Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
43
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

Глава 7. Уклад беларускага народа ў вялікую перамогу

Разгром фашысцкай Германіі, а затым мілітарысцкай Японіі ў вайне 1939–1945 гг. мае сусветна-гістарычнае значэнне. Вялікая перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока была атрымана ў імя міру і жыцця на Зямлі. Яна аказала велізарнае ўздзеянне на ўвесь ход сусветнага развіцця ўжо тым, што аб’ектыўна з’явілася гістарычным прысудам фашызму і мілітарызму, пераканаўчым пацвярджэннем важнасці аб’яднання самых розных палітычных, сацыяльных, ідэалагічных сіл супраць ваеннай пагрозы, усякага роду рэваншызму, фашызму і неафашызму.

Важнейшым фактарам дасягнення Вялікай Перамогі быў удзел многіх дзяржаў і народаў у агульнай барацьбе супраць фашысцкага блока. Значэнне і роля баявых дзеянняў узброеных сіл ЗША, Англіі, Францыі, Кітая, намаганні і стойкасць народаў іншых краін, якія змагаліся з гітлераўскай Германіяй і мілітарысцкай Японіяй, несумненны і відавочны. Аб’ектыўныя гістарычныя матэрыялы і факты сведчаць: рашаючы ўклад у вызваленне народаў Еўропы і Азіі ад фашысцкага рабства, у выратаванне сусветнай цывілізацыі ўнеслі народы Савецкага Саюза і Савецкія Узброеныя Сілы. На савецка-германскім фронце з пачатку вайны і да сярэдзіны 1944 г. адначасова дзейнічала ад 190 да 270 нямецка-фашысцкіх дывізій, у той час калі англійскай і амерыканскай арміям супрацьстаялі ў Паўночнай Афрыцы ад 9 да 20, у Італіі – ад 7 да 26 дывізій. І пасля адкрыцця другога фронту (чэрвень 1944 г.) у Еўропе на савецка-нямецкім фронце ў 2–2,5 раза больш знаходзілася гітлераўскага войска, чым на заходнім і італьянскім франтах. Даўжыня савецка-германскага фронту на розных этапах вайны вагалася ад 3 да 6 тыс. км. З 1418 сутак існавання фронту 93 % часу прыпадае на актыўныя баявыя дзеянні. Працягласць жа фронту ў Паўночнай Афрыцы і Італіі не перавышала 300–350 км, а ў Заходняй Еўропе – 800 км.

Разам з усімі народамі Савецкага Саюза з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян.

Крыніцамі перамогі над агрэсарам з’явіліся дзейнасць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада, Савецкіх Узброеных Сіл, дружба народаў СССР, савецкі патрыятызм. У свеце не знайшлося такой сілы, якая б змагла спыніць фашысцкіх агрэсараў. Толькі 16 дзён супраціўляўся ім народ Польшчы, за 42 дні была акупіравана Францыя, 1418 дзён змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў савецкія людзі і іх узброеныя сілы і дасягнулі перамогі.

Вялікая Айчынная вайна была ўсенароднай. Ужо за першыя 8 дзён у Савецкія Узброеныя Сілы ўлілося больш за 5 млн чалавек. Толькі за чэрвень – жнівень 1941 г. больш за паўмільёна мужчын Беларусі, здольных насіць зброю, уступілі ў шэрагі Чырвонай Арміі. Усяго на франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 1 млн 300 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі.

Чырвоная Армія разбіла галоўныя сілы ваеннай машыны агрэсараў. З 13,6 млн чалавек, якіх страціла гітлераўская Германія за час другой сусветнай вайны, 10 млн знайшлі сабе магілу на ўсходнім фронце. Страты нямецка-фашысцкіх войск на савецка-германскім фронце былі ў 4 разы большыя, чым на заходнееўрапейскім і міжземнаморскім тэатрах ваенных дзеянняў.

За час вайны за мужнасць і гераізм ордэнамі і медалямі было ўзнагароджана звыш 7 млн ваеннаслужачых, больш за 11 тыс. чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў – ураджэнцаў Беларусі – атрымалі ордэны і медалі, 441 воін удастоены звання Героя Савецкага Саюза, а чацвярым (лётчык П.Я. Галавачоў, камандзіры танкавых злучэнняў І.І. Гусакоўскі, С.Ф. Шутаў, І.І. Якубоўскі) гэта званне прысвоена двойчы, 65 ураджэнцаў Беларусі сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Ураджэнцамі Беларусі былі выдатныя военачальнікі, якія затым сталі маршаламі: В.Д. Сакалоўскі, І.І. Якубоўскі, С.А. Красоўскі; генераламі арміі: А.І. Антонаў, І.І. Гусакоўскі; генерал-палкоўнікамі А.Р. Бацюня, І.П. Камера, Ф.І. Кузняцоў; віцэ-адміралам В.П. Дрозд; контр-адміралам В.Е. Ананіч – усяго 217 генералаў і адміралаў. У складзе ваенна-паветраных сіл з ворагам змагаліся 5305, у бранятанкавых і механізаваных часцях 2490 афіцэраў з Беларусі.

Свой ўклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі, якую ў гады акупацыі па праву называлі “Рэспублікай-партызанкай”.

Нямала беларусаў у ліку савецкіх грамадзян удзельнічала ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Агульная колькасць савецкіх партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, складала 12 тыс. чалавек, Чэхаславакіі – больш за 17 тыс. чалавек.

Рух Супраціўлення, які па свайму характару і мэтах быў антыфашысцкім, агульнадэмакратычным, меў важнае гістарычнае значэнне. Змагары Супраціўлення наносілі адчувальныя ўдары па варожых камунікацыях і гарнізонах, зганялі фашысцкіх акупантаў з населеных пунктаў, а ў некаторых краінах (Югаславія, Грэцыя, Албанія, Францыя) узброеныя фарміраванні антыфашыстаў вызвалілі ўсю тэрыторыю альбо большую яе частку.

Перамога над фашыстскім блокам была не толькі палітычнай і ваеннай, але і эканамічнай. У дасягненні яе адыгралі сваю ролю эканамічныя рэсурсы СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, іншых дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.

Значны ўклад у забеспячэнне Вялікай Перамогі над ворагам унёс савецкі тыл, у тым ліку эвакуіраваныя з Беларусі на ўсход краіны, прадпрыемствы і ўстановы. Да лета 1942 г. на абарону працавалі больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў. Усяго ва ўсходніх раёнах СССР працавала прыкладна 1,5 млн эвакуіраваных жыхароў Беларусі.

Адзінства фронту і тылу, працоўны гераізм жыхароў горада і вёскі былі магутным фундаментам Вялікай Перамогі. Ужо ў канцы 1942 г. суадносіны па асноўных відах ваеннай тэхнікі на савецка-германскім фронце змяніліся на карысць Чырвонай Арміі, а з лета 1943 г. яны працягвалі няўхільна павялічвацца. Па сярэднегадавому выпуску гармат палявой артылерыі СССР пераўзыходзіў Германію больш чым у 2 разы, супрацьтанкавых гармат – у 2,6, мінамётаў – у 5 разоў.

Працаўнікі калгасаў і саўгасаў забяспечвалі армію харчаваннем і фуражом.

Дзякуючы намаганням працаўнікоў тылу Савецкія Узброеныя Сілы атрымалі за гады вайны больш за 10 млн. т. боепрыпасаў, 16 млн. т. паліва, 40 млн т харчавання і фуражу, а таксама вялікую колькасць іншых матэрыяльных сродкаў. Увесь цяжар земляробчай працы ў час вайны вынеслі на сваіх плячах жанчыны, а таксама старыя і падлеткі.

Неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу ўнеслі інтэлігенцыя, работнікі народнай адукацыі і навукі, культуры, літаратуры і мастацтва Беларусі. Вучоныя Белдзяржуніверсітэта і Акадэміі навук БССР вырашалі задачы, якія мелі абароннае і народнагаспадарчае значэнне.

Цесную сувязь з савецкай арміяй, народам прадэманстравалі работнікі мастацтва. З першых дзён вайны былі створаны творчыя (франтавыя) брыгады Беларускага тэатра оперы і балета. Калектывы ўсіх беларускіх тэатраў давалі шэфскія канцэрты і спецыяльныя пастаноўкі для стварэння фонду абароны.

Інтарэсы фронту займалі галоўнае месца і ў творчасці беларускіх кампазітараў і мастакоў. Сярод іх Я. Цікоцкі, М. Аладаў, З. Азгур і інш.

Беларускія кінааператары на базе Маскоўскай студыі-хронікі штомесячна выпускалі кіначасопіс “Савецкая Беларусь”. Пры Усесаюзным радыёкамітэце бала створана беларуская рэдакцыя радыёвяшчання, якая штодзённа выпускала радыёперадачы. Не спынялі работы беларускі друк, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

Работнікі народнай адукацыі, навукі, культуры, літаратуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі ў гады вайны працавалі для народа, выхоўвалі пачуццё патрыятызму, мужнасці, нянавісці да захопнікаў, натхнялі на непрымірымую барацьбу з ворагам.

Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце. Улічваючы гэта, 27 красавіка 1945 г. міжнародная канферэнцыя, скліканая для ўтварэння ААН, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, якая і сёння ахоўвае мір і бяспеку народаў.

РАЗДЗЕЛ ІX.  САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ (1946–1985)

ГЛАВА 1.  САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ

§ 1. Аднаўленне народнай гаспадаркі рэспублікі пасля Вялікай Айчыннай вайны

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя бедствы: загінула больш за 2 млн. 200 тыс. чалавек, толькі прамыя страты склалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1942 г.). Аднаўленне эканомікі пачыналася адразу пасля вызвалення – у канцы 1943 – пачатку 1944 г. Аднак галоўнае было зроблена пасля заканчэння Айчыннай вайны, у ходзе рэалізацыі чацвёртага пяцігадовага плана аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі 1946–1950 гг. Яго асноўныя задачы былі выкладзены ў прынятым Вярхоўным Саветам БССР у верасні 1946 г. “Законе аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі на 1946–1950 гг.”. Ён з’явіўся часткай чацвёртага пяцігадовага плана развіцця СССР.

Аб’ём капіталаўкладанняў на пяцігодку вызначыўся ў суме 742 млн. руб., што перавышала памер капіталаўкладанняў па рэспубліцы за тры даваенныя пяцігодкі разам узятыя. Гэта павінна было забяспечыць высокія тэмпы аднаўлення і развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі.

У галіне прамысловасці ў чацвёртай пяцігодцы планавалася аднавіць даваенны ўзровень, а потым перавысіць яго. Характэрная рыса чацвёртай пяцігодкі – гэта не толькі аднаўленне разбуранага, развіццё старых галін, але – і гэта галоўнае – стварэнне новых і вельмі працаёмкіх галін, што ў той час аргументавалася неабходнасцю выкарыстання працоўных рэсурсаў і патрэбамі рэспублікі і краіны. У выніку пасляваеннае развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы і яе ролю ў стварэнні адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР.

Галоўнымі напрамкамі прамысловага развіцця пасляваеннай Беларусі з’явіўся паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў.

Пасляваеннае машынабудаванне характарызуецца не толькі адраджэннем старых, але і стварэннем шэрагу новых яе галін: аўтамабільнай, трактарнай, дарожных машын і будаўнічых механізмаў. Аўтамабільны і трактарны заводы ў Мінску былі буйнейшымі новабудоўлямі Беларусі. У будаўніцтве гэтых гігантаў прымала ўдзел уся краіна. У 1950 г. яны ўступілі ў строй і выдалі першую прадукцыю.

Машынабудаванне і металаапрацоўка пераўтварыліся ў вядучую галіну эканомікі рэспублікі. Ужо ў 1950 г., апошнім годзе чацвёртай пяцігодкі, яе валавая прадукцыя перавысіла ўзровень 1940 г. у 2,4 разы. Упершыню быў асвоены выпуск аўтамабіляў, аўтапрычэпаў, трактароў, веласіпедаў, цэглавырабляючых прэсаў, ліцейнага абсталявання і шмат іншага.

Вялікія поспехі мелі месца ў стварэнні энергетычнай і паліўнай базы народнай гаспадаркі. Былі адноўлены і зноў пабудаваны БелГРЭС, электрастанцыі ў Гомелі, Маладзечна, Гродна, Бабруйску, Брэсце і іншых гарадах і раённых цэнтрах, падрыхтавана да пуску першая чарга Смілавіцкай ГРЭС і Заводская ТЭЦ у Мінску. К 1950 г. выраб электраэнергіі па БССР перавысіў даваенны ўзровень на 47%. Прычым 80% электраэнергіі было выраблена на мясцовым тарфяным паліве. Развіваліся і традыцыйныя галіны беларускай эканомікі. Так, за пяцігодку вытворчасць будаўнічых матэрыялаў павялічылася ў 10 разоў і значна перавысіла даваенны ўзровень. Напрыклад, на вытворчасці цэменту – у 1,7 раза, цэглы – у 1,8 раза.

У ходзе пасляваеннага аднаўлення і развіцця прамысловасці рэспубліка павінна была рашыць вялікую задачу падрыхтоўкі кадраў для вытворчасці. У 1946–1950 гг. непасрэдна ў вытворчасці шляхам індывідуальнага, брыгаднага навучання праз курсавую сетку атрымалі масавыя прафесіі 47 тыс. і павысілі кваліфікацыю на вытворчасці, у школах і на курсах 42,5 тыс. чалавек.

Аднаўленне і развіццё галін цяжкай прамысловасці падрыхтавала базу для развіцця вытворчасці прадметаў спажывання. Выкананне гэтай задачы ўскладалася на прадпрыемствы лёгкай, харчовай, мясцовай прамысловасці, прамысловую кааперацыю. Да канца пяцігодкі на іх долю прыпадала больш за 70% ад усёй вытворчасці тавараў народнага спажывання. Пры гэтым мясцовая прамысловасць у пасляваенныя гады адыграла асабліва важную ролю. Яна працавала на мясцовай сыравіне і патрабавала менш сродкаў, чым на аднаўленне буйных фабрык і заводаў. Прадпрыемствы мясцовай прамысловасці хутка наладжвалі вытворчасць тавараў народнага спажывання: абутку, адзення, вырабаў са скуры, будаўнічых матэрыялаў і інш. За 1946–1950 гг. мясцовая прамысловасць і прамысловая кааперацыя асвоілі выпуск значнай колькасці новых відаў вырабаў, у тым ліку швейных машын, жалезнага і чыгуначнага, эмаліраванага, фаянсавага посуду, бытавых электрапрыбораў, прымусаў, гумавага абутку, прадметаў хатняга ўжытку. Тым самым змяншаўся востры дэфіцыт гэтых тавараў, рэгуляваліся працэсы занятасці працоўнай сілы.

Далейшае развіццё атрымала лёгкая прамысловасць: былі пабудаваны Мінскі і Гродзенскі тонкасуконныя камбінаты, што прывяло да вырабу ў рэспубліцы тонкасуконных і шарсцяных тканін, створана дыванова-плюшавая вытворчасць. Былі рэканструяваны гарбарна-абутковыя прадпрыемствы, ільназаводы, хутка развіваліся швейная, скураная і іншыя галіны лёгкай прамысловасці. Фактычна ізноў была створана магутная па таму часу трыкатажная прамысловасць. У выніку больш, чым да вайны, пачало вырабляцца шарсцяных і ільняных тканін, гумавага абутку.

Вялікая праца вялася ва ўсіх абласцях рэспублікі па аднаўленню харчовых, мясамалочных і іншых прадпрыемстваў, якія выраблялі прадукты харчавання. Створаны нанава цукровая, макаронная, кансервавая прамысловасці. Разам з тым развіццё харчовай прамысловасці стрымлівалася абмежаванымі рэсурсамі сельскагаспадарчай сыравіны, не поўнасцю выкарыстоўваліся магчымасці па расшырэнні вытворчасці гародніны і садавіны.

Неабходна падкрэсліць, што ва ўсіх галінах у значных маштабах рабілася тэхнічная рэканструкцыя, уводзілася больш дасканалае абсталяванне, выкарыстоўваліся новыя метады вытворчасці, павялічвалася ступень механізацыі, электрыфікацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Але ў асноўным гэта адбывалася ў галінах цяжкай прамысловасці, у першую чаргу – у машынабудаванні.

Такім чынам, працэс аднаўлення ў прамысловасці ажыццяўляўся ў асноўным на новай тэхнічнай аснове. Пры гэтым ён ішоў адначасова з новым будаўніцтвам – узводзіліся карпусы аўтамабільнага, трактарнага, мотавеласіпеднага, інструментальнага, падшыпнікавага, гіпсавага і іншых заводаў. Усяго за пяцігодку было адноўлена, пабудавана і ўведзена ў дзеянне каля 6 тыс. прадпрыемстваў, у тым ліку 180 буйных.

Тут вы можете оставить комментарий к выбранному абзацу или сообщить об ошибке.

Оставленные комментарии видны всем.