Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
54
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 7. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве на мяжы XX – XXI стст.

Развіццё знешніх сувязей. У 1987 г. сацыялістычныя краіны-удзельніцы Варшаўскага Дагавора абвясцілі аб тым, што не пачнуць ваенных дзеянняў супраць іншай дзяржавы або саюза дзяржаў, калі самі не стануць аб’ектамі іх узброенага нападу. Яны ніколі не прыменяць першымі ядзернай зброі, не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзій ні да адной краіны свету і не будуць лічыць іх сваімі ворагамі.

У другой палове 80-х гадоў пашыраўся палітычны дыялог паміж СССР і ЗША. Савецка-амерыканскія перамовы на вышэйшым узроўні адбыліся ў Жэневе (1985), Рэйк’явіку (1986), Вашынгтоне (1987), на востраве Мальта (1989). У выніку гэтых сустрэч былі вызначаны асноўныя стратэгічныя накірункі знешняй палітыкі абедзвюх дзяржаў, якія ў далейшым прывялі да кардынальных перамен ва ўсім міжнародным супольніцтве.

У 1989 г. была завершана вайна ў Афганістане. Ажыццяўляўся вывад савецкіх войск з краін Усходняй Еўропы і Манголіі, сярод якіх было шмат ваеннаслужачых-беларусаў. Краіна прызнала прыярытэт міжнароднага права, і перш за ўсё Дэкларацыю правоў чалавека, абавязалася прывесці ўсё ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.

У канцы 80-х гадоў у сацыялістычных краінах Усходняй Еўропы адбыліся так званыя “аксамітныя рэвалюцыі”, у выніку якіх улада перайшла ад камуністаў да іх палітычных праціўнікаў. Была ліквідавана Берлінская сцяна, адбылося аб’яднанне Германіі. Вясной 1991 г. былі распушчаны Савет Эканамічнай Узаемадапамогі і арганізацыя Варшаўскага Дагавора. Сацыялістычная сістэма спыніла сваё існаванне. Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан павіншаваў народ сваёй краіны з пераможным заканчэннем “халоднай вайны”. ЗША сталі адзінай у свеце звышдзяржавай, уступілі на шлях усталявання ў ім “свайго новага парадку”.

Пасля ліквідацыі СССР пачалося прызнанне Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Былі падпісаны з сумежнымі дзяржавамі дагаворы аб граніцы і абвешчана аб тым, што ў Беларусі няма тэрытарыяльных прэтэнзій да іх.

26 лютага 1992 г. Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі Заключны акт. З гэтага моманту яна не толькі стала раўнапраўным удзельнікам хельсінкскага працэсу, але і нясе разам з іншымі дзяржавамі адказнасць за захаванне міру і бяспекі ў Еўропе.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. вызначыла асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі суверэннай дзяржавы. У артыкуле 18 запісана: “Рэспубліка Беларусь у сваёй дзяржаўнай палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права”.

Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб скарачэнні войск у Еўропе. Яна зменшыла колькасць агульных узбраенняў. У 1992 г. Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, нягледзячы на тое, што стратэгічныя і тактычныя ядзерныя ракеты ЗША і блока НАТА заставаліся нацэленымі на яе. Толькі ў чэрвені 1994 г. афіцыйныя колы ЗША інфармавалі аб перанацэленасці іх ракет. У 1996 г. ядзерная зброя была поўнасцю выведзена за межы краіны.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1996 г. прапанаваў стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі. Рэспубліка Беларусь – нейтральная бяз’дзерная дзяржава ў цэнтры Еўропы.

У эканамічным супрацоўніцтве Рэспубліка Беларусь развівала сувязі з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перш-наперш з Расіяй. 2 красавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэты дагавор забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы, заканадаўстве і іншых галінах.

Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 г. у Маскве Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. Яго неад’емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету.

8 снежня 1999 г. у Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Беларуска-расійская інтэграцыя ўзнялася на якасна новую ступень. На долю Расіі прыходзіцца больш паловы агульнага аб’ёму знешняга гандлю Беларусі.

Рэспубліка Беларусь развівала гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з краінамі СНД, але і з дзяржавамі далёкага замежжа. У яе знешняй палітыцы выразна вызначыліся ўсходні і заходні вектары. Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца еўрапейскія краіны, у іх ліку Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, Літва, Латвія і інш. У 2002 г. аб’ём гандлю з імі склаў каля 5 млрд. дол. Рэспубліка Беларусь прыцягвала ў сваю эканоміку капіталы і вопыт замежных інвестараў і міжнародных валютна-фінансавых арганізацый, стварала сумесныя прадпрыемствы, дазваляла замежным фірмам займацца на сваёй тэрыторыі бізнесам і прадпрымальніцтвам.

Развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і замежных краін у галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Гэта – сумесныя распрацоўкі беларускімі і замежнымі вучонымі навукова-даследчых тэм, пераклад і выданне за мяжой твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гастролі майстроў беларускай сцэны і дэманстрацыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў у іншых краінах і г. д.

Адным з напрамкаў міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўлялася вырашэнне праблем, звязаных з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыеактыўнага рэчыва, 70 % якога прыйшлося на тэрыторыю Беларусі. Забруджанай аказалася трэцяя частка плошчы рэспублікі, на якой пражывала больш за 2,2 млн. чалавек. У крытычным стане апынуліся 20 % лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх – Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае возера і інш.

Нягледзячы на вялікія намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама на дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай. Патрабуюцца яшчэ нямалыя сродкі і пэўны час. Наогул, пераадолець вынікі такой буйной тэхнагеннай катастрофы, як чарнобыльская, Беларусі магчыма толькі з дапамогай міжнароднага супольніцтва.

Удзел спартсменаў Беларусі ў Алімпійскіх гульнях. Спартсмены Беларусі ўпершыню ўдзельнічалі на XV Алімпійскіх гульнях у Хельсінкі (Фінляндыя) у 1952 г. У складзе зборнай каманды СССР тады былі 4 беларускія лёгкаатлеты і 2 фехтавальшчыкі. Першы алімпійскі сярэбраны медаль сярод беларускіх спартсменаў заваяваў М. Крываносаў (кіданне молата) на XVI Алімпійскіх гульнях у 1956 г. у Мельбурне (Аўстралія).

На XXVI Алімпійскіх гульнях у 1996 г. у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь упершыню была прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. У яе складзе было 162 спартсмены. Залатыя медалі заваявала К. Хадатовіч (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка). Беларускія спартсмены на гэтых гульнях атрымалі яшчэ 6 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў.

На XXVIII Алімпійскіх гульнях у Афінах (Грэцыя) у 2004 г. у камандзе Беларусі налічвалася 147 спартсменаў па 23 відах спорту. Заваявана 15 медалёў: 2 залатыя (Ю. Несцярэнка – бег на 100 м і І. Макараў – дзюдо), 6 сярэбраных і 7 бронзавых. У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26‑е месца сярод 202 краін-удзельніц, а па колькасці медалёў – 18‑е месца.

У зімовых Алімпійскіх гульнях беларускія спартсмены ўдзельнічаюць з 1964 г. Першым з беларускіх спартсменаў, які атрымаў бронзавы медаль на XV зімовых Алімпійскіх гульнях у 1988 г. у Калгары (Канада), быў канькабежац І. Жалязоўскі на дыстанцыі 100 м. На XVII зімовых Алімпійскіх гульнях у 1994 г. у Лілехамеры (Нарвегія) Беларусь упершыню выступала асобнай нацыянальнай камандай. На XIX зімовых Алімпійскіх гульнях у 2002 г. у Солт‑Лейк‑Сіці (ЗША) каманда Беларусі ў складзе 62 спартсменаў у неафіцыйным камандным заліку заняла 19‑е месца, а хакейная зборная каманда – 4‑е месца.

Беларуская дыяспара. Слова “дыяспара” паходзіць ад грэчаскага “dіaspora”, што азначае рассяленне, пражыванне значнай часткі этнасу па-за межамі этнічнай тэрыторыі. Ва ўсе часы па розных прычынах насельніцтва беларускіх зямель перасялялася ў іншыя краіны. Першая хваля масавай эміграцыі з Беларусі адбылася на мяжы ХІХ і ХХ стст. Развіццё капіталізму, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян за межы Беларусі. Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, нямецкая, а затым польская акупацыя Беларусі ў 1918 – 1920 гг. абумовілі новую хвалю эміграцыі. У міжваенны перыяд асабліва значнай была эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі як вынік цяжкага сацыяльна-эканамічнага становішча працоўных, нацыянальнага і рэлігійнага націску ў складзе Польшчы. Шмат жыхароў Беларусі апынулася па‑за межамі рэспублікі ў гады Другой сусветнай вайны. Каля 1,5 млн. чалавек былі эвакуіраваны на ўсход СССР, далёка не ўсе яны вярнуліся ў рэспубліку. Амаль 380 тыс. жыхароў Беларусі былі прымусова вывезены на працу ў Германію. Многія тысячы беларусаў аказаліся за мяжой ў ліку савецкіх ваеннапалонных. Пакінулі Радзіму і члены многіх беларускіх палітычных арганізацый, устаноў і ваенных фарміраванняў, якія былі створаны фашыстамі на акупіраванай тэрыторыі. У пасляваенныя гады сотні тысяч грамадзян Беларусі апынуліся за мяжой Бацькаўшчыны пасля далучэння Беласточчыны да Польшчы (1945) і падчас узаемнай рэпатрыяцыі палякаў з Беларусі ў Польшчу і беларусаў з Польшчы ў Беларусь, у выніку прымусовых высяленняў, асабліва з Заходняй Беларусі ў іншыя рэгіёны СССР.

Характэрнай асаблівасцю пасляваеннай беларускай эміграцыі было тое, што яна заявіла аб сабе як аб самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы, стварыўшы свае нацыянальныя асяродкі, рэлігійныя, культурныя арганізацыі, навуковыя цэнтры, сродкі інфармацыі. У пасляваенны перыяд значна павялічыўся адток насельніцтва Беларусі ў іншыя рэгіёны Саюза. Гэта арганізаваная вярбоўка працоўных рэсурсаў на новабудоўлі, асваенне цалінных зямель у Казахстане і прыродных рэсурсаў Сібіры і Поўначы, планавае размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў, добраахвотныя індывідуальныя перасяленні.

Найбольшая колькасць беларусаў пражывае ў Расіі (1млн. 200тыс.), на Украіне – 460 тыс. беларусаў, у Латвіі – 120 тыс., у Літве – 63 тыс., у Польшчы – каля 300тыс. беларусаў. У ЗША, па сцвярджэнні даследчыкаў, у розныя часы асела 600–650тыс. беларусаў. Прыкладна 70тыс. беларусаў пражывае ў Канадзе. Ёсць згуртаванні беларусаў і ў краінах Заходняй Еўропы – Англіі, Францыі, Італіі, Даніі, Бельгіі і інш. Беларускія згуртаванні існуюць таксама ў Аўстраліі і краінах Лацінскай Амерыкі – Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі і інш. Усяго за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае прыкладна 3–3,5млн. беларусаў.