Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
54
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 2. Беларуская літаратура, тэатральнае і музычнае мастацтва: асноўныя напрамкі развіцця

Развіццё літаратуры і мастацтва адбывалася ў складаных умовах, час узнікнення і ідэйнай барацьбы розных плыняў і груповак, абумоўленай сацыяльнай неаднароднасцю грамадства і абвастрэннем супярэчнасцей паміж сіламі новага і старога свету.

Асаблівасцю з’яўлялася тое, што ў асяроддзе пісьменнікаў улілася вялікая група маладых талентаў з вёскі, прыхільнікаў сацыялістычнай рэвалюцыі.

У 20-я гады дзейнічалі некалькі літаратурных аб’яднанняў, сярод іх “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” і інш. У 1921–1925 гг. на ўсю моц загучалі галасы пісьменнікаў старэйшага пакалення – Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Чалавек працы, змагар, будаўнік заставаўся галоўным героем літаратурна-мастацкіх твораў. У 1922 г. выйшаў зборнік вершаў Я. Купалы “Спадчына”, а ў 1925 г. – паэма “Безназоўнае”. У 1923–1925 гг. Я. Колас апублікаваў паэмы “Новая зямля” і “Сымон музыка”. Беларуская паэзія вітала рэвалюцыю. Для яе характэрны былі аптымізм, дух змагання за новае жыццё. Гэта быў час агульнага духоўнага ўздыму, час надзей, веры і мар.

У другой палове 20-х гадоў развіццё беларускай савецкай літаратуры адбывалася ў вострай барацьбе ідэйна-эстэтычных тэндэнцый, розных літаратурных груповак.

У канцы 1927 г. аформілася літаратурнае аб’яднанне “Полымя”. У ім працавалі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны і інш. У лістападзе 1928 г. Усебеларускі з’езд “Маладняку” вырашыў утварыць Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). З гэтага часу “Маладняк” спыніў сваё існаванне.

20–30-я гады з’явіліся перыядам далейшага ўмацавання сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў нашай краіны, усталявання больш цесных кантактаў пісьменнікаў Беларусі з пісьменнікамі братніх рэспублік. Беларускія пісьменнікі часта наведвалі культурныя цэнтры Расійскай Федэрацыі, Украіны, Грузіі. У сваю чаргу прадстаўнікі братніх народаў былі жаданымі гасцямі на беларускай зямлі. Летам 1940 г. праходзіла першая дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве, якая знаёміла з дасягненнямі беларускага народа ў самых разнастайных галінах творчасці.

У 30-я гады завяршыўся працэс стварэння адзінай пісьменніцкай арганізацыі Беларусі. У сувязі з ростам колькасці пісьменнікаў, а таксама для ўзмацнення партыйнага ўплыву на літаратурны працэс ЦК ВКП(б) вырашыў ліквідаваць шматлікія пісьменніцкія арганізацыі і аб’яднаць усіх пісьменнікаў, якія падтрымліваюць платформу савецкай улады, у адзіны саюз савецкіх пісьменнікаў. 23 красавіка 1932 г. была прынята пастанова ЦК ВКП(б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”. Аналагічную пастанову неўзабаве прыняў ЦК КП(б) Беларусі.

У чэрвені 1934 г. у Мінску адбыўся І з’езд пісьменнікаў Беларусі, на якім прысутнічала больш за 100 дэлегатаў. З’езд арганізацыйна аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР.

У змрочную пару рэпрэсій 30-х гадоў, паводле няпоўных звестак, было арыштавана каля 90 пісьменнікаў. Большасць з іх загінула ў лагерах. Сярод іх М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.

У вострай барацьбе розных мастацкіх школ і плыняў стваралася беларускае савецкае тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва. У верасні 1920 г. быў адкрыты Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), у 1926 г. – БДТ-2 і Беларускі вандроўны тэатр, які ў 1932 г. быў рэарганізаваны ў Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр (з базай у Гомелі). У 30-я гады былі створаны Рускі драматычны і Тэатр юнага гледача, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Гомелі і Віцебску, калгасна-саўгасныя тэатры ў Мінску, Барысаве, Мазыры, Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы і Дзяржынску. Усяго ў рэспубліцы працавала 14 тэатраў. На іх сцэнах ішлі такія п’есы, як “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане” Я.Купалы, “На дне” М. Горкага, “Партызаны” К. Крапівы і інш. У 1923 г. Першы беларускі дзяржаўны тэатр дэманстраваў сваё майстэрства ў Маскве ў Крамлі і быў узнагароджаны ЦВК СССР Ганаровай граматай.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы творчых работнікаў аказваў Беларусі рускі народ. Паездкі ў Маскву, вучоба ў лепшых майстроў сцэны садзейнічалі хуткаму творчаму росту калектываў тэатраў. Беларускаму гледачу былі добра вядомы такія славутыя дзеячы сцэны, як І. Буйніцкі, Е. Міровіч, У. Галубок, Г. Глебаў, Б. Платонаў, П. Малчанаў і інш.

У сярэдзіне 20-х гадоў першыя поспехі былі дасягнуты ў развіцці беларускага музычнага мастацтва, у якім усё яшчэ пераважала самадзейная творчасць музычных, харавых і танцавальных калектываў. У пачатку 20-х гадоў у Мінску, Віцебску, Гомелі былі створаны музычныя тэхнікумы, якія сталі цэнтрамі музычнага жыцця. У 1924 г. у Гомелі, а затым у Магілёве былі арганізаваны невялікія сімфанічныя аркестры.

Значны крок наперад зрабіла музычнае мастацтва ў 30-я гады. У 1932 г. адкрылася Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, у 1933 г. – Беларускі тэатр оперы і балета, а ў 1937 г. – Беларуская дзяржаўная філармонія. У яе склад увайшлі сімфанічны аркестр і аркестр народных інструментаў, ансамбль народнай песні і танца, харавая капэла. У гэты час сталі добра вядомы імёны такіх кампазітараў, як М. Аладава, А. Багатырова, В. Залатарова, І. Любана, А. Туранкова, М. Чуркіна і інш.

Паспяхова развівалася кінамастацтва. Ствараліся дакументальныя і мастацкія фільмы, кінахроніка. Сярод іх “Залатыя агні” У. Корш-Сабліна, “Балтыйцы” А. Файнцымера. Да ліку лепшых належалі таксама фільмы І. Бахара і Л. Малчанава “Палескія рабінзоны” (1935) і “Канцэрт Бетховена” (1937).

Дасягненні ў сферы культурнай дзейнасці сведчаць аб сапраўдным ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі ў рэспубліцы.