Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Клімчік_ДЕНДРОЛОГИЯ

.pdf
Скачиваний:
15
Добавлен:
09.03.2016
Размер:
1.66 Mб
Скачать

121

кароткай кветканожцы, распускаюцца раней за лісце або адначасова з ім. Плады сакавітыя, касцянкі сплясканыя з бакоў. Размнажаюцца насеннем, парасткамі, чаранкамі, прышчэпкай, дзяленнем кустоў. Разводзяць каля 2000 гадоў. Вядома да 3 тыс. сартоў.

Сліва калючая, або цёрн (P. spinosa), – куст або дрэва да 5–8 м у вышыню. Утварае хмызняковыя зараснікі ў лесастэпах, гарах Крыма, Каўказа, Сярэдняй Азіі.

Сліва растапыраная, або алыча (P. divaricata), – дрэва або буйны куст да 12 м у вышыню. Расце натуральна у гарах Каўказа і Сярэдняй Азіі.

Сліва дамашняя (P. domestica) – каштоўнае пладовае дрэва, якое распаўсюджана толькі ў культуры. Від гібрыднага паходжання. Яго родзічы цёрн і алыча. Плады разнастайныя па форме, велічыні, афарбоўцы, смакавых якасцях і хімічным саставе. Выкарыстоўваюцца ў сырым выглядзе, а таксама пасля перапрацоўкі. Лепш расце на свежых глебах. Вытрымлівае засуху.

Род вішня (Cerasus) – распаўсюджаны ў паўночным паўшар’і, дзе налічвае каля 150 відаў. Лістападныя дрэвы і кусты да 2–10 м у вышыню. Лісце простае, чарговае. Кветкі белыя або ружовыя ў паўпарасонах. Плады шарападобныя касцянкі чырвоныя або чорныя, ядомыя. Размнажаюцца насеннем, каранёвымі парасткамі, прышчэпкамі. Жывуць больш за 40 гадоў.

Вішня птушыная, чарэшня (C. avium) – дрэва 20–25 м у вышыню і 0,6 м у дыяметры ствала. Кара бліскучая, шэра-карычневая з карычневымі лінзамі. Лісце зваротнаяйкападобнае або элептычнае, да 16 см у даўжыню, вострапілаватае па краі. Цвіце да аблісцення. Плады да 17 мм у дыяметры. Натуральна расце ў шыракалістых лясах Украіны, Малдовы, Крыма, Каўказа, Заходняй Еўропы і Ірана. Мае шмат сартоў, якія разводзяць як каштоўныя пладовыя дрэвы. Выкарыстанне такое, як і ў вішні звычайнай.

Вішня звычайная (C. vulgaris) – дрэва або куст да 3–5 м у вышыню. Кара ствала буракарычневая, з лінзамі. Парасткі тонкія, бура-чырвоныя або буравата-шэрыя, гладкія. Лісце шчыльнае, да 8–12 см у даўжыню, зваротнаяйкападобнае або элептычнае, завостранае, у аснове клінападобнае, цёмна-зялёнае. Кветкі па 2–4, белыя. Плады да 15 мм у дыяметры, светла-чырвоныя, салодка-кіслыя. У дзікім стане невядомая. Шырока разводзіцца у Еўропе, Сярэдняй Азіі, Заходняй Сібіры як каштоўнае пладовае і дэкаратыўнае дрэва. Цвіце ў маі. Плады паспяваюць у ліпені – жніўні. З пладоў гатуюць розныя харчовыя прадукты. Кара і лісце змяшчаюць дубільныя рэчывы. Меданос. Драўніна ідзе на розныя дробныя вырабы.

Вішня кустовая (C. fruticosa) – куст да 2 м у вышыню, з дугападобна ўзыходзячымі, у маладосці зялёнымі, потым бурымі парасткамі, з жаўтаватымі лінзамі. Лісце ланцэтнае або прадаўгавата-элептычнае, да 5 см у даўжыню, зверху бліскучае, цёмна-зялёнае, знізу матавае. Кветкі белыя, па 3–4, у суквеццях. Цвіце ў маі – чэрвені. Плады паспяваюць у жніўні. Плады разнастайнай формы і афарбоўкі 8–15 мм у дыяметры, салодкія, ядомыя. Натуральна расце ў зарасніках стэпавай і лесастэпавай зон Еўропы, Заходняй Сібіры, Казахстана, Каўказа. Каштоўная пладовая і дэкаратыўная расліна.

Вішня лямцавая (C. tomentosa) – куст 2–3 м у вышыню, часам невялічкае дрэва, з лямцава-апушанымі парасткамі. Лісце шырокаэлептычна-рамбічнае, завостранае, 3–5 см у даўжыню, зморшчанае па жылках. Цвіце да аблісцення. Кветкі бела-ружовыя. Плады да 12 мм у дыяметры, чырвоныя, сакавітыя, салодкія. Паспяваюць у першай палове лета. Натуральна расце ва Усходняй Азіі. Разводзіцца ў нас як каштоўная пладовая і дэкаратыўная расліна.

Род чаромха (Padus) налічвае больш як 20 відаў, якія распаўсюджаны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я. Лістападныя дрэвы, радзей кусты да 7 м і нават да 30 м у вышыню. Парасткі з лінзамі. Лісце простае, чарговае, зубчастае. Кветкі дробныя, белыя, сабраны ў гронкі з прыемным пахам. Плод – сакавітая касцянка. Размнажаецца насеннем, радзей каранёвымі парасткамі. Любіць асветленыя мясціны з урадлівымі, вільготнымі глебамі. Выкарыстоўваюць ў азеляненні. Вытрымлівае гарадскія ўмовы. Меданос.

Чаромха звычайная (P. avium) – дрэва пераважна пойменных лясоў Еўропы і Заходняй Сібіры. Расце ад лесатундры на поўначы да стэпаў на поўдні. Сустракаецца на Каўказе і ў

122

Сярэдняй Азіі. Дрэва да 10–15 м у вышыню. Лісце і луб пры расціранні выдаюць міндальны пах. Лісце элептычнае, па жылках злёгку зморшчанае, каротказавостранае, дробназубчастае па краі. Вясной распускаецца раней, чым у іншых лясных парод. Кветкі ў доўгіх паніклых гронках, вельмі духмяныя, фітанцыдныя. Плады чорныя, даўкія на смак. Каштоўнае дэкаратыўнае і лекавае дрэва.

Чаромха пенсільванская (P. pensylvanica) натуральна расце ў шыракалістых лясах Паўночнай Амерыкі. Дрэва 15–20 м у вышыню. Інтрадукавана ў Беларусь. Вельмі дэкаратыўная лісцем, кветкамі і мноствам дробных ярка-чырвоных пладоў.

Чаромха позняя (P. sirotina) – дрэва да 30 м у вышыню. Мае вельмі прыгожае шырокаланцэтнае глянцавае лісце. Кветкі без пазух. Яе драўніна лічыцца ў ЗША другой па значнасці сярод ліставых парод (пасля арэха чорнага) для мэблевай вытворчасці, аздаблення памяшканняў і інш.

Чаромха віргінская (P. virginiana) – таксама дрэва паўночнаамерыканскага паходжання 10–15 м у вышыню. Лісце шырокае, зваротнаяйкападобнае. Кветкі з прыемным пахам. Цвітуць у сярэдзіне мая. Дэкаратыўная расліна. Плады чырвоныя, потым цямнеюць, ядомыя.

Чаромха Маака (P. maakii) – дрэва да 16 м у вышыню. Натуральна расце ў пойменных лясах Далёкага Усходу. Адметная карычневай бліскучай карой, якая адслойваецца папярочнымі плеўкамі. Лісце яйкападобна-элептычнае. Кветкі з мядовым пахам. Плады чорныя, горкія. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Чаромха анціпка, малалетка, пахучая вішня (P. mahaleb), – кустападобнае дрэва да

10–12 м у вышыню. Лісце акруглае, яйкападобнае, да 9 см у даўжыню, звычайна светлазялёнае. Кветкі белыя, у гронках. Плады яйкападобныя, чорныя, горкія. Натуральна расце ў Сярэдняй Азіі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, паўднёвай частцы Заходняй Еўропы, у асноўным па ніжнім поясе горных схілаў. У Беларусі выкарыстоўваецца ў якасці прышчэпа для культурных сартоў вішні, чарэшні.

Адзначаныя інтрадукаваныя віды чаромхі ўстойлівыя да хвароб і шкоднікаў. Дэкаратыўныя. З’яўляюцца добрымі меданосамі. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

Род лаўравішня (Louracerasus) – вечназялёныя дрэвы, якія растуць на Каўказе, у Іране, Малой Азіі, Балканскім паўвостраве. Найбольш вядомым відам, які інтрадукаваны і ў Беларусь, з’яўляецца лаўравішня лекавая (L. officinalis), якая натуральна расце ў лясах Каўказа. Гэта невялічкае вечназялёнае дрэўца са скураным прадаўгавата-элептычным лісцем, да 20 см у даўжыню. Кветкі белыя, у гронках, стаяць прама. Плады авальныя, каля 20 мм у даўжыню, чорныя, сакавітыя, салодкія. Насенне атрутнае, выкарыстоўваецца ў медыцыне, а сама расліна ў азеляненні.

Ва ўмовах Беларусі недастаткова зімаўстойлівая. У суровыя зімы абмярзаюць маладыя парасткі. Вясной расліна добра аднаўляецца.

Род абрыкос (Armeniana) – лістападныя, невысокія дрэвы і кусты. Кветкі адзіночныя, белыя або ружовыя. Цвітуць да аблісцення. Плады – сакавітыя або сухаватыя касцянкі.

Абрыкос звычайны (А. vulgaris) – дрэва да 10–17 м у вышыню. Натуральна расце ў Цэнтральнай Азіі, на Цянь-Шані, у Цэнтральным Кітаі. Лісце акругла-яйкападобнае з выцягнутай вострай верхавінкай, дробнагародчата-пілаватае па краі.

Інтрадукаваны ў Беларусь, дзе абрыкосавыя дрэвы разводзяць на поўдзень ад лініі Д. Гарадок–Бяроза–Івацэвічы–Слонім–Ваўкавыск–Свіслач. Адметны кароткім перыядам зімовага спакою. Нават пры непрацяглым пацяпленні вясной дрэвы кранаюцца ў рост і зацвітаюць. Цвітуць на поўдні Беларусі ў канцы красавіка. Кветкі і маладая завязь вельмі адчувальныя нават да мінімальных адмоўных тэмператур (–1–3ºС). Пры адсутнасці ў перыяд цвіцення замаразкаў шчодра пладаносяць. Плады акруглыя, да 5 см у дыяметры, ад светлажоўтых да аранжава-чырвоных. Адносна зімаўстойлівы, святлалюбны, хутка расце, аддае перавагу лёгкім глебам.

Абрыкос манчжурскі (A. mandshurica) – ад папярэдняга віду адрозніваецца больш буйным і грубазубчастым па краі лісцем, сухаватымі неядомымі пладамі. З’яўляецца

123

роданачальнікам шматлікіх зімаўстойлівых сартоў. Каштоўны для азелянення. Цалкам зімаўстойлівы.

Абрыкос сібірскі (A. sibirica) – куст да 3 м у вышыню. Па марфалагічных прыкметах падобны на а. звычайны. Вельмі зімаўстойлівы і засухаўстойлівы від. Перспектыўны для выкарыстання ў азеляненні.

Род персік (Persica) налічвае 6 відаў, якія натуральна растуць ў Кітаі. Невысокія дрэвы, да 6 м у вышыню, часам кустападобныя. Найбольшае распаўсюджанне мае персік звычайны (P. vulgaris), які шырока разводзяць як пладовае дрэва. Мае шмат садовых сартоў. Лісце падоўжана-ланцэтнае, завостранае на верхавінцы, цёмна-зялёнае. Кветкі адзіночныя, ружовыя або чырвоныя, распускаюцца да аблісцення. Плады падоўжаныя, авальныя, яйкападобныя, да 7–12 см у даўжыню, ад светла-зялёных да залаціста-аранжавых, звычайна апушаныя. Мякаць сакавітая, салодкая або кіслая. Цеплалюбны, незімаўстойлівы.

У Беларусі сустракаецца рэдка. Разводзіцца садаводамі-аматарамі на поўдні Беларусі, дзе можа цвісці і плоданасіць. Часта абмярзае, а ў суровыя зімы вымярзае цалкам.

5.2.6.3. Парадак Бабовыя (матыльковыя) – Fabales, магчыма, паходзіць ад каменяломнікавых. Дрэвы, кусты, паўкусты і травы. Лісце пераважна чарговае, звычайна складанае (перыстаскладанае або радзей пальчатаскладанае). Членікі сасудаў з простай перфарацыяй. Кветкі аднаполыя, актынаморфныя або часцей зігаморфныя, у большасці 5- членныя. Плод – струк. Насенне з прамым вялікім зародкам і малым эндаспермам або без яго.

Сямейства Бабовыя (матыльковыя) – Fabaceae – адзінае сямейства парадку бабо-

выя. Жыхарам краін з умераным кліматам з дзяцінства вядомы гарох, фасоля, канюшына, віка, белая акацыя. У тропіках агульнавядомы «дажджавое дрэва», або самон (Samanea samon), і адно з найбольш прыгожых дрэў свету – дэлонікс царскі (Delonix regia), які часам называюць «полымем лясоў». Плады ражковага дрэва (Ceratonia siligua) – аблюбаваны ласунак у народаў, якія насяляюць краіны Міжземнамор’я, а сою (Glucine max) разводзяць у Кітаі ўжо некалькі тысячагоддзяў. Усе гэтыя расліны, на першы погляд вельмі розныя, адносяцца да сямейства матыльковых, прадстаўнікі якога пазнаюцца ў прыродзе па складаным лісці з прылісткамі і характэрным плодзе, які батанікі вызначаюць як струк. Сямейства прынята дзяліць на тры падсямействы: матыльковыя (Faboideae), мімозавыя (Mimosoideae), цэзальпініевыя (Coesalpinoideae). Адрозненні галоўным чынам у будове кветак. Шмат якія батанікі разглядаюць іх як самастойныя сямействы. Колькасць вядомых зараз родаў матыльковых каля 700, а відаў, магчыма, не менш як 17 000. Сярод кветкавых раслін толькі два сямействы – архідныя і складанакветкавыя – перавышаюць матыльковых па колькасці відаў.

Матыльковыя – дрэвы (часта вельмі буйныя, часам да 80 м у вышыню), кусты, кусцікі, паўкусцікі і травы (апошнія галоўным чынам у падсямействе матыльковыя). Вельмі звычайны вітковыя формы, як травяністыя, так і драўняныя. Вядома, напрыклад, што найбольш хуткарослым дрэвам у свеце з’яўляецца альбіцыя серпападобная (Albizia falcataria), якая ўваходзіць у падсямейства мімозавых. Лягчэйшую ў свеце драўніну, больш лёгкую, чым драўніна вядомага бальсавага дрэва, дае эшынамена вірджынская (Aeschynomena vurginina). На каранях большасці матыльковых (каля 70% відаў), часткі мімозавых (10– 15%), некаторых цэзальпініевых ёсць клубеньчыкі. Штогод матыльковыя, якія жывуць у сімбіёзе з бактэрыямі, вяртаюць у глебу не менш за 100–140 кг/га азоту.

Лісце матыльковых з прылісткамі, якія рана ападаюць. Параўнальна рэдка сустракаецца лісце другаразоваспрошчанае, у якога адзіная пласцінка ўяўляе сабой нерэдукаваны лісток.

Кветкі матыльковых у большасці выпадкаў двухполыя, але ў шэрагу прадстаўнікоў вядомы і аднаполыя. Сабраны як у верхавінкавыя, так і пазушныя суквецці, часцей бакакветныя – гронкі і мяцёлкі. Колькасць кветак у суквецці часам памяншаецца да адной, але пры гэтым памеры яе, як правіла, павялічваюцца. Для большасці матыльковых уласціва энтамафілія (насякомаапыленне). Часцей за ўсё кветкі маюць 10 тычынак, якія размешчаны ў два кругі. Гінецэй пераважна складаецца з аднаго пладалісціка. Аднак вядомы роды з 2–16

124

свабоднымі пладалісцікамі. Колькасць семязачаткаў у завязі вагаецца ад 2 да 15–20, але прадстаўнікі асобных родаў маюць усяго адзін семязачатак.

У пераважнай большасці кветкі маюць пяць пялёсткаў і толькі ў некаторых прадстаўнікоў (аморфа) з розных падсямействаў іх менш. Цэзальпініевыя і матыльковыя ў пераважнай большасці маюць больш або менш зігаморфны венчык. Па падабенстве да матылька ён яшчэ ў ХVI ст. атрымаў у батанічнай літаратуры назву матыльковага. Матыльковы венчык складаецца з больш буйнога верхняга пялёстка-сцяга, які ахоплівае ў пупышцы ўсе астатнія пялёсткі і некалькі супрацьстаіць ім, калі кветка распускаецца; два бакавыя пялёсткі ўтвараюць крылы, а самыя ўнутраныя зрастаюцца, у верхняй палове або зліпаюцца, утвараюць лодачку, якая заключае тычынкі і завязь. Не менш чым 95% відаў матыльковых маюць вышэйапісаны тып венчыка.

Плод матыльковых называюць струком, які развіваецца з аднаго пладалісціка. Ён вельмі разнастайны па марфалагічных і анатамічных асаблівасцях, якія носяць толькі прыстасавальны характар. Струкі самых розных памераў. Рэкорд велічыні струка, гэта адначасова і самы буйны плод у свеце, належыць пладам энтады лазячай (Entada scanden), які дасягае часам 1,5 м у даўжыню. Насенне матыльковых без эндасперму або з малым эндаспермам. Запасныя харчовыя рэчывы адкладваюцца непасрэдна ў семядолях. Важную ролю ў распаўсюджанні матыльковых адыгрываюць вада і вецер. Асобныя віды распаўсюджваюцца жывёламі, а ўвогуле разнастайнасць спосабаў распаўсюджвання ў іх вельмі вялікая. Матыльковыя растуць шырока – ад Арктыкі да антарктычных астравоў. У большасці краін трапічнага, умерана цёплага і барэяльнага клімату матыльковыя складаюць значную частку мясцовай флоры. Па колькасці прадстаўнікоў у Італіі – на 5-м месцы, у Бразіліі – 5-м, у Новай Каледоніі – 3-м, Ісландыі і Грэнландыі – 10-м, у Беларусі – на 4-м месцы.

Магчымасць адаптавацца да самых разнастайных прыродных умоў у матыльковых цудоўная. Яны лёгка пранікаюць у розныя раслінныя супольніцтвы і часта з’яўляюцца эдыфікатарамі. Лічыцца, што ў травастоях лясной і лесастэпавых зон матыльковыя складаюць 10–20% усёй масы. Яны добра прыстасаваліся да дэфіцыту вільгаці на цяжкіх неўрадлівых гліністых глебах або на рухомых пясках (вярблюджая калючка, пясчаныя акацыі і інш.).

Гаворачы пра вялікую распаўсюджанасць матыльковых, патрэбна адзначыць і тыя супольніцтвы і месцазнаходжанні, куды прадстаўнікі гэтага сямейства ніколі не ўваходзяць. Так, яны амаль адсутнічаюць у прэснаводных супольніцтвах у вадаёмах. Няма іх сярод эпіфітаў, паколькі ў іх цяжкае насенне, якое марудна прарастае. Невядомы выпадкі паразітавання матыльковых на іншых раслінах.

Агульнавядома вялікая роля бабовых у жыцці чалавецтва. Па эканамічнай значнасці яны ўступаюць толькі злакам. Апроч вельмі вялікай групы харчовых, сярод матыльковых шмат кармавых, тэхнічных, меданосных, лекавых, дэкаратыўных і раслін, якія даюць каштоўную драўніну (соя, гарох, фасоля, земляны арэх, канюшына, белая акацыя, сафора і інш.).

Падсямейства Матыльковыя (Faboideae) уключае лістападныя і вечназялёныя дрэвы, кусты, паўкусты, кусцікі, ліяны і травы. Лісце складанае, радзей простае, часам ад іх застаюцца толькі прылісткі. Кветкі ў гронках, мяцёлках, пучках або адзіночныя, двухполыя,

зігаморфныя. Калякветнік двайны, венчык матыльковага тыпу, тычынак 10 (К(5)С1+2+(2)А10- (10)-(9)+1G(1)). Растуць пераважна ў трапічных і субтрапічных краінах. Аб’ядноўвае 490 родаў і

каля 12 тыс. відаў.

Род маакія (Maakia). Асноўны арэал Усходняя Азія, дзе расце 6 відаў. Прадстаўнік гэтага роду маакія амурская, акацыя амурская, або акатнік (M. amurensis). Распаўсюджана ў Прыморскім краі, Манчжурыі. Дрэва да 15 м у вышыню. Лісце чарговае, няпарнаперыстаскладанае. Лісточкі суцэльныя па краі, скураныя, голыя. Размнажаецца насеннем, парасткамі ад пня, каранёвымі парасткамі. Марозаўстойлівая, ценеўстойлівая. Да

125

глебы непатрабавальная. Вільгацялюбная. Расце марудна. Жыве 200–250 гадоў. Выкарыстоўваецца для замацавання яроў. Меданос. Мае прыгожую трывалую драўніну.

Род рабінія (Robinia) – расліны Паўночнай Амерыкі. Налічвае каля 20 відаў. Лістападныя дрэвы або кусты з чарговым няпарнаперастым лісцем з прылісткамі, якія відазменены ў калючкі. Кветкі ў пазушных гронках на парастках бягучага года. Струк сплясканы, шматнасенны. Віды хуткарослыя і святлалюбныя. Непатрабавальныя да ўрадлівасці глебы. Размнажаюцца насеннем, каранёвымі парасткамі. Недаўгавечныя. Дэкаратыўныя. Добрыя меданосы.

Рабінія ілжэакацыя, або акацыя белая (R. pseudaacacia). Дрэва да 25–30 м. Кветкі белыя, буйныя, пахучыя, сабраны ў павіслыя гронкі. Цвіце ў пачатку лета. Пераважае расці на лёгкіх з вапнай глебах. Солеўстойлівая. Засухаўстойлівая. Расце ва ўмовах горада. Азотазбіральнік. Хутка расце да 10–12 гадоў. Выкарыстоўваецца ў полеахоўным лесаразвядзенні.

Род сафора (Saphora) распаўсюджаны у Амерыцы, Азіі, Аўстраліі. Аб’ядноўвае каля 50 відаў, з якіх 6–7 драўняныя. Гэта вечназялёныя і лістападныя дрэвы, кусты і шматгадовыя травы. Лісце няпарнаперыстае, размешчана спіральна. Струкі не раскрываюцца. Дэкаратыўныя. Змяшчаюць атрутныя рэчывы.

Сафора японская (S. japonica) расце ў Кітаі і Японіі. Лістападнае дрэва да 25 м у вышыню. Кветкі жаўтаватыя, пахучыя, у канечных прамастойных мяцёлках. Цвітуць у сярэдзіне лета. Аддае перавагу свежым сугліністым і супясчаным глебам. Засуха-, цене- і солеўстойлівая. Адносна зімаўстойлівая. Расце хутка. Меданос. Усе часткі расліны ядавітыя.

Род карагана (Caragana) аб’ядноўвае каля 70 відаў, якія распаўсюджаны ва Усходняй Еўропе і Азіі. Лістападныя кусты, радзей невялікія дрэвы. Лісце чарговае, парнаперыстае. Кветкі адзіночныя або сабраны ў пучкі па 2–5, пераважна жоўтыя.

Карагана дрэвападобная, або жоўтая акацыя (C. arborescens). Распаўсюджана па ўсёй Сібіры, у Паўночным Кітаі і Манголіі. Куст або дрэва да 6 м у вышыню. Пры распусканні лісце і парасткі пакрыты шаўкавістымі валаскамі. Кветкі жоўтыя. Размнажаецца насеннем, сцябловымі чаранкамі і атожылкамі. Марозаўстойлівая. Цене- і засухаўстойлівая. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы. Вытрымлівае засоленасць. Меданос. Азотазбіральнік. Жыве да 70 гадоў і больш. Мірыцца з умовамі горада і абрэзкай. Мае дэкаратыўныя формы.

Карагана хмызняк, або дзераза (C. frutex), расце ў стэпавай і лесастэпавай зонах Еўропы, Сібіры, Сярэдняй Азіі, Манголіі. Ад папярэдняга віду адрозніваецца меншымі памерамі. Лісце з чатырох лісткоў. Цвіце пазней. Куст да 3 м у вышыню. Выкарыстоўваецца для замацавання схілаў.

Род амадэндран (Ammodendron) налічвае каля 7 відаў, якія растуць у Сярэдняй Азіі, Казахстане, Іране. Растуць пераважна на рухомых барханных пясках. Кусты або дрэвы да 7 м у вышыню з густым серабрыста-шаўковым апушэннем на парастках і лістах і развітой каранёвай сістэмай. Лісце чарговае парнаперыстаскладанае, з адной або дзвюма парамі лісточкаў. Чаранкі часта пераўтвараюцца ў калючкі. Кветкі цёмна-фіялетавыя, сабраны ў канечныя шматкветкавыя гронкі. Плод 1–2-насенны струк. Размнажаюцца насеннем. Пры засыпанні пяском утвараюць на стволіках прыдаткавыя карані, якія пры агаленні пакрываюцца парасткамі. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў.

Пясчаная акацыя, або амадэндран Конолі (Ammodendron conolli). У пясках пустынь Кызылкум і Каракумы дрэва да 8 м у вышыню. Лісце з парай лінейных шэра-зялёных лісточкаў да 5 см у даўжыню. Струк голы, спіральна сагнуты, светла-зялёны, крылаты, з 1–2 насеннямі.

Род чынгіль (Holimodendron) прадстаўлены відам, які распаўсюджаны ў Іране, Кітаі, Манголіі і Сярэдняй Азіі.

Чынгіль серабрысты, або чэмыш (H. holodendron), – лістападны, калючы, раскідзісты куст, 0,5–3 м у вышыню. Лісце чарговае, парнаперыстаскладанае, мае 1–5 пар лісткоў. Светла-фіялетавыя кветкі сабраны ў пазушныя складаныя парасоны. Струк да 3 см у

126

даўжыню, уздзьмуты, з жоўтымі створкамі. Засухаўстойлівы. Солеўстойлівы. Святлалюбны. Меданос. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі. Дэкаратыўны.

Род зяновец (Chamaeсytisus) налічвае больш за 50 відаў, якія распаўсюджаны ў Еўропе, Заходняй Сібіры, Афрыцы. Шмат відаў эндэмікаў. Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты, сланцы, нізкарослыя (0,5–0,6 м) або да 2–3 м у вышыню. Лісце чарговае, тройчастаскладанае. Кветкі ў прамастойных гронках, жоўтыя ў пазухах лісця або на верхавінцы парасткаў. Размнажаюцца насеннем, атожылкамі і каранёвымі парасткамі. Святлалюбныя. Непатрабавальныя да ўрадлівасці глебы. Дэкаратыўныя. Ксерафіты. Азотазбіральнікі. Меданосы.

Зяновец рускі (Chamaeсytisus ruthenicus) расце ў Еўропе, Сібіры і на Каўказе. Куст да 2 м у вышыню. Тонкія парасткі пакрыты шараватымі, серабрыстымі, бліскучымі валаскамі. Лісточкі зваротнаяйкападобныя, падоўжаныя, суцэльныя па краі, да 2,5 см у даўжыню, зверху цёмна-зялёныя, голыя, знізу серабрыста-шэрыя ад густых шаўкавістых валаскоў. Зімаўстойлівы.

Род бабоўнік (Laburnum) налічвае 3 віды, якія растуць у Паўднёвай Еўропе і Малой Азіі. Кусты або невялікія дрэвы з тройчастым лісцем і доўгімі шматкветкавымі, вельмі прыгожымі гронкамі залаціста-жоўтых кветак матыльковага тыпу. Меданосы. Усе часткі раслін атрутныя.

Бабоўнік альпійскі (L. alpium), або залаты дождж, расце ў гарах Паўднёвай Еўропы. Дрэва да 10 м або куст з голымі парасткамі. Лісце чарговае, лісточкі амаль сядзячыя. Дэкаратыўны. Цвіце пасля аблісцення ў пачатку феналагічнага лета.

Род аморфа (Amorpha) налічвае каля 20 відаў, якія распаўсюджаны ў Паўночнай Амерыцы. Лістападныя кусты і паўкусты.

Аморфа хмызняковая (A. fruticosa) – куст 3–6 м у вышыню. Парасткі жаўтавата-бурыя, з падоўжнымі лініямі і дробнымі карычневатымі лінзамі, без верхавінкавых пупышак. Пупышкі каля 3 мм у даўжыню цёмна-бурыя, звычайна па дзве (адна над другой). Верхняя больш буйная. Лісце чарговае, няпарнаперыстаскладанае, з 11–31 лісточкам, у аснове з прылісткамі, суцэльнае па краі, падоўжанае з шыпікам. Калі расцерці, то са спецыфічным пахам. Кветкі дробныя, ружавата-сінія, у доўгіх гронках, якія стаяць вертыкальна. Цвітуць у першай палове лета. Плады – струкі, каля 9 мм у даўжыню, некалькі сагнутыя, карычневыя, не раскрываюцца, 1–2 насенныя, застаюцца на галінах на працягу зімы. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі, дзяленнем кустоў. Хуткарослая. Сярэднезімаўстойлівая, можа абмярзаць да ўзроўню каранёвай шыйкі, але хутка ўзнаўляецца. Святлалюбная. Засухаўстойлівая. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы, вытрымлівае засаленне. Азотазбіральнік. Меданос. Лёгка вытрымлівае абрэзку. Выкарыстоўваецца ў стэпавым лесаразвядзенні.

Род жаўтазель (Genista) налічвае каля 10 відаў, якія растуць у Міжземнамор’і, Азіі, Афрыцы, Паўднёвай Еўропе. Гэта лістападныя або паўвечназялёныя расліны (паўкусты) да 1 м у вышыню, шмат якія з калючкамі. Лісце простае, суцэльнае, у іншых сустракаецца тройчастае. Кветкі жоўтыя, радзей белаватыя, матыльковага тыпу. Сабраны ў пучкі, гронкі або галоўкі. Плод – струк. Святлалюбныя. Дэкаратыўныя.

Жаўтазель фарбавальны (G. tinctoria) – паліморфны від. У Еўропе і Сібіры ўтварае зараснікі. Куст або паўкуст каля 1,5 м у вышыню. Парасткі зялёныя, акруглыя, рабрыстыя, голыя або шаўкавіста-апушаныя. Лісце ланцэтнае, 15–40 мм у даўжыню. Прылісткі шылападобныя. Кветкі ў верхавінкавых, шчыльных, шматкветкавых гронках да 6 см у даўжыню. Цвіце з першай паловы лета да маразоў. Струк – плоскі, голы. Адчувальны да маразоў. Расце на вапнавых і кіслых глебах.

Род гліцынія, або вестэрыя (Westeria), налічвае каля 9 відаў, якія распаўсюджаны ва Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Гэта дрэвападобныя ліяны ад 8 да 18 м у даўжыню. Лісце няпарнаперыстаскладанае. Кветкі матыльковага тыпу, духмяныя. Сабраны ў буйныя гронкі. Струк плоскі. Патрабавальныя да ўрадлівасці глебы. Святлалюбныя. Прыгожыя ў час цвіцення.

127

Гліцынія кітайская, або вестэрыя кітайская (W. sinensis), буйная, да 18 м у даўжыню і дыяметрам 25–30 см ліяна. Лісце да 30 см у даўжыню з 7–13 лісточкаў. Кветкі блакітнафіялетавыя, сабраны ў густыя звіслыя гронкі 15–30 см у даўжыню. Струк жоўты, доўгі. Ёсць дэкаратыўныя формы. Размнажаецца насеннем, сцябловымі атожылкамі, чаранкамі. Выкарыстоўваецца ў вертыкальным азеляненні.

Падсямейства Мімозавыя (Mimosoideae) аб’ядноўвае 56 родаў і каля 2800

відаў, якія распаўсюджаны ў трапічных і субтрапічных абласцях. Гэта вечназялёныя дрэвы і кусты з буйным двойчыперыстаскладаным лісцем. Кветкі дробныя, актынаморфныя, сабраны ў галоўкі. Калякветнік двайны, 4–5-членны, зрослы, часам рэдукаваны. Тычынак шмат або 4–10 з доўгімі, ярка афарбаванымі ніткамі (* К(4-5)С(4-5)А4-10-∞G1). Назіраецца з’ява палігамнасці: часам з двухполымі кветкамі ёсць толькі тычынкавыя. Па будове кветак гэта падсямейства найбольш блізкае да ружавых.

Род акацыя (Acacia) налічвае 750 відаў, якія растуць у тропіках і субтропіках, галоўным чынам у Аўстраліі і Афрыцы. У спрыяльных умовах буйныя, бліжэй да пустынь – невялічкія дрэвы з двойчыперыстаскладаным серабрыста-зялёным лісцем, даўжынёй да 20 см. У шмат якіх відаў чаранкі расшыраны і таму нагадваюць ліст (так званыя філодыі). Кветкі дробныя ў каласах. Сабраны ў складаныя, часцей мяцёлкавыя суквецці. Плод – струк.

Акацыя серабрыстая, або мімоза серабрыстая (A. dealbata), расце ў Аўстраліі.

Разводзіцца ў Крыме і на Каўказе. Хуткарослая. Цепла- і святлалюбная. Дэкаратыўная. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні. У час цвіцення (студзень – сакавік) робяць масавую зрэзку галін, якія прадаюць пад назвай «мімоза».

Род альбіцыя (Albizzia) налічвае каля 25 відаў, якія распаўсюджаны ў тропіках і субтропіках двух паўшар’яў. Лістападныя дрэвы да 30 м і больш, рэдка кусты. Лісце чарговае, двойчыперыстаскладанае, на ноч і ў гарачыню згортваюцца. Кветкі са шматлікімі доўгімі тычынкамі. Плод прамы, плоскі шматнасенны струк.

Альбіцыя шаўкавістая, або шаўковая акацыя (A. julibrissin), расце ў лясах паўднёва-

усходняга Закаўказзя. Невялічкае дрэва з парасонападобнай кронай. Кветкі ў галоўках сабраны ў буйныя мяцёлкавыя духмяныя суквецці. Размнажаецца насеннем, атожылкамі, чаранкамі, прышчэпкамі. Расце хутка. Цепла- і святлалюбная. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы. Вытрымлівае ўмовы горада. Меданос. Вельмі дэкаратыўная, асабліва ў час цвіцення. Мае дэкаратыўныя формы.

Падсямейства Цэзальпінавыя (Caesalpinaideae) аб’ядноўвае 154 роды і да

2800 відаў, якія распаўсюджаны ў трапічных і субтрапічных абласцях двух паўшар’яў. Гэта лістападныя або вечназялёныя дрэвы, кусты, паўкусты і травы. Кветкі правільныя і няправільныя, нязграбныя або ярка афарбаваныя, двухполыя або аднаполыя, сабраны ў паўпарасоны, гронкі і мяцёлкі (* К(3-5)Со0-5А6-10G1). Струкі буйныя, амаль не раскрываюцца. З гэтага падсямейства патрэбна адзначыць род глядычыя (Gleaditsia). Налічвае каля 12 відаў, якія распаўсюджаны ў Амерыцы, Усходняй Азіі і Трапічнай Афрыцы. Гэта лістападныя дрэвы ад 10 да 45 м у вышыню, з чарговым, перыстаскладаным, да 30 см у даўжыню лісцем, а таксама з галінастымі доўгімі калючкамі на ствале і галінах. Кветкі дробныя, зеленаватыя ў пазушных гронках. Плод – доўгі, плоскі струк, які застаецца на дрэве ўсю зіму. Размнажаюцца насеннем, каранёвымі парасткамі. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Глядычыя звычайная, або трохкалючкавая (G. triaconthos), расце ў Паўночнай Амерыцы, а разводзіцца да мяжы Мінск – Варонеж. Гэта дрэва да 45 м у вышыню (у нас 25– 30) з цвёрдымі чырванаватымі, трохраздзельнымі або простымі калючкамі сцяблавога паходжання. Расце хутка. Даўгавечная. Цепла- і святлалюбная. Засухаўстойлівая. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы і вытрымлівае яе ўшчыльненне. Ветра- і газаўстойлівая. Дэкаратыўная. Ёсць формы і без калючак. У Закаўказзі і Паўночным Іране сустракаецца глядычыя каспійская (G. caspica) – дрэва да 15 м ў вышыню.

5.2.6.4. Парадак міртавыя (Myrtales).

Сямейства Міртавыя (Myrtaceae) – каля 140 родаў і каля 3000 відаў, якія распаўсюджаны ў тропіках і субтропіках Паўднёвай Амерыкі і Аўстраліі. З усіх

128

прадстаўнікоў сямейства далей на поўнач заходзіць мірт звычайны (Myrtus communis), які дасягае Азорскіх астравоў, Еўропы і Заходняй Азіі.

Міртавыя ўваходзяць у склад самых розных раслінных супольніцтваў. Іх можна сустрэць у дажжавых лясах і пустынях, на камяністых горных схілах і пустках, высока ў гарах і на затапляемых марскіх берагах. Яны ўтвараюць чыстыя лясы і хмызняковыя зарастнікі, растуць групамі і адзіночнымі экземплярамі.

Міртавыя – дрэвы і кусты, сярод якіх маюцца гіганцкія дрэвы (віды эўкаліпта – Eucalyptus) і дробныя паўзучыя кусты. Лісце супраціўнае, рэдка чарговае, простае, звычайна суцэльнае. Яно бывае акруглым, прадаўгаватым, ланцэтным або іголкападобным. Памеры разнастайныя – ад 1–2 мм да 50 см.

Кветкі сабраны ў розныя суквецці, верхавінкавыя або пазухавыя, актынаморфныя, часам зігаморфныя. Чашалісцікаў і пялёсткаў 4–5, яны звычайна свабодныя. Тычынкі, як правіла, шматлікія. Гінецей з 2–3 пладалісцікаў. Завязь паўніжняя. Апыленне адбываецца насякомымі, птушкамі і жывёлай.

Плады разнастайныя па форме і памерах, сухія і сакавітыя, ягады, каробачкі, арэхі. Распаўсюджваюцца птушкамі, малпамі. Міртавыя знаходзяць разнастайнае выкарыстанне. Плады шматлікіх відаў ужываюцца ў ежу. Лісце, кветкі, насенне і кара выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Асабліва цэніцца драўніна міртавых, якую выкарыстоўваюць як будаўнічы матэрыял, сыравіну для цэлюлозна-папяровай прамысловасці, для вытворчасці лакаў, клею і іншых рэчываў. Прымяняюць іх таксама як дэкаратыўныя расліны.

Род эўкаліпт (Eucalyptus) – найбольш буйны, налічвае больш за 500 відаў, якія распаўсюджаны галоўным чынам у Аўстраліі і на прылежных астравах.

Вечназялёныя дрэвы да 80–100 м і больш у вышыню, ёсць і невялікія дрэўцы і кусты. Кроны няправільнай формы, празрыстыя. Ствалы прамыя або скрыўленыя. Кара гладкая, грубатрашчынаватая або часам валасістая. У шматлікіх відаў корак ствала адслойваецца і павісае буйнымі лахманамі. Маладое лісце супраціўнае, акруглае, сядзячае, старое – чарговае, чаранковае, ад прадаўгаватага да ланцэтнага, голае, разнастайнае па форме і афарбоўцы ў розных відаў і нават на адным дрэве. Не ўтварае ценю, размешчаны паралельна праменям святла, мае эфірныя і алейныя залозкі, вельмі фітанцыднае.

Кветкі двухполыя, вялікія, крэмавыя або чырвоныя ў пазухавых суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод каробачка, якая адкрываецца зверху 3–6 створкамі, са шматлікім насеннем. Жывуць да 500 гадоў. Размнажаюцца насеннем і парасткамі ад пня. Растуць вельмі хутка да 3–4 гады дасягаюць у вышыню 10–12 м. Цеплалюбныя і святлалюбныя. Некаторыя віды вытрымліваюць невялікія замаразкі. Драўніна шматлікіх відаў высокай якасці. Эфірны алей выкарыстоўваюць у прамысловасці. Расліны вельмі дэкаратыўныя. Прымяняюцца ў меліярацыі для дрэнажавання забалочаных глеб, але не вытрымліваюць працяглага паверхневага застою вады.

Эўкаліпт попельны (E. cinera) расце на паўднёвым усходзе Аўстраліі, на бедных глебах, па берагах рэк і на схілах гор. Дрэва да 25–30 м у вышыню, вечназялёнае. Лісце шызае акруглаяйкападобнае або сэрцападобна-ланцэтнае.

Эўкаліпт гіганцкі (E. gigantea) распаўсюджаны ў гарах Паўднёва-Усходняй Аўстраліі. Дрэва да 60–75 м у вышыню і 1,5–2,0 м у дыяметры. Кара тоўстая, чырванаватая. Лісце ад прадаўгаватага да шырокаланцэтнага да 30 см у даўжыню і 20 см у шырыню. Вільгацелюбны. Вытрымлівае маразы да 14ºС. Пашкоджваецца раннімі восеньскімі замаразкамі.

Эўкаліпт шарападобны, або блакітны (E. globalus), расце на востраве Тасманія і на паўднёвым усходзе Аўстраліі на вільготных, добра дрэнажаваных пясчаных глебах. Дрэва да 40 м у вышыню з прамым ствалом. Адзін з найбольш хуткарослых відаў. У 40–45 гадоў дасягае ў вышыню 50 м і 1,3 м у дыяметры.

5.2.6.5. Парадак Рутавыя (Rutales). Паходзіць, магчыма, ад старажытных прадстаўнікоў парадку каменяломнікавых. Дрэвы і кусты, радзей травы. Лісце пераважна складанае (звычайна перыстае), радзей простае, у большасці выпадкаў без прылісткаў. У

129

вегетатыўных органах часта сустракаюцца сховішчы з эфірным алеем, бальзамам і смалой. Членікі сасудаў звычайна з простай, радзей лесвічнай перфарацыяй. Кветкі пераважна двухполыя, звычайна з двайным калякветнікам і з двума кругамі тычынак. Пылковыя зярняты 3-барознапоравыя. Гінецэй у большасці цэнакарпны. Насенне з эндаспермам або без яго. Уваходзяць сямействы сімарубавыя, анакардыевыя, рутавыя, парналіставыя і інш.

Сямейства Рутавыя (Rutacece) – уваходзіць 150 родаў і каля 900 відаў, якія распаўсюджаны ў трапічных, субтрапічных і часткова ў цёплаўмераных абласцях двух паўшар’яў. Большасць прадстаўнікоў сямейства насяляюць Паўднёвую Афрыку і засушлівыя раёны Аўстраліі.

Рутавыя – пераважна вечназялёныя дрэвы або кусты, часам ліяны, вельмі рэдка шматгадовыя і аднагадовыя травы. Лісце ў іх чаргаванае, радзей процілеглае, рэдка кальчаковае, перыста-, тройчастаскладанае або простае, суцэльнае або раздзеленае, без прылісткаў.

Характэрнай асаблівасцю рутавых з’яўляецца наяўнасць у лістах шматлікіх дробных залозак, якія прасвечваюцца ў выглядзе кропак. Гэта лізігенныя або шматклетачныя сховішчы, у якіх змяшчаецца эфірны алей, які абумоўлівае спецыфічны, часта вельмі моцны пах расліны. У шматлікіх рутавых залозкі ёсць у кары і пладах. Кветкі рутавых звычайна невялікія або дробныя, з белымі, ружаватымі, чырвонымі або жоўтымі венчыкамі, сабраны ў простыя або складаныя (гронкавыя, мяцёлкавыя, пучковыя, галоўчатыя) суквецці, рэдка яны

адзіночныя, аднаабо двухполыя (*К(4-8)-4-8 С4-8 А 4- G(4-)).

Плады рутавых адметныя вялікай разнастайнасцю. Яны бываюць сухімі і сакавітымі. У сухіх пладах большасці рутавых пры іх паспяванні адбываецца аддзяленне эндакарпію, што мае значэнне пры распаўсюджванні насення. Сакавітыя плады, касцянкападобныя або ягадападобныя, маюць драўняністы экзакарпій і сакавіты эндакарпій або наадварот. Але самым цудоўным у сямействе рутавых і ўвогуле зусім унікальным, непаўторным у іншых сямействах з’яўляецца плод – гесперыдый, які ўласцівы шматлікім прадстаўнікам падсямейства цытрусавых, у прыватнасці роду цытрус, куды ўваходзяць апельсін, лімон, мандарын і іншыя віды. Гесперыдый уяўляе сабой вельмі своеасаблівую разнастайнасць ягадападобнага плода. Для яго характэрна наяўнасць даволі тоўстай, двухслойнай лупіны і мякаці, якая цалкам запаўняе гнёзды плода і акружае насенне. Насенне мае прамы або сагнуты зародак, звычайна вялікі, з эндаспермам або без яго.

Сямейства рутавых дзеліцца на 5–6 падсямействаў, з якіх мы разгледзім коратка некаторыя.

Падсямейства Уласна рутавыя (Rutodeae) – з’яўляецца самым буйным (86

родаў) у сямействе, і яго арэал цалкам супадае з апошнім. Сюды ўваходзяць усе травяністыя прадстаўнікі сямейства ( прыкладна 5–6 родаў Ruta – рута, ясенец – Dictamnus і іншыя), якія характэрны толькі для ўсходняга паўшар’я.

Прадстаўнікі падсямейства Тадаліевыя (Toddalioideae) растуць на ўсіх кантынентах, акрамя Еўропы, але галоўным чынам у Афрыцы і Амерыцы. Ва Усходняй Азіі (уключна Далёкі Усход) расце коркавае дрэва – Phellodendron amurense.

Падсямейства Цытрусавыя (Citroideae) – уваходзіць род цытрус, які распаўсюджаны толькі ў Старым Свеце, пераважна ў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, часткова ва Усходняй Азіі, трапічнай і Паўднёвай Афрыцы, а таксама ў Аўстраліі, Новай Гвінеі і на астравах Акіяніі.

Большасць прадстаўнікоў рутавых апыляюцца насякомымі, якіх прываблівае пах, яркая афарбоўка кветак, шмат нектару і пылку.

Сярод рутавых даволі шмат лекавых раслін. Да рутавых належыць некалькі відаў з вострым пахам ( прыправы ). Шматлікія віды выкарыстоўваюцца як дэкаратыўныя расліны.

Род цытрус (Citrus). У прадстаўнікоў гэтага роду лісце простае, суцэльнае, але пласцінка ліста мае сучляненні з чаранком, а гэта служыць доказам таго, што іх просты ліст з’яўляецца вытворным ад складанага ліста. Чаранок у раслін гэтага роду часта крылаты. Па памерах лісце вар’іруе ад дробных, эрыкоідных да сярэдніх памераў, але часам яны бываюць

130

вельмі буйнымі, да 2,5 м у даўжыню, пучкападобныя, як у пальмаў, якія размешчаны на верхавінцы ствала.

З рутавых найбольшае значэнне для чалавека маюць прадстаўнікі падсямейства цытрусавых, у асаблівасці род цытрус, да якога належаць важныя культурныя пладовыя расліны: апельсін, мандарын, лімон, грэйпфрут, а таксама памеранец, пампельмус, бергамот і інш. На думку шматлікіх батанікаў, культурных відаў цытрусавых у дзікім стане не існуе.

Род феладэндран (Phellodendron) з іншых прадстаўнікоў рутавых мае вялікае гаспадарчае значэнне. Каля 10 відаў расце ва Усходняй Азіі. Дрэвы з няпарнаперыстаскладаным лісцем, з 5–13 лісткоў, са спецыфічным пахам. Кветкі дробныя, нязграбныя, жаўтавата-зялёныя, аднаполыя, у верхавінкавых мяцёлках. Плод – мясістая чорная касцянка. Размнажаецца насеннем і каранёвымі парасткамі.

Феладэндран амурскі, або коркавае дрэва (Ph. amurense). Расце ў лясах Далёкага Усходу, Паўночнай Карэі і Паўночнага Кітая. Гэта дрэва да 25 м у вышыню. Ствол у маладых экземпляраў светла-шэры, гладкі, з аксаміцістай карой, у старых – са слоем корка таўшчынёй 5–7 см, які штогод прарастае на 1–2 см. Цвіце ў першай палове лета. Плод – чорная, смалістая касцянка, шарападобная або грушападобная па форме, 7–9 мм у дыяметры. Хутка расце да 20–40 гадоў. Жыве да 250–300 гадоў. У дарослым стане вытрымлівае маразы да –40°С. У першыя гады пакутуе ад замаразкаў. Ценевынослівы. Любіць урадлівыя, праточнаўвільготненыя, свежыя глебы. Кара выкарыстоўваецца ў розных галінах вытворчасці. Дэкаратыўная расліна.

Сямейства Сімарубавыя (Simarobaceae) даволі вялікае (30 родаў і 200 відаў), пераважна трапічнае, сямейства і толькі нешматлікія прадстаўнікі яго вядомы ў субтрапічных і цёпла-ўмераных абласцях. Віды сімарубавых – дрэвы (часам вельмі буйныя, да 40–60 м у вышыню), кусты, паўкусты з чарговым, рэдка процілеглым, няпарнаперыстаскладаным, радзей простым лісцем. Кветкі сімарубавых звычайна дробныя, у пазушных гронках. Плод сухі, распадаецца на касцянкападобныя плодзікі, каробачка, крылатка, рэдка ягада або касцянка.

Шматлікія віды сімарубавых вядомы з даўніх часоў як расліны, якія змяшчаюць у драўніне і кары горкія рэчывы, або горычы. Спажываюцца як лекавыя і танізуючыя сродкі, кара і карані, адвары з кветак відаў квасіі горкай (Quassia amara), пікрасмы высокай (Picrasma exelsa). Горкі экстракт з кары відаў сімарубы (Simaruba) вядомы ў трапічнай Амерыцы як лякарства ад пакусаў змей.

Сярод дэкаратыўных раслін прадстаўнікоў сямейства сімарубавых даволі шырока вядомы кітайскі айлант высачэзны (Ailanthus altissima), які дасягае ў вышыню да 20–30 м, хутка расце, мае прыгожае буйное (да 60 см у даўжыню) няпарнаперыстае лісце, арыгінальную форму кроны і дэкаратыўныя ў восень плады. Яго разводзяць у шмат якіх краінах субтропікаў і больш цёплых раёнах умеранай паласы. Дзякуючы сваёй засухаўстойлівасці, ён лёгка натуралізуецца, а часам нават становіцца пустазеллем. Айлант вядомы таксама як крыніца некаторых лекавых сродкаў і дубільных рэчываў, а яго лісце выкарыстоўваецца на корм для вусеняў дзікага шаўкапрада, якога разводзяць часам замест звычайнага тутавага шаўкапрада. У Беларусі абмярзае да ўзроўню снегавога покрыва, потым зноў узнаўляецца парасткамі.

Сямейства Анакардыевыя, або Сумахавыя (Anacardiaсеае), – адно з найбольш буйных сямействаў, у якое ўваходзіць каля 80 родаў і каля 600 відаў, што распаўсюджаны ў тропіках і субтропіках і ў невялікай колькасці таксама ва ўмераных абласцях. Гэта галоўным чынам дрэвы, сярод якіх сустракаюцца вельмі буйныя, а таксама кусты, часам дрэвападобныя ліяны, рэдка паўкусты. Лісце ў іх чарговае, рэдка процілеглае, няпарнаперыстае або тройчастае, часам простае. Кветкі дробныя ў суквеццях, пяцічленныя, двухполыя або часцей аднаполыя. Плод – касцянка з сухім каляплоднікам.

Шматлікія анакардыевыя – гэта тыповыя прадстаўнікі вільготна-трапічнага лесу, высокія дрэвы з буйным перыстым лісцем і даволі часта з гіганцкімі дошкападобнымі каранямі. Анакардыевыя растуць і ў розных менш вільготных тыпах трапічных лясоў амаль