Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 3. Беларускі нацыянальны рух

У гады вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрыта газета “Наша ніва”. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі нацыянальны рух быў спынены. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы, браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. У лютым 1916 г. была распаўсюджана адозва “Грамадзяне!”, у якой намячалася стварэнне самастойнай дзяржавы з соймам у Вільні.

Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве. Акупіраваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца “Польскай Кароне”. У сувязі з гэтым польскія памешчыкі і ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай “злучнасці”. Прымусовая паланізацыя выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта прывяло да адмаўлення ідэі ўтварэння канфедэратыўнай дзяржавы Польшчы і Беларусі. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, якая ставіла сваёй мэтай утварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах.

Германія, намагаючыся ўмацаваць сваю ўладу на акупіраванай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, з аднаго боку, не даць магчымасці стварыць тут самастойную дзяржаву, а з другога – прадухіліць польскае засілле на гэтых землях. У пачатку 1916 г. у германскім загадзе аб школах акупіраванага краю беларуская мова абвяшчалася раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся.

На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета “Гоман”. У Вільні былі створаныБеларускі клуб, згуртаванне“Золак”,“Навуковае таварыства”,“Беларускі вучыцельскі саюз”і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у ВільніБеларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. Прадстаўнікі камітэта прынялі ўдзел у рабоце канферэнцый прыгнечаных народаў Расіі, якія былі арганізаваны немцамі ў Стакгольме і Лазане ў красавіку і чэрвені 1916 г. Там яны прасілі дапамогі ў народаў Еўропы ў вызваленні беларускага народа “з‑пад расійскай акупацыі”.

У канцы 1916 г. Беларускі народны камітэт спрабаваў дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Аднак Літоўскі нацыянальны камітэт адмовіўся ад перагавораў, канчаткова разарваў сувязь не толькі з Беларускім народным камітэтам, але і з польскім і яўрэйскім нацыянальнымі камітэтамі і ўтварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны дзяржаўны орган Літвы. У склад гэтай літоўскай дзяржавы былі ўключаны і акупіраваныя Германіяй беларускія землі. Беларусь атрымала ў Тарыбе два месцы.

Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху па‑за межамі краю сталі Петраград, Масква і іншыя расійскія гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца”і“Светач”.

Газета “Светач” прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення “беларускага нацыянальнага ідэалу”. Аднак газета не мела вялікага ўплыву на развіццё беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1917 г. яе выданне спынілася.

Газету “Дзянніца” выдаваў на свае сродкі З. Жылуновіч. Яна ўздымала вострыя сацыяльныя праблемы, пытанні развіцця беларускай культуры, асуджала палітыку нямецкіх акупацыйных улад, прапагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў саюзе з рускім народам. У газеце друкаваліся творы З. Жылуновіча, К. Буйло, К. Чарнушэвіча, Ф. Шантыра і іншых дзеячаў, якія стаялі на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. Рэвалюцыйна-нацыянальны кірунак газеты выклікаў падазронасць у цэнзуры. Цэнзары выкідалі з газеты ўсе матэрыялы аб становішчы ў Беларусі, абвінавачвалі газету ў тым, што яна нібыта служыла Германіі. У снежні 1916 г. “Дзянніца” перастала выходзіць.

Далейшай актывізацыі беларускага нацыянальнага руху спрыяла Лютаўская рэвалюцыя 1917 г.