Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможник_2004 нармальны варыянт.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
11.11.2019
Размер:
6.58 Mб
Скачать

Карскі яўхім фёдаравіч

[20.12.1860(1.1.1861)—29.4.1931]

Ф ілолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф жыў і працаваў на мяжы дзвюх эпох. І яго дзейнасць – цэлая эпоха. Нарадзіўся ў вёсцы Лаша Гродзенскага павета ў мнагадзетнай сям'і настаўніка. Яго бацька ў пошуках лепшай долі не раз пераязджаў з месца на месца (вёскі Лаша на Гродзеншчыне, Ятра і Бярозавец на Навагрудчыне, Волма на Міншчыне), што дазволіла будучаму вучонаму з маленства глыбей спазнаць Беларусь і яе духоўную культуру. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а потым у семінарыю. Каб матэрыяльна дапамагчы сям'і, у семінарскія часы даваў прыватныя ўрокі. У 1881, закончыўшы вучобу ў семінарыі, паступіў на казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (Украіна), дзе ў свой час у колішнім юрыдычным ліцэі вучыўся Ф.Багушэвіч. У 1885 пасля выдатнага заканчэння інстытута ўладкаваўся на працу ў Вільні і на працягу 8-мі гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў 2-ой Віленскай гімназіі. У 1891 здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз два гады за даследаванні беларускай мовы савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў яму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве). У 1893 ён перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам, дзе спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1897 прафесарам кафедры рускай і славянскай моў і рускай літаратуры, а пазней і рэктарам. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 узнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. А затым былі шматлікія даследаванні ў галіне славяназнаўства. Яго «Граматыка царкоўнаславянскай мовы» вытрымала 19 выданняў. Манаграфіі, артыкулы па старажытнарускай і сучасных славянскіх мовах – усё гэта шчодры ўклад сына беларускага народа ў скарбніцу славянскай культуры.

Але галоўны клопат жыцця Карскага – беларусістыка. 37 гадоў жыцця Карскі аддаў сваёй асноўнай працы – шматтомнай манаграфіі «Беларусы», у якой на аснове глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як самастойнага славянскага народа. Тры тамы «Беларусаў», якія ўключаюць сем кніг, – гэта сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства, роўнай якой, па прызнанні аўтарытэтных вучоных, няма ні ў аднаго славянскага народа. Вучоны рашуча змяніў традыцыйнае ўяўленне пра беларусаў, паказаў іх самабытны шлях развіцця, іх багатую духоўную спадчыну.

На працягу 12-ці гадоў Яўхім Фёдаравіч бясплатна рэдагаваў самы буйны ў дарэвалюцыйны час часопіс па філалогіі – «Русский филологический вестник » , чытаў сам артыкулы, рыхтаваў у набор. А сваю выдатную бібліятэку, паводле ўспамінаў яго дачкі, без шкадавання падарыў толькі што адкрытаму тады Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту.

Яркая і неардынарная асоба, чалавек энцыклапедычнай эрудыцыі і шматграннага таленту, Яўхім Фёдаравіч Карскі з’яўляецца аўтарам звыш 700 навуковых прац у галіне філалогіі. Адзіны з беларусаў, хто атрымаў у дарэвалюцыйны час званне акадэміка Пецярбургскай Акадэміі навук, рэктар Варшаўскага універсітэта, правадзейны член Інстытута беларускай культуры, Чэшскай Акадэміі навук, уладальнік імянных прэмій і медалёў Ламаносава, Бацюшкава, Ахматава. Старшыня слоўнікавай Камісіі і Камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта...Усё гэта — Яўхім Фёдаравіч Карскі.

(Паводле Г.В. Кісялёва)