Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
55
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 6. Культура Беларусі на сучасным этапе

З сярэдзіны 80-х гг. пачынаюцца змены ў галіне культуры Беларусі. У перыяд перабудовы важнае месца набыло пытанне аб ролі і месцы беларускай мовы ў грамадстве. За пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы выступала інтэлігенцыя, а таксама нефармальныя аб’яднанні моладзі. Акрамя моўнага пытання, грамадскасць падымала праблему захавання гісторыка-культурнай спадчыны і ўсебаковага адраджэння беларускай культуры.

1991 г. паклаў пачатак новага этапу гісторыі беларускай культуры. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абавязвае паважаць нацыянальныя традыцыі, берагчы гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа, гарантуе свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія жывуць у краіне. Разам з тым істотнай перашкодай для культурнага развіцця стаў эканамічны крызіс, які прывёў да скарачэння дзяржаўных расходаў на патрэбы культуры. Лібералізацыя грамадска-палітычнага жыцця прывяла да з’яўлення новых тэм у літаратуры і мастацтве.

Развіццё адукацыі і навукі. З сярэдзіны 80-х гг. у СССР пачалася рэформа агульнаадукацыйнай, прафесіянальнай і вышэйшай школы. Пры рэфармаванні сістэмы адукацыі забяспечваліся пераемнасць і свабодны доступ да любой яе ступені, разнастайнасць зместу і форм навучання, пашырэнне магчымасцей для індывідуальнага развіцця асобы. Ажыццяўляліся больш цесныя сувязі навучання і вытворчай дзейнасці, уключэнне вучняў у сістэматычную, пасільную для іх здароўя і ўзросту грамадска-карысную працу. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў сацыяльна-эканамічнай сферы, адукацыя Беларусі захавала свой патэнцыял.

У агульнаадукацыйных школах быў уведзены курс асноў інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, створаны спецыялізаваныя сярэднія навучальныя ўстановы – ліцэі і гімназіі. Яны павінны былі забяспечыць больш дасканалую падрыхтоўку вучняў па выбраных галінах ведаў (гуманітарнай, тэхнічнай ці прыродазнаўчай). На розных узроўнях праводзіліся прадметныя алімпіяды па фізіцы, матэматыцы і іншых дысцыплінах. Пераможцы рэспубліканскага этапу мелі права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы без іспытаў па дысцыпліне алімпіяды. Практыкавалася сумяшчэнне выпускнога экзамену за сярэднюю школу з уступным экзаменам у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У 90‑я гг. у Рэспубліцы Беларусь пачала праводзіцца рэформа агульнаадукацыйнай школы, звязаная з пераходам на 12-гадовы тэрмін навучання ў сярэдняй школе. Яна прадугледжвае пераход да абавязковай 10‑гадовай базавай школы. Сярэднюю адукацыю можна атрымаць у апошніх 11 і 12 класах ці праз прафесійную адукацыю. Апошнія класы маюць на мэце спецыялізаваную падрыхтоўку вучняў па розных накірунках (прыродазнаўча-матэматычным, гуманітарным, тэхналагічным, агульнаадукацыйным). Рэформа павінна пазбавіць навучэнцаў вучэбнай перагрузкі.

У прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах разам з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы праходзілі падрыхтоўку па 420 прафесіях. Больш за 10 прафесіянальна-тэхнічных вучылішч аб’явілі сябе такімі прафесіянальнымі вучылішчамі, якія даюць адначасова прафесіянальна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную падрыхтоўку.

Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы забяспечваюць падрыхтоўку кадраў для гаспадаркі і культуры. Частка тэхнікумаў была пераўтворана ў каледжы, дзе адначасова ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняй кваліфікацыі і спецыялістаў павышанага ўзроўню. Апошнія мелі магчымасць паступіць адразу на ІІІ курс вышэйшай навучальнай установы.

У вышэйшых навучальных установах былі створаны новыя спецыяльнасці, звязаныя з навукова-тэхнічным прагрэсам – па робататэхніцы, электроннаму прыборабудаванню, новых хімічных тэхналогіях, біятэхналогіях і інш. Пашыралася падрыхтоўка спецыялістаў у галіне эканомікі, права, сацыяльнай работы.

Асаблівасцю развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у 90‑я гг. стала дзейнасць недзяржаўных навучальных устаноў, якія існуюць разам з дзяржаўнымі ўстановамі. Навучанне ў іх ажыццяўляецца на платнай аснове (за кошт асабістых сродкаў студэнтаў, навучэнцаў і іх бацькоў). Гэтыя навучальныя ўстановы атрымліваюць ад дзяржавы ліцэнзію (права) на правядзенне вучэбнай дзейнасці. Каб забяспечыць існуючы ў краіне стандарт адукацыі сістэматычна праводзіцца атэстацыя ўсіх навучальных устаноў, у тым ліку і недзяржаўных.

Разбурэнне гаспадарчых і навуковых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане беларускай навукі. Адбывалася скарачэнне яе фінансавання, старэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вынікі навуковых даследаванняў былі нізказапатрабаванымі ў народнай гаспадарцы. У выніку скарацілася колькасць маладых спецыялістаў і адбылося так званае старэнне навукі. Аднак і ў гэтых умовах навуковыя даследаванні не спыніліся. У 1993 г. быў прыняты закон “Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі”, згодна з якім адказнасць за развіццё фундаментальных навуковых даследаванняў ускладзена на Акадэмію навук Беларусі.

Беларускія вучоныя ажыццяўляюць шэраг важных даследаванняў практычна ва ўсіх галінах ведаў. Паступова аднаўляюцца страчаныя раней сувязі з вучонымі Расіі і краін былога СССР, ажыццяўляюцца кантакты з навуковай супольнасцю замежных краін. Развіццё навукі павінна забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь, павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Літаратура. Змены ў сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці Беларусі знайшлі адлюстраванне ў літаратуры.

Палітыка галоснасці і дэмакратызацыі жыцця спрыяла з’яўленню твораў, прысвечаных праблеме палітычных рэпрэсій. Былі апублікаваны аповесці-успаміны С. Грахоўскага, Ф. Аляхновіча і інш. Тэму рэпрэсій узнімае ў сваіх творах В. Быкаў. Беларусы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, якія да гэтага не публікаваліся ў Беларусі.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствы з’явіліся важнай тэмай мастацкай літаратуры. І. Шамякін стварыў раман “Злая зорка”, дзе спрабаваў асэнсаваць значэнне гэтай катастрофы. Шэраг пісьменнікаў развіваюць Чарнобыльскую тэму ў сваёй творчасці.

Другая палова 1980 – 1990-я гг. – перыяд узрастання інтарэса пісьменнікаў і паэтаў да гістарычнага мінулага. Невыпадкова ў гэты час узнікае шэраг мастацкіх твораў, прысвечаных розным падзеям і асобам з гісторыі Беларусі. Не абмінаюць сучасныя аўтары і тэму Вялікай Айчыннай вайны, хаця яна і не з’яўляецца дамініруючай, як у папярэднія дзесяцігоддзі.

Новыя творы з’явіліся ў беларускіх паэтаў Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна і інш.

Тэатр, музыка. У складаных эканамічных умовах сярэдзіны 1980 – 1990‑х гг. развівалася тэатральнае мастацтва Беларусі. Колькасць прафесіянальных тэатраў у Беларусі нават павялічылася з 17 у 1985 г. да 21 у 1991 г. У 90‑я гг. узніклі новыя прафесіянальныя і аматарскія драматычныя тэатры. Галоўную ролю ў тэатральным мастацтве адыгрывалі прафесійныя дзяржаўныя калектывы. На высокім узроўні працавалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Дзяржаўны музычны тэатр, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, абласныя драматычныя і лялечныя тэатры.

Аснову рэпертуару беларускіх тэатраў складае драматургія беларускіх аўтараў, руская і замежная класіка. Сучасная беларуская драматургія адлюятравала цікавасць да гістарычнай тэматыкі, фальклорных сюжэтаў.

Далейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. Шмат зрабілі і робяць для развіцця музычнай культуры Беларусі такія вядомыя кампазітары, кіраўнікі музычных калектываў і выканаўцы, як В. Роўда, М. Дрынеўскі, М. Казінец, С. Картэс, Дз. Смольскі, У. Солтан і інш.

У цэнтры канцэртнай дзейнасці сёння знаходзяцца Беларуская дзяржаўная філармонія і абласныя філармоніі. Рэспубліка Беларусь мае высокапрафесіянальныя калектывы: Акадэмічны хор Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча, Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Р. Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і інш. Шырокую папулярнасць у Беларусі і за яе межамі набыў Дзяржаўны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга. У апошнія гады ўтварыліся Дзяржаўны камерны хор, Мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга” і іншыя творчыя калектывы. Значнае месца ў музычным жыцці краіны займаюць лепшыя ўзоры эстраднай песеннай творчасці.

Беларусь, Расія, і Україна з 1992 г. у Віцебску штогод сумесна праводзяць свята песні “Славянскі базар”. Уздыму ўзроўню майстэрства маладых выканаўцаў садзейнічае фестываль у Маладзечне, які з 1993 г. стаў традыцыйным. Шырокую вядомасць, роўную “Славянскаму базару”, у апошнія гады набыў фестываль песні “Залаты шлягер у Магілёве.

Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Важныя змены адбыліся і ў тэматыцы твораў выяўленчага мастацтва. Адной з асноўных тэм стала гістарычная, якая мае выразны нацыянальна-рамантычны ўхіл. Галоўнымі героямі твораў з’яўляюцца ідэалізаваныя персанажы з нацыянальнай гісторыі. Частка мастакоў звяртаецца да вельмі папулярнай сёння экалагічнай тэматыкі, перш за ўсё Чарнобыльскай катастрофы.

Для манументальнага мастацтва характэрна адмаўленне ад грандыёзных манументаў абстрактна-сімвалічнага сэнсу. У 90‑я гг. створаны некаторыя помнікі ў розных гарадах Беларусі. Характэрнай прыметай часу сталі помнікі ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 1996 г. у Мінску адкрыты помнік воінам, якія загінулі ў Афганістане, вядомы як “Востраў слёз”. Помнікі і мемарыяльныя дошкі ў памяць воінаў-афганцаў устаноўлены ў Оршы, Рэчыцы, Баранавічах. Зварот да гістарычнай тэматыкі наглядаецца ў беларускай скульптуры. Так, былі ўстаноўлены помнікі Кірылу Тураўскаму ў Тураве, Францыску Скарыне ў Лідзе і ў Празе, Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Ефрасінні Полацкай ў Мінску і ў Рэчыцы. Шэраг помнікаў прысвечаны дзеячам беларускай навукі і культуры больш позніх часоў.

Сучасная беларуская архітэктура характарызуецца адраджэннем гістарычных і нацыянальных традыцый у спалучэнні з новымі матэрыяламі і будаўнічымі тэхналогіямі. Архітэктары актыўна выкарыстоўваюць элементы, уласцівыя беларускаму дойлідству папярэдніх эпох: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен, паўцыркульныя вокны, нішы, аркі, калоны і інш. Новыя тэндэнцыі выразна адчуваюцца ў спартыўных збудаваннях, вакзалах, банкаўскіх комплексах і нават у жыллёвай архітэктуры. Да найбольш цікавых пабудоў можна аднесці аўтавакзал “Маскоўскі”, новы чыгуначны вакзал у Мінску, лядовыя палацы ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі. У апошнія гады ўзводзіцца шмат культавых пабудоў розных канфесій.

Адной з важных задач палітыкі дзяржавы ў галіне культуры з’яўляецца захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры. У апошнія гады ў рэспубліцы праводзіцца мэтанакіраваная работа не толькі па вяртанню гісторыка-культурнай спадчыны, але і па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Вялікія рэстаўрацыйныя работы ў канцы 80‑х – 90‑я гг. праводзіліся ў Мірскім замку. Пастановай Савета Міністраў Нясвіжу быў нададзены статус Нацыянальнага запаведніка Рэспублікі Беларусь. Надзвычайную каштоўнасць для Беларусі мае Полацкі гісторыка-культурны запаведнік. Праводзілася рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры на Навагрудчыне, Лідскага замка, Барысаглебскай (Каложскай) царквы і Старога Замка ў Гродне, Благавешчанскай царквы ў Віцебску, гістарычнай забудовы старажытнабеларускіх гарадоў. У Мінску на плошчы Свабоды быў адноўлены будынак ратушы.

Фізічная культура і спорт у Рэспубліцы Беларусь. Заняткі моладзі і ўсяго насельніцтва фізічнай культурай і масавым спортам разглядаюцца ў Рэспубліцы Беларусь у якасці аднаго са сродкаў умацавання здароўя нацыі, фарміравання здаровага ладу жыцця. Міністэрствам спорту і турызму была распрацавана Дзяржаўная праграма па фарміраванні здаровага ладу жыцця на 2002 – 2006 гг., адобраная Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Забеспячэнню даступнасці для ўсіх катэгорый насельніцтва займацца фізічнай культурай і масавым спортам садзейнічае функцыянаванне ў краіне 226 стадыёнаў, 26 спартыўных манежаў, 231 плавальнага басейна, 4 778 спартыўных залаў, 715 міні-басейнаў у дзіцячых дашкольных установах. Да паслуг народа таксама базы алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, “Раўбічы”, “Ратамка”, палацы спорту, тэніса, лядовыя палацы, больш за 9,6 тыс. адкрытых спартыўных пляцовак. У Рэспубліцы Беларусь працуюць больш за 23 тыс. спецыялістаў фізічнай культуры і спорту, у іх ліку каля 7,5 тыс. настаўнікаў фізічнай культуры.

Фізічнае выхаванне каля 3 млн. дашкольнікаў, навучэнцаў і студэнтаў ажыццяўляецца ў час правядзення вучэбных заняткаў па фізічнай культуры. У адпаведнасці з праграмай “Дзеці Беларусі”, зацверджанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, праходзяць рэспубліканскія фестывалі “Спорт і мастацтва”, “Алімпійцы сярод нас”, злёты “Калядныя старты” дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзяцей-сірот і дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў набылі спаборніцтвы па футболе “Скураны мяч”, па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскія зімовая і летняя спартакіяды па месцы жыхарства. Праводзяцца таксама зімовая і летняя спартакіяды дапрызыўнай моладзі па мнагаборствах комплексу “Абаронца Айчыны”.

На прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у арганізацыях створаны калектывы і клубы фізічнай культуры. Каля 1 млн. (амаль 10 % насельніцтва краіны) займаюцца фізічнай культурай па месцы вучобы, працы і жыхарства ў спартыўных секцыях, аздараўленчых групах, клубах і фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах.

Фізічная культура і масавы спорт у Рэспубліцы Беларусь – гэта здаровы лад жыцця насельніцтва, здароўе нацыі, будучае незалежнай Беларусі.