Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Практыкум для завочнікаў.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
31.08.2019
Размер:
991.23 Кб
Скачать

Некаторыя правілы выкарыстання скарачэнняў у тэкстах дакументаў

 

У тэкстах дакументаў не павінна быць разнабою ў напісанні назваў асоб, пасад, устаноў, геаграфічных назваў, тэрмінаў і г.д. Не пажаданы і спантанныя (аўтарскія) скарачэнні.

 Усе скарачэнні слоў і найменняў у дакументах павінны быць агульнапрынятымі і зразумелымі.

1. Назвы геаграфічных паняццяў, прамежкаў часу, колькасных азначэнняў і да т.п. скарачаюць:

а) перад словам, да якога яны адносяцца, напрыклад: воз. (возера) Сіняе,       г. (горад) Мінск;

б) пасля лічэбнікаў, напрыклад: 8 тыс. (тысяч) станкоў, 10 млн. (мільёнаў) кніг.

2. Назвы вучоных ступеняў, званняў ці прафесій могуць скарачацца ў тэксце непасрэдна перад прозвішчамі (акад. (акадэмік) Марозаў, інж. (інжынер) Сямёнаў).

3. Складанаскарочаныя назвы, утвораныя з пачатковых літар, пішуцца вялікім літарамі (ААН). У назвах, утвораных па змешаным прынцыпе, літарныя скарачэнні пішуцца вялікімі літарамі, складовыя скарачэнні – маленькімі (НДІБуддормаш – Навукова-даследчы інстытут будаўнічага і дарожнага машынабудавання).

4. Неабходна памятаць, што насычанасць тэксту скарачэннямі зніжае афіцыйны тон дакумента.

5. Скарочанае слова павінна мець запас трываласці, каб пры расшыфроўцы яго разумелі адназначна.

6. Скарачэнне павінна быць зразумелым усім, хто чытае дакумент. Таму пры першым ужыванні ў тэксце яно павінна быць расшыфравана ў дужках, а затым прадстаўлена ў скарочаным выглядзе.

7. Нельга скарачаць ключавыя словы. Напрыклад, калі размова ў дакуменце ідзе пра камандзіроўку, то гэта слова не скарачаецца.

8. Напісанне скарачэнняў павінна быць уніфікавана ў межах аднаго тэксту. Напрыклад, нельга абазначаць адно слова раён то літарай р., то камбінацыяй р-н

Асабістыя дакументы

 

Заява – гэта дакумент, які ўтрымлівае просьбу якой-небудзь асобы. Адрасуюць заяву арганізацыі ці службовай асобе ўстановы.

 

Размяшчэнне частак заявы:

1) найменне пішацца зверху з водступам на трэць радка;

2) прозвішча, імя, імя па бацьку заяўніка – пад адрасатам;

3) тэкст пішацца з чырвонага радка;

4) дата ставіцца злева, подпіс –  справа.

 

Афармленне наймення адрасата:

калі яно ўяўляе сабой назву арганізацыі, то ставіцца ў В. скл., калі гэта назва пасады службовай асобы – у Д. скл.

Клішыраваныя формы

1) Просьба выражаецца:

прашу + inf. (дазволіць, дапусціць і г.д.)

Прашу Вашага дазволу (згоды) + на што?

2) Канструкцыі ўводу аргументацыі:

у сувязі з тым, што...; на падставе таго, што...; таму што... .

 

ЗАЯВА

 

 

Дэкану гістарычнага факультэта

Беларускага дзяржаўнага універсітэта

праф. Камароўскаму А.Е.

аспіранткі кафедры гісторыі Беларусі

Тамашовай Вольгі Іванаўны

Прашу камандзіраваць мяне ў Санкт-Пецярбург у бібліятэку Акадэміі навук тэрмінам на 10 дзён дзеля азнаямлення з архіўнымі матэрыяламі па тэме дысертацыі.

 

 Дата                                                                                        (подпіс)

 

 

ЗАЯВА 

 

 

У аддзел фотакопій

Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі

акад. Жураўлёва В.П.,

які пражывае па адрасу:

г. Мінск, вул. П. Броўкі, д. 6, кв. 13

 Прашу зрабіць мне фотакопію кнігі Выгоцкага Л.С. “Пытанні тэорыі і гісторыі псіхалогіі”, т. 2. – М., 1982, неабходную для навуковай работы.

   Дата                                                                                      (подпіс)

 

Даверанасць – дакумент, з дапамогай якога адна асоба прадастаўляе другой асобе паўнамоцтвы зрабіць за яе якое-небудзь дзеянне (часцей за ўсё – атрымаць што-небудзь).

Размяшчэнне частак даверанасці:

1) тэкст пішацца з чырвонага радка;

2) дата ставіцца злева, подпс – справа;

3) пад датай i подпiсам неабходна прадугледзець месца, каб засведчыць дакумент.

 

Клішыраваныя формы

Хто? + давяраю + каму? + іnf. (атрымаць...).

 

Даверанасць

Я, студэнт другога курса сацыяльна-эканамічнага факультэта ІПП Белікаў Іван Іванавіч, давяраю студэнту першага курса Кісялёву Сяргею Аляксандравічу атрымаць мае падручнікі ў бібліятэцы інстытута.

Дата                                                                                           (подпіс)

 

Подпіс студэнта Белікава А.І. сведчу

Дата                                                                                            (подпіс)

 

ДАВЕРАНАСЦЬ

20.01.1999

 

Я, Гуськова Ганна Мікалаеўна, давяраю атрымаць маю заработную плату за жнівень месяц у памеры 200 000 (дзвесце тысяч) руб. галоўнаму інжынеру МАЗа Капко Мікалаю Пятровічу.

 

Лабарант                                                      (подпіс)                       Г.М. Гуськова

 

Подпіс Гуськовай Г.М. сведчу

Інспектар АК                                               (подпіс)                       Р.Т. Калініна

 

Распіска – дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове ці ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы.

Размяшчэнне частак распіскі:

1) слова распіска пішуць з вялікай літары пасярэдзіне радка;

2) тэкст распіскі пішуць з чырвонага радка;

3) дата – злева, подпіс – справа.

 

Клішыраваныя формы

Я, + прозвішча, імя, імя па бацьку + пасада + атрымаў...

 

Распіска

Я, Барысюк Павел Сямёнавіч, студэнт 3 курса сацыяльна-эканамічнага факультэта Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва 18 чэрвеня 2002 года атрымаў ад загадчыцы склада інстытута Навіцкай Тамары Сяргееўны 1 (адну) брызентавую палатку і 5 (пяць) рукзакоў.

Пасля 28 чэрвеня ўсё атрыманае вярну на склад.

18 чэрвеня 2002 г.                                                               (подпіс)

 

Аўтабіяграфія – кароткі расказ пра свой жыццёвы шлях, які пішацца ад першай асобы.

У пачатку тэксту трэба назваць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, час і месца нараджэння, сказаць пра заняткі бацькоў. Пасля гэтага коратка гавораць пра гады вучобы, называюць асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

 

Аўтабіяграфія

Я, Герасімовіч Тамара Пятроўна, нарадзілася 15 сакавіка 1985 г. ў г. Масты Гродзенскай вобласці. Мой бацька, Пётр Міхайлавіч, працуе інжынерам на мэблевай фабрыцы, маці, Ганна Антонаўна, – настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

У 1991 г. я паступіла ў сярэднюю школу № 2 г. Масты, якую закончыла ў 2001 г. У тым жа годзе паступіла ў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва на сацыяльна-эканамічны факультэт. Цяпер займаюся на трэцім курсе.

Дата                                                                                        (подпіс)

Заданне 1. З якiх дзелавых папер маглi быць узяты наступныя выразы:

Адбудзецца сустрэча, прашу прыняць, пасля школы, усё атрыманае вярну, давяраю атрымаць, аппаратура ў парадку, справаздача прыкладаецца, выдадзена да прадстаўлення, за справаздачны перыяд, прадпрыемтсва абавязваецца, ацэначная камiя ў складзе, пастанавiлi, з`яўляецца студэнтам.

Заданне 2. Складзiце аўтабiяграфiю. Пералiчыце асноўныя патрабаваннi, якiя ставяцца да напсання аўтабiяграфii.

ТЭМА 22

МАЎЛЕНЧЫ СЛУЖБОВЫ ЭТЫКЕТ.

КУЛЬТУРА МАНАЛАГІЧНАГА

І ДЫЯЛАГІЧНАГА МАЎЛЕННЯ

Значную частку свайго жыцця чалавек праводзіць на працоўным месцы. Немалаважнымі тут з’яўляюцца ўзаемаадносіны з начальнікам або падначаленымі, паколькі гэта ўплывае на мікраклімат у калектыве. Уменне весці размову, падтрымліваць гутарку, прымаць рашэнні — гэта неабходныя дзелавыя якасці службовай асобы.

У залежнасці ад абставін працоўнай дзейнасці зносіны дзеляцца на дзелавыя і свецкія. Дзелавыя або службовыя, афіцыйныя зносіны — гэта не толькі абмен інфармацыяй, як гэта звычайна адбываецца ў свецкіх зносінах, яны цягнуць за сабой выпрацоўку рашэнняў, заключэнне дамоў, прыняцце абавязацельстваў, невыкананне якіх можа прывесці да адміністрацыйнай ці юрыдычнай адказнасці. Свецкія (неафіцыйныя) зносіны звязаны з вольным часам, носяць культурны характар.

Зносіны могуць быць прамымі, якія адбываюцца ў форме гутаркі двух ці больш чалавек, і ўскоснымі, з дапамогай пісьмовай перапіскі або тэхнічных сродкаў. На характар і змест дзелавых зносін уплываюць інтэлект, кампетэнтнасць субяседніка, веданне ім прадмета размовы, здольнасць выходзіць са складаных сітуацый у працэсе гутаркі. Камунікабельнасць — гэта ўменне падтрымліваць размову (атрымліваць інфармацыю, выдаваць яе, уменне правільна ставіць пытанні).

У дзелавых зносінах значную ролю ў мове адыгрывае арыентацыя на тэхнічны або тэхналагічны бок справы ці на людзей, якія ўдзельнічаюць у вытворчым працэсе. Ад таго, якія з гэтых каштоўнасцей на першым месцы, у многім залежаць узаемаадносіны паміж начальнікам і падначаленымі, а таксама і паміж супрацоўнікамі. Пры накіраванасці на тэхніку і тэхналогію зносіны набываюць дзелавы тон, пры арыентацыі на чалавека ў ім значнае месца займаюць разам з дзелавымі і чалавечыя ўзаемаадносіны. Якасць зносін залежыць ад мовы суб’ектаў: ясны выклад сваіх думак, правільнасць маўлення, выразная дыкцыя робяць гутарку або выступленне даступнымі, садзейнічаюць пошуку аптымальных рашэнняў. Эмацыянальны бок зносін узмацняюць выразная міміка і стрыманыя жэсты.

Поспех паседжанняў, сходаў, канферэнцый і інш. залежыць ад тэкстаў дакладаў і выступленняў, якія павінны рыхтавацца зараней: план, тэкст, тэзісы... Абавязкова падтрымліваць візуальны кантакт з аўдыторыяй. Пачынаць не абавязкова з уступу, хоць ён і пажаданы, а з самага важнага і актуальнага. Абавязковым з’яўляецца вывад, падагульненне, дзе не толькі падводзіцца вынік, але і робяцца прапановы, напрыклад, па практычнаму прымяненню.

Важнейшыя патрабаванні да дзелавога выступлення — канкрэтнасць і канструктыўнасць. Неабходна пазбягаць расплыўчатых, агульных фраз, а таксама незразумелых тэрмінаў. Выступленне ўпрыгожвае правільная інтанацыя, змяненне тэмпу маўлення, што мяняецца ў працэсе маналога, вытрымліванне паўз паміж важнымі думкамі або пасля іх выкладу. Слухачоў могуць раздражняць няправільна вымаўленыя словы, памылкова пастаўленыя націскі, паўторы адных і тых жа слоў ці выразаў (магчыма паўтарэнне асноўных думак, але рознымі фразамі).

Вядучы дыскусію (пасяджэнне) павінен сачыць за тым, каб яна не перарасла ў канфлікт. Дапамагаюць весці дыскусію веданне і ўжыванне этыкетных маўленчых формаў. Пачынацца дыскусія можа словамі:

Прыступім да работы...

Прашу вашай увагі...

Будзем пачынаць...

Дазвольце лічыць пасяджэнне адкрытым...

У ходзе абмеркавання вядучы можа выкарыстаць шэраг формаў:

Давайце абмяркуем...

Першае, што мы павінны абмеркаваць...

Дазвольце адрасаваць гэта пытанне...

Я думаю, што гэта пытанне можа быць зададзена пазней у індывідуальным парадку...

Працягнем абмеркаванне пытання...

Дазвольце перайсці да абмеркавання наступнага пытання...

Давайце вернемся да тэмы (праблемы, сітуацыі)...

Прашу не адхіляцца ад тэмы...

Абмеркаванне будзе ўзноўлена...

Дазвольце закрыць сход (пасяджэнне)...

Элементамі любой дыскусіі з’яўляюцца пытанні, якія задаюцца апанентамі і выступаючымі. Існуюць этыкетныя формы фармулёвак пытанняў:

Дазвольце задаць пытанне...

У мяне пытанне да...

Я хацеў бы задаць пытанне...

Мяне цікавіць...

Не маглі б Вы мне растлумачыць...

Выступленні і пытанні звычайна папярэджваюцца зваротамі: паважаныя, глыбокапаважаныя, таварышы, спадарства, сябры, калегі і інш. У адказах на пытанні могуць утрымлівацца наступныя выразы:

Я б хацеў адказаць на Ваша пытанне наступным чынам...

Паўтарыце, калі ласка, пытанне...

Я не магу адказаць на Ваша пытанне, таму што...

Наколькі я ведаю...

Дазвольце пачаць з адказу на апошняе пытанне...

Калі Вы не супраць, то я б хацеў падумаць...

Этыка правядзення дыскусій патрабуе пазбягаць абвастрэння спрэчак, канфліктаў. Дапамагаюць змякчыць сітуацыю этыкетныя формы выражэння нязгоды:

Я магу згадзіцца, але толькі пры пэўных умовах...

Я згодны з многімі палажэннямі, але лічу неабходным...

Я б хацеў падтрымаць, але...

Я б хацеў прыцягнуць Вашу ўвагу да...

У мяне ёсць некалькі заўваг...

Я не магу раздзяліць Вашу думку... па дадзенаму пытанню...

На мой погляд, нам неабходна абмеркаваць гэтае пытанне больш канкрэтна...

Любое выступленне заканчваецца падзякай. У любой дыскусіі неабходна выражаць павагу да субяседніка або апанента, нават калі яго выказванне на першы погляд здаецца недарэчным. Неабходна імкнуцца зразумець чужое меркаванне, цярпліва выслухаць яго. Дыскусія павінна весці да супрацоўніцтва, а не да канфрантацыі. На месцы сваёй працы чалавек знаходзіцца значную частку свайго жыцця, таму важным фактарам для большасці з’яўляецца маральны клімат у калектыве. Паступова супрацоўнік развівае свае дзелавыя якасці, прафесійнае маўленне, і больш плённа гэта адбываецца ў працаздольным і дружным калектыве.

Службовыя зносіны ўключаюць разнастайныя спосабы абмеркавання вытворчых, эканамічных, навукова-тэхнічных і іншых праблем. Найбольш распаўсюджанымі формамі калектыўнага разгляду дзелавых сітуацый з’яўляюцца нарады і сходы, якія адрозніваюцца паміж сабой толькі колькасцю ўдзельнікаў, а пытанні могуць вырашацца адны і тыя ж.

Нарады падзяляюцца на дыктатарскія, аўтакратычныя, сегрэгатыўныя, дыскусійныя, свабодныя і інш.

На дыктатарскіх нарадах звычайна выступае толькі кіраўнік. Ён паведамляе прысутным сваё рашэнне, знаёміць з распараджэннямі і т. п. У час дыктатарскіх нарад адсутнічае дыскусія. Удзельнікі прымаюць інфармацыю да ведама, задаюць пытанні.

Аўтакратычныя нарады характарызуюцца тым, што кіраўнік задае пытанні і выслухоўвае адказы запрошаных. Апошнія не маюць права выказвацца, задаваць пытанні, падтрымліваць іншых прысутных.

Сегрэгатыўныя нарады (сегрэгацыя — з лац. аддзяленне, выдаленне) пачынаюцца дакладам кіраўніка, затым выступаюць толькі тыя, каму даецца слова.

Дыскусійныя і свабодныя нарады адрозніваюцца дэмакратычным характарам. У час дыскусійных пасяджэнняў адбываецца свабодны абмен думкамі, рашэнне ў большасці выпадкаў прымаецца агульным галасаваннем. Свабодныя пасяджэнні праводзяцца без канкрэтнага парадку дня.

Часта праводзяцца і такія формы пасяджэнняў або нарад, як праблемныя, інструктыўныя, аператыўныя і інш.

Жывыя зносіны, якімі з’яўляюцца публічныя выступленні кіраўніка або падначаленых, грунтуюцца на вуснай мове. Калі неабходны кантакт з людзьмі, што не могуць быць суразмоўцамі, то выкарыстоўваюць пісьмовую мову: службовыя лісты, распараджэнні, факсы і г. д. Вусная мова заўсёды нясе ў сабе жывы патэнцыял асобы, сілу яго ведаў, веры, упэўненасці. Менавіта жывой мове ўласцівыя тэмп, інтанацыя, мілагучнасць, акцэнты. Рысы прамоўцы, яго непаўторныя жэсты, міміка, позірк дапаўняюць мову, яна ўспрымаецца ў цэласным кантэксце. Вуснае маўленне больш простае па сваім слоўніку, па граматычных формах, мае сціслыя сінтаксічныя канструкцыі, нават дапускае паўторы. Пісьмовая, наадварот, насычана аб’ёмнымі сказамі, устойлівымі спалучэннямі, спецыфічнай лексікай, не дапускае памылак. Неабходна памятаць, што пісьмовая мова цяжка ўспрымаецца на слых, таму нуднымі з’яўляюцца даклады, якія чытаюцца з ліста. Пісьмовая мова не ператворыцца ў вусную, калі яе гучна прамаўляць.

У выступленні перад публікай патрэбна жывая мова, таму што прамоўца можа сачыць за рэакцыяй слухачоў: удакладняць, скарачаць, дапаўняць... Мова пры гэтым становіцца даходлівай і эфектыўнай, прыносіць задавальненне і аратару, і слухачам.

Залатое правіла маўленчых зносін сцвярджае: чым цішэй гаворыш, тым лепш цябе зразумеюць. Ціхая, прыемная і спакойная мова афарбавана і тэмбрам голасу, і абаяльнасцю прамоўцы, але і тут можна праявіць і патрабавальнасць, і рашучасць, і выразнасць. Ціхая прамова настройвае на развагу, а гучная выклікае трывогу, неспакой. Прыкметай культуры і розуму з’яўляецца мілагучная, выразная і багатая мова.

Тэмп нашай мовы своеасабліва спалучаецца са зместам, таму найбольш значныя часткі матэрыялу трэба выкладаць павольней, выдзяляць інтанацыйна. Лічыцца: чым большая колькасць слухачоў, тым павольней неабходна гаварыць. Выступаючаму патрэбны паўзы: па-першае, на іх звяртаецца ўвага, па-другое, паўза дазваляе аддзяліць сэнсавыя часткі тэксту, па-трэцяе, вытрымаць патрэбную паўзу гэта майстэрства аратара.

Асноўным інструментам уздзеяння на аўдыторыю з’яўляецца, несумненна, слова, але варта прымяняць і дапаможныя сродкі, напрыклад, жэсты. Яны ўзмацняюць эмацыянальны бок выступлення або гутаркі, але прымяняць іх патрэбна ўмела. Не суправаджайце жэстыкуляцыяй увесь тэкст выступлення, гутаркі, прамовы, таму што не кожная фраза патрабуе падкрэслівання жэстам. Колькасць і інтэнсіўнасць жэстаў павінны адпавядаць умовам і мэтам зносін. Прынята лічыць: калі выступаючаму няма чаго сказаць па сутнасці, то ён пачынае актыўна жэстыкуляваць. Жэстыкуляцыя адцягвае ўвагу субяседнікаў і слухачоў, таму варта памятаць, што пры ўключэнні жэстаў у моўную плынь збядняецца яе выразнасць, зніжаецца эфектыўнасць уздзеяння на прысутных.

Выкарыстоўваць мікрафон патрэбна толькі ў крайнім выпадку, паколькі ён скажае мову, ускладняе наладжванне кантакту з людзьмі. Чым меншая адлегласць паміж субяседнікамі, тым больш цёплыя і даверлівыя адносіны складваюцца між імі. Вядома, што павелічэнне адлегласці да двух і болей метраў вядзе да з’яўлення адчужанасці, дыстанцыйнасці ў адносінах.

Поспех, выніковасць, вартасць любой гутаркі ці выступлення, безумоўна, залежаць ад мноства фактараў, але ні жэсты, ні інтанацыя, ні знешні выгляд аратара не заменяць сілы слова. Толькі свабодна валодаючы моўнымі сродкамі, дастатковым лексічным запасам, можна авалодаць увагай слухачоў, данесці неабходнае, пераканаць, зацікавіць.

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Якая роля прывітання ў службовым этыкеце? Як правільна развітацца пасля дзелавой сустрэчы, сходу, пасяджэння?

Прывітанне

Зносіны людзей пры сустрэчы пачынаюцца з прывітання. Гэтая этыкетная норма абавязковая для ўсіх знаёмых людзей. Нават асабіста незнаёмыя супрацоўнікі адной установы або фірмы, жыхары аднаго дома вітаюць адзін аднаго. У Беларусі прынята вітаць пры сустрэчы жыхароў вёскі. У маўленчым этыкеце найбольш ужывальныя прывітанні: “Добры дзень!”, “Дзень добры!”, “Добрай раніцы!”, “Ранак добры!”, “Добры вечар!”, “Вечар добры!”. Меней ужываюцца прывітанні, якія носяць стылістычна ўзвышаны характар: “Вітаю Вас (цябе)!”, “Рады Вас вітаць!”, “Дазвольце Вас павітаць!”. Распаўсюджанае сярод добра знаёмых слова “Прывітанне!” не дапускаецца ў прывітанні малодшым старэйшага.

Маўленчы этыкет патрабуе першым вітаць малодшаму па ўзросту старэйшага, мужчыне жанчыну, падначаленаму начальніка. (паводле І. Браіма)

Заданне 2. Як правільна звярнуцца да падначаленага або начальніка? Як быць у тым выпадку, калі Вы не ведаеце яго імя, імя па бацьку? Адкажыце на пытанні, выкарыстоўваючы наступны тэкст.

Ветлівы зварот

Ва ўстанаўленні кантакту паміж людзьмі значнае месца адводзіцца ветліваму звароту. Непрымальны ці непрыемны зварот можа стаць першай і адзінай перашкодай у развіцці ўзаемасувязей і, наадварот, цёплае прывітанне можа пакласці пачатак карысным, дзелавым, сяброўскім зносінам.

Своеасаблівасць звароту надае перш за ўсё тое, каму яно адрасуецца: знаёмаму ці малазнаёмаму, мужчыне ці жанчыне, маладому ці сталаму чалавеку.

Культурны чалавек, жадаючы, каб на яго звярнулі ўвагу, пачне свой зварот, просьбу са слоў прабачэння: “Прабачце, калі ласка”, “Прабачце”, “Даруйце”, “Даруйце (прабачце) за турботу” (рус. «Извините», «Простите», «Простите (извините) за беспокойство»).

Як правіла, прыцягненне ўвагі звязана з просьбай. Гэта цягне за сабой утварэнне больш складаных моўных формаў, напрыклад: “Прабачце (даруйце), Вы не скажаце...”, “Не маглі б Вы мне сказаць...”, “Вы не ведаеце...” (рус. “Простите (извините), Вы не скажете...”, “Не могли бы Вы подсказать...”, “Будьте так добры...”). Пералічаныя формы могуць замяніць звароты ў тых выпадках, калі Вам складана назваць субяседніка словамі: “таварыш”, “спадар”, “малады чалавек” ці інш. (паводле І. Браіма)

Заданне 3. Прачытайце тэкст, перакажыце яго па-беларуску. Ці згодны Вы з такімі патрабаваннямі да крытыкі? Якой павінна быць мова таго, хто крытыкуе? Прыдумайце загаловак да свайго паведамлення.

Критика в служебном этикете

Критика является наиболее распространенной формой выражения неудовлетворенности деятельностью подчиненных или коллег по работе. Выделяют следующие важные этические требования к критике:

● критика должна быть объективной, т. е. вызываться негативным проступком, неумелой и недобросовестной работой; прежде чем критиковать, необходимо разобраться в причинах действия, вызвавшего критику. В результате предпринятого анализа может выясниться, что работник не мог поступить иначе в силу сложившихся обстоятельств, возможно, в этом есть вина критикуемого;

● следует критиковать не человека как личность, а его отношение к делу, его ошибки;

● критикуя работника, не следует внушать ему, что он безнадежен, не способен справиться со своими недостатками. Критика должна быть конструктивной, вселять уверенность работника в его способностях, мобилизовывать его на лучшую работу;

● эффект критики значительно повышается, если критикующий предлагает меры и помощь в преодолении недостатков и ошибок;

● критикующий не должен срываться на крик, допускать грубость, злорадство, язвительность, унижающие человеческое достоинство.

В свою очередь тому, кого критикуют, нельзя сразу же отвергать критические замечания. Относиться к ним необходимо исходя из принципа: «Все, что я делал, можно делать лучше». (по И. Браиму)

ЗМЕСТ

Тлумачальная запіска

……………3

Тэма 1. Мова і соцыум. функцыі мовы ў грамадстве

……………4

Тэма 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы

……………8

Тэма 3. Лексіка паводле паходжання. Асноўныя прыкметы іншамоўных слоў

…………..13

Тэма 4. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання

…………..19

Тэма 5. Спецыяльная лексіка.Адрозненне тэрміналагічнай і прафесійнай лексікі

…………..21

Тэма 6. Прадуктыўныя спосабы словаўтварэння тэрмінаў

…………..26

Тэма 7. Характарыстыка тэрмінаў паводле паходжання

…………..34

Тэма 8. З гісторыі фарміравання і развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі

…………..38

Тэма 9. Нормы беларускай літаратурнай мовы

…………..43

Тэма 10. Новае ў правапісе галосных

…………..47

Тэма 11. Арфаграфія

…………..50

Тэма 12. Фанетычныя асаблiвсцi беларускай мовы

…………..66

Тэма 13. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды

…………..71

Тэма 14. Дзеепрыметнiк. утварэнне i ўжыванне

…………..85

Тэма 15. Дзеепрыслоўе. утварэнне i ўжыванне

…………..89

Тэма 16. Функцыянальныя стылі сучаснай беларускай мовы. Публiцыстычны стыль i яго асаблiвасцi

…………..92

Тэма 17. Навуковы стыль, яго лексiчныя, марфалагiчныя i сiнтаксiчныя асаблiвасцi

…………..95

Тэма 18. Жанры навуковай літаратуры (артыкул, даклад, рэферат, анатацыя, рэзюмэ); агульныя патрабаванні да іх напісання і афармлення

…………101

Тэма 19. Цытаты. афармленне цытат

…………108

Тэма 20.Афiцыйна-справавы стыль i яго асаблiвсцi

…………110

Тэма 21. Вiды афiцыйна-справавых тэкстаў

…………115

Тэма 22. Маўленчы службовы этыкет. Культура маналагічнага і дыялагічнага маўлення

…………121

Вучэбнае выданне

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

(ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА)

Практыкум

для студэнтаў завочнай формы атрымання адукацыі

ўсіх спецыяльнасцей

Аўтары-складальнікі:

Валынец Таццяна Пракоф’еўна

Бурміч Марына Аляксандраўна

Рэдактар

Тэхнічны рэдактар

Камп’ютарная вёрстка

Падпісана ў друк Папера тыпаграфская № 1.

Фармат 60 х 84 1/16. Гарнітура Таймс. Рызаграфія.

Ум. друк. арк. . Ул.-выд. арк. ….. Тыраж .

Заказ №

Установа адукацыі

“Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт

спажывецкай кааперацыі”

ЛІ № 02330/0494302 ад ………………..г.