Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможник_2004 нармальны варыянт.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
11.11.2019
Размер:
6.58 Mб
Скачать

«Наша ніва»

Штотыднёвая, грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета, якой належыць велізарная роля ў згуртаванні ўсіх нацыянальных сіл, што змагаліся за адраджэнне Беларусі. Разам з тым «Наша ніва» з’яўляецца практычна першай беларускай газетай (пасля «Мужыцкай праўды»). У выніку падзей рускай рэвалюцыі 1905 г. была знята забарона друку на нацыянальнай мове. Беларусы ўпершыню атрымалі магчымасць узяць у рукі нумар газеты на роднай мове, якая доўгі час была забаронена.

« Наша ніва» выдавалася з 10(23).11.1906 г. да 7(20).8.1915 г. у Вільні на беларускай мове кірыліцай, да 18(31). 10.1912 г. і лацінкай. Заснавана лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі I. і А. Луцкевічамі, В. Ваноўскім, А. Уласавым, А. Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, В. Ластоўскі, Ядвігін Ш., С. Палуян і інш. Газета друкавала вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-палулярныя артыкулы. Гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў у гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Газета здолела зрабіцца сапраўды народнай, агульнабеларускай. Дастаткова сказаць, што за першыя тры гады тут было надрукавана болей за дзевяцьсот допісаў з 490 мястэчак і вёсак.

Нязменнымі ў «Нашай ніве» заставаліся ідэя сацыяльна-палітітычнага, эканамічнага і культурнага адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з іншымі народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанацыянальная пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». Выданне арыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феадальнага прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі, культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сацыяльна-эканамамічнай праграмы БСГ «Наша ніва» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод беларускага працоўнага народа – сялян, рабочых, рамеснікаў, народнай інтэлігенцыі. «Наша ніва» асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызваленчага руху, выкрывала дэяржаўную эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных палітычных груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нацыянальнымі меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Наша ніва» высвятляла сацыяльнае бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША, выкрывала імперыялістычную сутнасць 1-й сусветнай вайны.

Найважнейшай задачай «Наша ніва» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нацыянальнага стылю культуры і нацыянальнай школы беларускай літаратуры, тэатральага, музычнага і выяўленчага мастацтва шляхам засваення культурных традыцый і творчых здабыткаў сусветнай культуры. На яе старонках упершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я. Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, лепшыя дарэвалюцыйныя вершы і артыкулы З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца, У. Галубка, К. Буйло, А. Гурло, Я. Журбы, А. Паўловіча, Ядвігіна Ш., А. Петрашкевіча і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я. Купалы, Я. Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў і інш.). Яе супрацоўнікі даследавалі народны побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізацыйную і навуковую працу па даследаванні гісторыі беларускай культуры і яе тагачаснага стану, стваралі музычна-тэатральныя гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні.

Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, Т.Шаўчэнкі, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Л.Талстога, М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, Ч.Дарвіна.

На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы, бо выдавалася яна ў той час , калі яшчэ адсутнічалі нарматыўныя слоўнікі, граматыкі, спецыяльныя лексікаграфічныя і лексікалагічныя працы. Дзесяцігадовы «нашаніўскі» перыяд з’яўляецца вырашальным у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.

«Наша ніва» была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907 – 13 гг. яе намаганнямі апублікаваны зборнікі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я. Коласа, «Вянок» М. Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літаратуразнаўчыя брашуры Зямкевіча. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, народнай адукацыі, культуры,экалогіі, папулярызацыя прыродазнаўчых, эканамічных, сельскагаспадарчых і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, рэлігіязнаўстве. Важнай крыніцай па гісторыі беларускай літаратуры, мовы, журналістыкі, мастацтва з'яўляецца архіў «Нашай нівы» Беларускага музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва).

(Паводле У.М. Конана)