Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможник_2004 нармальны варыянт.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
11.11.2019
Размер:
6.58 Mб
Скачать

Метрыка Вялікага княства Літоўскага

Іншая назва —Літоўская метрыка— дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага 14—18 ст. Яна змяшчае акты, якія выдаваліся ад імя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, разнастайныя дакументы сеймаў, урадавых і прыватных асоб, судовыя рашэнні, запаветы, інструкцыі і справаздачы паслоў, воінскія і казначэйскія рэестры і г. д. Метрыка — першаступенная крыніца для вывучэння гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы, унікальны помнік пісьмовай прававой культуры Беларусі і Літвы эпохі Вялікага княства Літоўскага. У яе аснове — дакументы прыватных канцылярый літоўскіх князёў Вітаўта, Свідрыгайлы і Жыгімонта. Да пачатку 16 ст. Метрыка захоўвалася ў Трокскім замку, пазней, да 1765 г.,— у Вільні. Паводле спецыяльнага рашэння сейма 1538 г. кнігі Метрыкі вяліся і захоўваліся з асаблівай акуратнасцю. У 1594 г. па распараджэнні канцлера Льва Сапегі Метрыку пачалі перапісваць, прычым старыя арыгінальныя кнігі захоўвалі ў архіве, а новыя перадавалі ў канцылярыю канцлера або падканцлера для агульнага карыстання.

Значная частка матэрыялаў Метрыкі загінула падчас шматлікіх войнаў. Арыгінальных кніг захавалася вельмі мала. У наш час вядома каля 600 тамоў Метрыкі, большая частка іх захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве.

Матэрыялы Метрыкі ад пачатку яе стварэння прыкладна да сярэдзіны 17 ст. напісаны пераважна на беларускай мове, пазнейшыя — на польскай і лацінскай. У кнігах Метрыкі пачатку 17-га ст. значная колькасць дакументаў на польскай мове пачынаецца і канчаецца традыцыйнымі формуламі на афіцыйнай беларускай мове. У некаторых кнігах судовыя справы запісаны настолькі падрабязна, што часам займаюць да 50-ці старонак тэксту і фактычна ўяўляюць спецыяльныя юрыдычныя нарысы. Для гісторыкаў беларускай мовы дакументы Метрыкі каштоўныя яшчэ тым, што ўсе яны пашпартызаваныя — змяшчаюць дакладныя звесткі, дзе і калі дакумент быў запісаны. Матэрыялы Метрыкі практычна не адлюстроўваюць мясцовых дыялектных моўных асаблівасцей. У іх увасобілася беларуская мова як дзяржаўная мова Вялікага княства Літоўскага. Яна ўжывалася ў заканадаўстве, судах, канцылярыях і войску па ўсёй тэрыторыі дзяржавы. Дзяржаўнае значэнне мовы садзейнічала пераўтварэнню жывых народных гаворак у моцную і высокаразвітую дзяржаўна-літаратурную мову, якая пастаянна развівалася і ўдасканальвалася. Яна жывілася прытокам розных народных элементаў, шляхам пераносу і асэнсавання адпаведных уласных слоў або запазычанняў з іншых моў, выпрацоўвала новыя словы і тэрміны тэарэтычнай і адцягненай думкі, душэўных эмоцый, права і адміністрацыі, рамяства і тэхнікі, промыслу і гандлю. Арфаграфічная сістэма і граматычны лад мовы Метрыкі істотна не адрозніваюцца ад іншых разнавіднасцей старабеларускага пісьменства. Але ў слоўнікавым складзе Метрыкі прыкметна вылучаюцца пласты канцылярска-юрыдычнай і адміністрацыйна-прававой тэрміналогіі. У дакументах адлюстравана шырокая дыферэнцыяцыя судоў розных інстанцый. У судовыя кнігі Метрыкі ўносіліся самыя разнастайныя дакументы, якія ў залежнасці ад зместу і прызначэння забяспечваліся адпаведнымі назвамі.

3 другой паловы 19 ст. Метрыка страціла сваё практычнае значэнне, затое засталася надзвычай багатай крыніцай разнастайных звестак па гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Матэрыялы Метрыкі сталі даступныя даследчыкам дзякуючы іх публікацыі, што пачалася з сярэдзіны 19 ст. і працягвалася на пачатку 20 ст.

(Паводле А.І. Жураўскага)