Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 3. Праблема адзінага рабочага і антыфашысцкага народнага фронту ў Заходняй Беларусі. Міжпартыйныя адносіны

Эканамічны крызіс 1929–1933 гг. надзвычай абвастрыў міждзяржаўныя і ўнутрыкласавыя супярэчнасці ў большасці краін свету. Гэта штурхала кіруючыя колы краін да пераходу на антыдэмакратычныя метады і формы дзяржаўнага кіравання, спрыяла прыходу да ўлады найбольш жорсткіх альбо фашысцкіх рэжымаў.

Знешнепалітычная арыентацыя на гітлераўскую Германію выкрышталізавала і ўнутрыпалітычны курс санацыйнага рэжыму Ю. Пілсудскага ў Польшчы. Пасля заключэння ў студзені 1934 г. германска-польскага дагавора ў краіне хутчэй пайшла фашызацыя грамадскага жыцця. У гэтым жа годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі каля мястэчка Бяроза-Картузская быў створаны канцлагер, куды без суда і следства змяшчалі актывістаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы, у першую чаргу камуністаў і камсамольцаў. У красавіку 1935 г. былі прыняты новая канстытуцыя Польшчы і новы выбарчы закон. Яны фактычна ліквідавалі тыя абмежаваныя дэмакратычныя правы, якія існавалі ў краіне ў 20‑я гады. Новая канстытуцыя ўзаконіла санацыйны рэжым. Такія перамены дыктавалі неабходнасць мяняць тактыку ўсяго сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху. Камуністычная партыя Польшчы і яе састаўная частка – Кампартыя Заходняй Беларусі – аказаліся негатовымі адразу да барацьбы ў новых умовах. Узброеная партызанская барацьба была больш лагічнай і зразумелай для заходнебеларускіх камуністаў. Другой, асабліва небяспечнай палітычнай лініяй было тое, што ў дзейнасці кампартый мэтанакіравана ўсталёўваліся максімалізм патрабаванняў, нецярпімасць да іншай думкі і інш. На гэтай падставе праводзілася палітыка варожасці да сацыял-дэмакратыі. На практыцы адбывалася наадварот: у краінах, дзе камуністы аб’ядноўвалі свае намаганні ў барацьбе з сацыял-дэмакратамі і дамагаліся ў адзінстве з дэмакратычнымі партыямі і арганізацыямі, дасягнута была перамога.

Рашаючую ролю ў перабудове ўсяго рэвалюцыйнага руху адыграў VII кангрэс Камінтэрна (1935), які распрацаваў тактыку барацьбы супраць фашызму і вайны. Трэба было стварыць адзіны рабочы фронт, што азначала аб’яднаць усіх рабочых у барацьбе за свае правы. Планавалася стварыць адзіны народны антыфашысцкі фронт. Гэта азначала, што важна аб’яднаць усе пласты грамадства, усіх грамадзян, якія не хочуць фашызму, імкнуцца не дапусціць новай вайны.

Працэс рэалізацыі задачы па стварэнні адзінага фронту барацьбы ўсіх дэмакратычных сіл супраць фашысцкага наступу праходзіў вельмі цяжка і з пераменным поспехам. Камуністы не маглі хутка зжыць сектанцкія адносіны да дэмакратычных партый і арганізацый, вельмі вялікі недавер склаўся ў членаў гэтых партый да камуністаў. У выніку агульная справа цярпела няўдачу.

Што ўяўлялі сабой партыі і арганізацыі Польшчы і Заходняй Беларусі, якія сумеснымі намаганнямі маглі стварыць антыфашысцкі фронт і не дапусціць перамогі фашызму?

Польская сацыялістычная партыя (ППС), створаная ў 1892 г., стаяла на антысавецкіх і антыкамуністычных пазіцыях, падтрымлівала ўрадавую палітыку паланізацыі насельніцтва “ўсходніх крэсаў”. Нязгодныя з гэтай палітыкай у 1926 г. адкалоліся і стварылі ППС-лявіцу. У 1931 г. яна была забаронена. У 30-я гады, у правай ППС зноў сталі ўзнікаць левыя плыні, што давала магчымасць для сумеснай барацьбы.

Значны ўплыў на працоўных гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі мелі яўрэйскія дэмакратычныя арганізацыі. Вядучую ролю адыгрываў Бунд – Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Створаны ў 1897 г., ён выяўляў галоўным чынам інтарэсы яўрэйскай беднаты і паўпралетарскіх элементаў.

Значным уплывам на сялянскія масы карысталася партыя “Стронніцтва людове”, якая ўтварылася ў выніку аб’яднання ў 1931 г. некалькіх партый: “Вызволене”, “Стронніцтва хлопске” і “Пяст” (польская сялянская партыя, што існавала ў 1912–1931 гг.). “Стронніцтва людове” знаходзілася ў апазіцыі да рэжыму Пілсудскага. Асобнае месца займалі беларускія нацыянальныя партыі. Сярод іх Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), пераіменаваная ў 1936 г. у Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА). Канкурэнтам БХД–БНА ў барацьбе за ўплыў на насельніцтва выступала палітычная групоўка беларускіх буржуазных суполак Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), якая лічыла магчымым кампраміс з “санацыйным” рэжымам Ю. Пілсудскага.

КПЗБ паступова пачала адыходзіць ад сектанцкіх пазіцый, вяла работу па аб’яднанні ўсіх рабочых арганізацый на аснове дэмакратычных патрабаванняў: 8-гадзіннага працоўнага дня, павышэння зарплаты і інш. Камуністы ўзмацнілі работу сярод членаў нізавых арганізацый “Стронніцтва людовага”. Паспяхова праводзілі адзінафрантавыя кампаніі сумесна з БХД–БНА за школу на беларускай мове і інш. У пачатку 1937 г. рэвалюцыйная і антыфашысцкая барацьба ў Заходняй Беларусі, безумоўна, мела значны поспех. Нягледзячы на рэпрэсіі, у забастовачнай барацьбе прымала ўдзел каля 30 тыс. чалавек толькі рабочых. Дакладныя лічбы бастуючых сялян невядомы, але аб маштабах гэтай барацьбы можна меркаваць па тым, што ва ўсёй Польшчы толькі 15 жніўня 1937 г. баставала 10 млн чалавек.

Ва ўмовах нарастання барацьбы працоўных і значных поспехаў па стварэнні адзінага народнага фронту ў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне Кампартыя Польшчы і яе састаўныя часткі – КПЗБ і КПЗУ – у сакавіку 1938 г. былі распушчаны і перасталі існаваць. Пазней, у 1956 г., роспуск кампартый быў прызнаны як неабгрунтаваны.

Нягледзячы на такі ўдар па сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым руху ў Польшчы, барацьба працоўных, хоць і не так інтэнсіўна, як раней, усё ж працягвалася аж да 17 верасня 1939 г.

У 1921–1939 гг. заходнебеларускія землі з’яўляліся аграрна-сыравінным прыдаткам Польшчы. Гэты перыяд стаў цяжкім і трагічным выпрабаваннем для беларускага народа. Яго заходняя частка апынулася фактычна ў каланіяльным становішчы, што абумовіла заняпад эканомікі і культуры. Беларускі народ не мірыўся з прыгнечаным становішчам і змагаўся за сацыяльную і нацыянальную незалежнасць, за ўз’яднанне з БССР. У гэтай барацьбе вызначыліся К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў, В. Корж, С. Прытыцкі, В. Харужая і інш. У 1939 г. здзейснілася мара беларускага народа. Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР.