Клімчік_ДЕНДРОЛОГИЯ
.pdf131
да ксерафітных рэдкалессяў – саван, дзе роды анакардыевых даволі звычайныя. Вядомы анакардыевыя і ў вельмі сухіх умовах – пустынях Паўночнай і Паўднёвай Афрыкі, Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі ( віды роду сумах – Rhus і блізкія да яго).
Род фісташка (Pistacia) найбольш вядомы пазатрапічны прадстаўнік сумахавых, які налічвае каля 20 відаў, што распаўсюджаны ў Міжземнамор’і, Паўночна-Усходняй Афрыцы, Сярэдняй і Усходняй Азіі і Цэнтральнай Амерыцы. Віды фісташкі – гэта вечназялёныя або лістападныя дрэўцы або кусты з простым, тройчастым або перыстым ліцем. Найбольшае практычнае значэнне мае фісташка сапраўдная (Pistacia vera ). Яе разводзяць як пладовае дрэва, так і для замацавання глебы, таму што яна мае ўласцівасць надзвычай хуткага росту каранёў у маладых раслін. Сярод сумахавых шмат карысных раслін, яны вядомы чалавеку з даўняй пары, частка якіх не забыта і зараз. Гэта перш за ўсё мангіфера, або мангавае дрэва, – галоўнае пладовае дрэва тропікаў. Найбольшае распаўсюджанне мае індыйскае мангавае дрэва ( Mangifera indica), з якога атрымана мноства сартоў. Яго буйныя (да 1 кг) плады змяшчаюць шмат цукру і лімоннай кіслаты, мясістыя і сакавітыя. Другая славутая арэхаплодная расліна з анакардыевых – гэта ўпамянутая вышэй фісташка. У Крыме і Закаўказзі сустракаюцца фісташка тупалопасцевая (P. mutica) з больш дробнымі пладамі, чым у фісташкі сапраўднай.
Даволі шмат відаў анакардыевых змяшчаюць у вялікай колькасці дубільныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для прыгатавання ўстойлівых арганічных фарбаў. Сярод такіх відаў можна назваць скумпію скураную (Cotinus coggigria) – куст, які натуральна расце ў Міжземнамор’і, Малой Азіі, Кітаі і Гімалаях; сумах дубільны (Rhus coriaria) – буйны міжземнаморскі куст і інш.
Сярод відаў сумаха ёсць атрутныя. Рэчывы, якія яны вылучаюць, моцна ўздзейнічаюць на скуру чалавека (сумах пушысты, або воцатнае дрэва – Rhus tyrhina, расце і ў Беларусі). Часам іх ужываюць як лекавыя сродкі. Выкарыстоўваюць у медыцыне і рэчывы, якія атрымліваюць з іншых сумахавых. Драўніна шматлікіх анакардыевых каштоўная за сваю цвёрдасць і разнастайную афарбоўку і часта выкарыстоўваецца для розных вырабаў.
5.2.6.5. Парадак Сапіндавыя (Sapindales). Блізкі да парадку ружавыя і мае агульнае з ім паходжанне. Дрэвы, кусты і травы. Лісце ў большасці складанае, звычайна перыстае, рэдка пальчатае, без прылісткаў. Членікі сасудаў з простай перфарацыяй. Кветкі аднаполыя, радзей двухполыя, актынаморфныя. Насенне з эндаспермам або без яго. Уваходзяць сямействы: кляновыя, конскакаштанавыя, клекачкавыя, сапіндавыя і інш.
Сямейства Кляновыя (Aceraceae) – лістападныя дрэвы, радзей кусты з процілеглым пальчата-лопасцевым, суцэльным або складаным лісцем. У сямействе 2 роды: клён (Acer) і дыптэронія (Dipteronia). Кветкі правільныя, у шчытках, гронках і мяцёлках двухполыя, ілжэдвухполыя (марфалагічна двухполыя, але ў выніку недаразвітасці тычынак або песціка функцыянальна аднаполыя) і аднаполыя. Калякветнік часцей нязграбны, двайны, 4–5- членны, часам рэдукаваны. Тычынак 8–10, песцік з двух пладалісцікаў, завязь верхняя (*K0- 5C0-5A8-10C(2)). Плод – дробная крылатая двухсямянка, пры паспяванні распадаецца на дзве аднанасенныя крылаткі. Насенне без эндасперму, з добра развітымі семядолямі. Большасць відаў сямейства цвіце адначасова з распусканнем лісця або пазней. Апыляюцца насякомымі. Некаторыя віды апыляюцца ветрам. Добрыя меданосы. Плады распаўсюджваюцца ветрам.
Род клён (Acer) уваходзіць прыкладна 120 відаў, якія распаўсюджаны вельмі шырока ў паўночным паўшар’і, ад субтрапічных раёнаў у Еўропе і на Алясцы да тропікаў Цэнтральнай Амерыкі (горы Гватэмалы) і Паўднёвай Азіі. У трапічную зону заходзяць нешматлікія віды клёнаў, і толькі клён лаўровы (A. laurinum) пранікае ў паўднёвае паўшар’е, даходзячы да 10° пд. ш. Клёны адсутнічаюць у дзікім стане ў Паўднёвай Амерыцы, у Афрыцы (акрамя Міжземнаморскага ўзбярэжжа), у Аўстраліі. Няма іх, як і дубоў, і іншых шыракалістых парод, у Сібіры.
Клёны – гэта лістападныя дрэвы да 40 м у вышыню і кусты. Лісце ў клёнаў процілеглае, простае або часам складанае. Простае лісце бывае лопасцевым або радзей суцэльным. Складанае лісце звычайна перыстае, з невялікай колькасцю лісточкаў (3–7 у клёна
132
амерыканскага) і толькі клён пяцілісточкавы (A. pentaphyllum) уяўляе сабой пальчатаскладаны тып лісця. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя, нязграбныя. Але ў паўночнаамерыканскага клёна чырвонага (A. rubrus) яны цёмна-чырвоныя, з’яўляюцца вясной на бязлістых яшчэ дрэвах.
Плод – дробная крылатая двухсямянка. Крылы сходзяцца пад розным вуглом (відавая прыкмета). Клёны – расліны пераважна горных лясоў (у Паўночна-Усходніх Гімалаях сустракаюцца да вышыні 3300 м). Толькі нешматлікія віды сустракаюцца на раўніне. У лясах клёны растуць адзінкава або невялічкімі групамі, ніколі не ўтвараюць значных па памеры чыстых насаджэнняў. Размнажаюцца насеннем, парасткамі ад пня, атожылкамі, дзяленнем кустоў, чаранкамі, прышчэпкамі (формы). Глебапаляпшальныя пароды. Меданосы.
Клён вастралісты (A. platanoides) – дрэва да 30 м у вышыню і 1 м у дыяметры. Кара цёмна-шэрая, дробнатрашчынаватая. Парасткі з асветленага боку чырвона-бурыя бліскучыя. Цвіце адначасова з аблісценнем. Марфалагічна кветкі могуць быць тычынкавыя і двухполыя, аднак фізіялагічна яны заўсёды аднаполыя. Плады паспяваюць у канцы лета – пачатку восені і хутка ападаюць. Расце хутка. Жыве 150–200 гадоў і больш. Размнажаецца насеннем і парасткамі ад пня. Апалае лісце клёна спрыяе павышэнню ўрадлівасці глебы. Каштоўная драўніна выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытворчасці, пры вырабе музычных інструментаў і інш. Пры ўтварэнні штучных пасадак клён выкарыстоўваецца ў якасці падгону. Вялікі поспех мае ў азеляненні.
Клён палявы, або паклён (A. camnestre), ад клёна ватралістага адметны меншай вышынёй (15–20 м), меншымі памерамі лісця з прытупленымі лопасцямі, светла-шэрай карой ствала, апушанымі парасткамі і пупышкамі. Цвіце адначасова з аблісценнем, пазней за клён вастралісты. Крылаткі размешчаны пад вуглом 180° адзін ад другога, драбнейшыя, чым у папярэдняга віду. Доўга вісяць на дрэвах. Расце марудна, жыве да 100 гадоў. Распаўсюджаны ў шыракалістых лясах Еўропы, Каўказа і Крыма. Дрэва ценевынослівае. Засухаўстойлівае. Сярэднепатрабавальнае да ўрадлівасці глебы. Па зімаўстойлівасці ўступае клёну вастралістаму.
Клён белы, або явар (A. pseudoplatanus), расце на Балканах, у Ніжніх Альпах і на Каўказе. Дрэва да 25–30 (40) м у вышыню і 1,5 м у дыяметры. Кара старых дрэў адслойваецца пласцінкамі, агаляючы светлую маладую кару, таму ствалы здаюцца белаватымі (белы клён). Лісце 8–15 см у даўжыню, зверху цёмна-зялёнае, матавае, знізу ружаватае або шараватае, больш валасістае. Кветкі з прыемным пахам. Крылаткі 4–6 см у даўжыню, расходзяцца пад вострым або прамым вуглом. Расце марудна. Жыве 100 гадоў і больш. Цеплалюбны. Ценевынослівы. Добра расце на ўрадлівых, глыбокіх, умерана вільготных глебах. Не вытрымлівае засалення. Драўніна мае высокія тэхнічныя якасці. Дэкаратыўны, асабліва чырваналістая форма.
Клён татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), расце ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, Крыме, Каўказе і Малой Азіі. Буйны куст або дрэва 8–10 м у вышыню. Лісце слабалопасцевае, падоўжана-яйкападобнае. Кветкі пахучыя. Апыляюцца насякомымі. Крылаткі 3,5 см у даўжыню, расходзяцца пад вострым вуглом, амаль паралельна, вісяць на дрэвах амаль усю зіму. У маладым узросце расце хутка. Марозаўстойлівы. Ценеўстойлівы. Любіць урадлівыя глебы. Вытрымлівае іх сухасць, засаленне і ўшчыльненне. Мірыцца з умовамі горада.
Вікарнымі у адносінах да папярэдняга віду з’яўляюцца клён Сямёнава (A. semenovii), які расце ў гарах Сярэдняй Азіі, і клён прырэчны (A. ginnala), які расце ў шыракалістых лясах Далёкага Усходу. У клёна Сямёнава лісце больш шчыльнае, бакавыя лопасці могуць мець выгляд кароткіх востых зубцоў. Восенню лісце жоўтае, тады як у прырэчнага яно становяцца малінава-чырвоным. Клён Сямёнава больш засухаўстойлівы, але менш зімаўстойлівы. Апроч клёна прырэчнага ў хвоева-шыракалістых лясах Далёкага Усходу расце яшчэ некалькі каштоўных відаў клёна: драбналісты (A. mono), зеленакоры (A. tegmentosum), манчжурскі (A. mandschuricum) і інш.
133
Клён драбналісты (A. mono) – від вікарны ў адносінах да клёна вастралістага. Расце на свежых, часам камяністых глебах. Прыгожае паркавае дрэва. Лісце драбнейшае, чым у клёна вастралістага.
Клён серабрысты, або цукровы (A. saccharinum), расце ў Паўночнай Амерыцы. Дрэва да 30–40 м у вышыню і 1,5 м у дыяметры, са светла-шэрай карой. Галіны ломкія. Лісце глыбока-лопасцевае, 8–15 см у даўжыню. Лопасці завостраныя. Зверху ярка-зялёныя, знізу серабрыста-белыя. Цвіце да аблісцення. Крылаткі 3,5–7 см у даўжыню, расходзяцца пад прамым вуглом, светла-карычневыя. Паспяваюць у першай палове лета. Насенне хутка страчвае усходжасць. Хуткарослы. Жыве да 80–100 гадоў. Святлалюбны. Да глебы непатрабавальны. Добра расце ва ўмовах горада.
Клён ясенялісты, або амерыканскі (A. negunda), таксама расце ў Паўночнай Амерыцы. Дрэва да 25 м у вышыню. Парасткі зялёныя, чырванавата-бурыя або фіялетавыя, бліскучыя, з шызым налётам, голыя. Лісце тройчастаабо няпарнаперыстаскладанае. Кветкі раздзельнаполыя, двухдомныя. Цвіце да аблісцення. Апыляецца ветрам. Плады паспяваюць восенню. Крылаткі расходзяцца пад вельмі вострым вуглом, верхавінкамі, прыкрываючы адна адну. Пладаносіць штогод і шчодра. Расце 10–15 гадоў. Жыве 100 гадоў і больш, у вулічных пасадках 25–30 гадоў. Марозаўстойлівасць вагаецца. Святлалюбны. У маладым узросце засухаўстойлівы. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні.
Сямейства Конскакаштанавыя (Hippocastanaceae). У сямействе 2 роды – эскулус
(Aesculus) і білія (Billia), яны складаюцца з 15 відаў. Гэта дрэвы, радзей кусты, растуць ва ўмеранай і субтрапічнай зонах паўночнага паўшар’я, а таксама ў горных трапічных лясах Паўднёва-Усходняй Азіі, 2 віды біліі – у тропіках Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Лісце процілеглае, буйное, пальчатаскладанае. Пупышкі вострыя, смалістыя. Кветкі ў канечных, прамастойных гронках, злёгку няправільныя, двухполыя і тычынкавыя (верхнія кветкі ў суквецці) у адным суквецці. Калякветнік пяцічленны, венчык буйны, звычайна ярка афарбаваны, тычынкі свабодныя, завязь верхняя з 3 пладалісцікаў (
К(4-5)С5А5-9G0-(3)).
На белых пялёстках конскіх каштанаў кідаюцца ў вочы рознакаляровыя плямы. Калі прасачыць за асобнымі кветкамі, мы заўважым, што спачатку ўсе плямы жоўтыя, потым яны становяцца аранжавымі і ў канцы кармінна-чырвонымі. Цікава, што змены колеру плямы суправаждаюцца і зменамі паху, які зыходзіць з гэтай плямы. Але яшчэ больш цікава, што жоўты колер плямы з яго асаблівым пахам – сігнал для наведвальнікаў кветак (пчол, матылькоў), які азначае наяўнасць нектару (на аранжавай і чырвонай стадыях нектар ужо адсутнічае). У апыленні большасці відаў эскулусаў пымаюць удзел пчолы і матылькі. Плод – каробачка, гладкая або з шыпамі, раскрываецца трыма створкамі. Насенне буйное, авальнае, цёмна-карычневага колеру.
Род эскулус (Aesculus) налічвае 13 відаў, яны размеркаваны батанікамі на 5 секцый. У секцыі роду эскулус (Aesculus), акрамя конскага каштана звычайнага яшчэ адзін від – японскі эскулус канічны (A. turbinata). Арэалы 5 відаў секцый калацірсус (Calothyrsus) разрозненыя: адзін від амерыканскі, эскулус каліфарнійскі (A. californica), астатнія чатыры – азіяцкія, якія распаўсюджаны ў Гімалаях, у Індыі, Кітаі і іншых краях Паўднёвай Азіі. Сярод іх шырока вядомы эскулус індыйскі (A. іndica), тры астатнія секцыі з’яўляюца цалкам амерыканскія, дзве з іх манатыпныя, а да трэцяй секцыі – павія (Pavia) – адносяцца 4 віды, у тым ліку эскулус гладкі (A. glabra). Гэта дрэва або куст, якое сустракаецца ў цэнтральных і ўсходніх штатах ЗША. Эскулус гладкі пераважае расці ў поймах рэк або на вапнавых схілах пагоркаў. Арэал усяго роду эскулус з’яўляецца разарваным. Сам па сабе гэты факт і прамыя палеабатанічныя звесткі гавораць пра больш шырокае распаўсюджанне роду ў геалагічным мінулым.
Каштан конскі звычайны (Aesculus hippocastanum) расце ў Грэцыі і Балгарыі.
Разводзяць у Беларусі, дасягае ў вышыню да 25–30 м. Парасткі тоўстыя, попельна-шэрыя, з рэдкімі рыжаватымі лінзамі. Лісце супраціўнае, пальчатаскладанае. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і чаранкамі, парасткамі ад пня. Спачатку расце марудна, з 3–5 гадоў хутка. Жыве 200–300 гадоў. Зімаўстойлівы да падзоны паўднёвай тайгі. Ценевынослівы.
134
Добра расце на ўрадлівых глебах, якія змяшчаюць вапну. Патрабавальны да вільготнасці глебы і паветра. Насенне выкарыстоўваецца ў якасці корму для жывёлы. Сама расліна прымяняецца ў азеляненні, мае шэраг дэкаратыўных форм. У Беларусі сустракаецца таксама
паўночнаамерыканскі каштан конскі жоўты (A. octandra), у якога жоўтыя кветкі.
5.2.6.6.Парадак Кізілавыя (Cornales) паходзіць ад каменяломнікавых. Дрэвы або кусты, рэдка паўкусты. Членікі сасудаў з простай або лесвічнай перфарацыяй. Пылковыя зярняты звычайна трохбарознапоравыя. Плады пераважна касцянкападобныя, радзей ягады. Насенне з вялікім эндаспермам. Уваходзяць сямействы: кізілавыя, давідзевыя, нісавыя і інш.
Сямейства Кізілавыя (Cornaceae) аб’ядноўвае 3–4 роды і каля 65 відаў, якія распаўсюджаны ў субтрапічных і ўмераных абласцях паўночнага паўшар’я, а таксама па адным відзе ў Арктыцы, Паўднёвай і трапічнай Афрыцы. Віды кізілавых – лістападныя або зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты, рэдка карэнішчавыя паўкусты амаль травяністага тыпу, з процілеглым або рэдка чарговым, суцэльным, перыстанервовым лісцем, якое пазбаўлена прылісткаў. Кветкі ў рознага роду верхавінкавых суквеццях, дробныя, 4–5-членныя, звычайна двухполыя, рэдка двухдомныя. Чашачка звычайна дробназубчастая з 4–5 зубцамі. Пялёсткаў і тычынак па 4–5. Тычынкі трымаюцца па краі нектарнага дыска і чаргуюцца з пялёсткамі. Гінецэй звычайна з 2, радзей 3–4 пладалісцікаў, завязь ніжняя 1–4-гняздовая. Плод – сакавітая касцянка. Насенне з доўгім зародкам і мясістым эндаспермам. Сямейства дзеліцца на 3 падсямействы: уласна кізілавыя (Cornoideae), курцісіевыя (Curtisioideae) і
масціксіевыя (Mastixioideae).
Род кізіл (Cornus) налічвае 4 віды, якія распаўсюджаны ў тропіках і субтропіках паўночнага паўшар’я. Часцей за ўсё гэта лістападныя дрэвы і кусты. Найбольш шырока вядомым прадстаўніком рода з’яўляецца кізіл мужчынскі (Cornus mas). Гэта буйны, 4–5 м у вышыню, шматствольны куст, які часам прымае форму невысокага (5–7 м, рэдка да 9) дрэўца. Кізіл мужчынскі шырока распаўсюджаны ў гарах і перадгор’ях Паўднёвай і Сярэдняй Еўропы і Малой Азіі. Гэта вельмі непатрабавальная расліна, якая расце на розных глебах. Цвіце да з’яўлення лісця ў сакавіку – красавіку. Кветкі жоўтыя ў парасонападобных суквеццях. Плады – несапраўдныя, цёмна-чырвоныя касцянкі да 2 см у даўжыню. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі і каранёвымі парасткамі. Расце хутка. Жыве да 250 гадоў. Цепла- і святлалюбны. Вытрымлівае зацяненне. Засухаўстойлівы. Вытрымлівае абрэзку і ўмовы горада. Плады ядомыя, выкарыстоўваюцца, як харчовы прадукт для прыгатавання розных дабавак і кампанентаў, а таксама ў медыцыне. Змяшчаюць дубільныя рэчывы і фарбавальнікі. Драўніна (вельмі цвёрдая) выкарыстоўваецца на розныя дробныя вырабы. Меданос. Прымяняецца ў азеляненні. Мае розныя дэкаратыўныя формы.
Род свідзіна (Swida) налічвае больш за 40 відаў, кусты з неядомымі пладамі, якія выкарыстоўваюцца ў азеляненні. Растуць ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, Сібіры, Сярэдняй Азіі і Далёкім Усходзе.
Свідзіна крывава-чырвоная (S. sanguinea) натуральна расце ад Прыбалтыкі да нізоўя Дона. Маладыя парасткі зялёныя, пазней буравата-чырвоныя. Лісце ад элептычнага да яйкападобнага, восенню становіцца фіялетава-пурпуровым. Кветкі белыя, у шчыткападобных суквеццях. Цвіце пасля аблісцення – у першай палове лета. Касцянкі шарападобныя, сіне-чорныя, 5–8 мм у дыяметры.
Свідзіна белая, або сібірская (S. alba), утварае зараснікі па берагах рэк ва Усходняй Еўропе і Сібіры. Парасткі ярка-чырвоныя. Лісце яйкападобна-элептычнае, завостранае, зверху зморшчанае, цёмна-зялёнае, восенню малінава-чырвонае. Цвіце ў канцы вясны. Касцянкі блакітна-сінія.
Свідзіна парасткавая, атожылкавая (S. stalonifera), – паўночнаамерыканскі від з жаўтавата-чырвонымі парасткамі. Цвіце пачынаючы з першай паловы лета да маразоў. Касцянкі малочна-белыя.
5.2.6.7.Парадак Араліевыя (Araliales). Вельмі блізкі да парадку кізілавых. Дрэвы, кусты або часцей травы з чарговым або рэдка процілеглым суцэльным, пальчатаабо перыстаскладаным лісцем з прылісткамі і похвай у аснове. Членікі сасудаў звычайна з
135
простай перфарацыяй. Кветкі звычайна дробныя ў верхавінкавых і пазушных парасонах, рэдка ў гронках або каласах, звычайна двухполыя, актынаморфныя, цыклічныя, 5–4- членныя, з адным кругам тычынак. Характэрна моцная рэдукцыя лопасцей чашачкі, звязаная з узнікненнем ніжняй завязі. Пылковыя зярняты трохбарознапоравыя. Плады ягадападобныя або касцянкападобныя. Насенне з маленькім зародкам і вялікім эндаспермам. Уключае сямействы: араліевыя і парасонавыя.
Сямейства Араліевыя (Araliaceae) налічвае прыкладна да 70 родаў і больш за 850 відаў, якія распаўсюджаны ў асноўным у трапічных і субтрапічных абласцях абодвух паўшар’яў. Самы буйны род шэфлера – Scheflera (250–300 відаў) з трапічнай Азіі, род арэапанакс – Oreopanax (больш за 120 відаў) з тропікаў і субтропікаў Паўночнай Амерыкі, род палістыяс – Palyscias (прыкладна 100 відаў) – з тропікаў Старога Свету. Толькі нешматлікія віды араліевых распаўсюджаны ва ўмеранай зоне, пры гэтым назіраецца іх прыстасаванасць да прыакіянскіх тэрыторый кантынентаў. На захадзе Еўропы адзіным прадстаўніком з’яўляецца плюшч звычайны (Hedera helix), а на Далёкім Усходзе, апроч жэньшэню (Panax ginseng), у лясах распаўсюджаны яшчэ 9 відаў. Гэта і высокае (да 28 м) дрэва першай велічыні паўднёваўсурыйскіх лясоў калапанакс сямілопасцевы (Kaloponax septemlobus), кусты элеўтэракоку калючага (Eleutherococcus senticosus), да 2 м у вышыню,
акантапанаксу сядзячакветкавага (Aconthopanax sessiliforus), высакагорнай заманіхі або
аплапанаксу высокага (Oplopanax elatus) і пяць відаў з роду аралія (Aralia). Прадстаўнікі сямейства – гэта вечназялёныя або лістападныя дрэвы, кусты, паўкусты, кусцікі і травы. Маюць чарговае, простае і складанае лісце. Дробныя кветкі, якія сабраны ў галоўку, парасон, гронку і мяцёлку. Чашачка рэдукавана, пялёсткаў і тычынак па 5, песцік адзін з 5 пладалісцікаў, завязь ніжняя. Плод ягадападобны. Цвітуць пачынаючы з другой паловы лета да позняй восені.
Род плюшч (Hedera) – каля 15 відаў, вечназялёныя ліяны са шматлікімі прыдаткавымі каранямі-прысоскамі. Лісце шчыльнаскураное, цёмна-зялёнае. Плады чорныя з моцным пахам ягады. У Еўропе расце плюшч звычайны (Hedera helix) з пяцілопасцевым лісцем на вегетатыўных парастках, кветканоснае – суцэльнае. На Каўказе распаўсюджаны плюшч калхідскі (H. colchica) – буйная ліяна да 30 м у даўжыню. Гэтыя два віды выкарыстоўваюцца для вертыкальнага азелянення.
Род аралія (Aralia) – каля 35 відаў. Невялікія лістападныя дрэвы, кусты 3–4 да 12 м у вышыню з вельмі тоўстымі парасткамі, якія густа пакрыты моцнымі драўняністымі калючымі шыпамі, або шматгадовыя травы. Лісце чарговае, двойчыабо тройчыняпарнаперыстаскладанае, буйное, да 30–80 см. Ствол часта не ўтварае галін, яны размешчаны на самой яго верхавінцы.
Арaлія манчжурская (A. elata ). Распаўсюджана ў Прыморскім краі. Мае дробныя белыя кветкі, сабраныя ў мяцёлку. Плады – пяцігняздовыя чорна-сінія ягады. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы, хутка расце. Добра размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі. Дэкаратыўная расліна. З пладоў атрымліваюць фарбу. Выкарыстоўваюць як лекавую расліну.
Калапанакс сямілопасцевы (Kalaponax semtemlobus) – дрэва больш за 25 м у вышыню са статным цёмным ствалом, усыпаным, як і парасткі, буйнымі, да 20 см, шыпамі. Лісце простае, акруглае да 20–40 см у дыяметры сяміпальчаталопасцевае. Вельмі дэкаратыўная расліна, адметная каштоўнай драўнінай. У лясах сустракаецца рэдка. Занесена ў «Чырвоную кнігу».
5.2.6.8. Парадак Брызглінавыя (Celastrales) паходзяць ад парадку каменяломнікавых. Дрэвы і кусты, рэдка травы. Членікі сасудаў з лесвічнай або простай перфарацыяй. Звычайна маецца добра развіты нектарны дыск. Пылковыя зярняты звычайна трохбарознапоравыя. Уваходзяць сямействы: брызглінавыя, ікацынавыя, падубавыя, медузандравыя і інш.
Сямейства Брызглінавыя (Celastraceae) па колькасці родаў (каля 75) і відаў (каля 1150) уваходзіць у рад найбуйнейшых сямействаў кветкавых раслін, да якога належаць выключна дрэвападобныя формы. Яно шырока распаўсюджана ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях усіх кантынентаў і на шмат якіх трапічных астравах. Іх няма толькі ў
136
халодных зонах паўночнага і паўднёвага паўшар’яў. Брызглінавыя ў асноўным невялікія дрэвы і кусты, часта якія лазяць, уюцца або паўзуць. У той жа час некаторыя трапічныя віды брызгліны, лафапеталуму (Laphopetalum), бэзу (Bhesa), касіны (Cassina) і шэрагу іншых родаў уяўляюць сабой буйныя дрэвы 30 м у вышыню і да 1 м у дыяметры. Хаця сярод іх ёсць і шмат кустоў, якія лазяць, могуць узбірацца па ствалах і кронах дрэў на большую вышыню. Для лазання ёсць спецыяльныя прыстасаванні ў выглядзе парасткаў, якія шчыльна абдымаюць ствол і галіны дрэва-апоры і не маюць на сабе ні лісця, ні кветак. Лісце простае, процілеглае і чарговае, суцэльнае. Кветкі брызглінавых звычайна дробныя, нязграбныя, за рэдкім выключэннем бледна афарбаваныя, аднаполыя і двухполыя, 4–5-членныя, з нектарным дыскам. Чашалісцікі дробныя, свабодныя, але часта больш-менш зрастаюцца. Пялёсткі таксама свабодныя або зрастаюцца асновамі. Тычынак звычайна 4–5. Гінецэй з 2–5 пладалісцікаў. Завязь верхняя 2–5-гняздовая (*K(4-5)C(4-5)A(4-5)G(2-5)). Апыляюцца мурашамі, жукамі, пчоламі, мухамі.
Плады брызглінавых адметныя вялікай разнастайнасцю тыпаў і форм. Пераважна гэта скураныя каробачкі, якія раскрываюцца або не раскрываюцца, нясуць на паверхні крылападобныя або шчытападобныя вырасты. Сустракаюцца таксама плады – касцянкі, крылаткі, ягады.
Таксанамічны аб’ём сямейства брызглінавых да цяперашняга часу застаецца дыскусійным. Было прапанавана некалькі сістэм, якія па-рознаму адлюстроўваюць узаемаадносіны і роднасныя сувязі таксонаў унутры сямейства.
Драўніна шмат якіх прадстаўнікоў брызглінавых вельмі прыгожага колеру і малюнку, валодае высокімі механічнымі якасцямі, але не знаходзіць шырокага прымянення з-за невялікіх запасаў сыравіны. Яе выкарыстоўваюць галоўным чынам у якасці матэрыялу для вырабаў ў саматужных промыслах. Нельга не ўпамянуць пра некаторыя хімічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў кары парасткаў і каранёў шэрагу прадстаўнікоў сямейства. Найбольш вядомым з такіх хімічных рэчываў з’яўляецца гута – палімернае злучэнне ізапрэнавага рада, якое ў сумесі са смоламі дае гутаперчу – рэчыва, блізкае па сваіх уласцівасцях да натуральнага каўчуку.
Род брызгліна (Euonymus) налічвае каля 220 відаў, што распаўсюджаны ў двух паўшар’ях, з якіх больш за 120 відаў у Паўднёва-Заходняй Азіі.
Гэта лістападныя, радзей вечназялёныя кусты і невялічкія дрэвы. Лісце простае, процілеглае. Кветкі сабраны ў парасонавыя суквецці. Цвітуць пасля аблісцення. Плод – яркаафарбаваная чырванаватая 3–4-лопасцевая каробачка з яркім мясістым прынасеннікам. Размнажаецца насеннем, атожылкамі, чаранкамі. Растуць у падлеску шыракалістых лясоў.
Брызгліна еўрапейская (Euonymus europaea) расце ў Еўропе, Крыме, на Каўказе. Куст або дрэва да 8 м. Парасткі зялёныя, чатырохгранныя, часам з коркавымі нарастамі. Насенне бура-карычневае, цалкам пакрыта аранжавым прынасеннікам. Патрабавальная да цяпла, святла, урадлівасці глебы. Дэкаратыўная, асабліва восенню.
Брызгліна бародаўкавая (E. verrucosa) адметная ад брызгліны еўрапейскай наяўнасцю шматлікіх бародавак на парастках, больш познім цвіценнем і чорным насеннем, толькі на палову прыкрытым чырвоным мясістым прынасеннікам. Расце ў лясах на поўдзень ад лініі Пецярбург – Перм. Узнаўляецца парасткамі ад пня. Расце марудна. Жыве да 40–45 гадоў. Марозаўстойлівая. Ценевынослівая. Любць свежыя ўрадлівыя супескі і карбанатныя глебы. Не вытрымлівае ўшчыльнення глебы. Дэкаратыўная. На Далёкім Усходзе расце від, які замяшчае яе – б. малакветкавая (E. pauciflora). Там жа сустракаецца б. Маака (E. maakii) – від вікарны ў адносінах да б. еўрапейскай. У Японіі і Кітаі – б. японская – вечназялёны куст або рэдка дрэва 6–8 м. На Сахаліне і ў Японіі кусты – б. сахалінская, б. шыракалістая і інш.
Род дрэвагубец (Celastrus) налічвае каля 30 відаў, якія распаўсюджаны ў ПаўднёваУсходняй Азіі, Аўстраліі, Амерыцы, Афрыцы. Лістападныя, радзей вечназялёныя ліяны. Лісце простае. Кветкі зеленаватыя або белаватыя, пазушныя. Плод – каробачка. Насенне акружана мясістым афарбаваным прынасеннікам. Непатрабавальныя да ўрадлівасці глебы, вытрымліваюць засаленне. Выкарыстоўваюцца ў вертыкальным азеляненні. У Беларусі
137
сустракаецца дрэвагубец пляценепадобны (C. flagelaris), які натуральна расце на Далёкім Усходзе, Японіі, Кітаі. Ліяна да 10 м; дрэвагубец лазячы (C. scandens) і дрэвагубец круглалісты (C. arbicullata) з загнутымі калючкамі – паўночнаамерыканскія віды.
5.2.6.9. Парадак Крушынавыя (Rhamnаles) – блізкі да парадку брызглінавых і мае з ім агульнае паходжанне. Дрэвы і кусты, часта ліяны. Лісце чарговае або радзей процілеглае, простае або складанае, звычайна з прылісткамі. Членікі сасудаў з простай перфарацыяй. Пылковыя зярняты звычайна 3-барознапоравыя. Плады касцянкападобныя, арэхападобныя або ягады. Насенне звычайна з эндаспермам. Аб’ядноўвае сямействы: крушынавыя, вінаградавыя і інш.
Сямейства Крушынавыя (Rhamnaceae) налічвае 60 родаў і звыш 900 відаў, якія распаўсюджаны на ўсіх кантынентах, ад тропікаў да палярнага круга, але найбольшая разнастайнасць іх родаў прыпадае на тропікі і субтропікі Старога і Новага Свету. Сямейства крушынавыя амаль выключна драўняныя расліны з вялікай разнастайнасцю форм – ад дробных, якія сцелюцца, і падушкападобных кустоў да буйных дрэў і ліян. І толькі адзін невялікі трапічны паўднёваамерыканскі род круменарыя (Crumenaria) уяўляе аднагадовыя травы. Лісце крушынавых простае, суцэльнае, зубчастае або суцэльнае па краі, з паралельна або дугападобна-перыстым жылкаваннем, але ў некаторых родаў ёсць і пальчатае. Велічыня лісця вельмі розная – ад 2,5 мм да 30 см. Але пераважае дробнае і сярэдняй велічыні лісце. Лістападныя або вечназялёныя, з процілеглым і чарговым лістаразмяшчэннем, часам нават у межах аднаго і таго ж роду. Вельмі шмат відаў маюць калючкі і парныя шыпы, і тыя і іншыя – пераўтвораныя верхавінкавыя, пазушная або прыдаткавыя парасткі.
Кветкі ў крушынавых дробныя і ў большасці малабачныя, нязграбныя, жаўтаватазялёныя або белаватыя, у невялікіх пазушных паўпарасонах, шчытках або пучках, рэдка адзіночныя. Кветкі актынаморфныя, 5-, радзей 4-членныя, двухполыя, радзей палігамныя або двухдомныя. Тычынкі заўсёды супрацьстаяць пялёсткам і маюць лыжкападобную форму. Кветаложа звычайна добра развітое. Завязь верхняя, ніжняя і паўніжняя, свабодная або зрастаецца з кветкаложам. Крушынавыя насякомаапыляемыя расліны. Завязь 3- або 2- гняздовая, радзей 4-гняздовая, з адным семязародкам у кожным гняздзе.
Плод у крушынавых пераважна сухі, які распадаецца на 2–3 растрэсканыя або замкнутыя арэхі; суцэльны, які не распадаецца; сакавіты, ягадападобны са свабодным насеннем, якое ляжыць у мякаці; касцянкападобны з камяністай 1–3-насеннай костачкай. Па ўпарадкаванні пладоў і часткова асаблівасцях вегетатыўных органаў сямейства крушынавыя даволі натуральна дзеліцца на 5 трыб. Самай буйной з трыб, якая ахоплівае больш за палову ўсіх вядомых відаў (каля 560 і 24 роды), найменш спецыялізаваная – гэта Уласна крушынавыя, або Жосцеравыя. Асабліва багата гэта трыба прадстаўлена ў ПаднёваУсходняй Азіі, Паўночнай Амерыцы (Заходняй), Аўстраліі і Капскай вобласці Афрыкі. Віды гэтай трыбы з бяскрылымі, мяккасценнымі костачкамі (скуранымі або перапончатымі), сухімі, якія распадаюцца, або сакавітымі ягадападобнымі пладамі. Другая буйная трыба з 230 відамі і 20 родамі – Зізіфавыя (Zizipheae). Яны распаўсюджаны таксама вельмі шырока. Асабліва багатыя зізіфавымі Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія. Прадстаўнікам гэтай трыбы ўласцівы плады з камяністай 1–4-гняздовай костачкай, сакавітыя або сухія.
У трыбе Гаўаніевыя (Gauanieae), якая абмежавана вузкай палоскай тропікаў, 82 віды і 5 родаў. Гэта звычайна лазячыя пры дапамозе вусікаў ліяны з трохкрылымі (радзей 2 або 4) сухімі пладамі.
Трыба Вентылаговыя (Ventilagineae) налічвае ўсяго 2 роды з 47 відамі, якія распаўсюджаны ў палеатрапічным царстве ад Заходняй Афрыкі да Філіпін і ва Усходняй Аўстраліі. Адметна сухімі пладамі, якія не раскрываюцца, з вузкім верхавінкавым крылом.
Трыба Калетыевыя (Colletieae) – самая своеасаблівая, налічвае 7 родаў і 39 відаў. Гэта моцнакалючыя, жорсткія, ксерафітныя кусты, з накрыж процілеглымі, часта зялёнымі галінамі і дробным лісцем, якое хутка ападае, сухімі або нават камяністымі пладамі без прыдаткаў. Распаўсюджаны пераважна ў пазатрапічнай Паўднёвай Амерыцы, ПаўднёваУсходняй Аўстраліі, Тасманіі, Новай Зеландыі.
138
Крушынавыя звычайна не адыгрываюць значнай ролі ў складанні расліннага покрыва. Гэта пераважна жыхары ўзлеску і ніжніх ярусаў светлых лясоў, прыбярэжных зараснікаў, ксерафітнага рэдкалесся і хмызняковых зараснікаў.
Эканамічнае значэнне крушынавых невялікае. Да з’яўлення і распаўсюджання анілінавых фарбаў віды іх шырока выкарыстоўваліся як добрыя натуральныя ўстойлівыя фарбавальнікі ў тэкстыльнай, папяровай і гарбарнай мануфактурах, а таксама ў жывапісе. Сушаныя плады розных відаў жосцера карысталіся вялікім попытам і былі сродкамі міжнароднага гандлю. Шмат відаў крушынавых даюць вельмі прыгожую і трывалую для вырабаў драўніну і г. д. Плады выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці (краіны Усходняй Азіі і Міжземнамор’я).
Род жосцер (Rhamnus) налічвае 150 відаў, якія распаўсюджаны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўночнай Амерыцы. Лістападныя, радзей вечназялёныя дрэвы да 10 м у вышыню або кусты. Лісце простае. Кветкі зеленаватыя, малабачныя, пазушныя. Плод касцянкападобны, сакавіты, чорны.
Жосцер паслабляльны, або крушына паслабляльная (R. catharcica), невялікае кустападобнае дрэва са шматлікімі пакарочанымі парасткамі, якія заканчваюцца калючкай. Лісце супраціўнае або косасупраціўнае, з бакавымі жылкамі, якія завернуты паралельна гародчата-пілаватаму краю ліста. Цвіце ў пачатку лета. Плады паспяваюць восенню. Чорныя сакавітыя касцянкі з 2–4 костачкамі. Кара і касцянкі валодаюць паслабляльным дзеяннем, выкарыстоўваюцца ў медыцыне, з іх вырабляюць фарбу. Меданос. Від ценевынослівы, патрабавальны да ўрадлівасці глебы, адносна зімаўстойлівы. Расце ў падлеску. Расце хутка. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, каранёвымі парасткамі, дзяленнем кустоў.
У Заходняй Еўропе расце жосцер скальны – куст 0,2–1 м;, у Закаўказзі і Турцыі – ж. імерацінскі – куст або дрэва 1,5–3 м; на Далёкім Усходзе, Кітаі, Карэліі – жосцер давурскі – дрэва да 10 м; жосцер усурыйскі – куст да 5 м у вышыню.
Род крушына (Frangula) налічвае 52 віды, якія распаўсюджаны ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы і Паўночнай Афрыцы. Прадстаўнікі гэтага роду – кусты або невялічкія дрэвы. Кветкі аднаполыя. Плод – сакавіты, шарападобны, з 3 костачкамі, якія не раскрываюцца.
Крушына ломкая, або вольхападобная (Frangula alnus), – куст або дрэва да 3–5 м у вышыню. Парасткі без калючак, бліскучыя, з лінзамі. Кветкі дробныя, з зеленавата-белымі пялёсткамі, двухполыя. Цвітуць вельмі доўга – з пачатку да другой паловы лета. Плод – сакавітая касцянка памерам з гарошыну, няспелая – чырвоная, спелая – чорная. Крушына расце ў лясах і хмызняковых зарасніках ў Еўропе, Сібіры, Малой Азіі і Іране. Расце марудна. Від зімаўстойлівы, ценевынослівы. Пераважае расці на забяспечаных вільгаццю месцах. Плады адносна атрутныя (выклікаюць ірвоту і лёгкае атручванне). Меданос. Выкарыстоўваецца ў азеляненні. Добра пераносіць стрыжку. З кары атрымліваюць фарбу і дубільнікі для скур. У Закаўказзі і Іране расце к. буйналістая, куст 6–8 м у вышыню. У Паўночнай Амерыцы к. Пурша, дрэва 6–18 м у вышыню.
Род паліурус, або дзяржыдрэва (Paliurus ) – трыба калетыевых, налічвае да 6 відаў, якія растуць ва Усходняй Азіі і Міжземнамор’і. Кусты або дрэвы, моцна калючыя, з простым лісцем і двума прылісткамі, якія пераўтварыліся ў цвёрдыя шыпы. Кветкі двухполыя, зоркападобныя, зеленаватыя, у пазушных суквеццях. Плады сухія, не раскрываюцца.
Паліурус шыпаваты, дзяржыдрэва, хрыстовы церніі, чортаў куст (Paliurus spіnachristi), – моцна калючы куст з пакручанымі галінамі да 2–3 м у вышыню. Утварае амаль непраходныя зараснікі ў Крыме, на Каўказе, у Іране, Сярэдняй і Малой Азіі, у Міжземнамор’і. Лісце дробнае, 2–3 см у даўжыню, косаяйкападобнае, чарговае, дробнапілаватае або суцэльнае па краі. Жылкаванне пальчатае. Адзін шып загнуты ўніз у выглядзе кручка, другі прамы, накіраваны ўверх. Плады сухія, па краі з крылападобным скураным краем, захоўваюцца на галінах да вясны. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і чаранкамі. Выключна засухаўстойлівая і гарачаўстойлівая расліна, кальцэфіл. Выкарыстоўваецца для замацавання глебы на горных схілах. Цепла- і святлалюбная расліна. Вытрымлівае абрэзку. Дэкаратыўная. Утварае непраходныя жывыя агароджы.
139
Сямейства Вінаградавыя (Vitaceae) налічвае 12 родаў і каля 700 відаў, якія распаўсюджаны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах двух паўшарыяў. Найбольш буйным родам з’яўляецца род цысус (Cissus) з яго больш чым 350 відамі. Вінаградавыя – невялікія дрэвы, прамастойныя кусты або часцей дрэвападобныя ліяны. Лісце ў іх звычайна чарговае, вельмі рэдка процілеглае, вельмі разнастайнае па форме, часцей 3–5- пальчатаскладанае, тройчастае, або двойчытройчастае ці нават простае. Часам у блізкароднасных відаў маецца самае разнастайнае лісце, а падчас нават на адной і той жа расліне можна знайсці лісце простае (у ніжняй частцы сцёблаў) і раздзельнае (размешчанае вышэй). Кветкі ў суквеццях, звычайна дробныя, зеленаватыя, вельмі рэдка чырванаватыя або залаціста-жоўтыя, актынаморфныя, двухполыя, 5- або 4-членныя. Чашачка рэдукаваная, пялёсткі зрастаюцца па версе ў выглядзе каўпачка, пры распусканні венчык ападае. Песцік з двух пладалісцікаў. Завязь – верхняя. Плод – сакавітая ягада. Цвітуць вінаградавыя пасля аблісцення – у першай палове лета. Плады паспяваюць у канцы лета або восенню. Біялогія цвіцення вывучана слаба. Тым не менш устаноўлена, што у вінаградавых апыленне назіраецца пры дапамозе ветру і насякомых. Шэраг сартоў культурнага вінаграду, у якіх апыленне кветак вывучана больш дакладна, устаноўлены выпадкі самаапылення, часам у кветак, якія нават не раскрываюцца (клейстагамія). Нашы ўяўленні пра расліны гэтага сямейства часцей за ўсё асацыіруюцца з такімі шырока вядомымі раслінамі з роду вінаград (Vitis), які налічвае 60–70 відаў, што распаўсюджаны ў паўночным паўшар’і. Віды вінаграда ўяўляюць сабой ліяны з простым (ад зубчастага да лопасцевага), часам да рассечанага, лісцем, у якіх ёсць вусікі, што заплятаюцца вакол апоры, і сакавітымі ягадамі. Гэта адны з самых старажытных раслін, якія выкарыстоўваюцца чалавекам. Да 5000 г. да н. э. або раней культурны вінаград мігрыраваў праз Малую Азію ў Сірыю і Палесціну і далей у іншыя краіны. У цяперашні час культура вінаграду распаўсюджана паўсюдна. Аднак культурны вінаград (вінны) – Vitis vinifera – узнік у Старым Свеце, і яго паходжанне звязана выключна з дзікарослымі відамі, якія растуць у Еўразіі. Ужо даўно было выказана меркаванне, што культурны вінаград узнік ад дзікарослага ляснога вінаграду (V. silvestris), які распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе, на Каўказе і ў Малой Азіі. Аднак некаторыя батанікі лічаць, што культурны вінаград узяў пачатак не ад аднаго, а ад некалькіх дзікарослых відаў. Некаторыя дзікія віды вінаграду маюць вялікае практычнае значэнне. Тут неабходна зазначыць тое, што менавіта дзікія амерыканскія віды, якія выкарыстоўваліся ў якасці прышчэпак для культурных сартоў вінаграду, збераглі вінаграднікі Еўропы ад знішчэння філаксерай. У Беларусі адзначана 5 відаў, якія вырошчваюцца на прысядзібных участках і выкарыстоўваюцца ў азеляненні. Вінаград культурны, в. прыбярэжны (V. amurensis) і в. лапчасты (V. palmata) цалкам прыгодныя для культуры. Добра цвітуць і пладаносяць. Высокакаштоўныя як дэкаратыўныя, так і пладовыя расліны.
Род партэнацысус, або дзявочы вінаград (Parthenocissus), налічвае каля 10 відаў, якія распаўсюджаны ва ўмераных абласцях Паўночнай Амерыкі і Усходняй Азіі. Гэта пераважна лістападныя ліяны, што чапляюцца пры дапамозе вусікаў, канчаткі якіх дыскападобна расшыраны і выконваюць ролю прысоскаў, з дапамогай іх расліны забіраюцца нават на гладкія вертыкальныя скалы, сцены і г. д. Кветкі сабраны ў гронкападобныя разгалінаваныя шчыткі. Плады – цёмна-сінія ягады, ядомыя. Выкарыстоўваюцца ў вертыкальным азеляненні. З прадстаўнікоў роду, віды якіх сустракаюцца ў Беларусі: дзявочы вінаград пяцілісточкавы (P. guinguefolia) – вельмі зімаўстойлівая ліяна да 12 м у даўжыню, якая натуральна расце ў Паўночнай Амерыцы. Адметная выключна хуткім ростам і дэкаратыўнасцю. Знешне падобная на папярэдні другі паўночнаамерыканскі від – дзявочы вінаград прымацаваны (P. inserta). На поўдні Прымор’я, Далёкага Усходу расце вельмі рэдкі від – дзявочы вінаград трывостраны (P. tricuspidata) – хмызняковая ліяна з простым лопасцева-зубчастым лісцем. Занесены ў Чырвоную кнігу.
5.2.6.10. Парадак Лохавыя (Elaеagnales). Мае вельмі шмат агульнага з парадкам крушынавых, але гінецэй аднапладалісцікавы, што выключае непасрэднае паходжанне ад крушынавых. Гэтыя парадкі, сумесна з парадкам брызглінавых, маюць, магчыма, агульнае
140
паходжанне ад апакарпнага продка. Кусты або дрэвы, якія густа пакрыты шчытападобнымі лускавінкамі або зоркавымі валаскамі. Лісце чарговае, або, радзей, процілеглае, суцэльнае, перыстанервовае, без прылісткаў. Характэрна наяўнасць каранёвых клубеньчыкаў з бактэрыямі-азотазбіральнікамі. Членікі сасудаў з простай перфарацыяй. Пылковыя зярняты 3-барознапоравыя. Гінецэй з аднаго пладалісціка. Плод – несапраўдная касцянка, заключаны ў мясістую вяночкавую трубку. Насенне з моцным эндаспермам або без яго. Уключае адно сямейства.
Сямейства Лохавыя (Elaeagnaceae) налічвае ўсяго 3 роды і каля 55 відаў, якія распаўсюджаны ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. Лохавыя – дрэвы і кусты з характэрным апушэннем са шчыткападобных лускавінак або зоркавых валаскоў. Для ўсіх трох родаў характэрна наяўнасць каранёвых клубеньчыкаў з азотафіксуючымі бактэрыямі, дзякуючы гэтаму лохавыя могуць расці на вельмі бедных глебах. Кветкі лохавых пазушныя, адзіночныя, у нешматкветкавых пучках або кароткіх гронках. Двухполыя і аднаполыя, калякветнік просты, чатырохчленны, тычынак 4–8, песцік з аднаго пладалісціка. Завязь ніжняя. Плод сакавіты, касцянкападобны. Кветкі апыляюцца насякомымі і ветрам. Плады распаўсюджваюцца птушкамі, звярамі і вадой.
Род лох (Elaeagnus) – самы буйны ў сямействе, ён налічвае каля 50 відаў. Некалькі відаў лоху сустракаюцца ў Паўднёвай Еўропе, Заходняй і Сярэдняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Але большасць відаў распаўсюджана ва Усходняй і асабліва Паўднёва-Усходняй Азіі. Віды лоху – невялікія дрэвы і кусты, лістападныя або часцей вечназялёныя, часта з калючкамі сцябловага паходжання. Лісце ў лістападных відаў не скураное, як у вечназялёных. Цвітуць вясной. Маюць пахучыя кветкі. Плады паспяваюць восенню. Плады – несапраўдныя касцянкі, мучністыя, пераважна ядомыя.
Найбольш вядомым відам з’яўляецца лох вузкалісты (E. angustifolia) – невысокае калючае дрэва з серабрыстым лісцем і скрыўленым ствалом. Лох вузкалісты, як і блізкія да яго віды, валодае надзвычайнай магчымасцю рэзка скарачаць інтэнсіўнасць транспірацыі і павышае яе ў залежнасці ад наяўнасці вільгаці. Гарачаўстойлівасць лоху надзвычайная, нават тканкі маладога лісця вясной пашкоджваюцца толькі пры +40...+45ºС, а летам толькі пры +55...+60ºС. Лох вузкалісты і блізкія да яго міжземнаморскія віды адметныя значнай солеўстойлівасцю і толькі на злосных саланчаках адміраюць. Адной з прыкметных асаблівасцей лоху з’яўляецца яго здольнасць вылучаць камедзь. Яна з’яўляецца ў трэшчынах кары, на месцах абламаных і пашкоджаных галін, на пнях і нават у форме маленькіх капель каля апалага лісця. Камедзь лоху ідзе на прыгатаванне мастацкіх фарбаў, высакаякасных лакаў, клею.
Найлепшым месцазнаходжаннем для лоху з’яўляюцца тугаі, г. зн. даліны паўднёвых рэк. Лох вузкалісты з’яўляецца адным з самых пажаданых кампанентаў у насаджэннях, якія замацоўваюць берагі рэк, дамб, каналаў, а таксама чыгуначна- і полеахоўных лесапалос. Размнажаецца пры дапамозе насення, каранёвых парасткаў, чаранкоў і нават калоў. Плады ўжываюцца ў ежу. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне. З кары і лісця атрымліваюць чорную і карычневую фарбу, а з кветак – эфірны карычневы алей, які валодае моцным вострым пахам. Драўніна лоху славіцца ўстойлівасцю да вады, і таму яе выкарыстоўваюць для пабудоў драўляных мастоў.
Акрамя лоху вузкалістага ў якасці пладовых раслін у Кітаі, Японіі і Карэі разводзіцца
лох шматкветкавы (Elaeagnus multiflora). Яшчэ ў Беларусі можна сустрэць лох серабрысты,
або амерыканскі (E. argentea), радзімай якога з’яўляецца Паўночная Амерыка. Лох серабрысты больш марозаўстойлівы, чым лох вузкалісты. У Сярэдняй Азіі і на Каўказе расце
лох усходні (E. orientalis) – дрэва да 10 м.
Род абляпіха (Hippohae) налічвае 3 віды, якія распаўсюджаны ў Еўропе і ўмераных абласцях Азіі. Гэта невялікія дрэўцы або кусты з калючымі галінамі і вузкім, апушаным лісцем, якое ападае. Кветкі абляпіхі двухдомныя, дробныя, з двухлопацевай чашачкай, у кароткіх пазушных гронках, якія развіваюцца на парастках мінулага года. Вось жаночага суквецця звычайна працягвае расці і пераўтвараецца ў парастак або калючку. Плады
