Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ИБ Тэорыя.doc
Скачиваний:
54
Добавлен:
24.02.2016
Размер:
2.44 Mб
Скачать

§ 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх губерняў у 60‑я гадыXiXст. – першыя гадыXx ст.

Характарыстыка землеўладання на Беларусі. Рэформа 1861 г., праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных 1877 г., памешчыкам належала 50,3 % зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве, розным установам – 11,2 %. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. Самыя буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу – 150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час больш як 60 % сялянскіх сем’яў у Беларусі атрымалі зямельныя надзелы менш за 15 дзесяцін, 32 % – ад 15 да 20 і толькі 8 % – звыш 20 дзесяцін. Сярэдні памер сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор. Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1 097 дзесяцін зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.

Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і з 6 – 7 чалавек, выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці, выганы, выпасы, вадаёмы, лясныя ўгоддзі і інш.), без якіх сялянская гаспадарка не магла абысціся. Гэта вымушала сялян ісці ў кабалу да памешчыкаў: арандаваць у іх зямлю, сервітутныя ўгоддзі, браць натуральныя і грашовыя крэдыты. У пачатку ХХ ст. сяляне Беларусі арандавалі ў памешчыкаў 1/10 частку ворнай зямлі, каля 1/4 сенажацей і пашаў. Гэтая арэнда мела напаўпрыгонніцкі характар.

Малазямелле сялян узмацнялася цераспалосіцай. Вельмі часта сялянскія надзелы размяшчаліся не ў адным месцы, а ў некалькіх, маглі знаходзіцца сярод памешчыцкіх угоддзяў. У заходніх губернях цераспалосіца была пашырана больш, чым ва ўнутраных раёнах Расіі. Яна затрымлівала ўвядзенне рацыянальнай сістэмы земляробства, інтэнсіфікацыю сялянскай гаспадаркі.

Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Пераход да капіталістычнага земляробства ў Беларусі адбываўся паступова. На змену прыгонніцтву спачатку прыйшла змешаная сістэма гаспадаркі, у якой перапляталіся феадальныя і капіталістычныя формы гаспадарання. Феадальныя рысы ў сельскай гаспадарцы праяўляліся ў выглядзе адпрацовак. Адпрацовачная сістэма была найбольш пашырана ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Яе сутнасць заключалася ў апрацоўцы памешчыцкай зямлі інвентаром сялян, якія атрымлівалі за гэта ад памешчыка зямельныя ўгоддзі ў арэнду. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях памешчыкі шырока выкарыстоўвалі працу наёмных рабочых (гадавых, тэрміновых, падзённых), якія апрацоўвалі зямлю інвентаром памешчыка. Гэта была ўжо капіталістычная форма гаспадарання. Аднак і тут адпрацоўкі займалі значнае месца.

Пасля рэформы 1861 г. сельская гаспадарка Беларусі ўсё шырэй уцягвалася ў рыначныя сувязі. Развіццё капіталізму ў Беларусі адбывалася пад непасрэдным уплывам агульнарасійскага рынку. У параўнанні з цэнтральнымі прамысловымі губернямі, значнай часткай Украіны, Польшчай і Прыбалтыкай Беларусь адставала ў прамысловым развіцці і заставалася галоўным чынам сельскагаспадарчым раёнам. Аднак па ўзроўні развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы яна ішла наперадзе многіх рэгіёнаў Расіі. Гэтаму спрыяла, у прыватнасці, геаграфічнае становішча Беларусі, праз тэрыторыю якой праходзілі стратэгічныя і гандлёвыя шляхі ў Польшчу, Прыбалтыку, Заходнюю Еўропу. Хутчэй складваліся капіталістычныя адносіны ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, дзе пераважала падворнае землекарыстанне. Гэтыя губерні знаходзіліся ў больш спрыяльным становішчы ў параўнанні з Віцебскай і Магілёўскай адносна рынку збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

У выніку малазямелля сялян таварная вытворчасць іх гаспадарак была вельмі нізкай, таму асноўнымі пастаўшчыкамі таварнай прадукцыі ў Беларусі былі памешчыкі. Шмат памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на захадзе і ў цэнтры Беларусі, перайшлі на капіталістычны шлях развіцця, у іх адкрываліся вінакурныя, цагельныя, смалакурныя заводы, млыны, лесапільні. Разам з тым многія памешчыкі самі не вялі гаспадарку, а здавалі зямлю ў арэнду. Так, у 1887 г. у Беларусі ў арэнду здавалася 2,5 млн. дзесяцін дваранскай зямлі.

Уплыў сусветнага аграрнага крызісу на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі Беларусі. Аб развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. сведчыць паступовая спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. У першыя два дзесяцігоддзі пасля рэформы найважнейшай галіной земляробства заставалася вытворчасць збожжа. Аднак у выніку сусветнага аграрнага крызісу 1880 – 1890-х гг. цэны на яго рэзка панізіліся (толькі за 1880-я гг. больш як у 2 разы). Збожжавыя гаспадаркі Беларусі не былі здольны канкурыраваць на рынках Заходняй Еўропы з вытворцамі таннага і высокаякаснага хлеба з ЗША, Аргенціны, Аўстраліі. Гэта прымусіла беларускіх памешчыкаў пераходзіць на вытворчасць прадуктаў, што давалі большы прыбытак. Паступова ў Беларусі аформіліся пэўныя раёны, дзе пераважную ролю адыгрывала тая ці іншая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці.

У 1890-я гг. галоўнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі стала малочная жывёлагадоўля. З 1883 да 1900 г. колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі вырасла амаль удвая. Лепш развіта была жывёлагадоўля ў Мінскай, Віленскай і Віцебскай губернях. У краі з’явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, сіментальская, цірольская і інш.) і спецыяльныя фермы для іх гадоўлі. Многія памешчыкі адкрывалі ў сваіх маёнтках сыраварні і масларобчыя заводы. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо налічвалася не менш за 200 масларобчых і сыраварных заводаў, на якіх штогод выраблялася ад 500 да 650 тыс. пудоў масла і сыру. Дзякуючы высокаму попыту, малочныя прадукты мелі пастаянны збыт у Цэнтральнай Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы.

Другім важным кірункам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак Беларусі было вінакурэнне, якое мела гандлёвы характар. Ад продажу спірту памешчыкі атрымлівалі буйныя даходы. У 1905 г. у пяці беларускіх губернях налічвалася 536 вінакурных заводаў. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту з’яўлялася бульба. Адходы ад вінакурэння – брага – выкарыстоўваліся на корм жывёле. Спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэнні суправаджалася значнымі зменамі ў структуры пасяўных плошчаў. Найбольш высокімі тэмпамі развівалася травасеянне. Плошчы пад кармавымі культурамі (канюшына, віка, сырадэля, цімафееўка і інш.) у 1880 – 1890-я гг. павялічыліся на тэрыторыі Беларусі ў 7 разоў.

З сярэдзіны 1860‑х гг. у памешчыцкіх гаспадарках інтэнсіўна развівалася свінагадоўля. У Мінскай і Гродзенскай губернях значнага развіцця дасягнула танкарунная авечкагадоўля. Воўна з гэтых губерняў паступала як на мясцовыя суконныя фабрыкі, так і ў Польшчу, Германію і Аўстра-Венгрыю. Але пазней, з‑за канкурэнцыі больш таннай воўны з паўднёвых раёнаў Расіі і Аўстраліі, авечкагадоўля ў Беларусі пачала прыходзіць у заняпад.

Яшчэ адным кірункам спецыялізацыі памешчыцкай гаспадаркі з’яўлялася вытворчасць тэхнічных культур. Сярод іх першае месца займала бульба. Плошча пад яе пасевамі за 1881 – 1899 гг. узрасла ў 2,5 раза. Другое месца пасля бульбы ў памешчыцкіх гаспадарках Беларусі належала лёну. За апошнія два дзесяцігоддзі ХІХ ст. плошча пад пасевы гэтай культуры павялічылася на 48,5 %. Вытворчасць лёну, асабліва ў Віцебскай губерні, мела пераважна гандлёвы характар. Значнае месца ў беларускіх губернях ў канцы ХІХ ст. займала прамысловае садоўніцтва і агародніцтва.

Капіталізацыя памешчыцкай гаспадаркі Беларусі выклікала неабходнасць выкарыстання машын. У сярэдзіне 1890-х гг. па распаўсюджанасці розных сельскагаспадарчых прылад працы Беларусь знаходзілася на другім месцы ў Расіі пасля Новарасійскага рэгіёна. Лепш былі забяспечаны машынамі памешчыцкія гаспадаркі Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тут даволі шырока выкарыстоўвалі малатарні, веялкі, жняяркі, сеялкі. Менш іх было ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. Але ў большасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі прымянялі ў асноўным адсталую ручную тэхніку.

Фарміраванне аграрнай буржуазіі. Да пачатку ХХ ст. перабудова сельскай гаспадаркі Беларусі на капіталістычны лад яшчэ не завяршылася. Адпрацовачная сістэма не была канчаткова адменена нават у перадавых гаспадарках, захоўваліся і іншыя перажыткі феадалізму. У дадатак да цяжкіх эканамічных умоў свайго існавання сяляне ў прававых адносінах заставаліся ніжэйшым саслоўем у дзяржаве. У адрозненне ад дваранства, духавенства і купецтва, яны плацілі дзяржаве падушны падатак, выкупныя плацяжы, пазямельны падатак, выконвалі фурманачную, дарожную, паліцэйскую павіннасці. Да іх прымяняліся цялесныя пакаранні.

З-за перавагі памешчыцкай зямельнай уласнасці ў Беларусі не склалася развітая сялянская заможная гаспадарка. У канцы ХІХ ст. сярод сялян было 61 % беднякоў, 28 % сераднякоў, і толькі 11 % заможных. Працэс распаду дваранскай зямельнай уласнасці ў Беларусі ішоў значна марудней, чым у Цэнтральнай Расіі. За 1877 – 1905 гг. дваране ў беларускіх губернях страцілі толькі 10,8 % сваіх зямель, а ў Цэнтральнай Расіі – 27,2 %. У першую чаргу гэта з’яўлялася вынікам большай эканамічнай устойлівасці памешчыцкіх гаспадарак Беларусі, што было звязана са значным развіццём тут таварна-грашовых адносін.

Аднак пераход зямлі ад памешчыкаў да іншых саслоўяў на тэрыторыі Беларусі стрымліваўся і ўрадавай палітыкай. У заходніх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель і зямель, канфіскаваных у польскіх памешчыкаў за ўдзел у паўстанні 1863 – 1864 гг., быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Адпаведную фінансавую палітыку праводзіў і Сялянскі банк, заснаваны ў 1882 г. Ён выдаваў сялянам доўгатэрміновыя крэдыты для куплі зямлі і садзейнічаў памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах. Пазыкі выдаваліся, як правіла, на 55 з паловай гадоў пры ўмове штогадовага пагашэння іх у памеры 6,5 % даўгавой сумы. Да 1890 г. сяляне ў пяці заходніх губернях набылі праз Сялянскі банк 984,3 тыс. дзесяцін зямлі. Аднак сялянам-католікам забаранялася купляць больш як 60 дзесяцін на аднаго чалавека, а памешчыкі каталіцкага веравызнання не мелі права набываць зямлю, акрамя як у спадчыну. Яўрэі наогул былі пазбаўлены права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак. Такім чынам, феадальныя перажыткі і ўрадавая палітыка стрымлівалі развіццё капіталістычнага бессаслоўнага землеўладання, якое нават у пачатку ХХ ст. у Беларусі ахоплівала толькі 16,5 % ад агульнай зямельнай плошчы.

Асаблівасці пераходу ад ручной да машыннай вытворчасці ў прамысловасці Беларусі. Прамысловы пераварот у асноўных галінах прамысловасці Расіі завяршыўся ў пачатку 1880-х гг. Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці. Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі было пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

У 1860-я гады ў прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры. Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі, шавецкі), воўны і лёну (ткацкі). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся рост колькасці дробных рамесных прадпрыемстваў, павялічваўся аб’ём іх прадукцыі. У канцы 1890‑х гг. ён складаў 37,8 % ад ўсей прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы ХІХ ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 15,4 % валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на працягу другой паловы ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка. Калі ў 1860 г. у Беларусі дзейнічалі толькі 76 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г. іх было ўжо 1137. У канцы ХІХ ст. фабрычна-заводская прамысловасць давала 46,8 % валавога прадукту.

Беларусь значна адставала ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі ў Беларусі 85,5 % усіх фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы, якія мелі больш за 500 рабочых, у расійскай прамысловасці складалі 3,5 %, то ў беларускай – толькі 1,2 %. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 раза меншы, чым увогуле па Расіі.

Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі ўдзельная вага ўсіх прадпрыемстваў Беларусі, якія ўзніклі ў гэты час, складала 18,5 %, а ў Расіі – 23,4 %, то ў 1880 – 1890-я гг. на тэрыторыі Беларусі было ўведзена ў дзеянне фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія 20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 раза).

Галіновая структура прамысловасці Беларусі. У Беларусі з-за адсутнасці неабходнай сыравіны вельмі марудна развівалася цяжкая прамысловасць. Пераважнае значэнне тут атрымалі галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх вядучая роля належала вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь была адным з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г. дзейнічала 18 % усіх вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных заводах Беларусі працавала 470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала 23,5 % ад усёй прадукцыі беларускай прамысловасці.

Адно з важных месц у прамысловасці Беларусі займалі прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны – асноўнага багацця краю. Асаблівае значэнне адыгрывалі лесапільныя заводы. Лесапільная прамысловасць стаяла на другім месцы пасля вінакурэння, аднак у ёй пераважалі дробныя прадпрыемствы, на якіх працавала да 20 чалавек. Фабрычна-заводскія прадпрыемствы занялі ў галіне пануючае становішча толькі ў 1890-я гг.

Значнае развіццё ў беларускіх губернях атрымалі запалкавая і папярова-кардонная вытворчасць. Напрыклад, у Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі чатыры запалкавыя фабрыкі: Барысаўская (759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па колькасці працуючых на іх рабочых гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі была сканцэнтравана галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Сярод папяровых фабрык найбуйнейшай з’яўлялася Добрушская (900 рабочых і гадавая сума вытворчасці 1,6 млн. рублёў). Да таго ж яна была абсталявана навейшымі па тым часе машынамі. У Гродзенскай губерні пераважалі гільзавыя і пераплётныя прадпрыемствы. Найбольш буйнымі з іх былі гільзавыя фабрыкі ў Брэсце.

Вельмі шмат на тэрыторыі Беларусі было прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны: мукамольна-крупяных, крухмальна-патачных, маслабойных, піваварных, тэкстыльных, ільно- і пенькаапрацоўчых, гарбарных. Асноўная колькасць крухмальна-патачных і маслабойных прадпрыемстваў краю ў канцы ХІХ ст. заставалася на стадыі дробнатаварнай вытворчасці і мануфактуры. Але ў мукамольна-крупяной прамысловасці ў 1900 г. 93,1 % усіх прадпрыемстваў складалі фабрыкі.

Колькасць тэкстыльных фабрык у канцы ХІХ ст. дасягнула 24, на іх было занята звыш 1 800 рабочых. Найбольш значнымі ў гэтай галіне прамысловасці былі льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” у Віцебску і суконная фабрыка ў маёнтку Парэчча Пінскага павета.

Гарбарная вытворчасць была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, на якіх ужывалася ручная праца. Параўнальна буйныя гарбарныя прадпрыемствы ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 1880-х гг. Найбуйнейшым цэнтрам гарбарнай вытворчасці з’яўлялася Смаргонь. У 1900 г. тут працавалі некалькі буйных заводаў і да 50 мануфактур. У працэсе вытворчасці на буйнейшых прадпрыемствах выкарыстоўваліся ўдасканаленыя прыёмы апрацоўкі сыравіны, якая дастаўлялася з усіх канцоў Расіі. У Смаргонь, напрыклад, сыравіна прывозілася з Растова.

Значнае развіццё атрымала тытунёвая прамысловасць, якая таксама працавала на прывазной сыравіне. Найбуйнейшай з’яўлялася тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, заснаваная ў 1862 г. У 1900 г. на ёй працавала 1 445 рабочых, а аб’ём прадукцыі складаў 2,4 млн. руб. Тытунёвае лісце завозілася галоўным чынам з поўдня Расіі, часткова з-за мяжы, а прадукцыя збывалася па ўсёй Расіі, а таксама ў Польшчы.

У другой палове ХІХ ст. хуткі рост гарадоў і развіццё прамысловага будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў. У Беларусі атрымала развіццё, у першую чаргу, вытворчасць цэглы. Сярод буйных прадпрыемстваў гэтай галіны вызначаліся цагельныя заводы ў маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета (200 рабочых) і ў маёнтку Храповішчы (203 рабочыя), у Бабруйску (156 рабочых) і Мінску (74 рабочыя). Існавалі таксама прадпрыемствы па вытворчасці кафлі (некалькі кафляных заводаў у Копысі) і шклозаводы. Найбольш буйным са шклозаводаў быў крыштальны завод “Нёман” у Лідскім павеце Віленскай губерні, які пачаў выпускаць сваю прадукцыю ў 1875 г.

Металаапрацоўчая прамысловасць Беларусі з-за адсутнасці дастатковай колькасці мясцовай сыравіны развівалася запаволена. Заводы, якія выкарыстоўвалі мясцовую балотную руду, у канцы 1870-х гг. зачыніліся. Яны былі эканамічна нявыгаднымі і не маглі канкурыраваць з металургічнымі заводамі Польшчы і Расіі. У 1880-я гг. у Беларусі дзейнічалі сярэднія па велічыні металаапрацоўчыя прадпрыемствы: завод земляробчых прылад у Ракаве, які вырабляў малатарні, веялкі, бароны, плугі, запашнікі; чыгуналіцейны завод у Мінску, на якім выраблялі сельскагаспадарчыя прылады, абсталяванне для вінакурных, лесапільных, гарбарных, шкляных заводаў. У 1897 г. у Мінску былі заснаваны яшчэ два прадпрыемствы гэтай галіны, якія выпускалі паравыя катлы, турбіны, маслабойкі і інш.

З будаўніцтвам чыгунак на тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць майстэрні па рамонце рухомага саставу. Гэта былі буйныя капіталістычныя прадпрыемствы, абсталяваныя сучаснай тэхнікай. У 1900 г. дзейнічалі ўжо 19 такіх майстэрань. Аднак удзельная вага металаапрацоўчых прадпрыемстваў ва ўсёй прамысловасці Беларусі ў 1890‑я гг. не перавышала 3 %.

Вынікі прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. Прамысловасць Беларусі ў другой палове ХІХ ст. дасягнула таго ж узроўню развіцця, што і ў іншых аграрных раёнах Расіі, але значна адставала ад асноўных індустрыяльных цэнтраў. Галоўнымі прычынамі гэтага былі адсутнасць прамысловых запасаў карысных выкапняў і рэшткі прыгонніцтва, якія стрымлівалі развіццё капіталістычных адносін.

Беларусь знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да Цэнтральнага, Пецярбургскага, Прыбалтыйскага і Польскага прамысловых раёнаў, у якіх буйная прамысловасць склалася раней, чым у Беларусі. Таму ў апошняй атрымалі развіццё галіны прамысловасці, заснаваныя на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, лясной і мясцовай мінеральнай сыравіны, а таксама рамесна-саматужная вытворчасць, што абслугоўвала побытавыя патрэбы насельніцтва. У сістэме агульнарасійскага капіталізму Беларусь уяўляла рэгіён з высокаразвітой лёгкай прамысловасцю.

Будаўніцтва чыгунак. Водны транспарт. Значнаму паскарэнню тэмпаў развіцця прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст. спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог. Першай праз тэрыторыю Беларусі прайшла ў 1862 г. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (Дзвінск – Полацк – Віцебск), у 1871 г. – Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск – Орша – Баранавічы – Брэст), у 1871 – 1874 гг. – Лібава-Роменская (Вільня – Маладзечна – Мінск – Асіповічы – Бабруйск – Жлобін). У 1880-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня – Баранавічы – Лунінец, Гомель – Лунінец – Пінск – Жабінка, Баранавічы – Слонім – Ваўкавыск – Беласток). У 1902 г. адкрылася Пецярбургска-Адэская магістраль (Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін). Увогуле даўжыня чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 г. да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі Расійскай імперыі – Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.

Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г. налічваў 310 непаравых і 23 паравыя судны.

Гандлёвыя сувязі. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці – масла, хлеба, яек, сыру, мяса птушкі, садавіны, прычым значна зменшыўся вываз жывой жывёлы і рэзка павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за мяжу.

За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1 % агульнарасійскага экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны, Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву; папера і кардон – у Кіеў, Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. Гэта сведчыла аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі часткамі краіны станавіліся ўсё больш рэгулярнымі і трывалымі.

Фарміраванне нацыянальнага рынку. У канцы ХІХ ст. у Беларусі ўжо склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. У той жа час наладжваліся сувязі з усерасійскім рынкам. Асаблівасцю ўтварэння нацыянальнага рынку на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася тое, што тут эканамічная агульнасць не ўмацоўвалася дзяржаўным аб’яднаннем у рамках этнічнай тэрыторыі. Цэнтрамі абласных рынкаў у канцы ХІХ ст. сталі найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар гандлёвых сувязей унутры мясцовых рынкаў вызначаўся асаблівасцямі эканамічнага развіцця кожнага з раёнаў.

Галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Беларусі ў гэты час стаў Мінск. Ён знаходзіўся ў прамых ці ўскосных сувязях з усёй тэрыторыяй краю. На мінскім рынку гандлявалі вырабамі шкляной вытворчасці, паперай, кардонам, сельскагаспадарчымі машынамі. Сюды прывозілі шмат прамыслова-мануфактурных тавараў з Маскоўскага, Пецярбургскага раёнаў, Польшчы. Мінск як зборны і размеркавальны пункт абслугоўваў большую частку раёнаў Палесся, многія раёны поўначы і захаду Беларусі. З прадуктаў сельскай гаспадаркі на мінскім рынку пераважалі збожжа, малочныя прадукты, мяса, рыба.

Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся Гомель, які абслугоўваў таксама суседнія паветы Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. Прамысловыя тавары, што вырабляліся ў Гомельскім раёне, – папера, запалкі, цэгла, кафля, аконнае шкло, вяроўкі, канаты і інш. – вывозіліся і за межы Беларусі. Гомель быў размеркавальным пунктам для лясных матэрыялаў і дроў, якія сплаўляліся ў сярэдняе і ніжняе Падняпроўе, галоўным чынам у Адэсу, Екацярынаслаўскую, Кіеўскую і іншыя губерні.

Частка грузаў з Гомеля вывозілася па чыгунцы на поўнач і ўсход, у Рыгу, Пецярбург, Лібаву. У Гомель жа лясныя матэрыялы дастаўляліся з Рэчыцкага, Рагачоўскага, Мазырскага і іншых паветаў. З сельскагаспадарчых прадуктаў, якія траплялі на гомельскі рынак, пераважала ўкраінскае збожжа.

Для Магілёўскага эканамічнага раёна найбольш характэрным з’яўляўся гандаль ляснымі і сельскагаспадарчымі прадуктамі. Магілёў знаходзіўся ў цеснай сувязі з сярэднім і ніжнім Падняпроўем, а таксама з Оршай, праз якую ішлі тавары ў Мінскую і Смаленскую губерні. З Оршы адпраўляліся галоўным чынам лясныя грузы, збожжа, пянька, макуха, вотруб’е, яблыкі і іншыя тавары. Прывозілі на аршанскі рынак хлебныя прадукты, соль, газу, нафту, будаўнічыя матэрыялы.

Значная частка Магілёўскай губерні мела сувязі з Віцебскім эканамічным раёнам. Галоўнымі прадуктамі вывазу адсюль былі лес і прадукты льнаводства, якія ў асноўным вывозіліся за мяжу. Лясныя грузы сплаўляліся па Заходняй Дзвіне ў Рыгу, а з Украіны прывозіліся пшанічная мука і цукар.

Важнае месца ў гандлёвых сувязях Беларусі займаў горад Гродна. Праз яго ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і замежнымі краінамі. Гродзенскі рынак быў цесна звязаны з Ваўкавыскім рэгіёнам, Мінскам, Вільняй, Масквой, Пецярбургам. Галоўнымі прадметамі збыту з Гродзенскага раёна былі лясныя грузы, жытняя мука, вотруб’е, спірт, малочныя прадукты, бульбяная мука.

Сярод гандлёвых цэнтраў Беларусі асабліва вылучаўся Пінск. Ён служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перавозіліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Развіццё капіталізму прыводзіла да зліцця мясцовых рынкаў Беларусі ў адзіны нацыянальны рынак. Адначасова ўнутраны рынак Беларусі з’яўляўся складовай часткай усерасійскага рынку. У беларускім гандлі пераважаў вываз сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў. У той жа час беларускія губерні служылі рынкам збыту прамысловых тавараў і збожжа, якія ўвозіліся з іншых раёнаў Расіі. Напрыклад, на тэрыторыю Беларусі ўвозіліся вырабы з жалеза, жалезныя і стальныя загатоўкі, якія перапрацоўваліся на мясцовых заводах.

Развіццё фінансава-крэдытнай сістэмы. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне ў Беларусі акцыянерных кампаній. У канцы ХІХ ст. у Беларусі дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы. Так, з 1877 г. пачало дзейнічаць “Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў”, у 1895 г. – “Таварыства віцебскіх водаправодаў”, у 1898 г. – бельгійскае акцыянернае таварыства “Віцебскі трамвай”.

Разам з канцэнтрацыяй вытворчасці адбывалася цэнтралізацыя капіталу. У эканамічным жыцці Беларусі, асабліва ў апошняй трэці ХІХ ст., значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Вядучае месца сярод крэдытных устаноў займаў Мінскі камерцыйны банк, заснаваны ў 1873 г. У шэрагу гарадоў дзейнічалі аддзяленні найбуйнейшых расійскіх банкаў. У Беларусі было пяць аддзяленняў Дзяржаўнага банка. З 1871 г. свае філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску меў Азова-Данскі камерцыйны банк. У Мінску ў 1890-я гг. дзейнічала аддзяленне Пецярбургска-Азоўскага банка. Віленскі прыватна-камерцыйны банк і камерцыйны банк у Беластоку мелі свае філіялы ў Бабруйску, Гомелі і Слоніме. У Бабруйску, Гомелі і Брэсце былі адкрыты філіялы Арлоўскага камерцыйнага банка.

У выніку дзейнасці банкаў назапашваліся значныя капіталы, якія ўкладваліся пераважна ў сферу гандлю. Банкаўскія сродкі накіроўваліся таксама ў прамысловасць па першаснай апрацоўцы лесу і лёну. Істотную ролю ў вывазе за мяжу гэтых тавараў адыгрываў германскі капітал, які актыўна ўкладваўся ў большасць леса- і льногандлёвых фірм.

Увогуле ў пачатку ХХ ст. узмацнілася пранікненне ў эканоміку Беларусі замежнага капіталу. Гэта спрыяла павелічэнню колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія належалі акцыянерным таварыствам, і пашырэнню дзейнасці банкаў. Так, у Віцебску дзейнічаў сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, у Оршы – піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Аднак узровень манапалізацыі прамысловасці Беларусі быў ніжэйшы, чым ў індустрыяльна развітых раёнах Расіі.

Урбанізацыя. Развіццё прамысловасці і чыгуначнай сеткі садзейнічалі росту гарадоў. У 1897 г. у гарадах Беларусі пражывала 648 тыс. чалавек, або 9,8 % ад усяго насельніцтва беларускіх губерняў. Па тэмпах росту гарадскога насельніцтва беларускія гарады адставалі ад гарадоў Еўрапейскай часткі Расіі. Прычынамі былі адносна слабае развіццё прамысловасці і штучная канцэнтрацыя ў гарадах Беларусі яўрэйскага насельніцтва, якое стварала значны рэзерв рабочай сілы. Перанаселенасць беларускіх гарадоў стрымлівала прыток у іх як пралетарызаванага, так і буржуазнага сельскага насельніцтва. Тым не менш насельніцтва гарадоў Беларусі павялічвалася. Значнымі цэнтрамі фабрычна-заводскай прамысловасці сталі Мінск, Пінск, Гродна, Магілёў, Віцебск, Гомель, Бабруйск. У многіх з іх у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі сталі чыгуначныя майстэрні і дэпо. У канцы ХІХ ст. найбольш буйнымі гарадамі краю былі Мінск (90,9 тыс. жыхароў) і Віцебск (65,9 тыс. жыхароў), насельніцтва астатніх гарадоў складала менш за 50 тыс. чалавек.

У гарадах Беларусі выраблялася толькі каля 31 % прамысловай прадукцыі. Пераважная колькасць прадпрыемстваў размяшчалася ў мястэчках і маёнтках. Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры рэгіянальнага значэння (Смаргонь, Дуброўна і інш.). У канцы ХІХ ст. у мястэчках Беларусі было 679 тыс. жыхароў.