Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможник_2004 нармальны варыянт.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
11.11.2019
Размер:
6.58 Mб
Скачать

Ефрасіння полацкая [свецкае імя Прадслава, каля 1110 (?) – 23 або 25.5.1173]

П радстаўніца хрысціянскага культурна-асветніцкага руху ў Полацкім княстве 12 ст. Першая жанчына гэтага перыяду, прылічаная да святых. Нарадзілася ў Полацку. Дачка полацкага князя Георгія Усяславіча, малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча.

У другой палове 11-га – 1-й палове 12 ст. Полацкае княства як самастойная і моцная дзяржава дасягнула высокага ўзроўню і ў культурным жыцці. Трывалымі былі гандлёвыя і культурныя сувязі Полацкага княства з краінамі Усходу і Захаду. Культурным сувязям з Візантыяй спрыялі сваяцкія адносіны полацкіх князёў з візантыйскім імператарскім домам. Хрысціянская ідэалогія заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў, якія імкнуліся сцвердзіць у жыцці ідэі падзвіжніцтва, асветы і кніжнасці. Асабліва важную ролю ў гэтым працэсе адыграла Ефрасіння Полацкая, звесткі пра дзейнасць якой дайшлі да нас з «Жыція Ефрасінні Полацкай», створанага, відаць, неўзабаве пасля яе смерці.

Е фрасіння рана пастрыглася ў манахіні насуперак волі бацькоў, якія хацелі аддаць яе замуж. Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, яна занялася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Гэта, відаць, былі пераважна пераклады з грэчаскіх арыгіналаў. Ёсць падставы меркаваць, што на той час у храме існавала майстэрня, дзе ствараліся і па-мастацку ўпрыгожваліся рукапісы, былі падрыхтаваны майстры і спецыяльнае абсталяванне. Відаць, яшчэ да прыходу Ефрасінні быў пакладзены пачатак вядомай бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, якая паступова ператварылася ў буйны культурны цэнтр Полаччыны, дзе ствараліся і захоўваліся нацыянальныя духоўныя каштоўнасці. Ефрасіння заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, была фундатарам пабудовы каля 1160 г. царквы святога Спаса (цяпер Спаса-Ефрасіннеўская), дзе размяшчаліся келлі Ефрасінні і яе сястры, і царквы Багародзіцкай. Спаская царква была багата ўпрыгожана фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць.

Па заказе Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў зроблены напрастольны крыж для царквы святога Спаса. Крыж шасціканцовы. Ягоная форма сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён сусвет. Аснова крыжа – кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы. Рэліквія мае вышыню каля 51 см; а таўшчыню – 2,5 см. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, упрыгожаны выявамі евангелістаў, заснавальнікаў праваслаўя, святых Ефрасінні і яе бацькоў. Паводле задумы Ефрасінні, святыня павінна была вечна “жыватварыць” душы палачанаў і ўсіх насельнікаў роднае зямлі. Крыж спалучаў хрысціянскія каштоўнасці з патрыятычнымі ідэаламі. Ён адначасова быў сімвалам і святасці старажытнай Беларусі, і яе дзяржаўнасці.

Крыж Ефрасінні — яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі дробны надпіс паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, сьделавъшему крьстъ сии цръквни святаго Спаса о Офросиньи». На пазалочаных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. У першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў — мабыць, атрыманая майстрам плата. Гэта вялікія па тым часе грошы: прыкладна столькі плацілі за паўтары сотні лісіных шкур. Богша, у хрышчэнні Лазар, быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Другая частка тэксту змяшчае тыповы для таго часу тэкст праклёну, які забараняе любому чалавеку выносіць крыж з належнага яму месца.

У канцы 12 ст. рэліквію вывезлі з Полацку смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе старажытны беларускі горад Смаленск, вялікі князь Васіль забраў крыж ў Маскву. У час Полацкай вайны святыню вярнулі на ранейшае месца. Палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы. У савецкі час Вацлаў Ластоўскі перавёз крыж у Мінск. У 1929 годзе ён трапіў у Магілёў, адкуль знік у 1941 годзе. Пошукамі крыжа ў розны час займаліся навукоўцы Адам Мальдзіс і Георг Штыхаў, журналіст Алесь Лукашук, дзеячы беларускай эміграцыі. Найбольш верагодна, што наша нацыянальная святыня знаходзіцца ў адным з музейных сховішчаў Расіі. У 1997 г. беларускі мастак-ювелір Мікола Кузьміч завяршыў пяцігадовую працу над стварэннем вобразу Крыжа святой Ефрасінні.

У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе і памерла. У 1187 г. яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую лаўру, а ў пачатку 20 ст. — у Полацк.

Дзейнасць Ефрасінні Полацкай — яскравы адбітак кардынальных духоўных зрухаў, што адбываліся ў культурна-грамадскім жыцці Беларусі на працягу 12 ст., калі закладваўся і мацаваўся фундамент новага разумення свету, ствараліся перадумовы развіцця індывіда як непаўторнай асобы, сцвярджэння духоўна-маральнай самакаштоўнасці чалавека. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы Ефрасінні далёка выйшаў за межы старажытнай эпохі. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы крышталізаваліся ў часе і набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме.

(Паводле У.Арлова, А.С. Майхровіч)