Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Клімчік_ДЕНДРОЛОГИЯ

.pdf
Скачиваний:
15
Добавлен:
09.03.2016
Размер:
1.66 Mб
Скачать

111

вільгаці, але на глебах сырых, пясчаных і засоленых не расце. Дымаўстойлівая. Пакутуе ад тлі і галаўтваральнікаў.

Ліпа буйналістая (T. platyphyllos). Самая буйная з нашых ліп (да 40 м у вышыню). Ад ліпы драбналістай адрозніваецца больш светлай афарбоўкай кары, апушанымі бурачырвонымі парасткамі, буйным зялёным лісцем з белаватымі бародкамі валаскоў у вуглах жылак, з ніжняга боку. Бакавыя пупышкі касыя, крывабокія. Ніжняя лускавіна менш за палову даўжыні пупышкі. Цвіце ў маі – чэрвені, тыдні на два раней за ліпу драбналістую. Плады (арэшкі) буйныя да 1 см у даўжыню. Расце хутчэй за драбналістую. Менш марозаўстойлівая, чым ліпа драбналістая. Да ўрадлівасці глебы больш патрабавальная. Лепш вытрымлівае засуху. Устойлівая і больш даўгавечная ў гарадскіх умовах.

Ліпа амурская (T. amurensis) – дрэва да 20–25 м у вышыню. Падобна да ліпы драбналістай, і некаторымі сістэматыкамі лічыцца далёкаўсходняй формай ліпы драбналістай – від, які яе тут замяшчае. Адрозніваецца буйназубчастым лісцем з добра бачнымі рэбрамі на арэшках (у ліпы драбналістай яны не бачны або дрэнна бачны). Лісце з апушэннем, якое дрэнна бачна. Распускаецца позна, але вегетацыю заканчвае ў верасні. Цвіце багата. Да пачатку кастрычніка паспяваюць дробныя плады. Расце разам з дубам і бярозай давурскай у хвоева-шыракалістых і ліставых лясах, пачынаючы ад Сярэдняга Амура да 45° паўночнай шыраты. На поўначы змяняецца ліпай манчжурскай (T. mandshurica), у якой лісце з добра бачным апушэннем.

Ліпа лямцавая, венгерская, серабрыстая (T. tomentosa, T. argentea) – дрэва да 30 м у вышыню, якое распаўсюджана ў лясах заходніх абласцей Украіны і Малдовы, у паўднёваўсходніх раёнах Заходняй Еўропы да цэнтральнай часткі Балканскага паўвострава. Адметна зоркавым, серабрыста-белым густым апушэннем парасткаў, пупышак і лісця з ніжняга боку. Цвіце ў ліпені на 7–10 дзён пазней за ўсе ліпы. Лічыцца адной з самых засухаўстойлівых відаў ліп, але менш за іншыя марозаўстойлівая.

Ліпа каўказская (T. begoniifolia, T. caucasica). Знешне падобная да ліпы буйналістай, ад якой добра адрозніваецца буйназубчастым лісцем, з коп’епадобнымі і завостранымі зубцамі.

Ліпа еўрапейская (Е. europeaeа) – дрэва да 40 м у вышыню, распаўсюджанае ў шыракалістых лясах Заходняй Еўропы. Гэта выключна даўгавечнае дрэва, якое жыве больш за 1000 гадоў. Адзін з найбольш меданосных і дэкаратыўных відаў ліпы. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні. Асаблівая форма ліпы, якая размнажаецца толькі вегетатыўна, з рассечаным лісцем. (T. europaea «Laciniata», у кроне якой утвараецца лісце – ад пальчатада перыстанадрэзанага. У парках Беларусі сустракаюцца інтрадукаваныя віды ліп Паўночнай Амерыкі (ліпа разналістая – N. heterophylla, л. каралінская – T. americana).

5.2.5.5. Парадак Ваўчаягадавыя (Thymelaeales) – гэта кусты або радзей дрэвы, рэдка паўкусты або травы. Лісце чарговае або супраціўнае, суцэльнае, суцэльнае па краі, жылкаванне перыстае, без прылісткаў. Членікі сасудаў з простай перфарацыяй. Кветкі двухполыя або часам аднаполыя, звычайна 5- або 4-членныя. Тычынкі ў аднолькавай колькасці з чашалісцікамі або часцей іх удвое больш і ў двух кругах якія чаргуюцца, радзей тычынак мала (2) або, наадварот, шмат. Песцік з 1–12 пладалісцікаў. Завязь верхняя, з адным семязародкам ў кожным гняздзе. Плод не раскрываецца, сухі або сакавіты, ягадападобны, або касцянкападобны (з мясістым слоем, які ўтвораны асновай кветаложнай трубкі), або радзей каробачка. Уваходзіць адно сямейства Ваўчаягадавыя (Thymelaceae). Прадстаўнікі гэтага сямейства (каля 50 родаў і больш як 750 відаў) шырока распаўсюджаны амаль па ўсім зямным шары за выключэннем палярных абласцей. Ваўчаягадавых можна сустрэць у самых разнастайных умовах жыцця – ад трапічных дажджавых лясоў Малазіі да пустынь Азіі. Пераважнай большасцю гэта кусты, але ёсць і дрэвы, звычайна невялікія, у трапічных лясах сустракаюцца і даволі буйныя драўняныя ліяны. Найбольш шырока распаўсюджаны род ваўчаягаднік (Daphne). Гэта лістападныя або вечназялёныя невысокія кусты з простым, чарговым або процілеглым, ланцэтным або падоўжана-элептычным, суцэльным па краі лісцем. Калякветнік венчыкападобны, ярка афарбаваны. Тычынкі размешчаны ў два рады. Песцік з аднаго пладалісціка. Цвітуць ваўчаягаднікі да пачатку распускання лісця ружовымі,

112

вельмі пахучымі кветкамі. Плады аднанасенныя, скураныя або мясістыя, касцянкападобныя. Паспяваюць летам. У нас у падлеску сустракаецца ваўчаягаднік смяротны, звычайны, воўчае лыка (Daphne mezereum). Гэта вельмі ядавіты лістападны куст да 1–1,5 м у вышыню. Лісце згрупавана на канцах галін, зваротналанцэтнае, з шыпікам на верхавінцы, злёгку вейкавае па краі. Кветкі пахучыя, ружова-пурпурныя, радзей белыя. З’яўляюцца з кветкавых пупышак адразу пасля сходу снегу ў лесе. Плады чырвоныя або аранжавыя, знешне нагадваюць брусніцы. Размнажаецца насеннем і атожылкамі. Зімаўстойлівы. Ценевынослівы. Патрабавальны да ўрадлівасці глебы. Не вытрымлівае засуху. Каштоўная лекавая расліна, усе часткі яе ядавітыя.

5.2.6. Падклас ружавыя (Rosidae) – гэта дрэвы, кусты і травы. Лісце суцэльнае або розным чынам раздзеленае. Вусцейкі розных тыпаў, часцей за ўсё без пабочных клетак або з 2 клеткамі. Маюцца заўсёды сасуды. Членікі сасудаў з лесвічнай або часцей з простай перфарацыяй. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам або беспялёсткавыя. Спелы пылок 2-клеткавы. Абалонка пылковых зярнят трохбарознавая або вытворная ад яе. Насенне з эндаспермам або без яго.

У падклас уваходзіць 18 парадкаў. Сярод іх каменяломнікавыя, рутавыя, ружовыя, бабовыя, сапіндавыя, кізілавыя, араліевыя, крушынавыя, лохавыя і інш.

5.2.6.1.Парадак Каменяломнікавыя (Saxiragales) мае, напэўна, агульнае паходжанне

здзіленідамі. Гэта дрэвы, кусты і травы. Лісце чарговае, супрацьлеглае, з прылісткамі або без іх. Пылковыя зярняты пераважна трохбарознапоравыя. Членікі сасудаў з лесвічнай або простай перфарацыяй. Аб’ядноўвае даволі шмат сямействаў, з якіх мы разгледзім гартэнзіевыя і агрэставыя.

Сямейства Гартэнзіевыя, Гідрангіевыя (Hydrangeaceae). Аб’ядноўвае каля 20 родаў і каля 260 відаў. Распаўсюджана пераважна ў субтрапічных, трапічных і ўмерана цёплых абласцях паўночнага паўшар’я. Асабліва шмат гідрангіевых ва Усходняй і ПаўднёваУсходняй Азіі і ва ўсходняй частцы Паўночнай Амерыкі.

Значная большасць гартэнзіевых – лістападныя або вечназялёныя кусты, радзей невялікія дрэвы, ліяны або паўкусты. Да карэнішчавых траў належаць толькі дзіўная і выдзеленая ў асобнае падсямейства кірэнгешома пальчатая (Kirengeshoma polmata) і віды невялічкага япона-кітайскага роду кардыяндра (Cardiandra). Лісце гартэнзіевых звычайна суцэльнае (вельмі рэдка перыстаабо пальчаталопасцевае) без прылісткаў. Размешчана процілегла, вельмі рэдка кальчаком або чаргова (кардзіандра). Кветкі белыя, блакітныя або ружовыя. Цвітуць з сярэдзіны лета па восень. Усе гідрангіевыя – энтамафільныя расліны. Іх кветкі змяшчаюць нектар і маюць прыемны пах. Апыляюцца пераважна начнымі матылькамі. Найбольш звычайны тып плода ў гідрангіевых – каробачка са шматлікім насеннем, якое распаўсюджваецца з дапамогай ветру. Сустракаюцца таксама мясістыя плады, якія разносяцца птушкамі. Так, віды азіяцкага роду дыхроя (Dichroa) маюць плод – блакітную шматнасенную ягаду. Шмат відаў гартэнзіевых вельмі дэкаратыўныя і вырошчваюцца ў садах, аранжарэях і ў якасці пакаёвых раслін.

Род гартэнзія (Hydrangea) зімнеголыя кусты, часам ліянападобныя або невялічкія дрэвы. Усяго каля 35 відаў. Роданачальніцай шматлікіх сартоў садовай гартэнзіі з’яўляецца японская гартэнзія буйналістая (H. macrophylla), якая разводзіцца ў Японіі і Кітаі з даўніх часоў. У Еўропу была ўпершыню прывезена з Кітая ў 1789 годзе англійскім батанікам Д. Банксам і хутка стала папулярнай дэкаратыўнай раслінай. Размнажаецца насеннем і чаранкамі.

Гартэнзія чаранковая (H. petiolаris) – кустападобная ліяна да 25 м у даўжыню, якая залазіць на дрэвы. Расце таксама ў Японіі, Кітаі, Паўднёвым Сахаліне і Курылах. У больш паўднёвых раёнах сустракаецца гартэнзія мяцёлкавая – H. paniculata, куст або дрэва да 10 м

у вышыню, гартэнзія дрэвападобная – H. arborescens і інш.

Род язмін (Philadelphus) лістападныя кусты ад 1 да 4 м у вышыню з простым, процілеглым, яйкападобна-ланцэнтным лісцем. Род налічвае каля 50 відаў. Кветкі з крэмава-

113

белымі пялёсткамі, без паху або з моцным водарам, у канечных гронкавых суквеццях. Цвітуць у першай палове – сярэдзіне лета. Плод каробачка. Язміны вельмі папулярныя ў азеляненні. У нас сустракаецца заходнееўрапейскі язмін вяночны (Ph. coronarius) і паўночнаамерыканскі язмін шыракалісты (Ph. latifolius) з белымі пахучымі кветкамі. На Каўказе натуральна расце язмін каўказскі (Ph. caucasicus). На Далёкім Усходзе – язмін танкалісты (Ph. tenuifolia) і язмін Шрэнка (Ph. schrenkii).

Значна радзей у Беларусі сустракаецца язмін непахучы (Ph. inodarus), язмін сіваваты (Ph. incanus) і Лемуана (Ph. lemoinei), якія натуральна растуць у Паўночнай Амерыцы.

Некалькі радзей, чым два папярэднія роды, сустракаюцца віды роду дэйцыя (Deutzia) кусты, якія вельмі прыгожа цвітуць. Найбольш дэкаратыўнай з’яўляецца дэйцыя стройная (D. gracilis), яна натуральна расце ў Японіі. На Далёкім Усходзе ў дзікім стане растуць

дэйцыя драбнакветкавая (D. parviflora) і дэйцыя галаватая (D. glabrata). У Беларусі сустракаецца дэйцыя шурпатая (D. scabra), якая натуральна расце ў Японіі і Кітаі. Яна прадстаўлена ў асноўным формай з махнатымі ружовымі кветкамі f. plena і з махнатымі снежна-белымі кветкамі f. candidissima. Лічацца зімаўстойлівай да шыраты Мінска, але, па нешматлікіх назіраннях, нават у Брэсце недастаткова зімаўстойлівыя. У звычайныя зімы абмярзаюць маладыя парасткі, а ў больш суровыя увесь куст да ўзроўню снегавога покрыва. Вясной добра ўзнаўляецца, нягледзячы не моцнае абмярзанне цвіце і пладаносіць. Выкарыстоўваюць у азеляненні.

Сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae). Да адносна невялікага сямейства агрэставых належаць толькі два роды (некаторыя лічаць што адзін парэчка), якія аб’ядноўваюць каля 150 відаў. Распаўсюджаны ва ўмерана-цёплых і субтрапічных абласцях паўночнага паўшар’я, а таксама ў горных раёнах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі да Вогненнай Зямлі. Гэта лістападныя кусты да 12 м у вышыню, з чарговым пальчаталопасцевым лісцем без прылісткаў. Як і шматлікія кустовыя віды іншых сямействаў (напрыклад, віды шыпшыны – Rosa), агрэставыя маюць падземныя стволікі, якія доўга жывуць і штогод даюць неразгалінаваныя вегетатыўныя парасткі. На наступны год гэтыя парасткі галінуюцца і становяцца рэпрадуктыўнымі. Пасля 4–8 гадоў жыцця яны адміраюць, так што кусты агрэставых пастаянна аднаўляюцца. У нешматлікіх відаў на галінках знаходзяцца буйныя шыпы, якія размешчаны ў вузлах сцёблаў пад асновай лісця. Кветкі дробныя званочкавыя, 4–5-членныя, сабраны ў шматабо малакветкавыя гронкі. Апыляюцца рознымі перапончатакрылымі, мухамі, жукамі, некаторыя віды (парэчка залацістая – Ribes aureum) – доўгахабатковымі пчоламі, а такі від, які расце ў Паўночнай Амерыцы, як парэчка прыгожая – Ribes speciosum, апыляецца птушкамі (калібры). Плод сакавіты, ягадападобны з рэшткамі засохлай чашачкі на верхавінцы. Насенне дробнае з эндаспермам. Цвіце хутка пасля аблісцення. Плады паспяваюць у сярэдзіне – другой палове лета. Распаўсюджваецца пераважна птушкамі. Шматлікія віды агрэставых – ягадныя кусты, якія шырока разводзяць і якія маюць вялікае харчовае значэнне. З роду агрэст (Grassularia) від агрэст звычайны, або еўрапейскі (G. reclinata), – прадстаўлены шматлікімі сартамі, якія дзеляцца на 3 асноўныя групы. Яны адрозніваюцца паміж сабой колерам ягад (зялёныя, жаўтавата-белыя, чорныя або чырвоныя), іх формай, велічынёй і інш. У Заходняй і Усходняй Сібіры, на Алтаі і ў Казахстане расце агрэст калючы (G. acicularis). Шматлікімі сартамі прадстаўлены і віды

роду парэчкі (Ribes) чырвоныя – R. rubrum, чорныя – R. nigrum, залацістыя – R. aureum,

альпійскія – R. alnium, звычайныя – R. vulgare (белаплодныя), ягады якіх багатыя вітамінамі,

ужываюцца ў ежу і маюць вялікае гаспадарчае значэнне. Гэтыя кусты выкарыстоўваюцца і ў якасці дэкаратыўных раслін, асабліва парэчкі залацістыя і крывава-чырвоныя – R. sanguineun,

уякіх прыгожыя пурпуровыя кветкі.

5.2.6.2.Парадак Ружакветныя (Rosales). Дрэвы, кусты або травы з чарговым або процілеглым, простым або складаным лісцем з прылісткамі. Кветкі звычайна двухполыя, радзей аднаполыя, цыклічныя, звычайна 5-членныя. Плады рознага тыпу. Уваходзяць сямействы: ружавыя, хрызабаланавыя і неўрадавыя.

114

Сямейства Ружавыя (Rosacea) аб’ядноўвае дрэвы, кусты і травы ў большасці з чарговым, радзей процілеглым, простым або складаным лісцем, часта з прылісткамі. Кветкі ружавых актынаморфныя, звычайна двухполыя, з 5-членным калякветнікам. Колькасць тычынак, якія размешчаны кругамі, нявызначана або ў 2–4 разы перавышае колькасць пялёсткаў. Чашалісцікі, пялёсткі і тычынкі размешчаны па знешнім краі больш або менш добра выражанай і звычайна ўгнутай, часта бакальчатай або сподкападобнай кветкавай трубкі – гіпантыя. Ніжняя частка гіпантыя ўтворана кветкаложам, якое разраслося, а верхняя – зрослымі асновамі пялёсткаў, чашалісцікаў і тычынак. Ступень удзелу гэтых частак кветкі ў фарміраванні гіпантыя ў розных родаў розная. Пасярэдзіне гіпантыя знаходзіцца ад аднаго да вялікай колькасці пладалісцікаў. Яны свабодныя, радзей зрастаюцца паміж сабой, а часам таксама з гіпантыем (яблыневыя), утвараючы верхнюю, ніжнюю або паўніжнюю завязь. Плады ружавых сухія або сакавітыя: лістоўкі, каробачкі, арэшкі, касцянкі, яблыкі. У фарміраванні плода ў шмат якіх родаў прымае ўдзел гіпантый, які разрастаецца. Насенне без эндасперму.

Гэта адно з найбольш буйных сямействаў кветкавых раслін, якое аб’ядноўвае каля 100 родаў і 3000 відаў. Ружавыя распаўсюджаны ва ўсіх абласцях зямнога шара, дзе могуць расці кветкавыя расліны. Але асноўная іх частка сканцэнтравана ва ўмеранай і субтрапічнай зонах паўночнага паўшар’я. Яны сустракаюцца ў самых розных супольніцтвах і хоць не адыгрываюць у іх дамінуючую ролю, з’яўляюцца, тым не менш, адным з найгалоўнейшых для нас сямействам раслін.

Большасць ружавых –гэта энтамафільныя расліны, але ў будове кветак яны не маюць ясна выражаных прыстасаванняў да розных агентаў апылення. Кветкі іх белыя, ружовыя, ярка-чырвоныя, чырванаватыя, радзей жоўтыя, але ніколі не бываюць блакітнымі. Шмат якія выпрацоўваюць вялікую колькасць пылку або вылучаюць нектар, які даступны розным насякомым. Нектарная тканка часта мае форму патоўшчанага дыска на ўнутранай паверхні гіпантыя паміж месцам прымацавання тычынак і пладалісцікаў. Кветкі вельмі падобныя па будове, але затое плады надзвычай розняцца і прыстасаваны да розных спосабаў распаўсюджання (ветрам і жывёламі). На падставе адрозненняў галоўным чынам ў марфалогіі пладоў і ў асноўнай храмасомнай колькасці сямейства дзеліцца на чатыры падсямействы.

Падсямейства спірэйныя (Spiraceoideae) – плод лістоўка, асноўная храмасомная колькасць 8 і 9.

Падсямейства ружавыя (Rosoideae) – плады арэшкі, шматарэшкі, часта ва ўтварэнні плода прымае ўдзел гіпантый. Асноўная храмасомная колькасць 7, 9, радзей 8.

Падсямейства яблыневыя (Maloideae) – плод яблык, асноўная храмасомная колькасць 17. Падсямейства слівавыя (Prunoideae) – плод касцянка, асноўная храмасомная колькасць 8. Падсямейства Спірэйныя (Spiraeoideae) – самае прымітыўнае ў сямействе.

Яно прадстаўлена каля 20 родамі і прыкладна 180 відамі, з якіх каля 100 відаў належаць роду спірэя (Spiraea), а ў астатніх родах налічваецца ад 1 да 15 відаў у кожным. Спірэі распаўсюджаны пераважна ў паўночным паўшар’і: у Еўразіі (асабліва ва Усходняй, Цэнтральнай і ў Гімалаях) і Паўночнай Амерыцы. Прычым большасць родаў мае лакальнае распаўсюджанне ў адной з названых абласцей, і толькі роды спірэя, рабіннік, валжанка і пузыраплоднік сустракаюцца ў Старым і Новым Свеце.

Хаця большасць відаў спірэйных прымеркаваны да Азіі (такая перавага атрымліваецца за кошт роду спірэя, са 100 відаў якога толькі 13 сустракаюцца ў Паўночнай Амерыцы), больш за палову іх родаў (11) звязаны з Амерыканскім кантынентам.

Спірэйныя – лістападныя, радзей вечназялёныя кусты або невялічкія дрэўцы, паўкусты або шматгадовыя травы з суцэльным або перыстым лісцем. Кветкі ў гронках, мяцёлках, простых або складаных шчытках. Гіпантый (кветкаложа) плоскі або званочкавы. Песцікаў (пладалісцікаў) звычайна 5, свабодных або больш ці менш зрослых, завязь верхняя (*К5С5АG5). Плады – лістоўкі, якія раскрываюцца па ўнутраным шве.

115

Большасць спірэйных расце ў гарах, у лясным поясе і на адкрытых прагрэтых сонцам прасторах, на камяністых россыпах, схілах цяснін, берагах рэк. У лясной зоне яны ўваходзяць у склад падлеску розных тыпаў лесу. У стэпах утвараюць хмызняковыя зараснікі.

Род спірэя (Spiraea) – кусты ад 0,2 да 2,5 м у вышыню. Лісце простае, элептычнае, ланцэтнае або круглае, часам лопасцевае. Кветкі ў шчытках або ў мяцёлках. Цвітуць у розны час, часам шматразова. Насенне дробнае, вельмі лёгкае, паспявае з сярэдзіны лета да восені, хутка распаўсюджваецца ветрам. Размнажаюцца спірэі насеннем, каранёвымі і парасткамі ад пня. З’яўляюцца добрымі замацавальнікамі глебы, меданосы.

Спірэя сярэдняя (S. media) расце ў Еўропе і Азіі. Мае цыліндрычныя, прамастойныя парасткі, суцэльнае па краі лісце, да 5 см у даўжыню, з 3–5 зубцамі на верхавінцы. Кветкі белыя, у кароткіх шчытках. Пачынае цвісці адразу пасля аблісцення, раней за іншыя віды спірэі. Плады паспяваюць у сярэдзіне лета. Зімаўстойлівая.

У род спірэя ўваходзяць: спірэя святаяннікавалістая – S. hypericifolia, з арэалам на Каўказе і ў Малой Азіі, спірэя дуброўкаліставая – S. chamaedryfolia, з арэалам як у S. media (без Далёкага Усходу); спірэя вярбалістая – S. salicifolia – расце на Д. Усходзе і ў Сібіры;

спірэя японская – S. jaрonica – расце ў Японіі, Кітаі; спірэя Дугласа – S. dugsasii – з

Паўночнай Амерыкі і інш.

Род пузыраплоднік (Physocarpus) – аб’ядноўвае каля 10 відаў, якія распаўсюджаны ва Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Буйныя лістападныя кусты з шэра-карычневай карой, якая адслойваецца. Лісце 3–5-лопасцевае, якое некалькі нагадвае лісце парэчак. Кветкі белыя або ружовыя двухполыя, сабраны ў паніклыя шчытападобныя суквецці. Плод – складаная лістоўка з цвёрдым бліскучым насеннем. Размнажаюцца насеннем, чаранкамі, дзяленнем кустоў. Дэкаратыўныя расліны.

Пузыраплоднік каліналісты (Physocarpus opulifolia). Радзіма – Паўночная Амерыка.

Куст да 3 м у вышыню. Расце хутка. Зімаўстойлівы і ценеўстойлівы. Да глеб не патрабавальны. Засухаўстойлівы. Вытрымлівае гарадскія ўмовы і абрэзку. Выкарыстоўваецца ў азеляненні. Яшчэ ў Беларусі можна сустрэць пузыраплоднік амурскі

(Ph. amurensis).

Род рабіннік (Sorbaria) налічвае каля 10 відаў, якія распаўсюджаны ў Азіі. Кусты 2–3 м

увышыню. Лісце няпарнаперыстаскладанае, са шматлікіх лісцікаў. Кветкі белыя, дробныя, сабраны ў рыхлыя верхавінкавыя мяцёлкі. Цвітуць у першай палове – сярэдзіне лета. Размнажаюцца насеннем і каранёвымі парасткамі.

Рабіннік рабіналісты (Sorbaria sorbifolia) – адзін з кустоў, якія рана вегетуюць. Лісточкі, якія толькі распускаюцца, – чырванавата-карычневыя, дарослыя – зялёныя, ланцэтныя з адцянутай верхавінкай, восенню – жоўтыя. Вельмі зімаўстойлівы і ценеўстойлівы від. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Падсямейства Ружавыя (Rosoideae) – аб’ядноўвае каля 50 родаў і каля 1700 відаў і з’яўляецца самым буйным сярод ружакветных. Разам з манатыпнымі родамі старажытнай трыбы керыевых (Kerrieae), якія растуць у рэліктавых сховішчах Усходняй Азіі (роды керыя – Kerria, родаціпас – Rhodothypos) i на ўсходзе Паўночнай Амерыкі (род невіўсія – Neviusia), у падсямейства ўваходзяць роды з вялікай колькасцю відаў і вельмі шырокім арэалам распаўсюджання. Гэта перш за ўсё касмапалітны род рубус (Rubus), які аб’ядноўвае не менш за 600 відаў, род гусялапка (Alchemilla, каля 250 відаў), род дуброўка (Potentillа магчыма каля 300 відаў), род ружа (Rosa, не менш за 400 відаў). Гэтыя роды распаўсюджаны па ўсёй паўночнай умеранай і часткова арктычнай зоне і ў горных абласцях тропікаў. Прадстаўнікі сямейства сустракаюцца ў самых разнастайных раслінных супольніцтвах ад тундры і высакагор’я да барэяльных і трапічных горных лясоў, дзе некаторыя з іх, напрыклад, хагенія абісінская (Hogenia abyssinica), у трапічнай Усходняй Афрыцы ўтвараюць верхнюю мяжу лесу. Віды гусялапак, дубровак, дрыяд (Dryas) дасягаюць

угарах мяжы расліннасці, а некаторыя віды гэтых і іншых родаў дасягаюць паўночнай і паўднёвай мяжы распаўсюджання кветкавых раслін у Арктыцы і Антарктыдзе, сустракаюцца на астравах Паўночнага Ледавітага акіяна і на субантарктычных астравах, якія суседнічаюць

116

з лядовай Антарктыдай (род ацэна – Acena). Да ружавых належыць і самы высакагорны прадстаўнік ліставых дрэў – паўднёваамерыканскі род палілепіс (Polilepis), які расце ў Андах на вышыні 5200 м над узроўнем мора. Лясы з палілепісу, якія існуюць у суровых умовах з халодным летам і зімой, пры пастаянным сухім ветры і фізіялагічнай сухасці глебы з’яўляюцца унікальнай з’явай у раслінным свеце. Ва ўмеранай зоне ружавыя найбольш звычайныя на адкрытых травяністых месцах, у светлых лясах і па ўзлесках, па берагах рэк і ручаёў, на травяністых балотах, у хмызняковых зарасніках. Уласна ксерафітаў сярод іх мала. Мала сярод ружавых і гідрафітаў, хоць і сустракаюцца жыхары балот.

Дрэў ў падсямействе мала. Невысокімі дрэвамі з’яўляюцца віды афрыканскага роду хагенія і паўночнаамерыканскага цэркакарпуса (Cercocarpus). Асноўную масу ружавых складаюць кусты, паўкусты і травы. Разам з кустамі са шматгадовымі надземнымі парасткамі

ўпадсямействе ёсць адметныя кусты з пакарочаным жыццёвым цыклам надземных восей, які характэрны для роду рубус (Rubus). Рубусы (маліна, ажына) маюць падземнае сцябло, якое доўга жыве і на ім штогод фарміруецца вегетатыўны, спачатку амаль травяністы парастактурыён, з пазухі лісця якога на наступны год утвараюцца кароткія генератыўныя парасткі, што даюць кветкі і плады. Пасля паспявання пладоў увесь парастак на другі год адмірае і ў аснове застаецца толькі пупышка ўзнаўлення парастка наступнага года. Гэты тып кустоў з’яўляецца як бы пераходным да шматгадовых траў, у якіх надземная частка адмірае штогод.

Падсямейства ружавых дало чалавецству вялікую колькасць карысных раслін. З даўніх часоў насельніцтва зямнога шара ўжывае ў ежу плады шматлікіх рубусаў (маліну, суніцы, марошку і інш). Гэта народныя сродкі ад прастуды. Рэдкім канцэнтратам рэчаў для чалавечага арганізма з’яўляюцца плады шыпшыны (віды ружы, якія дзіка растуць у прыродзе), яны змяшчаюць у 10 разоў больш разнастайных вітамінаў, чым апельсіны і лімоны. Кветкі ружаў з’яўляюцца крыніцай ружавага алею – каштоўнага прадукту, які выкарыстоўваецца ў парфумерыі, касметыцы і медыцыне. Шматлікія ружавыя каштоўныя як дэкаратыўныя расліны, сярод іх адметнае месца належыць ружам.

Род ружа, або шыпшына (Rosa), – налічвае каля 400 відаў, якія распаўсюджаны ў паўночным паўшар’і. Садовых форм і сартоў налічваецца да 25 000. Гэта лістападныя кусты са стваламі прамастойнымі, лазячымі або якія сцеляцца, ад 20 см да 7 м у вышыню, з шыпамі на галінах і парастках. Лісце чарговае, у большасці няпарнаперыстаскладанае, радзей простае з прылісткамі. Кветкі простыя або махровыя, пераважна з прыемным пахам, сабраны

ўпарасонападобна-мяцёлкавыя суквецці (*K5C5AG), звычайна з чырвоным, ружовым, жоўтым або белым венчыкам. Плады – аднанасенныя арэшкі, акружаныя кветкаложам (ягадападобныя), не раскрываюцца. Род вельмі паліморфны, віды якога лёгка гібрыдызуюцца паміж сабой. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі, садовыя ружы – прышчэпкамі і чаранкамі.

Ружа калючая (R. acicularis) расце ў Еўропе і Азіі. Куст да 2 м у вышыню з дугападобнымі голымі галінамі і з густаўсаджанымі прамымі або крыху загнутымі тонкімі шыпамі. Плады дыяметрам да 2,5 см, грушападобныя, чырвоныя. Кветкі ружовыя або чырвоныя адзіночныя ці па 2–3. Цвіце ў канцы мая – пачатку чэрвеня, раней за іншыя віды шыпшыны.

Ружа майская, або корычная (R. majalis), расце ў Еўропе, Сібіры. Кусты да 2 м у вышыню. Падобная на папярэдні від, ад якога адрозніваецца наяўнасцю парных кручкавата загнутых уніз шыпоў, якія сядзяць паблізу вузлоў. Кветкі ружовыя, дыяметрам да 5 см Марозаўстойлівая. Устойлівая да гарадскіх умоў. Дэкаратыўная.

Ружа сабачая, або звычайная (R. canina), расце паўсюдна. Куст да 3 м у вышыню. Парасткі з сонечнага боку фіялетавыя, пакрыты шызым налётам, усаджаны магутнымі, дзюбападобназагнутымі, сплясканымі ў аснове шыпамі, якія сядзяць па адным і па два. Кветкі ружовыя або белыя да 8 мм у дыяметры. Цвіце ў першай палове лета, пазней за ружу майскую. Марозаўстойлівасць нізкая. Адна з лепшых раслін для прышчэпак культурных сартоў.

117

Ружа маршчыністая (R. rugosa) расце на Далёкім Усходзе, Карэі, Кітаі, Японіі. Кусты да 2 м у вышыню. Галіны тоўстыя (да 4 см) прамастойныя. Парасткі лямцавыя са шматлікімі прамымі апушанымі шыпамі рознай даўжыні. Кветкі ад цёмна чырвоных да белых. Плады буйныя, ядомыя (курыльскія яблычкі). Марозаўстойлівая. Непатрабавальная да глебы. Добра вытрымлівае ўмовы горада. Не пакутуе ад шкоднікаў і хвароб. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Род курыльскі чай (Dasiphora) аб’ядноўвае каля 10 відаў, якія растуць у Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. Лістападныя кусты, 0,2–1,5 м у вышыню. Парасткі шаўкавістыя. Старыя галіны шэрыя, з карой, якая адслойваецца. Лісце складанае, з 5–7 дробных сядзячых лісточкаў з плеўкавымі прылісткамі. Кветкі жоўтыя або белыя. Плод – зборная сямянка. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлалюбныя. Засухаўстойлівыя.

Курыльскі чай хмызняковы (Dasiphora fruticosa) – расце ў Еўропе, Сібіры і на Далёкім Усходзе. Куст да 1,5 м у вышыню, шарападобнай формы, з залаціста-жоўтымі кветкамі. Лісце ўжываецца як сурагат чаю.

На Далёкім Усходзе, у Карэі – курыльскі чай давурскі – куст вышынёй да 0,6 м, у Сібіры, Срэдняй Азіі – курыльскі чай драбналісты – куст вышынёй 15–18 см.

Род маліна (Rubus) аб’ядноўвае каля 600 відаў. Дзеліцца на 4 падроды: марошка, касцяніцы, маліна, ажына. Распаўсюджаны ў Еўразіі і Амерыцы. Існуе больш за 120 відаў маліны, больш як 150 відаў ажыны. Лістападныя паўкусты з аднагадовымі парасткамі, якія адміраюць пасля плоданашэння. Лісце тройчастае або перыстаскладанае, чаранковае з прылісткамі. Кветкі двухполыя, белыя, сабраны ў гронку, шчыток. Плод – складаная сакавітая касцянка, з сакавітых касцянак, якія зрасліся пры аснове.

Маліна звычайная, або лясная (R. idaeus), – расце паўсюдна. Паўкуст да 2 м у вышыню. Лісце парасткаў, якія пладаносяць, пераважна тройчастае, звычайнае 5–7-перыстаскладанае. Плады шарападобныя, чырвоныя, салодкія, калі паспяваюць, то лёгка аддзяляюцца ад кветкаложа. Размнажаюцца насеннем, каранёвымі парасткамі, чаранкамі. Роданачальніца культурных сартоў. Добры меданос.

Маліна шызая, або ажына шызая (R. caesius), – расце паўсюдна. Паўкуст да 1,5 м у вышыню. Стэрыльныя парасткі дугападобныя, верхавінкі іх могуць укараняцца. Пладаносныя – доўгія, прамыя. Парасткі цыліндрычныя, чырванаватыя, з шызым налётам, шматлікімі прамымі або загнутымі шыпамі. Лісце звычайна тройчастае, з шырокаланцэтнымі прылісткамі. Плады яйкападобныя, чорныя або чорна-чырвоныя з шызым налётам, ядомыя. У Паўночнай Амерыцы расце маліна пахучая, куст вышынёй 1–1,5 м і маліна драбнакветкавая – куст вышынёй да 2 м.

Падсямейства Яблыневыя (Maloideae) – аб’ядноўвае 22–23 роды і каля

600 відаў, якія распаўсюджаны ва ўмераным і субтрапічным поясе паўночнага паўшар’я. Толькі некаторыя з іх (мушмула – Eriobotrya, странвезія – Stranvaesia, груша – Pyrus, астэамелес – Osteomeles, фацінія – Photinia) заходзяць у трапічную зону, а роды хесперамелес (Hespeeromeles) і астэамелес уздоўж Анд пранікаюць у паўднёвае паўшар’е.

Па колькасці відаў у падсямействе дамінуюць роды: глог (Crataegus), каля 200 відаў, якія распаўсюджаны ў паўночнай умеранай зоне; кізільнік (Cotoneaster) – каля 100 відаў, распаўсюджаны ў Еўразіі, асабліва ў Гімалаях і Кітаі, і ў Паўночнай Афрыцы; рабіна (Sorbus) каля 100 відаў, якія распаўсюджаны ў паўночнай умеранай зоне. Па практычнай значнасці для чалавека – яблыня (Mаlus), каля 25–30 відаў, распаўсюджаны ў паўночнай умеранай зоне, і груша (Pyrus), каля 25 відаў, якія растуць галоўным чынам у Еўразіі.

У гэта падсямейства ўваходзяць роды: ірга (Amelanchier), каля 25 відаў, якія распаўсюджаны ва ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я; аронія (Aronia), каля 15 відаў, распаўсюджаны ва ўмеранам поясе Паўночнай Амерыкі: хенамелес (Chaenomeles), 4 віды якія растуць у Кітаі і Японіі; айва (Сidonia), адзін від з Сярэдняй, Паўднёва-Заходняй і Малой Азіі і іншыя нешматлікія роды.

Гэта лістападныя або вечназялёныя дрэвы і кусты з падоўжанымі і пакарочанымі роставымі парасткамі, якія апроч лісця нясуць кветкі і плады. Лісце простае або

118

няпарнаперыстае. Кветкі ў суквеццях або адзіночныя. Зачаткавыя кветкі закладваюцца ў генератыўна-роставых пупышках летам года, які папярэднічае цвіценню. Асновы чашалісцікаў, пялёсткаў і тычынак зрасліся ў мясістую кветкавую трубку, песцік з 1– 5 пладалісцікаў, завязь ніжняя або паўніжняя ( К(5)С(5)А(5-)G(1-5)–). Плод – яблык або ягадападобны. Насенне без эндасперму. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі, парасткамі ад пня і прышчэпкамі. Усе яблыневыя добрыя меданосы. Плады шматлікіх відаў маюць вялікае харчовае значэнне. Часцей за ўсё гэта вельмі дэкаратыўныя расліны, якія шырока выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

Род яблыня (Malus) – лістападныя дрэвы да 20 м у вышыню або буйныя кусты з чарговым простым лісцем. Кветкі двухполыя, сабраны ў паўпарасоны або шчыткі. Апыляюцца насякомымі. Плод – пяцігняздовы яблык з 2 насеннямі ў кожным, часцей ядомы. Святлалюбныя. Шмат відаў марозаўстойлівыя. Жывуць 300 гадоў і больш.

Яблыня лясная (M. silvestris) – дрэва 10–12 м у вышыню. Расце ў змешаных шыракалістых лясах.

Яблыня ягадная, або сібірская (M. baccata), – дрэва ад 3 да 10 (16) м у вышыню. Расце ў Забайкаллі і на Далёкім Усходзе.

Яблыня дамашняя (M. damestica) – зборны від, каштоўнае пладовае дрэва.

Род груша (Pyrus) – лістападныя дрэвы, радзей кусты з пакарочанымі парасткамі, якія звычайна завяршаюцца калючкай. Лісце простае, суцэльнае, часам перыстарассечанае, шчыльнае, зверху голае, бліскучае. Кветкі на пакарочаных парастках у парасонападобных суквеццях. Цвітуць адначасова з аблісценнем, раней за яблыні. Плады яблыкападобныя (грушы), мяккія або зацвярдзелыя, ядомыя. Насенне падоўжана-яйкападобнае са скураной лупінай, у свежым стане з аслізлымі паверхнямі.

Груша звычайная (P. communis) – дрэва да 20 м у вышыню. Расце паўсюдна ў Еўропе, Сярэдняй Азіі, на Каўказе. Расце марудна. Парасткі са светлымі лінзамі. Параўнальна цеплалюбная. Святлалюбная. Любіць свежыя ўрадлівыя суглінкі і добра гумасаваныя глебы. Ветра- і засухаўстойлівая. Вытрымлівае засаленне і ўмовы горада. Жыве 200–300 гадоў.

Груша ўсурыйская (P. ussuriensis) расце на Далёкім Усходзе. Дрэва да 8–10 м. Парасткі з цёмнымі лінзамі, калючкамі, голыя, у верхавіне з лямцам. Пупышкі яйкападобна завостраныя. Хуткарослая. Зімаўстойлівая. Святлалюбная. Не вытрымлівае залішняга ўвільгатнення. Дэкаратыўная.

Род глог (Crataegus). Дрэвы або кусты з калючкамі сцябловага паходжання. Лісце простае, размешчана спіральна. Кветкі двухполыя, белыя або ружовыя, у складаных шчыткападобных суквеццях (цвітуць пасля аблісцення), часам адзіночныя, з непрыемным пахам, меданосы. Плады – яблычкі з мучністай мякаццю з 1–5 цвёрдымі насеннямі, на верхавінцы з сухімі чашалісцікамі, чырвоныя, жоўта-аранжавыя або чорныя. У шматлікіх відаў ядомыя, ідуць на перапрацоўку. Размнажаюцца насеннем, радзей каранёвымі парасткамі і парасткамі ад пня. Растуць марудна. Зімаўстойлівыя. Святлалюбныя. У большасці засуха- і газаўстойлівыя. Вытрымліваюць зацяненне. Лепш растуць на глыбокіх, вільготных урадлівых глебах. Жывуць 200–300 гадоў. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

Глог сібірскі, або крывава-чырвоны (Crataegus sanguinea), расце ў Перадураллі, Сібіры,

Сярэдняй Азіі. Куст або дрэва да 6–8 м у вышыню.

Глог перыстанадрэзаны (C. pinnatifida) расце на Далёкім Усходзе, у Карэі, Паўночным Кітаі. Дрэва або куст да 6 м у вышыню.

Глог паўмяккі, або мяккаваты (C. submolis), расце ў Паўночнай Амерыцы. Дрэва да 8 м у вышыню, часам буйны куст.

Род кізільнік (Сotoneaster) – кусты розных памераў. Лісце простае, суцэльнае па краі, ад круглага да прадаўгаватага. Кветкі дробныя, ружовыя або белыя, у шчыткападобных, мяцёлкавых суквеццях або па адной. Цвітуць пасля аблісцення. Плады дробныя, яблыкападобныя, чорныя або чырвоныя, неядомыя, з 2–5 костачкамі, якія агорнуты ў мучністую мякаць.

119

Кізільнікі непатрабавальныя да ўрадлівасці глебы, любяць глебы, якія змяшчаюць вапну. Засухаўстойлівыя. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна. Дэкаратыўныя ў час цвіцення, плоданашэння і восенню пурпурова-чырвоным лісцем. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні. Меданосы.

Распаўсюджаны ва ўмераных раёнах Еўропы, Паўночнай Афрыкі і ў Азіі.

Кізільнік звычайны, суцэльнакрайны (C. integerrimus) – моцнагалінасты куст 2 м у вышыню. Распаўсюджан ў Заходняй Еўропе, Заходняй Беларусі і Украіне, у Прыбалтыцы, Крыме, на Каўказе.

Лісце ад шырокаяйкападобнага да акруглага 1,5–5 см у даўжыню. Кветкі ружовыя, у гронках. Плады ярка-чырвоныя, амаль акруглыя.

Кізільнік бліскучы (C. lucidus) – куст да 2,5 м у вышыню з адагнутымі галінамі. Лісце элептычнае, завостранае, зверху цёмна-зялёнае, бліскучае, знізу матавае, восенню пурпурова-фіялетавае, 2–6 см у даўжыню, кветкі ружовыя, у рыхлых шчыткападобных гронках. Плады чорныя, бліскучыя, авальна-шараподобныя. Натуральна расце ва Усходняй Сібіры, каля Байкала.

Кізільнік чарнаплодны (C. melanocarpus) – куст да 2–4 м у вышыню. Лісце прадаўгавата-элептычнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу лямцавата-апушанае, 2–4 см у даўжыню, часта з выразкай на верхавінцы. Кветкі ружовыя, у павіслых гронках. Плады чорныя, амаль шарападобныя.

Натуральна расце ад Сярэдняй Еўропы да Кітая і ад Лапландыі да Каўказа і Сярэдняй

Азіі.

Род рабіна (Sorbus) – дрэвы або кусты з простым або няпарнаперыстым лісцем. Кветкі белыя або ружовыя ў складаных канечных шчытках на пакарочаных парастках. Цвітуць пасля аблісцення. Плады яблыкападобныя, шарападобныя або грушападобныя, чырвоныя, жоўтыя, часам белыя. Насенне вострае, трохграннае.

Размнажаюцца насеннем, культурныя сарты прышчэпкамі.

Каштоўныя дэкаратыўныя і пладовыя расліны. Плады могуць змяшчаць ад 4 да 13% цукру, а насенне да 22% тлушчавага алею і вялікую колькасць амігдаліну. Кара выкарыстоўваецца ў якасці дубільніку.

Рабіна звычайная (S. aucuparia) – дрэва да 15–20 м у вышыню. Лісце няпарнаперыстае, да 20 см у даўжыню, з 11–25 прадаўгаватых лісточкаў. Цвіце ў канцы вясны. Плады да 15 мм у дыяметры, шарападобныя, ярка-чырвоныя. Паспяваюць у канцы лета. Расце ў другім ярусе і падлеску ў лясах Еўропы, Крыма, Каўказа. У азеляненні асабліва каштоўная яе ніцая форма (S. aucuparie, рendula).

Рабіна глагавіна, або бярэка (S. torminalis), – дрэва да 25 м у вышыню, з простым, перыстым, востралопасцевым лісцем да 18 см у даўжыню. Плады шарападобныя, чырвоныя, пасля сінеюць. Расце ў другім ярусе шыракалістых лясоў Заходняй Украіны, Малдовы, Крыма і Каўказа. Вельмі дэкаратыўны, зімаўстойлівы від.

Рабіна круглалістая, арыя (S. aria), – дрэва да 15 м у вышыню, часта кустападобнае. Лісце простае, акруглаабо прадаўгавата-элептычнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу лямцаваапушанае, вострадваякапілаватае па краі. Плады аранжава-чырвоныя, з мучністай, саладкаватай мякаццю, ядомыя. Натуральна расце ў гарах Сярэдняй і Паўднёвай Еўропы. Вельмі дэкаратыўны від.

Род ірга (Amelanchier) – каля 25 відаў, кусты або дрэвы. Лісце простае, чаранковае зубчастае або суцэльнае па краі, яйкападобнае або элептычнае, да 6 см у даўжыню. Кветкі белыя, звычайна ў гронках. Растуць хутка на самых разнастайных глебах. Святлалюбныя, засухаўстойлівыя. Могуць пераносіць нізкія зімовыя тэмпературы. Размнажаюцца насеннем і дзяленнем кустоў, даюць шматлікія каранёвыя парасткі.

Усе віды дэкаратыўныя, шчодра цвітуць і пладаносяць. Плады змяшчаюць вітаміны А і С, ядомыя. Ідуць на прыгатаванне варэння, жэле, кампоту і інш. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

120

Ірга круглалістая (A. ovalis) – куст да 2,5 м у вышыню. Лісце авальнае або зваротнаяйкападобнае, 2,5–5 см у даўжыню. Кветкі у шматкветкавых гронках. Плады блакітна-чорныя, шарападобныя, ядомыя, паспяваюць у сярэдзіне лета.

Натуральна расце ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе, Малой Азіі, Паўночнай Афрыцы, Крыму і на Каўказе. Вельмі зімаўстойлівы і засухаўстойлівы від. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні і агралесамеліярацыі.

Ірга каласістая (A. spicata) – куст да 4–6 м у вышыню. Лісце элептычнае. Натуральна расце ў прыатлантычных раёнах Паўночнай Амерыкі. Сустракаецца ў розных пасадках у нас у Беларусі. Зімаўстойлівы і засухаўстойлівы від. Выкарыстоўваецца таксама як апярэдні від.

Род аронія (Aronia) – каля 15 відаў, кусты да 2,5 м у вышыню з простым, элептычным або зваротнаяйкападобным лісцем. У нас сустракаецца інтрадукаваная з Паўночнай Амерыкі аронія чарнаплодная (A. melanocarpa), з простым зваротнаяйкападобным лісцем, маладым чырванавата-карычневым, летам цёмна-зялёным, восенню – ад ярка-чырвонага да фіялетавага.

Плады карычневата-чорныя, шарападобныя, да 10 мм у дыяметры, паспяваюць у канцы лета – пачатку восені. Выкарыстоўваюць як каштоўны пладова-ягадны куст і ў азеляненні.

Род айва (Cydonia) – адзін від айва звычайная (C. ablonga) – невысокае дрэва, часта кустападобнае, да 8 м у вышыню. Лісце яйкападобнае, радзей шырокаэлептычнае або акруглае да 10–15 см у даўжыню, лямцаваапушанае, суцэльнае па краі. Кветкі пераважна адзіночныя, на канцах парасткаў белыя або ружавата-белыя. Плады грушападобныя або акруглыя, паспяваюць восенню, ядомыя.

Натуральна расце ў Сярэдняй Азіі, Іране, на Каўказе. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, каранёвымі атожылкамі. Цеплалюбная, незімаўстойлівая.

Род хенамелес (Chaenomeles) – кусты, якія растуць у Японіі і Кітаі, да 1,5–2 м у вышыню. Лісце яйкападобнае, 3–8 см у даўжыню, на верхавіне каротказавостранае, да асновы паступова звужаецца, вострапілаватае па краі. Кветкі ў гронках, бледна-чырвоныя, ружовыя або белыя, цвітуць пасля аблісцення. Плады яйкападобна-акруглыя, зялёна-жоўтыя, да 6 см у даўжыню, са шматлікім насеннем. Паспяваюць позна восенню, вельмі кіслыя з-за вялікай колькасці вітаміну С, якога шмат і ў лісці.

У Беларусі сустракаюцца хенамелесы: японскі (Ch. japonica) і Маўлея (Ch. Maulei),

хуткарослыя, святлалюбныя і зусім зімаўстойлівыя кусты. З’яўляюцца каштоўнымі вітаміноснымі і дэкаратыўнымі раслінамі.

Падсямейства слівавыя (Prunoideae) аб’ядноўвае 10–11 родаў і больш як 400 відаў, якія распаўсюджаны галоўным чынам у Паўночнай Амерыцы і Еўразіі, ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. Невялікая колькасць відаў сустракаецца ў андыйскіх абласцях Паўднёвай Амерыкі, у трапічных раёнах Афрыкі, Азіі, Паўночнай Аўстраліі. Гэта лістападныя або вечназялёныя дрэвы і кусты з простым лісцем. Кветкі адзіночныя, у паўпарасонах, пучках або гронках. Закладваюцца ў функцыянальных кветкавых пупышках у год, які папярэднічае году цвіцення. Цвітуць як да аблісцення, так і адначасова з ім або хутка пасля распускання лісця. У адрозненне ад іншых падсямействаў ружакветных кветкі слівавых маюць заўсёды адзін песцік з аднаго пладалісціка. Завязь верхняя ( К5С5АG1). Плод – касцянка з сакавітым, радзей сухаватым або скураным каляплоднікам і каменным эндакарпам. Костачка са швом, пры прарастанні растрэскваецца на дзве створкі. Усе слівавыя даюць шмат пнёвых парасткаў, добра размнажаюцца каранёвымі парасткамі. Яны растуць на адкрытых схілах, у падлеску ліставых, змешаных або сасновых лясоў. Святлалюбныя. Патрабавальныя да ўрадлівасці глебы. З даўніх часоў каштоўныя як пладовыя, лекавыя і дэкаратыўныя расліны. У падсямейства ўваходзяць роды: слівы (Prunus),

міндаль (Amygdalus), вішня (Сerasus), лаўравішня (Laurocerasus), чаромха (Padus), абрыкос (Armeniaca), персік (Persica) і інш.

Род сліва (Prunus) – лістападныя дрэвы або кусты з пакарочанымі парасткамі, якія заканчваюцца калючкай. Кветкі 15–25 мм у дыяметры, адзіночныя або сабраны па 2–5, на