Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бел. мова. Ч. 1.doc
Скачиваний:
21
Добавлен:
08.11.2018
Размер:
622.08 Кб
Скачать

3.1. Пісьмовае навуковае маўленне

Гэта мова манаграфій, навуковых артыкулаў, падручнікаў, даведнікаў.

Якасці навуковага маўлення і яго асаблівасці:

  • аб’ектыўнасць, якая праяўляецца ў асвятленні розных пунктаў гледжання на праблему, у адсутнасці суб’ектывізму пры перадачы зместу, у безасабовасці моўнага выражэння, у засяроджанасці на прадмеце выказвання;

  • лагічнасць, якая праяўляецца ў паслядоўнасці і несупярэчлівасці выказвання і ствараецца з дапамогай асаблівых сінтаксічных канструкцый (складаныя сказы з даданымі прычыны, умовы, сказы з пабочнымі словамі: па-першае, такім чынам і г.д.) і тыпічных сродкаў міжфразавай сувязі (лексічныя паўторы, сінанімічныя замены, злучнікі, займеннікі);

  • доказнасць – навуковае маўленне складаецца з ланцуга разважанняў, аргументацыі пэўных палажэнняў і гіпотэз;

  • дакладнасць, якая дасягаецца выкарыстаннем тэрмінаў, адназначнасці слоў, выразным афармленнем сінтаксічных сувязей слоў;

  • абагульненасць і абстрактнасць, якія праяўляюцца ў адборы слоў (перавага назоўнікаў над дзеясловамі, агульнанавуковыя словы, назоўнікі з абстрактным значэннем, канкрэтныя назоўнікі ў абагульненым значэнні), ва ўжыванні формаў слоў (дзеясловы цяперашняга часу ў «пазачасавым» значэнні, зваротныя і безасабовыя дзеясловы, перавага формаў 3-й асобы дзеясловаў, формаў незакончанага трывання), у выкарыстанні сінтаксічных канструкцый (няпэўна-асабовыя сказы, абароты з формамі залежнага стану).

Асноўныя тыпы маўлення ў навуковым стылі – апісанне і разважанне. Чытаючы ці слухаючы навуковы тэкст, вы сочыце за развіццём думкі аўтара (паслядоўнасцю, логікай разважання, вылучаеце галоўную і другасную інфармацыю і г.д.). Спецыяльныя абароты (неабходна ўлічыць, у выніку, з гэтага вынікае, такім чынам і інш.) дапамагаюць аўтару акцэнтаваць увагу на важнейшых момантах разважання.

Віды звязнасці тэксту. У навуковым тэксце інфармацыя павінна перадавацца ў строгай лагічнай паслядоўнасці. Сувязь папярэдняга і наступнага, прычынныя, выніковыя і іншыя адносіны павінны быць абазначаны з дапамогай розных відаў звязнасці тэксту:

1. «Змястоўныя» паўторы, якія дазваляюць узнавіць змест папярэдняга сказа ў наступным. Тут часта ўжываюцца займеннікі, напрыклад: “Стан беларускай мовы ў наш час уяўляе сабой вастрэйшую праблему для ўсёй дзяржавы, для ўсяго грамадства. Гэта тлумачыцца тым, што ў мове зафіксаваны ўвесь гістарычны вопыт народа”.

2. Злучнікі, злучальныя словы, пабочныя словы, займеннікі, якія ўказваюць на прычынна-выніковыя і іншыя адносіны, напрыклад: тым самым, па прычыне гэтага, такім чынам і г.д.

3. «Паказчыкі» развіцця думкі аўтара:

- актывізацыя думкі: высветлім, чым адрозніваюцца; пяройдзем да разгляду…

- лагічнае выдзяленне думкі: неабходна падкрэсліць, трэба адзначыць…

- сувязь з вышэйсказаным: як ужо было адзначана…

- сувязь з наступным: далей спынімся на…

- ацэнка інфармацыі з пункту гледжання яе даставернасці: безумоўна, як вядома…

Віды інфармацыі ў навуковым тэксце: асноўная, дадатковая (канкрэтызуючая, ілюструючая асноўную), дубліруючая.

Спецыфікай навуковага стылю з пункту гледжання ўжывання моўных адзінак з’яўляецца тэрміналогія.

Тэрмін – слова ці словазлучэнне, якое абазначае якое-небудзь паняцце. У кожнай галіне навуковых ведаў існуе свая тэрмінасістэма, у якой тэрмін павінен быць адназначным.

Прыёмы тлумачэння тэрмінаў:

  • лагічнае азначэнне;

  • падбор сінонімаў;

  • апісальны спосаб;

  • этымалагічны спосаб.

Кожны тэрмін унутры тэрміналагічнага поля выяўляе цэлы рад сваіх асаблівасцей:

  • адназначнасць;

  • адсутнасць экспрэсіі і эмоцый;

  • сістэмнасць.

Iменны характар навуковага маўлення вызначаецца тым, што тут часцей, чым дзеясловы, выкарыстоўваюцца іменныя часціны мовы, асабліва назоўнікі. Тыпічнымі для навуковага стылю з’яўляюцца ланцужкі назоўнікаў у форме роднага склону, напрыклад: “У сучасным навуковым стылі не прынята, хаця і сустракаецца, выкарыстанне адзіночнага і множнага ліку першай асобы дзеяслова і займенніка”.

Сінтаксічныя асаблівасці.

Для навуковых тэкстаў тыпічна:

- перавага састаўных іменных дзейнікаў, напрыклад: “Мастацкае маўленне – вышэйшая форма творчага выкарыстання мовы”;

- ужыванне дзеяслоўна-іменных словазлучэнняў у якасці выказніка, напрыклад, аказваць уздзеянне, прыходзіць да заключэння;

- ужыванне наступных відаў простых сказаў, напрыклад:

Вылучаюць некалькі відаў…

Устанавілі, што…

Выведзем формулу з…

Лічыцца, што…

Указваецца на тое, што…

Можна вызначыць (устанавіць)…

Аб’ектыўны парадак слоў у навуковым маўленні абазначае, што новая інфармацыя размяшчаецца ў канцы сказа.

Жанры пісьмовага навуковага маўлення:

Анатацыя і рэферат тэксту – гэта другасныя тэксты, якія састаўлены на аснове тэкста-крыніцы ў выніку аналізу і абагульнення інфармацыі.

Рэферат – кароткая, але адэкватная па зместу перадача зместу першакрыніцы. Можна вылучыць рэферат-канспект (інфарматыўны), рэферат-рэзюмэ, рэферат-агляд, рэферат-даклад.

У інфарматыўным рэфераце ў абагульненым выглядзе змяшчаюцца ўсе асноўныя палажэнні першаснага тэксту, прыводзіцца аргументацыя дадзеных палажэнняў, звесткі аб метадах даследавання, падаюцца вывады, да якіх прыйшоў аўтар.

У рэфераце-рэзюмэ коратка падаюцца вывады, вынікі праведзенай работы.

У рэфераце-аглядзе супастаўляюцца існуючыя кропкі гледжання на якое-небудзь пытанне. Гэты рэферат пішацца на матэрыяле 2-х і болей крыніц.

Рэферат-даклад мае на ўвазе аналіз, перапрацоўку і ацэнку інфармацыі, што ўтрымліваецца ў першасных тэкстах, пункт погляду складальніка рэферата на стан праблемы.

Анатацыя – сціслая, кароткая характарыстыка кнігі (зборніка, артыкула), яе зместу і прызначэння. У анатацыі пералічваюцца галоўныя пытанні, праблемы першаснага тэксту, характарызуецца яго структура.