія адпавядаюць пэўным маўленчым сітуацыям.

Асаблівасці:

  • шырока прадстаўлены агульнаўжывальныя словы і выразы, пазалітаратурныя моўныя адзінкі: дыялектызмы, жарганізмы, прафесіяналізмы, прастамоўная лексіка;

  • значная частка слоў і фразеалагізмаў маюць яскрава выражаную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку;

  • часта выкарыстоўваюцца словы з канкрэтным значэннем і абмежавана – з абстрактным, амаль не сустракаюцца тэрміны;

  • ужыванне часціц, выклічнікаў, дзеяслоўных формаў, якія выражаюць імгненнасць дзеяння;

  • дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі сустракаюцца даволі рэдка;

  • пашырана ўжыванне простых, няпоўных сказаў;

  • не характэрны складаныя сказы са шматступеннай залежнасцю і адасобленымі зваротамі;

  • шырока ўжываюцца пытальныя і клічныя сказы.

Гутарковы (размоўны) стыль адрозніваецца ад астатніх функцыянальных стыляў мовы ўмовамі функцыянавання, пераважна вуснай формай праяўлення, сістэмай сродкаў. Разам з тым ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з іншымі стылямі. Значную ролю адыгрывае размоўны стыль у развіцці літаратурнай мовы. Пранікненне пэўных элементаў размоўнага стылю ў кніжныя – адзін з асноўных працэсаў развіцця мовы літаратурнай.

Афіцыйна-справавы стыль

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Мова афіцыйных дакументаў – статутаў, законаў, урадавых пастаноў, указаў, паведамленняў урадавых органаў, загадаў, рэзалюцый, міжнародных пагадненняў, дагавораў, юрыдычных дакументаў – гэта мова афіцыйна-справавога стылю.

Афіцыйна-справавы стыль грунтуецца перш за ўсё на лагічнай, інтэлектуальнай аснове. Выкарыстоўваецца ў строга афіцыйных, надзвычай важных сферах чалавечых зносін, таму тут свая, асаблівая спецыфіка:

  • паслядоўнасць, дакладнасць выкладання фактаў;

  • аб'ектыўнасць ацэнак;

  • шырокае выкарыстанне абстрактнай, тэрміналагічнай і спецыяльнай лексікі;

  • словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні;

  • назвы людзей даюцца часцей за ўсё па іх спецыяльнасці або пасадзе;

  • адсутнасць экспрэсіўных моўных сродкаў;

  • пераважаюць безасабовыя канструкцыі, амаль адсутнічаюць формы першай і другой асобы займеннікаў і дзеясловаў;

  • шырока выкарыстоўваюцца складаныя сказы, канструкцыі са складанымі злучнікамі;

  • шырока выкарыстоўваюцца канцылярызмы (канцылярскія штампы).

Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае сферу афіцыйных зносін. Замкнутая сістэма моўных сродкаў, што ўваходзяць у афіцыйна-справавы стыль, выконвае дзве асноўныя функцыі – інфармацыі і ўздзеяння.

У складзе афіцыйна-справавога стылю многія даследчыкі вылучаюць пэўныя падстылі:

  1. уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты);

  2. дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя);

  3. адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, справавыя паперы: заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

Адметнай рысай юрыдычна-справавых дакументаў з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі. Аднатыпнасць і паўтаральнасць афіцыйна-справавых папер вымагае і стандартнага іх афармлення (прыняцце законаў, указаў, пастаноў (неабходна звярнуць увагу на дысцыпліну; дазволіць выкарыстаць дні адпачынку; перадаць на часовае карыстанне; прыцягнуць да крымінальнай адказнасці).

Такім чынам, як бачым, дакладнасць справавога маўлення накіравана на тое, каб змест фармулёўкі прачытваўся строга адназначна. Недапушчальна тут двухсэнсоўнасць, пэўная «размытасць» выкладання, недакладнасць. Усё павінна быць строга, трапна, сцісла, па-дзелавому.

Навуковы стыль

Рэалізуецца навуковы стыль пераважна ў пісьмовай форме. Навуковы стыль – гэта сістэма моўных сродкаў, прызначаная для перадачы і захоўвання навуковых ведаў. Навуковы стыль – паняцце даволі шырокае. Ён выкарыстоўваецца ў галіне навукі і тэхнікі, аб'ядноўвае неаднародныя па форме віды літаратуры. Тыповыя рысы навуковага стылю абумоўлены характэрнай для яго функцыяй паведамлення.

Найбольш агульнымі ўласцівасцямі навуковага стылю з'яўляюцца аб'ектыўнасць, дакладнасць, лагічнасць і абстрактнасць выкладання. Лексічныя-фразеалагічныя асаблівасці навуковага стылю наступныя:

  • шырокае ўжыванне нейтральных слоў;

  • пашыранае выкарыстанне агульнанавуковых слоў;

  • вялікая колькасць тэрмінаў – слоў і словазлучэнняў, якія гранічна дакладна абазначаюць спецыяльныя паняцці або прадметы;

  • фразеалагізмы абмежаваныя ва ўласных рэсурсах і экспрэсіўных магчымасцях, часцей за ўсё ў навуковым стылі прадстаўлены тэрміналагічныя словазлучэнні фразеалагічнага тыпу: дзяржаўнае права, крымінальны працэс, судовы іск, судовая прамова, грамадскае ўздзеянне і інш.

Адметнасць навуковага стылю праяўляецца і ў частотнасці выкарыстання пэўных часцін мовы, іх формаў, асаблівасцях іх функцыянавання:

  • перавага ва ўжыванні назоўнікаў і прыметнікаў над дзеясловамі;

  • шырокае выкарыстанне назоўнікаў ніякага роду з абстракным значэннем: мысленне, выпраменьванне, адлюстраванне і інш.;

  • формы роднага склону назоўнікаў у ролі азначэнняў: тэмпература кіпення, закон Ома;

  • не выкарыстоўваецца займеннік «я» і дзеясловы ў форме 1-й асобы адзіночнага ліку;

  • дзеясловы-выказнікі ўжываюцца звычайна ў форме 3-й асобы цяперашняга часу.

Спецыфічныя асаблівасці мае і сінтаксіс навуковага маўлення:

  • сказы поўныя;

  • шырока выкарыстоўваюцца сказы з дзеепрыметнікавымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, з аднароднымі членамі і абагульняючымі словамі;

  • часта ўжываюцца складаныя сказы, даволі разнастайныя па сваёй будове;

  • амаль не сустракаюцца клічныя і пытальныя сказы.

Названыя вышэй асаблівасці навуковага стылю даюць падставу многім сцвярджаць аб пэўнай яго «сухасці», «недаступнасці», «халоднасці». Аднак, як паказвае практыка, усё залежыць ад індывідуальных здольнасцей аўтараў навуковых артыкулаў і манаграфій, ад іх магчымасцей даходліва, цікава і нават з пэўным захапленнем выкласці даволі складаныя моманты ў той ці іншай галіне, надаць свайму даследаванню пэўны эмацыянальны «тонус», карыстаючыся пры гэтым спецыяльнай тэрміналогіяй. Усё гэта ні ў якім разе не зніжае навуковай вартасці працы.

Як вядома, навука складаецца з розных галін ведаў. Яны адрозніваюцца прадметам даследавання, выкарыстаннем спецыфічных тэрмінаў і катэгорый, метадамі даследавання і аргументацыяй. У сувязі з гэтым у межах навуковага стылю можна вылучыць некалькі разнавіднасцей або падстыляў:

акадэмічны (уласна навуковы);

навукова-справавы;

навукова- папулярны;

вучэбна-навуковы;

навукова-інфармацыйны;

навукова-публіцыстычны і іншыя.

Кожны з гэтых падстыляў мае свае спецыфічныя асаблівасці, але не настолькі істотныя, каб казаць пра кожны з падстыляў як пра самастойны стыль.