Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
55
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

Глава4. Фарміраванне беларускай народнасці. Культура беларусі ў другой палове хііі – першай палове хvі стст. § 1. Фарміраванне беларускай народнасці

Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Яна ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уздзеяннем геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.

Вядома, што на мяжы ІІІ – ІІ тыс. да н.э. сучасную тэрыторыю беларусі засялялі плямёны фіна-уграў, якіх з пачаткам веку металаў змянілі балты. У час “Вялікага перасялення народаў” сюды з поўдня і захаду прыйшлі славяне, якія на працягу V – VІІІ стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць новыя раннефеадальныя этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае ўзаемадзеянне гэтых супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесійнай інтэграцыяй у межах Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым прысутнасць у рэгіёне моцных цэнтрабежных тэндэнцый абумовіла адасабленне гэтых тэрыторый. Таму з сярэдзіны ХІІІ ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ, у межах якога былі створаны неабходныя палітычныя ўмовы ўтварэння беларускай народнасці. У межах ВКЛ была створана адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне не знішчыла цалкам лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Наяўнасць жа ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ як аб’яднальных, так і сепаратысцкіх тэндэнцый ускладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў стала далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталявалася адзіная грашовая сістэма, ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі інтэграцыйных этнічных працэсаў у межах дзяржавы. Аднак працэсы гэтыя на ўзроўні дзяржавы стрымліваліся існаваннем склаўшыхся рэгіянальных, лакальных рынкаў.

Што датычыць сацыяльных фактараў, то далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Сфарміраваліся чатыры асноўных саслоўі: шляхта, духавенства, мешчанства і сялянства. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Пэўную этнакансалідуючую ролю адыгрываў канфесійны фактар. Канфесійныя антагантзмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тут адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХV стст. у ёй развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р”, “дзеканне” і “цеканне”, “аканне” і “яканне”, прыстаўныя гукі на пачатку слова. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе складовай часткай былі новаўводзіны, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’явіўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтаму спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі ў гэтых раёнах было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара з размяшчэннем пабудоў па перыметры.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся цэлы комплекс сельскагаспадарчых прылад працы (літоўская саха, драўляная частаплеценая барана, матыка, серп, цэп і інш.), дапаможных гаспадарчых пабудоў, ветраных і вадзяных млыноў.

У гэты час зацвердзіліся характэрныя для нашай тэрыторыі строі народнага адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, стракатыя безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі.

У ХV – ХVІ стст. склалася і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору: чарадзейныя казкі, абрадавая паэзія, песні (хрэсьбінныя, калыханкі, хаўтурныя, песні-плачы, валачобныя, вясельныя, жніўныя, жартоўныя). Узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў свай ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохоў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнік таксама народны лялечны тэатр – батлейка. У ХVІ ст. з’явіліся і новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускім і сваю мову рускай. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена тым, што насельніцтва гэтых зямель у пераважнай большасці прытрымлівалася праваслаўя, або рускай веры. У выніку склалася так, што самасвядомасць і саманазва ў беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыкметы. Але трэба адзначыць, што “рускае” насельніцтва ВКЛ ужо ў той час адрознівала сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы.

Такім чынам, у ХV – ХVІ стст. завяршыўся працэс фарміравання беларускага этнасу пад уздзеяннем розных этнаўтвараючых фактараў.