Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
54
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 7. Беларускія землі ў перыяд феадальнай раздробленасці

У пачатку ХІІ ст. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) распалася на асобныя княствы. Землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, Пінскага, Новагародскага і часткова Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага княстваў.

Чаму распалася Старажытнаруская дзяржава? Таму ёсць некалькі прычын. Першая з іх звязана з далейшым развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю. Гэта рабіла ў новых умовах непатрэбнай адзіную дзяржаву, якая недастаткова ўлічвала асаблівасці княстваў і не стымулявала іх сацыяльна-эканамічнае развіццё. Лічылася, што княствы маглі самастойна і лепш вырашаць складаныя гаспадарчыя праблемы. Другая прычына звязана з наяўнасцю крэпасцей і войск ў мясцовых феадалаў, ростам іх ваеннай магутнасці, што стварала ілюзію магчымасці самастойна абараняць сваю тэрыторыю ад знешніх ворагаў і падаўляць выступленні залежных сялян. Апошняе нараджала яшчэ адну ілюзію – непатрэбнасць адзінай дзяржавы. На самай справе, развал Кіеўскай Русі, феадальная раздробленасць прывялі да 240 гадоў татара-мангольскага іга на рускіх землях. І, нарэшце, трэцяе, рост эканамічнай і ваеннай магутнасці мясцовых феадалаў нараджаў у іх асяроддзі сепаратысцкія настроі, імкненне да незалежнасці ад вялікага кіеўскага князя і поўнага самастойнага княжання. А безгранічны сепаратызм заўсёды і непазбежна вядзе да гібелі адзінай дзяржавы. Так здарылася і з Кіеўскай Руссю.

У сучаснай гістарычнай літаратуры выказваюцца новыя погляды па пытаннях феадальнай раздробленасці. Так, М. Ермаловіч лічыць, што раз’яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, зямель у ХІІІ ст. не трэба перабольшваць. Феадальная раздробленасць, якая была вынікам феадальнага спосабу вытворчасці, з’явілася на той час не толькі заканамерным, але і прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Справа ў тым, што ў нетрах феадальнай раздробленасці выспявалі ўмовы для ўмацавання беларускіх зямель. Ствараліся лепшыя магчымасці для асваення зямель і прыродных рэсурсаў, росту гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў. А гэта садзейнічала таварнай вытворчасці, вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных зямель.

Тэндэнцыя да эканамічнага і палітычнага згуртавання назіралася ў межах Полацкай і Турава-Пінскай зямель. І хоць на тэрыторыі гэтых зямель узнік шэраг удзельных княстваў, іх князі часта дзейнічалі згуртавана. У пачатку ХІІІ ст. Турава-Пінская зямля ўсё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй у барацьбе супраць агульнага ворага – галіцка-валынскіх князёў. Аб гэтым сведчыць тое, што ў 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў яго барацьбе з Данілам Галіцкім.

Аб росце згуртаванасці, а не раздробленасці беларускіх зямель сведчыць, на думку М. Ермаловіча, узвышэнне Новагародскай зямлі, на долю якой “выпала гістарычная роля стаць у другой палове ХІІІ ст. ядром аб’яднання беларускіх і балцка-літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву”. Вывад М. Ермаловіча аб тым, што “у сярэдзіне ХІІІ ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перайшоў з Полацка ў Новагародак”, а апошні “стаў асяродкам зараджэння новай дзяржаўнасці” з’яўляецца спрэчным, дыскусійным.

Якім жа было сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ХІІ – ХІІІ стст.?

Насельніцтва беларускіх зямель не было сацыяльна аднародным. На адным полюсе феадальнага грамадства стаялі самыя багатыя і ўплывовыя людзі – князі і баяры. Эканамічную аснову іх панавання і багацця складала ўласнасць на зямлю. Існавалі розныя формы феадальнага землеўладання: вотчыннае – валоданне зямлёй, сядзібай і сялянамі з правам продажу зямлі, раздзелу яе і перадачы ў спадчыну; памеснае – перадача зямлі ў часовае ўладанне за службу без права спадчыны; царкоўнае і манастырскае – знаходжанне зямель ва ўласнасці царквы і манастыроў.

Клас феадалаў меў іерархію. На вяршыні піраміды знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-кіраўнікі асобных зямель, княстваў (“отчын”), яшчэ ніжэй – феадалы-уладальнікі вялікіх і малых памесцяў (баяры, дваране). Дробныя феадалы ішлі на службу да багацейшых і знатных, станавіліся іх васаламі і карысталіся іх заступніцтвам.

Феадалы карміліся за кошт сваіх вотчын. Вотчына ўключала замак феадала, абкружаны землянымі валамі і равамі, драўлянай сцяной, за якой размяшчаліся замкавыя пабудовы, а таксама падпарадкаваную феадалу вясковую акругу. Меліся і баярскія двары-замкі, якія ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы мікраскапічных дзяржаў у дзяржаве. Уладара абслугоўвала залежная ад яго чэлядзь. Ён меў уласнае войска, з дапамогай якога ахоўваў сваё дабро і здзяйсняў уладу над сялянамі вясковай акругі. З уласным войскам феадал выступаў на вайну па патрабаванні князя ці мацнейшага феадала. Войска складалася са старэйшай дружыны вялікіх князёў і князёў буйных зямель, у якой служылі феадалы-баяры, і малодшай дружыны, у якой служылі баярскія і дваранскія дзеці, а таксама з войска феадалаў, якое ўключала ў сябе не толькі васальных баяр, але і служылых людзей, рамеснікаў і вольных сялян, што парвалі з абшчынай. Крыніцы называюць і гарадскія палкі, якія фарміраваліся па тысячах і дзяліліся на сотні.

Большую частку насельніцтва складалі сяляне. Сярод іх крыніцы называюць смердаў (найбольш шматлікая група феадальна залежных сялян), закупаў (часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу), халопаў і рабоў (асабіста несвабоднае насельніцтва). Вядомы таксама радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам нейкімі абавязацельствамі (“радам”, адсюль словы “радзіцца”, “дамаўляцца”), ізгоі – сяляне, якія выйшлі з абшчыны, знаходзіліся на службе ў феадалаў і поўнасцю залежалі ад іх волі.

Асноўнай вытворчай адзінкай з’яўлялася гаспадарка адной сялянскай сям’і (“дым”, “рала”). Гаспадарча самастойныя сялянскія сем’і сяліліся невялікімі вёскамі, якія называліся “весямі”. Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх “весяў” было вялікае сяло – “пагост”. Жыллём служылі невялікія зрубы ці паўзямлянкі з глінабітнымі печамі, у якіх палілася па‑чорнаму.

Земляробчае насельніцтва арганізоўвалася ў сялянскія абшчыны, якія называліся “вервь” ці “мир”. Абшчына аб’ядноўвала сем’і адной або некалькіх вёсак. Зямля з’яўлялася ўласнасцю абшчыны і перыядычна пераразмяркоўвалася паміж асобнымі сем’ямі. У абшчынным карыстанні заставаліся сенажаці, лугі, лясныя ўгоддзі, рэкі і азёры. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за здзейсненае на яе тэрыторыі злачынства, калі віноўнік невядомы, разам узнаўлялі страты, нанесеныя гаспадарцы або рэчы ўласніка. Абшчына была адным са сродкаў супраціўлення наступленню феадалаў на сялянскія землі і ўгоддзі. У працэсе эвалюцыі з абшчыны вылучаліся заможныя сялянскія гаспадаркі.

Асноўныя формы сялянскіх павіннасцей феадалу – аброк ці “павоз” (аплата натурай часткі сялянскага прыбытку) і паншчына (баршчына) (работа на барскім полі). Сяляне таксама працавалі на будаўніцтве гарадоў, замкаў, абарончых ліній, дарог. У час войнаў і феадальных міжусобіц яны аддавалі сваіх коней, абавязаны былі пастаўляць прадукты харчавання.

Большую частку неабходных для жыцця рэчаў сяляне рабілі самі. Яны пралі і ткалі, шылі адзенне і абутак, будавалі хаты, рабілі мэблю, посуд і г. д. Сыравінай для вытворчасці тканін, напрыклад, служылі шэрсць, лён і каноплі. Ткалі на гарызантальных ткацкіх станках.

Існавалі розныя сістэмы земляробства: падсечная (у лясной зоне), пераложная (у далінах рэк, на лясных палянах, сухадольных лугах, высахлых тарфяніках – зямлю пераставалі апрацоўваць для аднаўлення яе натуральнай урадлівасці), папарная збожжавая сістэма з двухполлем ці трохполлем. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, проса, грэчку, гарох, лён, каноплі.

Асаблівасцю развіцця жывёлагадоўлі было тое, што да канца І тысячагоддзя н.э. зацвердзілася стойлавае ўтрыманне жывёлы. Паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва і бортніцтва ігралі падначаленую ролю.

Поспехі, дасягнутыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, стварылі ўмовы для аддзялення рамяства і гандлю ад земляробства. Месцам канцэнтрацыі гэтых відаў гаспадаркі з’яўляліся гарады.

Пад 862 г. летапіс упамінае Полацк, пад 980 г. – Тураў. Апавядаючы пра падзеі ХІ ст., летапісы паведамляюць аб існаванні яшчэ 12 гарадоў: Брэста, Віцебска, Мінска, Заслаўя, Браслава, Оршы, Пінска, Друцка, Лагойска, Лукомля і інш. Падзеі ХІІ ст. пакінулі ў летапісах успаміны яшчэ пра 17 гарадоў: Слуцк, Барысаў, Гародня, Клецк, Камянец, Мсціслаўе, Крычаў, Гомель, Рагачоў, Брагін, Мазыр, Чачэрск і інш. У ХІІІ ст., паводле пісьмовых крыніц, існавалі таксама Рэчыца, Нясвіж, Новагародак, Слонім, Ваўкавыск, Капыль, Кобрын і інш. У ХІV ст. становяцца вядомымі Магілёў, Ліда, Быхаў, Свіслач і інш.

Пісьмовыя крыніцы і археалагічныя матэрыялы, на думку Э.М. Загарульскага, сведчаць аб тым, што ўзнікненне гарадоў звязана са славянскім этапам у гісторыі Беларусі. У аснове большасці гарадоў ляжалі княжацкі замак або пагранічная крэпасць, ваенны і фінансава-адміністрацыйны цэнтр акругі, феадальная сядзіба. У замку ці каля яго сяліліся рамеснікі і гандляры, бо феадалы з’яўляліся заказчыкамі і спажыўцамі іх прадукцыі. Па меры павелічэння ўдзельнай вагі гэтай катэгорыі людзей паселішча ператваралася ў горад.

Акрамя замка ці пагранічнай крэпасці (магутных абарончых збудаванняў), існавання рамяства і гандлю, для горада ранняга сярэднявечча былі характэрнымі дастаткова вялікая плошча ўмацаванай часткі паселішча (ад 1 да 10 га), радыяльная альбо веерападобная сетка вуліц, якія зыходзіліся да гарадскіх варот, элементы добраўпарадкавання (брук, машчэнне вуліцы дрэвам, дрэнажная сістэма), наяўнасць рынка, які размяшчаўся каля гарадскіх варот, а таксама манументальных культавых і свецкіх пабудоў (каменныя цэрквы, княжацкія палацы).

Цэнтральная ўмацаваная частка горада называлася дзядзінцам. Гэта – арыстакратычная частка горада, дзе пераважна сяліліся феадалы (князь, дружына, баяры), заможнае купецтва, духавенства. Побач з дзядзінцам размяшчаўся, як правіла, неўмацаваны рамесніцка-гандлёвы пасад. З часам узнікалі знешнія ўмацаванні (Пінск) ці ўмацаванні ў частцы пасада (Новагародак). Насельніцтва большасці гарадоў складала ад 1 да 3 тыс. чалавек.

У гарадах існавалі некалькі дзесяткаў відаў розных рамёстваў. Развіты былі металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, ганчарная і гарбарная справы, разьба па косці. У буйных гарадах ювеліры валодалі майстэрствам зерні і эмалі, выраблялі складаныя і дарагія ўпрыгожанні з золата і серабра. У Полацку была наладжана вытворчасць шкляных упрыгожанняў, бранзалетаў, якія карысталіся вялікім попытам гараджанак. Гарадскія жыхары занімаліся таксама земляробствам, жывёлагадоўляй, садаводствам і рыбалоўствам, паляваннем.

Развіваўся гандаль. Археалагічныя даследаванні выявілі ў заходніх землях Русі прадметы візантыйскай, заходнееўрапейскай і ўсходняй вытворчасці. З Візантыі ў спецыяльных гліняных пасудзінах – амфарах – прывозілі віно і аліўкавы алей, пастаўляліся таксама з гэтай краіны каштоўны посуд і прадметы хрысціянскага культу. Фаянсавы посуд іранскай вытворчасці знойдзены ў Новагародку і Лукомлі. У Ваўкавыску знойдзены вырабы з косці паўднёва-германскай вытворчасці, а ў Мінску – касцяная разная лыжачка для прычасця французскай вытворчасці. З Заходняй Русі ў суседнія краіны вывозіліся зерне, футра, скура, воск. Вядома аб існаванні ў Кіеве полацкага гандлёвага двара. Сведчаннем развітога гандлю з’яўляюцца знаходкі манет, сярэбраных грашовых злепкаў, якімі аплочваліся буйныя таварныя партыі. Гандляры ўзмацняліся эканамічна і палітычна, стваралі свае аб’яднанні – “братчыны”.